Новости   Доски объявлений Бизнес-каталог   Афиша   Развлечения  Туризм    Работа     Право   Знакомства
Home Page - Входная страница портала 'СОЮЗ'
ТВ-программа Гороскопы Форумы Чаты Юмор Игры О Израиле Интересное Любовь и Секс



 Главная
 Правление
 Новости
 История
 Объявления
 Фотоальбом
 
 Статьи и фото
 Интересные люди
 Работа объединения
 Форум
 ЧАТ
 
 Всё о культуре
 Гродненская область
 Могилевская область
 Наши друзья
 Витебская область
 ОТЗЫВЫ О НАШЕМ САЙТЕ (ЖАЛОБНАЯ КНИГА)
 Гомельскя область
 Брестская область
 НОВОСТИ ПОСОЛЬСТВА БЕЛАРУСИ
 Минская область
 Ссылки
 ВСЕ О ЛУКАШЕНКО
 Евреи г. Борисова
 Евреи Пинска



Поиск Любви  
Я   
Ищу  
Возраст -
Где?








“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!” Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Мінск). Выпуск XXXVII, ліпень 2008 г. / тамуз 5768 г.
“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!”
Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Мінск).
Выпуск XXXVII, ліпень 2008 г. / тамуз 5768 г.
====================================================
* * *
30 ліпеня пачынаецца суд над амерыканскім адвакатам Эмануілам Зельцэрам, арыштаваным яшчэ ў сакавіку г.г. Яго, разам з памочніцай Уладленай Функ-Брусковай, абвінавачваюць у эканамічным шпіянажы і кантрабандзе ў Беларусь наркатычных рэчываў. Гэтыя пункты, здаецца, не стасуюцца адно з адным, але бравых «сілавікоў» супярэчнасці не турбуюць. Арыштаваныя некалькі месяцаў знаходзяцца ў турме, «следства» фактычна засакрэчанае.
Пад канец вясны ў адным з мінскіх рэстаранаў кадэбісты арыштавалі і Міхаіла Шавельзона – прадпрымальніка і яўрэйскага актывіста. Некалькі разоў М. Шавельзон абіраўся намеснікам Л. Левіна ў Саюзе яўрэйскіх абшчын, адказваў за эканамічнае развіццё суполкі. У № 3 «МЯТ!» (2004 г.) мы разглядалі яго кандыдатуру на пасаду старшыні. На жаль, сп. Міхаіл не засяродзіўся на грамадскай дзейнасці, дзе пры жаданні мог бы дабіцца поспеху, а выбраў слізкую сцежку… Яго маёмасць апісаная; Шавельзона падазраюць у хабарніцтве, і ні «галоўны дойлід», ні «галоўны прадпрымальнік» Патупа, які даў калегу добрую характарыстыку, тут не дапамогуць.
Не бярэмся меркаваць пра вінаватасць ці невінаватасць Зельцэра, Функ і Шавельзона. Аднак назіраем небяспечную тэндэнцыю: у апошнія гады пад удар праваахоўных органаў Рэспублікі Беларусь усё часцей трапляюць яўрэі. Часам выглядае, што нашых супляменнікаў бяруць у «закладнікі»: сёй-той ва ўладных колах дагэтуль верыць, што з яўрэйскай дыяспары можна выціснуць выкуп за «сваіх».
Падобныя мітрэнгі здараліся б радзей, калі б асобныя яўрэі не паводзіліся як матылькі, што добраахвотна лятуць на агонь. «Іншых мо і зачэпіць, а мяне абміне», – наіўныя спадзяванні. Нам дзіўна, напрыклад, што ў Беларусь выпраўляюцца цэлыя дэ-легацыі ізраільцян, якія адпачываюць у Ждановічах, захапляюцца адбудовай Мінска ды заплюшчваюць вочы і на арышты супляменнікаў, і на ачыстку ўласных кішэняў. У ліпені г.г. некаторыя «курортнікі» заплацілі за паслугі па 30$ за суткі замест прадугледжаных 25. Вядома, усё адно дзешавей, чым у Эйлаце.
Калі «яўрэйская абшчына» у Беларусі дэградавала, дзелавым людзям яўрэйскага паходжання не стала на каго абаперціся, і яны амаль вымушаны рабіць залішне рызыкоўныя крокі. Зельцэра мо і выпусцяць, папярэдне выпатрабаваўшы ад вязня прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі (як у 2001 г. выпусцілі немца Леца), Шавельзона – наўрад ці. Відаць, ён паўторыць лёс Уладзіміра Браілоўскага – яўрэя, экс-кіраўніка магілёўскай філармоніі, які таксама меў масу «карысных» знаёмстваў і верыў у сваю недатыкальнасць. З 2004 г. сп. Уладзімір сядзіць за кратамі, асуджаны на 9 год. І было ж дзеля чаго выракацца Ізраіля…
==========================================
ШЫЛЬДА З ІМЕМ МАШЫ БРУСКІНАЙ
з’явілася ля прахадной сталічнага дражджавога завода дбаннем Мінгарсавета і камітэта па падрыхтоўцы Дзён памяці (65-годдзе знішчэння мінскага гета). Раней штогод 26 кастрычніка мітынгоўцы наракалі, што Брускіну, адну з першых падпольшчыц 1941 г., беларускія ўлады запісалі ў «невядомыя». Цешыць, што хоць нешта ў жыцці мяняецца.

ПОМНІКІ ЗАБІТЫМ БЕЛАРУСКІМ ЯЎРЭЯМ
адкрыліся ў Хойніках, вёсцы Залессе Смаргонскага раёна і вёсцы Любань Акцябрскага раёна. А вось да аднаўлення табліцы ў памяць пра нямецкіх яўрэяў (рог вуліц Раманаўская Слабада і Сухая ў Мінску) у «прафесіяналаў мемарыяльнай справы» пакуль не дайшлі рукі.
==========================================
У Моталі прадаюць дом Хаіма Вэйцмана
Бацькоўская хата першага прэзыдэнта Ізраілю Хаіма Вэйцмана знаходзіцца на Палесьсі, у мястэчку Моталь. Пра продаж дома за 15 тысяч даляраў заявіла некалькі месяцаў таму ўладальніца – пэнсіянэрка Алена Пташыц.
Першы прэзыдэнт Ізраілю Хаім Вэйцман нарадзіўся ў Моталі ў 1874 годзе ў сям’і гандляра лесам. Кажуць, што якраз бацьку Хаіма, Эзэру Вэйцману, і належала ідэя гэтай будоўлі. Гаспадар хацеў, каб хата была высокая, прасторная. Акрамя будучага ізраільскага прэзыдэнта, у сям’і расьлі яшчэ 14 дзяцей. Як і Хаім, усе яны атрымалі выдатную адукацыю ў Эўропе. Сам Вэйцман пасьля сканчэньня Пінскай гімназіі вучыўся ў Нямеччыне і Швайцарыі, быў прафэсарам хіміі ў Ангельшчыне.
У 1894 годзе сям’я Вэйцманаў зьехала з Моталя. Пазьней гаспадары ў іхным доме мяняліся неаднойчы. Пасьля Другой усясьветнай вайны тут месьціліся розныя савецкія ўстановы. Дом неаднойчы перарабляўся, пры канцы 1970-х драўляны будынак перанесьлі з цэнтральнай вуліцы. Потым дом ізноў перавялі ў прыватны сэктар. Цяпер у ім шэсьць пакояў. Пры Вэйцманах было восем. Зьмянілася месца ўваходу, іншым стаў дах. Аднак тое-сёе засталося. Напрыклад, знадворныя шаляваныя сьцены, аздобленыя разьбою вокны...
Уладальніца дому, пэнсіянэрка Алена Пташыц жыве ў хаце разам з маці. Дарослыя дзеці Алены разьехаліся па краіне. Яна практычна ня ў стане ўтрымліваць гэтае вялікае збудаваньне.
Цана, якую называе Алена Пташыц, даволі звыклая, як на Моталь — 15 тысяч даляраў. Ахвотных набыць хату пакуль так і не знайшлося. Аднак Алена ня траціць надзеі і верыць у добрага пакупніка. Тым больш што ў Моталь апошнім часам прыяжджае нямала гасьцей з Ізраілю.
«Калі, можа, дадуць болей за 15 тысяч, дык я вазьму і болей, — кажа Алена. – Вялікая хата. Мы яе падтрымліваем у парадку, бо жывем тут. А сюды едуць і едуць экскурсіі. Як габрэі, так і не габрэі».

Ці ёсьць шанец на музэй?

Тым часам дырэктарка мясцовага музэю Вольга Мацукевіч перакананая, што дзяржава пры жаданьні змагла б зрабіць з гэтага дома сапраўдную прынаду для турыстаў.
«Добра было б стварыць у ім цэнтар габрэйскай культуры імя Вэйцмана. У Моталі ёсьць некалькі хатаў знакамітых габрэяў. Архітэктура гэтых дамоў нейкая асаблівая. У адным з такіх дамоў можна было б зрабіць гатэлік, у другім – сынагогу невялічкую, таксама невялічкую рэстарацыю габрэйскай кухні. Ся-дзіба знаходзіцца ў прыгожым месцы, над возерам. І гэта такі цудоўны куток для адпачынку і для таго, каб за адным разам абабегчы ўсе габрэйскія куткі».
Тым больш што мясцовы музэй мае неабходныя для гэтага габрэйскія экспанаты – мэблю, хатнія рэчы, фота, успаміны самога Хаіма Вэйцмана на мове ідыш...
У тым, што дом Вэйцманаў павінен стаць домам-музэем першага ізраільскага прэзыдэнта, перакананы і кіраўнік пінскай габрэйскай суполкі Ёсіф Лібэрман.
«Вядома ж, музэй трэба зрабіць. Калі б толькі фінансы хтосьці выдаткаваў. Плюс зрабіў добрую рэканструкцыю ды рамонт будынку. Размаўляў з ізраільскай амбасадай, дык у іх грошай няма. А я ... Дзе я і што знайду?»

Вячаслаў Кулік, Алена Струвэ, «Радыё Свабода»
Паводле www.svaboda.org, 15.07.2008.

«МЯТ!»: словы сп. Лібермана, старшыні суполкі імя Х. Вейцмана, нас не здзівілі. Пазіцыя тыповая: для «сваіх» – круты дзеяч, знаёмы з Б. Нетаньягу, С. Балмерам і самім Л. Левіным, для «чужых» – «дзе што знайду?» Нават хітрасцю гэта не назавеш, бо падобная «хітрасць» рубіць сук, на якім сядзіць… Пасольства Ізраіля ні пры чым; музей у Моталі, калі ён патрэбны, мусяць утрымліваць грамадзяне Беларусі. 23 ліпеня паступіла інфармацыя, што дом купіў Сяргей Мусіенка, дырэктар нейкай цьмянай мінскай фірмы, і хоча зрабіць з яго «культуралагічны комплекс, прысвечаны памяці Хаіма Вейцмана – выдатнага палітыка і арганізатара». Пажывем – пабачым.
===============================

Задачы іудаікі ў Францыі і Беларусі

(скарочаны варыянт дакладу, прачытанага ў Мінску ў маі 2008)

Калі глядзець «звонку», здаецца, што французскія і беларускія «Jewish Studies» маюць прынамсі адну агульную рысу: яны церпяць ад адсутнасці афіцыйных навучальных і навуковых устаноў (універсітэт, даследчы цэнтр), што легітымізавалі б «іудаіку» як акадэмічную дысцыпліну. Ні ў Францыі, ні ў Беларусі няма спецыфічнага курса, заканчэнне якога дало б магчымасць атрымаць дыплом па «іудаіцы». Аднак адрозненні паміж Францыяй і Беларуссю больш істотныя. У Францыі яўрэі лічацца грамадзянамі нароўні з іншымі, але не асобнай нацыяй. У Беларусі ж падыход да яўрэйскага пытання застаўся «абшчыннацэнтрычным», г.зн. да яўрэяў прынята ставіцца як да нацыянальнай групы.
У Французскай рэспубліцы, дзе ўсе знешнія прыкметы прыналежнасці сціраюцца пад уплывам ідэалаў «універсальнасці» і «правоў чалавека», галоўнай праблемай яўрэяў з’яўляецца пытанне тоеснасці: хто яўрэй? што значыць быць яўрэем? Іншымі словамі, як суадносяцца розныя вызначэнні і аспекты яўрэйства – рэлігія, этнічная прыналежнасць, культура…
У Беларусі пытанне заключаецца не ў тым, «хто яўрэі» – у Расійскай імперыі і СССР яўрэі заўсёды былі адасоблены па тых ці іншых крытэрыях (прыналежнасць да абшчыны, родная мова, «пятая графа» у пашпарце). Мэта іудаікі ў Беларусі іншая – давесці, што беларускія яўрэі маюць уласную гісторыю і павінны ўважацца за поўнапраўную частку беларускага грамадства. Можна меркаваць, што гэта з’яўляецца рэакцыяй на працэс саветызацыі і асіміляцыі. Найбольшую частку публікацый на яўрэйскія тэмы складаюць успаміны і сведчанні пра генацыд, пра яўрэйскае жыццё ў мястэчках. Адначасова на прасторах былога СССР назіраецца схільнасць упісваць яўрэйскі гістарычны шлях ў рамкі нацыянальнай гісторыі краіны, дзе жывуць яўрэі. З’явіліся ўкраінская, расійская, літоўская, беларуская «яўрэйскасці». У выніку, чорныя старонкі яўрэйскай гісторыі ў Беларусі згадваюцца рэдка; мноства гісторыкаў і грамадскіх дзеячаў прэзентуюць кампрамісную версію беларуска-яўрэйскіх адносінаў. Антысемітызм і калабарацыянізм амаль не вывучаныя; як правіла, гэтымі «нязручнымі» тэмамі цікавяцца яўрэйскія гісторыкі, чые працы не атрымліваюць вялікага розгаласу.
Такім чынам, галоўнай тэарэтычнай задачай для гісторыкаў беларускага яўрэйства сталася акрэсліванне самога паняцця «беларускае яўрэйства» да і пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі, вылучэнне спецыфічных рыс у параўнанні з украінскім, літоўскім, польскім ці рускім яўрэйствам. Навуковыя працы французскіх даследчыкаў маглі б быць карыснымі беларускім калегам, схільным да «аднамернасці» у выяўленні беларускага яўрэйства дзеля «апраўдання» яго гісторыі. Але відавочна, што ўнутраныя адрозненні і канфлікты ў яўрэйскім асяроддзі (напр., паміж вясковымі яўрэямі і гараджанамі, рэлігійнымі і секулярызаванымі, «заходнікамі» і «усходнікамі») былі шматлікімі і адыгралі важную ролю ў працэсе мадэрнізацыі.
Далікатным ёсць пытанне антысемітызму. На наш «заходні» погляд, антысеміцкімі можна назваць многія анекдоты пра яўрэяў, паказ у карыкатурным выглядзе шынкара Давіда ў папулярнай пьесе «Камедыя», выказванні А. Лукашэнкі пра Бабруйск і г.д. І ўсё ж самі беларусы (а часткова і яўрэі) не лічаць гэтыя зъявы антысеміцкімі. Нашае паняцце «антысемітызм», цесна звязанае з павагай да індывідуальнасці чалавека, не мае сэнсу ў грамадстве, дзе кожны чалавек лічыць, што належыць перадусім да нацыянальнай супольнасці і быццам бы атрымлівае ў спадчыну ўсе «рысы» дадзенага «этнаса». У гэтай схеме ўсе нацыянальныя групы маюць свае станоўчыя і адмоўныя рысы, што адбіваецца ў анекдотах. Безумоўна, справа навукоўцаў – крытыкаваць і ламаць гэтыя стэрэатыпы.

Д-р Клер Ле Фоль

Рэд. Тэзісы шаноўнай доктаркі гісторыі напрошваюцца на крытыку. Нам здаецца штучным нават параўнанне «яўрэйскіх доследаў» у Францыі (бадай 600 тыс. яўрэяў, адносная стабільнасць) і Беларусі (20-30 тыс. яўрэяў, колькасць і ўплыў на навуковы свет штогод зніжаюцца). Між іншага, пытанне «хто яўрэй?» актуальнае і для жыхароў РБ, улічваючы вялікую долю мяшаных шлюбаў («пятай графы» даўно няма, «родную мову» большасць яўрэяў забыла…) Дарэмна аўтарка прэзентуе частку беліудаікі – апалагетычныя працы Іофэ ды інш. – як усю іудаіку ў Беларусі. Таксама няможна сцвярджаць, што «калабарацыянізм» 1941-44 гг. у Беларусі амаль не вывучаецца ці што гэтай тэмай цікавяцца пераважна «яўрэйскія гісторыкі» (а Літвін? Козак? Жумар?) Нарэшце, далёка не кожны жыхар Беларусі лічыць, што «належыць перадусім да нацыянальнай супольнасці»: сярод яўрэяў такіх хіба толькі палова набярэцца.
Згадзіцца з францужанкай можна ў тым, што іудаіка ў Беларусі знаходзіцца ў гарот-ным стане (пасля знікнення часопісаў «Форум» ды «Евреи Беларуси», ліквідацыі Скарынаўскага цэнтра) ды мае патрэбу ў спрыянні замежных адмыслоўцаў. Аднак спрыянне павінна вынікаць з дыялогу, які дазволіў бы тутэйшым даследчыкам напоўніцу рэалізаваць сябе. Інакш месца «зламаных стэрэатыпаў» зоймуць новыя клішэ, кшталту адзначаных у папярэднім абзацы.

«ОНО, КОНЕЧНО, ЕСЛИ БЫ… ХОТЯ ОДНАЖДЫ ВСЁ-ТАКИ, НО ЕСЛИ ЧТО КОГДА-НИБУДЬ, ТО МЫ ВСЕГДА ПОЖАЛУЙСТА»
Старшыня аб’яднаньня габрэйскіх суполак Леанід Левін выказаў сваё меркаваньне (пра кароткі фільм Міхала Мілашэўскага «Шэсьць стагодзьдзяў на беларускай зямлі» паводле сцэнару Антона Астаповіча, прысьвечаны беларускім габрэям і паказаны 23 чэрвеня 2008 г. у Менску на В. Харужай, 28):
«Але вось ёсьць нейкая недагаворанасьць... Мы гэта разумеем, але ці зразумеюць тыя, хто будзе глядзець. Таму што ёсьць вялікая задумка ў аўтараў. Ёсьць добрыя кадры, якія адлюстроўваюць тое, што зьнішчана... На самой справе глыба габрэйскай культуры... Назва “Шэсьць стагоддзяў на беларускай зямлі”... Але, калі ўзяўся за такую справу, то трэба яе давесьці да ладу. Гэта цяжка, але гэта трэба было зрабіць. Але дзякуй ім вялікі» (цытуецца паводле www.svaboda.org).

«МЯТ»: ніжэй прапануем хуткапрамаўлянкі. Спадзяемся, яны дапамогуць некаторым публічным асобам удасканаліць аратарскія якасці.

* * *
Недавно вышла книга избранных произведений еврейского поэта Изи Харика «Туга па чалавеку» («Тоска по человеку»). Произведения напечатаны на белорусском языке и идише. Составитель Вольф Рубинчик включил в сборник стихи и очерк, созданные в 1920-е гг. Среди переводчиков – Геннадий Буравкин, Аркадий Кулешов, Григорий Березкин, Федор Жичка и др. В книгу, иллюстрированную рисунками российского графика Лазаря Лисицкого, современника поэта, включены биографические материалы и автографы И. Харика, а также снимок дома в местечке Зембин (ныне деревня в Борисовском районе), где он родился в семье сапожника. И. Харик приобрел известность после публикации поэмы «Минские болота» (1926). В 1937 г. по обвинению в шпионаже расстрелян сотрудниками НКВД. Реабилитирован в 1956 г., как и его жена Дина.

(БелаПАН; «Краязнаўчая газета», с уточнениями)
--------------------------------
ЕЩЕ ОДИН ГОРЕ-ИСТОРИК

Огорчает журналистское верхоглядство. Особенно когда оно затрагивает людей, которых ты много лет знал и ценил.
Не раз уже бывший минчанин, «новый американец» Владимир Левин, подвизавшийся на сайте Леонида Школьника «Мы здесь», рисовал образ вдовы поэта Дины Харик, далёкий от реальности: «Мы очень просили рассказать о Поэте, но она только спрашивала: «Зачем? Кому это надо?» … Память о большом еврейском поэте принадлежала только ей. И она жила с ней до последнего своего дня. И мы не могли ни в чем упрекнуть эту женщину, которая ходила по нашему городу отрешенная от всего, но с высоко поднятой головой, как тень страшного прошлого.» Из десятилетнего опыта общения с Диной Звуловной Харик знаю, что она рассказывала о муже всем желающим (в частности, посетителям библиотеки, которой заведовала в 1989-2001 гг.). Охотно выступала по телевидению, на собраниях. Копировала свои воспоминания 1980-х гг. о Харике, опубликованные в журналах «Неман» и «Мишпоха», и раздавала их даже малознакомым людям (а Левин выдает эти мемуары за свое литературное открытие). Она не «ходила по городу отрешенная от всего»: напротив, до последних дней интересовалась делами тех, кто ее окружал.
В. Левин называет себя историком-профессионалом и снабжает читателей такими перлами, как: «Недавно под Слонимом откопали синагогу 12-го века» (и где же, интересно?), «здесь [в Куропатах] расстреливали с 1937 по середину пятидесятых. С четырехлетним перерывом на войну» (после войны в Куропатах расстрелов не было), «их дети [белорусов до 1937 г.] предпочитали ходить в еврейские школы.» (в то время о предпочтениях детей власти не спрашивали, но и не отправляли белорусов в «еврейские» школы), «С 1988 года он [герб «Погоня»] стал государственным символом новых послесоветских государств Литвы и Белоруссии… колхозный президент с историей никак не считается. Он взял и собственным самодурством упразднил сей символ, проведя свой первый «референдум» по государственной символике и вернув советский герб» («Погоня» стала государственным символом Республики Беларусь в 1991 г.; после референдума 1995 г. «советский герб» не был возвращен).
Что ж, у Давида Мельцера, опус которого мне довелось анализировать в № 35 «МЯТ!», вырос достойный ученик. Но хочется верить, что не все выходцы из Беларуси в Америке такие «историки», как Д. Мельцер и В. Левин.

В. Рубинчик, г. Минск
==================================================
Хлопец з хуцпай форт авек!

У газеце «Новы час» 18.07.2008 Марыя Мартысевіч надрукавала артыкул пра Змітра Сляповіча; апошні прызнаўся, што «па сямейных абставінах пераязджае ў Нью-Йорк». Шкада, вядома. Д-р Сляповіч – адзін з нямногіх мінскіх яўрэяў, якім тут нешта яшчэ было трэба: стварыў «Мінскер капеле», правёў «Клезмершок» (гл. «МЯТ!» № 12, 2005), пару «Жыдовішчаў» (№ 30, 2007). Але цяпер і яму надакучыла біцца галавою аб мур. Вось народная песня, запісаная ім у 1997 г. ад Гірша Рэлеса і перакладзеная на беларускую.

A pastekhl

Iz geven amol a pastekhl, a pastekhl.
Iz ba im farlorn gegangen a shefele, a shefele.
Gejt er, zet er,
Fort a fur mit shtejndelekh, mit shtejndelekh.
Hot er gemejnt az dos iz fun shefele di bejndelekh, di bejndelekh.
Zogt er: “Adejnoj, Adejnoj, oj Adejnoj!
Tsi nie batshyu ty, tsi nie vidzeu ty ovtsy moj?”
Makht Er: “Niet!”
Bieda, biedu, ovtsy nishto,
A yak zhe ja domoj prydu?
Gejt er, zet er,
Fort a fur mit dernelekh, mit dernelekh.
Hot er gemejnt az dos iz fun shefele di hernelekh, di hernelekh.
Zogt er: “Adejnoj, Adejnoj, oj Adejnoj!
Tsi nie batshyu ty, tsi nie vidzeu ty ovtsy moj?”
Makht Er: “Niet!”
Bieda, biedu, ovtsy nishto,
A yak zhe ja domoj prydu?
Gejt er, zet er,
Fort a fur mit niselekh, mit niselekh.
Hot er gemejnt az dos iz fun shefele di fiselekh, di fiselekh.
Zogt er: “Adejnoj, Adejnoj, oj Adejnoj!
Tsi nie batshyu ty, tsi nie vidzeu ty ovtsy moj?”
Makht Er: “Niet!”
Bieda, biedu, ovtsy nishto,
A yak zhe ja domoj prydu?

ПАСТУШОК

Жыў пастух сабе на свеце, ой пастушок,
І аднойчы ён сваёй авечкі не збярог.
Ідзе, бачыць:
Едзе воз, на ім каменьчыкі ды дошчачкі.
Падалося, што гэта авечкі яго костачкі.
Кажа: «Мой Божа! Мой Божа! Мой Божа!
Ці не відзеў ты, ці не бачыў ты авечкі маёй?»
А Той яму: «Не!»
«Бяда, бяда, авечкі няма тут,
А як жа я дамоў прыйду?»

Ідзе, бачыць:
Едзе воз, а на ім дзёран і дошчачкі.
Падалося, што авечкі гэта рожкі-рожачкі.
Кажа: «Мой Божа! Мой Божа! Мой Божа!
Ці не відзеў ты, ці не бачыў ты авечкі маёй?»
А Той яму: «Не!»
«Бяда, бяда, авечкі няма тут,
А як жа я дамоў прыйду?»

Ідзе, бачыць:
Едзе воз, на ім арэшкі ды грыбочкі.
Падалося яму, што авечкі гэта ножкі.
Кажа: «Мой Божа! Мой Божа! Мой Божа!
Ці не відзеў ты, ці не бачыў ты авечкі маёй?»
А Той яму: «Не!»
«Бяда, бяда, авечкі няма тут,
А як жа я дамоў прыйду?»
=============================
НОВЫЯ КНIГI
Ідыш-беларускі слоўнік = Jidysh-vajsrusisher verterbukh / сабраў і пераклаў на беларускую мову А. Астравух. – Мінск: Медисонт, 2008. – 928 с. 1000 ас. Пры ўсіх станоўчых якасцях гэтага «даведкавага выдання» (складальнік атэстуе яго хутчэй як свой дзённік) кідаецца ў вочы дэфект: «Бог» паўсюль пішацца з малой літары.
Иоффе Э. Г., Мазец Ж. Э. Нобелевские лауреаты с белорусскими корнями. – Мн.: Беларусь, 2008. – 159 с. 2000 ас. Зборнік кампілятыўных нарысаў, з якіх, аднак, можна сёе-тое даведацца пра С. Кузнеца, А. Клуга, Ш. Перэса, нават пра такіх сумніўных «беларусаў», як І. Рабін.
============================
ИЗРАИЛЬСКИЕ СКОРОГОВОРКИ

Конрад-дарконокрад даркону рад.
Ленивый оле лелеет Лею в киселе.
Memento mori о Мёртвом (вариант для выходцев из Беларуси: Минском) море.
Рыжий рав – не жираф, рыжий рав – не костоправ, рыжий рав – не лев, а прав.
Шёл Шимон по шоссе с шуармой, а Саша – с суши.

Рауль Бен-Шекель
============================

ЮБIЛЕI


Споўнілася 75 гадоў выдатнаму спартсмену Максу Шавелю. У 1950-70-я гг. яго іскрамётная гульня ўражвала многіх беларускіх шашыстаў (у т.л. нашага чытача Георгія Пятровіча). Не дзіва: Макс Абрамавіч быў не толькі дзевяцікратным чэмпіёнам БССР, але адным з найлепшых савецкіх гульцоў у міжнародныя шашкі. Калі М. Шавель працаваў канструктарам на заводзе «Гарызонт», то стварыў там каманду, што ў 1969 г. стала чэмпіёнкай СССР сярод калектываў фізкультуры. З 1990 г. ён жыве ў Ізраілі, выхоўвае ўнука. Дарэчы, жонка шашыста – дачка класіка нашай літаратуры, Рая Кульбак.

А. Юрасаў – М. Шавель, 1953.
Белыя: a5, a3, b2, c3, e1, e3, f2, f4, g1, g3, h2 (11). Чорныя: a7, b8, c5, c7, d6, e5, f6, f8, g7, h6, h8 (11). Ход чорных.
1… hg5! 2. fh6 ed4 3. ce5 dd2 4. ec3 cb4 5. ac5 cb6 6. ac7 bd2. Белыя здаліся.
* * *
50 гадоў у ліпені адзначыў наш аўтар Юрый Якаўлевіч Тэпер. Вялікі энтузіяст шахмат, цягам многіх гадоў ён трэніруе каманду сталічнага педуніверсітэта, у якім працуе бібліятэкарам. Рупіцца пра развіццё шахматыстаў мінскага «Хэсэда», ладзячы для іх бліцтурніры ды цікавыя сустрэчы. Сп. Юрый уваходзіць у іудзейскую абшчыну – «расце» і там. З ім карысна раіцца і проста гутарыць.
Віншуем шаноўных М. Шавеля і Ю. Тэпера з юбілеямі! Да 120 і хай вам будзе ўдача!
**********************************************************************

Паштовая скрынка

Осіпу Л. са штата Канектыкут, Эстэр Я. з Петах-Тыквы. Дзякуй за добрыя словы. Файна, што не забываецеся мовы беларускай!
Леаніду Р. з Мінска. «Сэнс існавання» нашага выдання патлумачаны ў № 15 «МЯТ!». Біяграфію аўтара паэмы «Рахіль» В. Казлоўскага (1905-1975) можна знайсці ў даведніку «Беларускія пісьменнікі». Вершы, на жаль, нам не падышлі. Паспрабуйце лепш прозай.
Сямёну Р. з Яўрэйскай аўтаномнай вобласці. Назва «Мы яшчэ тут!» склалася гістарычна – як пасляслоўе да газеты «Анахну кан» («Мы тут»), што выпускалася ў Мінску ў 2002 г. Комплексу непаўнавартасці няма ў нас: большасці чытачоў і аўтараў бюлетэня не трэба даказваць, што мы «карэнныя», не горшыя ад беларусаў і г.д.
Льву Ш. з aen.ru. І не сорамна Вам хлусіць, што Астравухаў слоўнік прадаецца «у кнігарнях Мінска і іншых гарадоў», калі яго і блізка там няма?
=====================================================================================
Адрас для лістоў: Рубінчык С.В., Беларусь, Мінск, 220082, вул. Матусевіча, 16-65. (Matusevicha, 16/65, Minsk, Belarus, 220082).
Надрукавана 29.07.2008. Тыраж 150 экз. Бясплатна. Адказны за выпуск – У.П.Рубінчык (rubinczyk@yahoo.com).
Правы на матэрыялы «Мы яшчэ тут!» захоўваюцца за аўтарамі. Бюлетэнь распаўсюджваецца ў Беларусі, Ізраілі, ЗША, Расіі і інш. краінах. Інтэрнэт-версію бюлетэня шукайце на сайце Аб’яднання выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі: www.souz.co.il/belzem. Рубрыка «Наши друзья».
=====================================================================================




Copyright © 2000 Pastech Software ltd Пишите нам: info@souz.co.il