Новости   Доски объявлений Бизнес-каталог   Афиша   Развлечения  Туризм    Работа     Право   Знакомства
Home Page - Входная страница портала 'СОЮЗ'
ТВ-программа Гороскопы Форумы Чаты Юмор Игры О Израиле Интересное Любовь и Секс



 Главная
 Правление
 Новости
 История
 Объявления
 Фотоальбом
 
 Статьи и фото
 Интересные люди
 Работа объединения
 Форум
 ЧАТ
 
 Всё о культуре
 Гродненская область
 Могилевская область
 Наши друзья
 Витебская область
 ОТЗЫВЫ О НАШЕМ САЙТЕ (ЖАЛОБНАЯ КНИГА)
 Гомельскя область
 Брестская область
 НОВОСТИ ПОСОЛЬСТВА БЕЛАРУСИ
 Минская область
 Ссылки
 ВСЕ О ЛУКАШЕНКО
 Евреи г. Борисова
 Евреи Пинска



Поиск Любви  
Я   
Ищу  
Возраст -
Где?








“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!” Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Мінск). Выпуск XXXIX, кастрычнік 2008 г. / тышрэй 5769 г
“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!”
Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Мінск).
Выпуск XXXIX, кастрычнік 2008 г. / тышрэй 5769 г.
====================================================

65 гадоў як ліквідавана мінскае гета, дзе знік цэлы горад

Адбыліся: мітынгі на «Яме», жалобнае шэсце па тэрыторыі былога Мінскага гета, адкрыццё абноўленага памятнага знака на Юбілейнай плошчы, каменя ў памяць пра яўрэяў, дэпартаваных у Мінск з Германіі, на вул. Сухой. Зладжаныя былі і выстаўка кніг па гісторыі Катастрофы, і «сход грамадскасці». У Ізраілі ў аналагічным сходзе, арганізаваным у «Яд-Вашэме» 22 чэрвеня 2008 г., бралі ўдзел каля 300 чалавек. Боль вайны жывы, пакуль жывыя самі вязні і іх нашчадкі. Шчыра ці не, беларускае ды ізраільскае чынавенства падзяляе гэты боль, разам з намі паўтараючы «ніколі зноў».

ДАРЭЧЫ
Дзеля 10-мінутнай прамовы А. Лукашэнкі 20 кастрычніка быў перакрыты рух на некалькіх вуліцах. На подступах да «Ямы» дзяжурылі дзесяткі людзей у форме і без, з металашукальнікамі і рацыямі. Сабраныя для масавасці за гадзіну да пачатку «мероприятия» школьнікі і студэнты бурчэлі («змарнаваны дзень»), а пасля ўскладання вянкоў і выступу А. Л. большасць з іх проста паўцякала.
Магчыма, у нататніку лорда Бела з’явілася «птушачка»: цяпер галоўны піяршчык краіны зможа з большым імпэтам даказваць на Захадзе, што сярод беларускага кіраўніцтва няма антысемітаў, пагатоў у Мінск прыбылі яўрэйскія «бонзы» Шпігель і Рабіновіч. А на наш погляд, грошы, патрачаныя на ахову, аркестр і згон студэнтаў, лепш было б накіраваць на дапамогу былым вязням гета.

МІНСК
У менскім палацы моладзі адбылося ўзнагароджаньне пераможцаў конкурсу «Галакост. Гісторыя. Урокі талерантнасьці». На конкурс з усёй краіны паступілі 919 твораў. Большасьць удзельнікаў конкурсу – не габрэі.
Конкурс быў прысьвечаны 65-годзьдзю зьнішчэньня менскага гета. Яго праводзілі Саюз беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў, рэспубліканскі фонд «Галакост» і музэй гісторыі і культуры габрэяў Беларусі.
Творы на конкурс прыйшлі са 102 раёнаў краіны. Удзельнікі – школьнікі, студэнты, выкладчыкі ВНУ і школаў – даслалі краязнаўчыя работы, мэтадычныя матэрыялы, дасьледаваньні, фільмы, прэзэнтацыі, малюнкі і апавяданьні.
Каля актавай залі дэманстраваліся малюнкі, якія сталі пераможцамі ў конкурсе. Сярод работ былі й намаляваныя 8-гадовымі школьнікамі.
Паводле «Радыё Свабода» (www.svaboda.org), 17.10.2008.

БАБРУЙСК
У Бабруйску адкрылі мэмарыяльны знак у памяць па ахвярах галакосту. Увосень 1941 году нацысты забілі больш за дзесяць тысяч вязьняў бабруйскага гета.
Цяпер на месцы гета знаходзіцца бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў. Адсюль 67 гадоў таму шостага й сёмага лістападу больш за 10000 чалавек выправіліся ў недалёкую вёску Каменка. Там іх расстралялі.
Сёньня да завадзкой прахадной на вуліцы Бахарава ўшанаваць памяць ахвяраў Галакосту прыйшлі каля двухсот бабруйцаў.
Сродкі на выраб мэмарыяльнага знаку зьбіралі талакой. Іх ахвяравалі бабруйцы, а таксама выхадцы з Бабруйску. Дапамагалі ў гэтым і габрэйскія дабрачынныя арганізацыі з Ізраілю, Брытаніі, ЗША ды Расеі.
Мэмарыяльны знак вырабілі архітэктар Галіна Левіна й скульптар Максім Пятруль. На знаку напісана: «Няхай будуць іх душы ўплеценыя ў вечны вузел жыцьця. 1941 год. Вязьням бабруйскага гета. Ліпень-лістапад. Яны любілі жыцьцё».
Паводле «Радыё Свабода», 19.10.2008.
БЕЛАРУСКА НIНА ЦУХМАН
Бабе Ніне 90 гадоў, жыве ў вёсцы Дукора Пухавіцкага раёна. Да вайны выйшла замуж за Гдаля (Грышу) Цухмана – партыйца! Нарадзіла траіх сыноў… Як пачалася вайна, Гдаля адразу прызвалі ў армію, аднак з-за бамбёжак не паспеў ён трапіць на фронт. Быў у палоне – выкупілі. Блукаў па лесе. З лістапада 1941 г. ваяваў у партызанах, у атрадзе «Беларусь» брыгады Пакроўскага. У 1944 г. Гдаля забілі, пры ім паліцаі знайшлі фотаздымак жонкі («хапіла ж розуму з сабою насіць!») і наладзілі расследаванне. Аднойчы яна прыйшла з працы на пана, а ў хаце яе падчэквалі стараста вёскі, з ім былі салдат і афіцэр: «прыйшлі па тваіх дзяцей». «Я стала плакаць, думала, мяне расстраляюць», – кажа баба Ніна. Выручыла суседка Тамара, пасля размовы з ёю паліцаі нікога не забралі, адно пакінулі паперку з загадам, каб дзеці былі ахрышчаныя. Ніна 12 дзён сядзела ў гестапа. Уцякла з вёскі. Жыла ў лагеры Русаковічы, дзе стаяў атрад Варашылава. Набралася вошай. Пасля вайны – не было куды вярнуцца. Начавала з дзецьмі аж пад плотам. Пайшла з сякерай да сельсавета, выбіла вокны, залезла туды з дзецьмі на ноч. Паслалі яе ў райвыканкам. А чыноўнік: «Мужык твой дурны быў, раз яго забілі. Разумныя засталіся жыць!»
Многа чаго распавяла яшчэ баба Ніна. І што яна сама косіць траву каля хаты. І што да вайны ў Дукоры была яўрэйская арцель валёншчыкаў. І што цяпер у вёсцы яўрэяў няма, але ёсць помнік тым, хто загінуў у кастрычніку 1941 г. (сярод іх была і маці Гдаля Фрума-Лея). Знайшлі мы той белы помнік з надпісамі на ідышы і рускай.
У той дзень толькі і думак было, што пра бабу Ніну, якая з дапамогаю вяскоўцаў тры гады ратавала малых сыноў, пасля выгадавала іх без мужа. Выйшла замуж толькі ў 1960-х, ды прозвішча Цухман не выраклася. Трохі ведала ідыш, але цяпер ужо забыла. Нават разбітыя ды апаленыя вандаламі помнікі канца XIX ст. на закінутых яўрэйскіх могілках за Дукорай не ўсхвалявалі так, як гэты жаночы лёс.

ЮБIЛЕI, ЮБIЛЕЙЧЫКI...

Пра тое, што ў пачатку 2008 г. адраджэнцу іўрыта Эліэзеру Бен-Іегудзе (Перэльману) споўнілася б 150, беларускія газеты яшчэ сяк-так згадалі. А вось яго брат па пяру і раўналетак Якнагаз (Ішая Нісан Гольдберг; 1858-1928), які пісаў і на ідышы, і на іўрыце, застаўся зусім забыты. Хоць мы пра яго некалькі слоў скажам. Нарадзіўся пісьменнік у Магільнай, што ля Узды: вучыўся ў ешывах Нясвіжа і Мінска, вандраваў, пісаў пра жыццё тутэйшых яўрэяў. Пад канец жыцця ў БССР атрымліваў сціплую пенсію, але яго, як гебраіста, ужо не публікавалі (нямала тут парупілася ваяўнічая Яўсекцыя, створаная 90 год таму – таксама ж «юбілей»).
125 год таму, у 1883 г., у Дукоры нарадзіўся будучы літаратурны крытык рэдактар і грамадскі дзеяч Шмуэль Чарны (Нігер). У маладосці захапляўся рэвалюцыйнымі ідэямі, але пасля калатнечы 1905 г. заняўся больш літаратуразнаўствам, стаў сусветна вядомым даследчыкам творчасці Шолам-Алейхема ды іншых класікаў. Абгрунтоўваў, што дзвюхмоўе (арыентацыя і на іўрыт, і на ідыш) – аснова яўрэйскай літаратуры. Памёр у Нью-Ёрку ў 1955 г. Цікава было б параўнаць яго працу «Яўрэйскія пісьменнікі ў Савецкай Расіі» з апошняй кнігай Г. Рэлеса, што мае падобны назоў.
Брат Шмуэля Даніэль Чарны нарадзіўся ў 1888 г., памёр у ЗША ў 1959 г. Праславіў роднае местачка кнігай «Дукора» (1951) – і хто б яе пераклаў?
ДАРОГАМІ ПАМЯЦІ

Нядаўна ў Дзятлава наведаліся прадстаўнікі абшчыны дзятлаўскіх яўрэяў у Ізраілі. Хаім Ванштэйн, адзін з тых, хто выжыў пасля гета, а таксама дзеці і ўнукі перажыўшых Халакост на Дзятлаўшчыне, наведалі могілкі расстраляных вязняў гета.
Х. Ванштэйн паведаміў, што ў дзятлаўскім гета ў 1942 годзе загінулі яго бацькі, дзве сястры і брат. А яму, 13-гадоваму хлапчуку, пашчасціла выратавацца. Ён прыехаў у Дзятлава ўжо трэці раз, і цяпер – з сынам і дачкой.
У музеі мясцовай гімназіі экскурсію для гасцей правяла настаўніца гісторыі Жана Нагавонская. Тут значнае месца ў экспазіцыі адведзена гісторыі і культуры яўрэйскага народа. Новымі экспанатамі музея сталі падораныя гасцямі кнігі.
Іосіф Заяц
(«ЛіМ», № 38, 19.09.2008)

КАБ ТРАГЕДЫЯ НЕ ПАЎТАРЫЛАСЯ
Пяць стагоддзяў мірна жылі на Капыльшчыне людзі розных нацыянальнасцей. У тым ліку і яўрэі, якіх да Вялікай Айчыннай вайны было больш за палавіну насельніцтва горада. Яўрэі працавалі ў майстэрнях, гарбарнях, у сферы гандлю, шаўцамі, на прамысловых прадпрыемствах, у сельскай гаспадарцы. Жылі дружна з усімі. Дапамагалі адзін аднаму, сябравалі.
1941 год. У канцы чэрвеня нямецкія захопнікі акупіравалі Капыль. Яўрэйскае насельніцтва акупанты адразу аддзялілі ад астатніх жыхароў. Было створана гета ў квартале пл. імя Леніна – вул. М. Горкага – вул. Пралетарская – вул. Трактарная – вул. Партызанская. Гета было абнесена калючым дротам, па перыметры – пасты з ахоўнікамі. Вароты былі з боку плошчы (праход ДАІ – аптэка) і з боку вул. Камсамольскай. Старастам гета быў прызначаны яўрэй Елькін. Яўрэі насілі адметныя знакі – жоўтыя шасцікутныя зоркі на рукавах, левым баку плячэй і на грудзях. Працаздольныя вязні выконвалі розныя работы пад наглядам акупантаў – у асноўным паліцаяў: пілавалі лес, капалі акопы, каб партызаны блізка да горада не падыходзілі, і г.д.
Па рашэнні стаўкі Гітлера знішчэнне яўрэйскага насельніцтва пачалося ў 1941 годзе. Першая партыя вязняў – 16 чалавек – была расстраляна ў рове, дзе цяпер стадыён капыльскай школы № 2. Некалькі разоў акупанты абкладалі данінай вязняў гета, і тры разы яна збіралася пад пагрозай расстрэлу заложнікаў.
Аб тым, што фашысты плануюць масавае знішчэнне яўрэяў, падпольшчыкі перадалі партызанам, і ў гета былі засланы сувязныя, каб паведаміць надзейным людзям гэтую жудасную вестку. Частка вязняў рознымі шляхамі вырвалася з палону. Але, на жаль, не ўсе паверылі. У сакавіку 1942 года гета раніцай было акружана акупантамі (аўстрыйцы і мясцовыя паліцаі). Знішчэнне вязняў праводзіла спецкаманда, якая прыбыла са Слуцка. Іх сабралі ў сінагогу, дзе равін прачытаў малітву. Затым партыямі выводзілі на плошчу (цяпер – тэрыторыя рынка), дзе расстрэльвалі з кулямётаў. Новую партыю прымушалі класціся на забітых, і таксама расстрэльвалі з кулямёта, дабівалі з карабінаў, пісталетаў.
Перад гэтым яшчэ ў сінагозе прымушалі зняць верхнюю вопратку. Карнікі хадзілі па будынках гета і вылоўлівалі тых, хто схаваўся. У гэтую групу расстраляных увайшлі жанчыны, старыя, хворыя, дзеці. Працаздольная частка вязняў пакуль была патрэбна акупантам як працоўная сіла. Вазілі забітых на санях і вазах (яшчэ стаяў снег) капыляне, у якіх былі коні, пад дулам паліцэйскіх карабінаў. Маршрут руху гэтага жалобнага картэжу праходзіў з гета ўніз па вул. Камсамольскай (цяпер двор школы № 2) – вул. Трактарнай – вул. Партызанскай (Слуцкай) – улева на Цімкавіцкую вуліцу і па тэрыторыі ПМК-194. Уніз цераз брод р. Мажа на ўскраек Каменшчынскага лесу, дзе была выкапана вязнямі яма, куды складвалі забітых і засыпалі пасля зямлёй. Прыгравала сонейка, раставаў снег, цяклі па дарозе крывавыя ручаі.
Такіх карных аперацый было некалькі. Апошняя – 22 ліпеня 1942 г. Спецкаманда СС уварвалася ў гета з самай раніцы. Збіралі вязняў на плошчы і расстрэльвалі ўсіх без разбору. Стаяў крык, лямант, пра кляцці акупантам. Жанчыны напаўголыя з распушчанымі валасамі бегалі сярод забітых, шукаючы сваіх бацькоў, дзяцей, пакуль куля карніка не абрывала іх жыццё. Некаторыя спрабавалі схавацца ў склепах, хлявах, але і там іх знаходзіла куля ці граната фашыстаў.
Частка яўрэяў-вязняў аказала супраціўленне акупантам. З другога паверха сінагогі і гарышчаў будынкаў адкрылі агонь, кідалі гранаты ў карнікаў, але сілы былі няроўнымі, і супраціўленне было падаўлена кулямётна-аўтаматным агнём, гранатамі, агнямётамі. А старасту гета Елькіна карнікі расстралялі. Гета было ахутана агнём, дымам. Была пагроза пажару за яго межамі, таму людзі пачалі тушыць бліжэйшыя да іх дамы. А забітых вязняў адвезлі ў брацкую магілу пад в. Каменшчына, дзе ім сёння стаіць помнік.
Уцёкі з палаючага гета здзейснілі некаторыя вязні – Мышкоўскі Янкель, яго жонка Двырка, сын Барыс; Наймерк Мейша і сястра Хіля; Лотвін з жонкай; Фрыдман з жонкай, сынам Мішам, усяго 10 чалавек цераз падкоп хаты Наймерка з гета пад вул. М. Горкага з выхадам на агарод Радзечкаў. Калі гарэла гета, 22 ліпеня 1942 года, яны сядзелі ў гэтым тунэлі, а ноччу, калі было знята аўстрыйскае акружэнне, выйшлі наверх, агародамі ў раўкі да берага р. Мажы, і падаліся ў бок Якубавічаў, дабраліся да партызанскай зоны.
Сем яўрэяў схаваліся ў будынку канюшні камгаса ля царквы і ноччу пакінулі Капыль. Сярод іх была Ядзя Борух, якая прапанавала бацькам уцячы з гета, але яны адмовіліся і былі забіты. Ядзя Борух трапіла да партызан, змагалася. Выйшла замуж за Барысава – разам з партызанамі ваявалі, дажылі да перамогі.
Частка вязняў капыльскага гета, якой удалося вырвацца з пекла агню і стрэлаў, падалася ў партызанскую зону. Вельмі многія ўліліся ў рады змагароў з захопнікамі на акупіраванай ворагам тэрыторыі і ў рады Чырвонай Арміі. Частка загінула ў баях, частка дажыла да перамогі.
Гільчык, у якога акупанты расстралялі дваіх дзяцей і жонку, стварыў партызанскі атрад, змагаўся на Капыльшчыне, а пасля вызвалення горада працаваў у розных установах.
Зараз сустракаюцца былыя вязні ля помніка ў цэнтры Капыля (былое гета) і ля Каменшчыны, дзе пахаваны вязні, аддаюць даніну павагі сваім родным, сябрам, землякам, якія загінулі ад рук фашысцкіх катаў у 1941-1942 гг.
Такі лёс чакаў і астатніх жыхароў нашага краю, бо гітлераўцы ўстанаўлівалі на захопленых тэрыторыях «новы парадак», будавалі канцлагеры, крэматорыі, знішчалі людзей, а частку – анямечвалі.
Іх планам не ўдалося здзейсніцца. Савецкі народ, у першую чаргу, і жыхары іншых краін далі адпор ворагу і знішчылі яго ў ягоным логаве ў 1945 годзе. Дык будзем мацаваць краіну, каб гэта не паўтарылася болей.
Вялікая ўдзячнасць капылянам, якія дапамаглі сабраць гэтыя звесткі пра трагедыю капыльскага гета: Рубісам Георгію Сцяпанавічу і Валянціну Сцяпанавічу, якія цяпер жывуць у Бабруйску, Шкілевічу Леаніду, Лепяцілу Льву Іванавічу, Шорай-Генсер Кацярыне Пятроўне, Рубісу Леаніду, Шкадарэвіч Зоі Іосіфаўне, Бердніку Леаніду Мікалаевічу і іншым капылянам, якія былі відавочцамі гэтых жудасных падзей. У артыкуле выкарыстаны звесткі з дзённіка Бердніка Леаніда Мікалаевіча.

Фелікс МАРОЗ

УШАНАВАЛІ ПАМЯЦЬ

Напярэдадні 65-гадавіны жудаснай трагедыі капыльскага гета адбылося ўскладанне кветак да помніка ахвярам нацызму – закатаваным яўрэям. Ушанаваць памяць загінуўшых сабраліся старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Сандрозд, намеснік старшыні райвыканкама Іна Былюк, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Людміла Камкова, а таксама прадстаўнікі раённага Савета ветэранаў вайны і працы і райкама грамадскага абяднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».

Сяргей КОЗЕЛ

(«Слава працы» (Капыль), 21.07.2007)

P.S. Магчыма, хтосьці з былых ці цяперашніх жыхароў Капыля з’яўляецца сведкам падзей, апісаных у артыкуле Ф. Мароза… У такім разе просьба патэлефанаваць аўтару (тэл. у Мінску 249-87-26).
ЯШЧЭ ПРА КАПЫЛЬ
Пісьменнік Абрам Паперна апісаў Капыль у сваіх вядомых мемуарах «З Мікалаеўскай эпохі». У 1840 г. Паперна, яшчэ хлапчук, заспеў яго бедным мястэчкам. На першы пагляд мястэчка пакідала цяжкое ўражанне, але з цягам часу Паперна прывык і палюбіў прыгажосць Капыля і наваколля. Тым болей што капыляне былі вялікімі жыццялюбамі. У мястэчку нават рэдка здараліся пажары.
Найбольш ганарыліся капыльскія яўрэі-артадоксы сваім змаганнем з хасідамі і перамогай над імі. Калі хасіды збіраліся ў сваёй сінагозе («штыбл») памаліцца ці пагутарыць, абмеркаваць вялікія цудатворствы свайго цадыка, капыльскія артадоксы адразу даставалі барабаны і гучна білі ў іх. У выніку хасіды не маглі маліцца ды нават не чулі адно аднаго, так што «штыбл» зачыніўся назаўсёды.
У 1840-х у Капылі жылі блізу 3000 чалавек, якія належалі да розных народаў і рэлігій: яўрэі, беларусы і татары. Іхнія гістарычныя шляхі адрозніваліся, але ўсім удавалася жыць разам спакойна і ў міры.
Іншы пісьменнік, Гірш Рэлес, не раз бываў у Капылі і напісаў пра горад прачулы нарыс, дзе таксама зрабіў акцэнт на прыгажосць краявідаў і на «дружбу народаў». Ён адзначыў: «Да вайны мястэчка выглядала, бы ў часы Мендэле Мойхер-Сфорыма. Нават захаваўся дом, у якім вялікі пісьменнік нарадзіўся і жыў у дзяцінстве. Дом стаяў у самым цэнтры мястэчка. У 1936 г., калі адзначалі стагоддзе з дня народзінаў вялікага пісьменніка, на фасадзе павесілі мемарыяльную дошку, але ў Вялікую айчынную вайну фашысты спалілі мястэчка, згарэў і дом, дзе нарадзіўся пісьменнік». Аднак вуліца Абрамовіча ў Капылі-такі засталася.

Elie Savikovski
* * *
Fargej, fargej, du shvere cajt,
Mit dajne vintn, dajne keltn.
S’iz ojsgeshpilt der shverer shtrajt,
Mir gejen shojn af veg af zun baheltn.

Fargej, fargej, du shvere cajt
Un zol dajn grojl mer nit gelingen,
A najer tog cum ojfkum rajt,
Un erd un himl veln zingen.

MOTE DER KLEZMER UN ZAJN FIDL
(fun cykl “Minsker geto”, a fragment)

Gegangen iz Mote der klezmer in geto,
Getribn mit tojznter jidn.
Gegangen af ejgener levaje cu rizike griber fargrejte,
Getrogn mit cyter zajn fidl.
– Oj, tajere fidele majne.
(Majn ojcer, fun tatn jerushe).
Oj, fincterer mazl, du harber,
A lebn mit dyr opgeklezmert inejnem,
Ict kumt ojs inejnem gejn shtarbn.
Oj, lichtike fidele majne,
Majn klezmer-neshome kum gletn
Ir, zingike strunes, shpilt opet
Mote der klezmer gezegt.
Az shtarbn ict muz men, es helft nit,
Kejn rachmim, kejn retung,
Iz shtarbn… af culoches dem sojne,
Zol majn shpiln farn tojt i chotsh regn.
==========================================
Рэдэле як рэдэле, абы добра мэйнэле
За два дні да новага 5769-га году Аляксандар Астравух прэзэнтаваў вялікі ідыш-беларускі слоўнік. Прэзэнтацыя прайшла на сядзібе Таварыства беларускай мовы ў Менску.

«Ін кладофке аф дэр полке штэйт а банке міт варэньне»
Няўтомны беларусіст Адам Мальдзіс ужо назваў слоўнік «энцыкляпэдыяй жыцьця». Тут можна толькі дадаць – «абодвух народаў». Бо 928-старонкавы фаліянт, які акрамя слоўнікавых артыкулаў, фразэалягізмаў і прымавак габрэйскага народу, утрымлівае таксама беларускія прымаўкі і фразэмы, зьвязаныя з габрэямі. Кідаецца ў вочы асаблівасьць слоўніка, якую спэцыялісты палічылі б заганай, – словы на ідыш напісаныя не габрэйскімі літарамі, а лацініцай. На думку складальніка, гэта спросьціць неабазнанаму ў габрэйшчыне карыстальніку пошук такіх словаў, як «цымус» ці «хеўра», якія пратачыліся ў белмову...
Слоўнік аздоблены малюнкамі і здымкамі беларускіх сінагог.

Рэстаўратары ідышу
Гісторыя слоўніка пачалася з глухіх сямідзясятых. Група мастакоў, што гуртавалася вакол выкладчыка Алега Хадыкі, сьпярша пастанавілі вярнуць у свой ужытак беларускую мову. Але роднай не задаволіліся. Мастакі, збольшага нараджэнцы маленькіх мястэчак, зрабілі і другі крок у рэстаўрацыі сваёй Беларусі – пачалі вывучаць габрэйскі алефбэйс. Падчас экспэдыцыйных выправаў у розныя куткі, запісвалі габрэйскія песьні і выразы. «Ідыш дапамагаў захаваць здаровы глузд у той бязглузды час», – кажа Алесь Астравух.
«У сквэрыку за бюстам Дзяржынскага, месцы традыцыйнага «шыдэха», сватаўства, дзе вырашаўся лёс нежанатай габрэйскай моладзі, мы слухалі мову з вуснаў увішных зводніц і заклапочаных матак», – распавядае мастак Мікола Залатуха. – «Яшчэ хадзілі ў парк Чалюскінцаў, які ўпадабалі старыя габрэйскія пары. Там найбольшую асалоду мы мелі, калі, апісваючы адно адному смак крэплах (клёцак) і рогалах (рагалікаў), старыя пераходзілі на сакавіты ідыш».

Леанід Ільіч Алейхем
Сама прэзэнтацыя слоўніка прайшла па-сямейнаму: пры накрытым традыцыйнымі і ня вельмі стравамі стале, з габрэйскімі і беларускімі песьнямі хорам, з пажаданьнямі добрага Новага году.
Калі Мікола Залатуха, прачытаўшы напамяць нейкі ўрывак на ідыш, спытаў у прысутных пра аўтарства, пачуліся галасы: «Шолам-Алейхэм», «Мэндэле Мойхер-Сфорым». Спадар Мікола пераможна абвёў позіркам прысутных і абвесьціў, што гэта быў урывак з кнігі Брэжнева «Малая зямля». Рэч у тым, што калі мастак заняўся сур’ёзным вывучэньнем ідышу, дык у мясцовай бібліятэцы была толькі адна патрэбная кніга – пераклад грандыёзнай брэжнеўскай апупеі. Але жаданьне чытаць па-габрэйску перамагло і мастак вучыў ідыш па сачыненьнях дарагога Леаніда Ільіча.
На прэзэнтацыі было сказана і пра росквіт ідышу ў Беларусі. Прыгадалі, як адначасова зь беларусізацыяй 20-х гадоў, у БССР адбывалася й ідышызацыя. Сёньня, выпалены канцлягерамі і расстраляны гулагамі, ідыш пакрысе вяртаецца ў Беларусь. Маем спадзевы, што сваю ролю тут адыграе і гэты слоўнік Алеся Астравуха, мастака-рэстаўратара, які аднаўляе ідыш.
Р.S. «Купіў за фуфцыкер – прадаў за фэрцыкер, абы сьвежы грош» (габрэйская прымаўка).

Павал Касьцюкевіч
Паводле «Нашай Нівы». Скарочана.

«МЯТ!»: Відэастужку з прэзентацыі можна пагля-дзець, адкрыўшы гэты артыкул П. К. на сайце www.nn.by. Сам слоўнік даступны ў Мінску на сядзібах БНФ (Машэрава, 8), ТБМ (Румянцава, 13) і ў кніжным павільёне НВЦ, што на вул. Купалы, 27.

ЁСЦЬ ІДЭЯ
У сакавіку суполкі накшталт ТБМ падзілі дыктоўкі на беларускай мове для ўсіх ахвотных. Чаму б беларускім яўрэям не правесці дыктоўкі на ідышы? Хай бы ў кожным горадзе, дзе ёсць гурток, аматары ідыша праверылі свае веды. А прымеркаваць – да 150-годдзя Шолам-Алейхема.
================================
«Королева балета» из Дрибина

Богата на таланты дрибинская земля, что на Могилёвщине. Чтобы убедиться в этом, достаточно полистать страницы книги «Память. Дрибинский район». На этой земле рождались известные поэты и прозаики. А недавно мы узнали, что ещё один знаменитый человек родом отсюда. Это – Мия Арбатова, которую в Израиле уже при её жизни называли «Королевой балета».
Она родилась в местечке Дрибин в далёком 1911 году в семье Хиршфельда. Вскоре семья переезжает в город Ригу, где Мия учится в школе и начинает заниматься в балетной студии. Там же, в Риге, она впервые вышла на сцену – и балет стал её профессией. Позже Мия часто повторяла: «Балет – вот моя жизнь!»
В середине тридцатых годов она вместе с мужем Арбатовым приезжает в Палестину, где, уже как балерина, даёт несколько выступлений. Затем были гастроли в Лондоне и в Нью-Йорке, но, вернувшись в Палестину с туристической визой, Мия осталась здесь навсегда.
Вначале она делила помещение балетной студии с Гертруд Краус (представительницей немецкой экспрессионистской балетной школы, танцовщицей и педагогом, оказавшей влияние на целую эпоху в израильском хореографическом искусстве), затем решила открыть свою школу.
В одном из интервью Мия рассказывала, что в те годы в Палестине не имели представления о классическом балете и относились к нему предвзято, а то и враждебно. Она организовала две балетные труппы – детей и взрослых. Ее студия служила местом репетиций для многих известных танцоров, приезжавших в страну с выступлениями. В студии Мии Арбатовой делали свои первые шаги многие известные ныне израильские танцоры и хореографы. А преподавала она – несколько десятков лет!
Со временем Мия стала прима-балериной и хореографом тель-авивской «Народной оперы» («Опера-Амамит») и открыла первую профессиональную студию классического балета в Израиле в то время, как ее мечта о развитии хореографии в стране в лучшем случае вызывала усмешку, в худшем – полное неприятие ее идей. Тем не менее, Мия Арбатова смогла открыть свою школу и стать одной из ярчайших фигур культурной жизни еще Палестины, затем молодой страны – Израиля.
Несколько лет назад вышла книга-альбом «Королева без дворца» Рины Шарет, посвящённая описанию жизни и творчеству бывшей жительницы Дрибина. В Израиле создан Фонд имени Мии Арбатовой, основанный в 1990 году, – после смерти Мии. Раз в два года в Израиле он проводит международный конкурс классического балета. Ей было присвоено звание почётного гражданина Тель-Авива.
Вот что известно о балерине из Дрибина – замечательной женщине, хореографе и педагоге.
Автор – кандидат философских наук, бывший директор краеведческого музея в г. Горки и руководитель местной еврейской организации. С 2007 г. живет в Израиле.
=====================================================================================
Адрас для лістоў: Рубінчык С.В., Беларусь, Мінск, 220082, вул. Матусевіча, 16-65. (Matusevicha, 16/65, Minsk, Belarus, 220082).
Надрукавана 24.10.2008. Тыраж 160 экз. Бясплатна. Адказны за выпуск – У.П.Рубінчык (rubinczyk@yahoo.com).
Правы на матэрыялы «Мы яшчэ тут!» захоўваюцца за аўтарамі. Бюлетэнь распаўсюджваецца ў Беларусі, Ізраілі, ЗША, Расіі і інш. краінах. Інтэрнэт-версію бюлетэня шукайце на сайце Аб’яднання выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі: www.souz.co.il/belzem. Рубрыка «Наши друзья».
=====================================================================================




Copyright © 2000 Pastech Software ltd Пишите нам: info@souz.co.il