Новости   Доски объявлений Бизнес-каталог   Афиша   Развлечения  Туризм    Работа     Право   Знакомства
Home Page - Входная страница портала 'СОЮЗ'
ТВ-программа Гороскопы Форумы Чаты Юмор Игры О Израиле Интересное Любовь и Секс



 Главная
 Правление
 Новости
 История
 Объявления
 Фотоальбом
 
 Статьи и фото
 Интересные люди
 Работа объединения
 Форум
 ЧАТ
 
 Всё о культуре
 Гродненская область
 Могилевская область
 Наши друзья
 Витебская область
 ОТЗЫВЫ О НАШЕМ САЙТЕ (ЖАЛОБНАЯ КНИГА)
 Гомельскя область
 Брестская область
 НОВОСТИ ПОСОЛЬСТВА БЕЛАРУСИ
 Минская область
 Ссылки
 ВСЕ О ЛУКАШЕНКО
 Евреи г. Борисова
 Евреи Пинска



Поиск Любви  
Я   
Ищу  
Возраст -
Где?








“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!” Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Мінск). Выпуск XXV, сакавік 2007 г. / адар 5767 г.
“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!”
Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Мінск).
Выпуск XXV, сакавік 2007 г. / адар 5767 г.
====================================================
A gut jom-tev, khavejrym!
HAG PURIM SAMEAKH!
Са святам Пурым (4 сакавіка)!
--------------------------------------------
ФАЙНБЕРГУ – 70!
Юрый Файнберг – майстар спорту па рускіх і міжнародных шашках, пяціразовы чэмпіён Беларусі. Навучыла яго гуляць маці Марыя Міронаўна Кантар – «прынесла са шпіталя шашкі, калі мне было 6 гадоў». З удзячнасцю шашыст успамінае і першага трэнера з Дома піянераў – слыннага Аркадзя Ракітніцкага.
Першым значным поспехам Юрыя стаў выйгрыш кубку газеты «Зорька» у складзе каманды 4-й школы (1951 г.). «Тады ў нас была «яўрэйская дружына». Увогуле, да часу эміграцыі яўрэі гралі першыя ролі ў шашачным спорце Беларусі – Шавель, Гелер, Соркіна, Белкіны…».
Дзесяцігоддзі майстар Файнберг працаваў на заводзе «Гарызонт», а ў канцы 2006 г. разам з Аркадзем Плакхіным згуляў за каманду завода на Кубку Беларусі. Вынік – 9 перамог з 9!
16 лютага 2007 г. маэстра споўнілася 70 год. Дата адзначалася ў Беларускай федэрацыі шашак; мы далучаемся да віншаванняў і жадаем сп. Файнбергу яшчэ доўга радаваць прыхільнікаў яго творчасці бліскучай гульнёй.
=============================
ТВОРЧЫ ВЕЧАР ФЕЛІКСА ХАЙМОВІЧА

прайшоў 31 студзеня ў клубе «Тхія» пры Мінскім абшчынным доме. Імпрэза магла бы прайсці ў Мінскім аб’яднанні яўрэйскай культуры – суполцы, якую ўрач-літаратар засноўваў у канцы 1980-х… Аднак МАЯКоўцы, хоць і «адрадзіліся» у верасні 2006 г., не праявілі энтузіязму. А дарэмна: няшмат у свеце людзей, якіх наведваюць адначасна ідыша- і беларускамоўная Музы.
На сустрэчу з унікальным аўтарам прыйшло чалавек 20. Паэт, які прывёў з сабою дачку і зяця (выконвалі яўрэйскія мелодыі), выглядаў стомленым і задуменным – мо таму, што ў Гістарычнай майстэрні на вул. Сухой ужо другі год «сушаць» рукапіс ягонай кнігі пра мінскае гета. Прачытаў невялікую лекцыю пра скрыжаванні культур, беларуска-яўрэйскія моўныя падабенствы, а далей – пераклады з ідыш, нямецкай, польскай, рускай і арыгінальныя вершы. Бальшыня твораў па завядзёнцы мела філасофскі характар; у некаторых сп. Фелікс уступіў у дыялог з Авідыем, Катулам… Вядома ж, са старажытнымі рымлянамі почасту цікавей, чым з надакучлівымі сучаснікамі.
Ці не ўпершыню прагучалі песні на вершы Ф. Хаймовіча (аўтар музыкі і выканаўца – Валерый Віткін). Слухачы засталіся задаволеныя.
====================================
75 гадоў газеце «Літаратура і мастацтва»

У першыя гады існавання ў «ЛіМе» друкаваліся творы на ідыш, а рэдактарам яе быў яўрэй, Хацкель Дунец. Ужо ў 1940-50-я такое было цяжка ўявіць, аднак нашыя супляменнікі ніколі не былі чужыя (ў) беларускай літаратурнай газеце. Маем на ўвазе Заіра Азгура, Рыгора Бярозкіна, Гірша Рэлеса, таго ж Фелікса Хаймовіча, эмігранта Марата Баскіна… Уладзімір Няхамкін-Мехаў нейкі час нават працаваў тамака адказным сакратаром. Хоць новы «ЛіМ» (lim.by), адабраны ў Саюза беларускіх пісьменнікаў, нам не зусім падабаецца, «Мы яшчэ тут!» шчыра віншуе былых і цяперашніх лімаўцаў з юбілеем. Зычым, як мінімум, да 120!
----------------------------------------------------------------------------------------------------------------
Фэлікс Акерман

Пошта з Трэблінкі

Ведаючы, што вялікую частку гарадзенскіх габрэяў замардавалі ў Трэблінцы, я даўно адчуваў патрэбу паехаць сьледам іх апошняга шляху, які ішоў з гета № 1 у старым габрэйскім квартале праз мост у бок Беластоку. Вагоны чакалі на таварнай станцыі ў Ласосьне. Хто ня трапіў раней у лягер у блізкім Кілбасіне ці на цягнік у Аўшвіц, мусіў быў праехаць гэтай апошняй дарогай. Так хацелі немцы, якія плянавалі вырашыць «габрэйскае пытаньне канчаткова». Яны не былі асабіста маімі продкамі, але яны былі немцы і рабілі гэта ў імя маёй нацыі. (…)
Сёньняшняя рэакцыя немцаў на мінуўшчыну – гэта неабмежаваная любоў да нашых габрэяў. Тых, каго раней забівалі нашыя дзяды, сёньня мы любім бязь межаў. Таму ў нас зьявіўся прафэсійны падыход да пытаньняў памяці таталітарызму. Немцам наагул здаецца, што яны (мы…) ужо расправіліся з уласнай мінуўшчынай, таму мы гатовыя дапамагчы, напрыклад, бедным беларусам ці расейцам…
У тым сэнсе я звычайны немец, які лічыць абавязковай паездку ў Трэблінку. І як прафэсійнага немца мяне абурае, што ў Беластоку ніхто не ведае, як туды трапіць. Палякам не да таго. Можна сказаць, што наагул ім не шкада сваіх габрэяў, бо Беласток – гэта да вайны габрэйскі горад. А таксама ім не да таго, што пасьля вайны дамы і вуліцы (з тых, што засталіся) яны занялі пасьля габрэяў. Але гэтая думка палітычна не карэктная, таму я стараюся знайсьці свой шлях у Трэблінку без палякаў, якім не да таго. З роварам сядаю ў цягнік на Варшаву і праз гадзіну высаджваюся ў Малкіне. Калі адыходзілі апошнія саставы з габрэямі, тыя ўжо ведалі, што цягнікі едуць сюды. Пра Трэблінку не маглі ведаць, бо адтуль, акрамя ўцекачоў-паўстанцаў, амаль ніхто жывым у сьвет жывых не вярнуўся. Трэблінка тады ўжо была месцам у зоне сьмерці.
Сёньня ў Малкіне местачковы фэст. З блізкага берагу Бугу пахне кілбаскамі, людзі ўжо напіліся піва і ня толькі. Таму ніхто ня ў сілах паказаць мне дарогу на Трэблінку. Зь іншага боку, справа выглядае дастаткова проста: ад галоўнай чыгуначнай станцыі толькі адзін шлях вядзе ўбок. Аказваецца, што чыгуначны шлях у Трэблінку існаваў увесь час. Уздоўж яго можна ехаць роварам. Колькі год таму польская чыгунка гэты шлях закрыла, але на знак памяці пра габрэяў ён існуе і вядзе праз Буг уздоўж лесу празь вёску, якая называецца Трэблінка. Тут карова ступае па вуліцы, пад каапэратыўнай крамай мужчыны жлукцяць піва.
За два кілямэтры адсюль з 1942 г. чыгунку вывелі ў лес. Цяпер гранітныя слупы сьведчаць пра межы лягеру сьмерці. На паркінгу шапік, дзе можна набыць квіток, брашуры і паштоўкі. Побач паштовая скрынка – на той выпадак, калі камусь захацелася б выслаць адсюль паштоўку. У нядзелю папоўдні тут анікога. Я пакідаю ровар і сам шпацырую па тэрыторыі лягеру. Мяне зьдзіўляе вось гэтая ў нейкім сэнсе сьціплае краіна памяці, якая без канкрэтных падказак нагадвае пра тое, што ўявіць і так немагчыма. Камень на месцы газавых камэр адпіхвае мяне сваім патасам. Але далей сярод надпісаў я знаходжу і Горадню, і Крынкі, Індуру і шмат іншых паблізкіх мястэчак, у якіх сёньня існуе КСУП ці аграгарадок.
Зеляніна, самота і свабода мысьлі робяць гэтае месца асаблівым, спакойным і мэлянхалічным, бяз гвалту, які адбываецца на касьцях у іншых былых лягерах сьмерці. Зь іншага боку, не хапае імёнаў, фатаграфіяў і лёсаў людзей, якія тут скончылі сваё жыцьцё, – на тысячы гарадзенскіх габрэяў застаўся адзін сымбалічны камень. Значыцца, калі мы ня ведаем, хто яны былі, як жылі, які быў іхні апошні шлях, дык мы тут нічога ня знойдзем, акрамя паляны, на якой іх замардавалі.
І зноў жа пачаўся нямецкі сындром. Мы ня толькі забілі амаль што ўсіх габрэяў Эўропы, але яшчэ захацелі вызначаць тое, як успамінаць пра іх. Таму я сьціпла ўпішуся ў кнігу «водгукаў і прапановаў» і пашлю гэтыя радкі поштай у Беларусь. Няхай самі беларусы – так, як палякі, – вызначаюць, як успамінаць сваіх габрэяў, але памяць пра іх мусіць быць жывая. Не для нямецкага пакаяньня, але для памяці самой Беларусі, якая без сваіх габрэяў гэтак зьбяднела.
Я зьдзіўлены, чаму ў Горадні на месцы вялікіх могілак, дзе неўзабаве маюць адкрыць спартовую арэну ў сучасным постсавецкім стылі, няма мэмарыяльнай дошкі. Дзіўна, што ў музэі пакуль што няма згадак і пра тое, што горад калісьці быў і габрэйскі. Цяжка было шукаць месца лягеру ў Кілбасіне – амаль ніхто ў Горадні ня ведае, дзе гэтае месца знаходзіцца. А там не напісана ні слова пра тое, што савецкія грамадзяне, якія там загінулі, збольшага былі габрэйскай нацыянальнасці.
У Трэблінцы, дзе шлях шматлікіх гарадзенцаў скончыўся назаўжды, я адчую сучаснасьць і чалавечнасьць, толькі калі ўбачу гурбінку камянёў, што прывезьлі школьнікі з Ізраілю – напісалі на іх імёны сваіх продкаў і пакінулі ў лесе. Для мяне гэта і ёсьць знакам жыцьця ў месцы, дзе калісьці валадарыла сьмерць.

(паводле «Нашай Нівы», 02.02.2007)
----------------------------------
Ці паставяць у Полацку помнік Яшу Хейфецу?

У Полацку створана ініцыятыўная група для ўстанаўленьня там помніка вялікаму музыканту XX стагодзьдзя Яшу Хейфецу, якога па заслугах лічаць адным з самых знакамітых скрыпачоў усіх часоў і народаў.
Яша (сапраўднае імя – Ёсіф) Хейфец нарадзіўся ў 1901 г. у Вільні. У 8 гадоў паступіў у Пецярбурскую кансэрваторыю, у 12 гадоў даваў канцэрты ў Эўропе; падчас рэвалюцыйных закалотаў выехаў у Амэрыку і памёр там 20 гадоў таму.
Чаму ж помнік Яшу Хейфецу павінен стаць менавіта ў Полацку? Пра тое апавядае дасьледнік творчасьці музыканта, дырэктар Ветрынскай школы мастацтваў Уладзімер Амосаў: «Бацькі знакамітага музыканта жылі ў Полацку, у Задзьвіньні. Бацька быў палачанін, а маці паходзіла зь мястэчка Баравуха, што непадалёку ад Полацку. Дый нарадзіўся Яша Хейфец у Вільні адразу ж пасьля пераезду туды бацькоў. Полацкі род Хейфецаў даў сьвету вялікага скрыпача, і дзе, як ня тут, павінен паўстаць помнік. Прычым гэта павінен быць помнік падлетку-музыканту».
Паводле Ўладзімера Амосава, гэта быў бы і знак павагі дарэшты спляжанай людзьмі і часам багатай габрэйскай культуры.
Амосаў: «На пачатку мінулага стагодзьдзя больш як 60 адсоткаў насельніцтва Полацку складалі габрэі. І мне, праваслаўнаму беларусу і карэннаму палачаніну, вельмі крыўдна, што культура габрэйскага народу практычна зьнікла. Крыўдна таксама, што ўлады не палічылі за патрэбнае даць нават фармальны адказ на прапанову аб усталяваньні помніка».
Такая прапанова была накіраваная ў Полацкі гарвыканкам і ўпраўленьне культуры Віцебскага аблвыканкаму яшчэ 13 лістапада. Зрэшты, сябры ініцыятыўнай групы вялікіх спадзяваньняў на мясцовыя ўлады не ўскладаюць.
Амосаў: «Думаю, у гэтай справе нас падтрымаюць вядомыя музыканты, а таксама былыя палачане, што жывуць цяпер у ЗША, Ізраілі, Вялікай Брытаніі. Помнік Яшу Хейфецу, безумоўна, палепшыць імідж гораду як культурна-гістарычнага цэнтру».

Радыё Свабода (www.svaboda.org, 09.02.2007)
==========================================
«НЕ ПАСПЕЎ ЗАЎВАЖЫЦЬ, ЯК ПРЫЙШЛА СТАРАСЦЬ»

Змястоўнае інтэрв’ю з Міхаілам (Майсеем) Герчыкам, некалі звышлаяльным савецкім пісьменнікам, а цяпер простым беларускім яўрэем, аўтарам часопіса «Мишпоха» (www.mishpoha.org), чытайце ў «Нашай Ніве» (www.nn.by). Некаторыя фрагменты гутаркі карэспандэнта «НН» З. Панкаўца з М. Герчыкам:

М. Г.: Я вырас у горадзе, у рускамоўным асяроддзі. Пісаў правільнай беларускай мовай, але не адчуваў яе так тонка, як нашы класікі, што нарадзіліся ў вёсцы. Не перабольшваю сваё месца ў літаратуры… Я нават не ведаю яўрэйскай мовы, я яўрэй толькі па паходжанні. У Бабруйску я размаўляў па-руску, бо мой бацька быў камуніст, не прызнаваў ніякага нацыяналізму… Ідыш я крышку вывучыў толькі ў Арэнбургу, калі краў жыта і трэба было перамовіцца з маці, каб ніхто не зразумеў.
З. П.: Як Вы ўспрынялі развал Савецкага Саюза?
М. Г.: Жахліва, мне было вельмі цяжка. Я адразу адчуў, што выпадаю з гэтай абоймы…
З. П.: Чаргінец клікаў у свой Саюз?
М. Г.: Мне няма там чаго рабіць. Я ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў, а не ў саюзе шарлатанаў, графаманаў і ўсіх тых, хто групуецца каля ўлады…
============================
Магілеўчанка стала самай папулярнай кінаактрысай у Ізраілі

Акторка ізраільскага тэатру і кіно Яўгенія Додзіна, якая паходзіць з Магілёву, прызнаная ў Ізраілі самай папулярнай кінаактрысай году.
Фільм, у якім яна зьнялася, лічыцца адной з самых касавых ізраільскіх кінастужак і мае адразу некалькі назваў. На кінафэстывалі ў Маскве ён быў прадстаўлены як «Паўрасейская гісторыя», у ізраільскім кінапракаце ідзе пад назвай «Каханьне і танец», эмігранты з колішняга СССР паміж сабой завуць яго «Школай бальных танцаў» (па аналёгіі зь вядомым адэскім хітом пачатку мінулага стагодзьдзя «Это школа Соломона Бляра, школа бальных танцев, вам говорят…»).
Кінагераіню Яўгеніі Додзінай завуць Юляй. У мінулым яна была чэмпіёнкай СССР і сьвету ў бальных танцах, потым эмігравала ў Ізраіль, дзе жыве ў невялікім, пабудаваным сярод пустэчы, гарадку. Увечары Юля працуе ў аптэцы, а днём – настаўніцай бальных танцаў. Яе ўрокі наведваюць пераважна дзеці савецкіх эмігрантаў. Мясцовыя ізраільцяне ставяцца варожа да падобных заняткаў. Падлеткі абразьліва называюць танцораў «гомікамі» і «прастытуткамі», а вернік-артадокс нават праклінае іх.
Крытыкі лічаць, што фільм атрымаўся «адначасна жорсткім і пяшчотным», гледачы кажуць, што гэта лепшы кінатвор пра эмігранцкае жыцьцё. Былы магілёвец Фэлікс Салавейчык зь Ерусаліму глядзеў кіно тройчы.
«Cпадабалася, гэта ня тое слова. Я плакаў і сьмяяўся», – кажа ён і ўзгадвае, што памятае актрысу яшчэ з Магілёву.
«Яна была такой маленькай дзяўчынкай з касой у Магілёве, а цяпер, вы ведаеце, хто яна? Яна гордасьць Ізраіля», – гаворыць Фэлікс Салавейчык і просіць перадаць гэта непасрэдна ў Магілёў.
Паводле самой 40-гадовай прымы ізраільскага тэатру і кіно, яе добрую вялікую касу памятаюць ня толькі ў родным беларускім горадзе, але і ў ГИТИСе – расейскім інстытуце тэатральнага мастацтва. Сюды, у Маскву, яна некалькі разоў прыяжджала паступаць, паміж уступнымі экзамэнамі працягвала вучыцца ў Магілёўскім машынабудаўнічым, аднак нарэшце ўсё ж была залічаная ў самую прэстыжную савецкую тэатральную ўстанову на курс Анатоля Эфраса. Пасьля вучобы Яўгенію Додзіну прынялі ў Маскоўскі тэатар імя Маякоўскага. 15 год таму яна разам зь некаторымі сваімі калегамі і рэжысэрам эмігравала ў ізраільскую сталіцу, дзе агульнымі намаганьнямі быў створаны расейскамоўны тэатар «Гешэр».
Адрозна ад сваёй гераіні Юліі, акторка ня мае комплексу эмігранткі. Яна ўжо адчувае сябе ізраільцянкай.
«Так, так. Мне тут спакойна, тут мой дом. Усё ж мая дачка тут нарадзілася. У мяне няма недахопу творчых прапановаў. Адзінае, чаго не пасьпяваю – бываць на моры, нават часам спакойна на яго паглядзець», – гаворыць Яўгенія Додзіна.
Як сьведчыць акторка, далёка ня ўсім яе землякам так пашанцавала ў Ізраілі. Паводле яе, «многае, у першую чаргу, залежыць ад чалавека, а, потым, як і ўсё ў жыцьці, ад удачы».

Радыё Свабода (www.svaboda.org)
------------------------------------------------------------------
«Бабруйскія жыццялюбы»

На дзевятае сакавіка 2007 г. запланаваны фэст яўрэйскай кнігі «Бабруйскія жыццялюбы». Як расказаў карэспандэнту Агенцтва яўрэйскіх навінаў старшыня бабруйскай яўрэйскай суполкі Леанід Рубінштэйн, на мерапрыемства, што адбудзецца ў будынку Бабруйскага драматычнага тэатра, збярэцца каля 350 чалавек: «На фестывалях кнігі заўсёды выступаюць вядомыя пісьменнікі з розных краін».
Сёлета фэст кнігі пройдзе ў Бабруйску ўжо ў дзевяты раз. Перад гасцямі выступяць 7 аўтараў з Расіі і Беларусі, карані якіх – у Бабруйску. Да таго ж удзельнікам пакажуць канцэрт, падрыхтаваны сіламі абшчыны. У фае тэатра госці змогуць паглядзець выстаўкі кніг і мастацкіх вырабаў мясцовых майстроў.

Паводле І. Разумоўскага (www.aen.ru, 26.02.2007)
=====================================
Pinie Plotkin
Shejnkajt
“Shejnkajt vet rateven dy velt” (F. Dostoevski)

Dy zun, ven in osien vert etvos farvelkt,
Vert greser dy nakht un klener der tog,
Blojz shejnkajt vet rateven kenen dy velt –
Azoj hot a shrajber a grojser gezogt.

Du zest zi, dy shejnkajt, bajtog un bajnakht –
In felg un in vald, nisht noent, nisht vajs,
Baj mir un baj dyr, ba zej un ba ajkh,
Baj sokhrim nisht rajkhe, baj oreme lajt.

Un tomer baginen in sod umgefar,
A duner dem ejntsikn topol tseshpalt,
Nisht vart af an erdtsiternish, nisht vart –
Shejnkajt vet rateven dykh fun alts.

Zi brengt, vos s’iz shejn un vos vunderbar blit,
Vos oft vert farshvundn, dernokh kert zikh um.
Almekhtiker, tomid dy shejnkajt farhit –
Farhit jeder bojm af der erd, jeder blum!

Santa Monika, juni 2001
(“Forverts”)

Піня Плоткін – ідышысцкі паэт, нарадзіўся ў Бабруйску ў 1915 г. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, працаваў настаўнікам. У 1980-я гг. адраджаў бабруйскую яўрэйскую суполку. «Вершы Плоткіна вельмі лірычныя, ён часта піша пра хараство беларускіх краявідаў», – заўважае д-р З. Гімпелевіч.
-------------------------------------
ЛЕПЕЙ ПОЗНА…

Мінскае грамадскае аб’яднанне яўрэйскай культуры імя Ізі Харыка праводзіць запіс у гурток па вывучэнні мовы ідыш з выкарыстаннем сучасных IT-тэхналогій.
Плануюцца: штотыднёвыя сустрэчы (па жаданні ўдзельнікаў магчымая іншая перыядычнасць), аўдыёўрокі, музычныя праслухоўванні, кансультацыі, чытанне перыёдыкі на ідыш у Інтэрнеце і ў друкаваным выглядзе, гутаркі з носьбітамі мовы, удзел у форумах, семінарах.
Ахвотныя могуць звяртацца праз е-mail: mame_loshn@tut.by або па тэл. 773-53-97 (Святлана), 286-79-61 (Вераніка).
meod.by
==================================

СКОНЧЫЛАСЯ БУДАЎНІЦТВА АБШЧЫННАГА ДОМА

Будаўніцтва яўрэйскага абшчыннага дома ў Віцебску распачалося даўно. Паводле плану, мусіла паўстаць прыгожае двухпавярховае збудаванне з добра ўладкаваным цокальным паверхам. Аднак, як кажа дырэктарка «Хэсэда» Вікторыя Андрэева, грошай хапіла толькі на тое, каб пабудаваць каробку і сяк-так упарадкаваць першы паверх.
«Вось у такім недабудаваным памяшканні мы і туліліся 3 гады, пакуль да нас у госці на радзіму продкаў не прыехала з Амерыкі сям’я Гінзбургаў – расказала В. Андрэева. – Яны і прыслалі нам сродкі для завяршэння работ».
Дзякуючы зладжанай працы супрацоўнікаў віцебскай будаўнічай фірмы «Эдыфіс-плюс», будаўніцтва было завершана за рэкордна кароткія тэрміны – чатыры месяцы (у чым тут рэкорд, нам не зразумела, але тав. карэспандэнт «ведае лепш» – «МЯТ!»)
Цяпер у Абшчынным доме ёсць зала для правядзення масавых мерапрыемстваў, біб-ліятэка, кабінет псіхалагічнай разгрузкі, мастацкая студыя, клас выкладання англійскай мовы, трэнажорная зала і шмат іншага.
«Мы вельмі ўдзячны цудоўным людзям – сям’і Гінзбург за такую неацэнную дапамогу, – расчулена кажа В. Андрэева. – Дзякуючы ім зараз мы можам значна пашырыць нашу работу, увесці ў дзеянне новыя праграмы».
Актавую залу аформяць добраахвотнікі – вучні Віцебскай мастацкай школы. Віцебск – радзіма вялікага Шагала, таму і залу было вырашана аформіць у шагалаўскім стылі.
Міхаіл Мільштэйн, www.aen.ru

ПАМЯЦЬ ПРА ЛАЎРЭАТА

Пінскі горадабудаўнічы савет даў дазвол на ўстаноўку мемарыяльнай шыльды ў гонар пінскага яўрэя Саймана Кузнеца, лаўрэата Нобелеўскай прэміі па эканоміцы.
«Мемарыяльная эпапея», як жартам называюць пінскія яўрэі вырашэнне пытання аб увекавечанні памяці знакамітага земляка, цягнецца ўжо многа месяцаў.
«Амаль год таму мы пісьмова звярнуліся ў гарвыканком, абгрунтавана давялі неабходнасць увекавечыць у горадзе памяць пра адзінага пінчаніна, уганараванага Нобелеўскай прэміяй. – расказаў АЯН рэдактар яўрэйскай газеты «Карлин» Сямён Шапіра. – Але ўлады марудзілі з адказам».
Толькі напярэдадні ўрачыстай імпрэзы ў гонар 500-годдзя пінскай яўрэйскай абшчыны прыйшла доўгачаканая вестка. Горадабудаўнічы савет Пінска прыняў рашэнне ўстанавіць дошку ў гонар С. Кузнеца. Сімвалічна, што дошка будзе павешана на будынку школы-інтэрната для яўрэйскіх дзяцей «Бейс-Агарон», – школы, якая атрымае імя Кузнеца.
Ілля Разумоўскі, www.aen.ru

«МЯТ!»: Хітрамудрыя пінчукі святкуюць юбілей абшчыны і ў 2007 г. У мясцовым тэатрыку адбылася прэм’ера спектакля пра падзеі пачатку XVI ст. паводле сцэнарыя экскурсаводкі Таццяны Хвагінай. «Дазвол» навеяў успаміны… У 1998 г. прэм’ер-міністр санкцыянаваў захаванне памяці пра Сала-мона Міхоэлса ў Рускім тэатры. Здагадайцеся, ці вісіць шыльда на Валадарскага, 5?
----------------------
КНIЖНЫЯ НАВIНКI

Бядуля З. Выбраныя творы. Мінск: Кнігазбор, 2006. – 496 с. 1000 экз. У юбілейны год перавыдадзены-такі творы Самуіла Плаўніка – празаіка, паэта, публіцыста і грамадскага дзеяча. Дзве апошнія «іпастасі» былі падзабытыя ў савецкі час, цяпер складальнік тома Уладзімір Казбярук нагадаў пра іх. Побач з «Салаўём» і «У дрымучых лясах» зъявіліся артыкулы «Жыды на Беларусі», «На дарозе да сваёй бацькаўшчыны» (пра сіяністаў; гэты допіс друкаваўся і ў «МЯТ!» № 2/2003)… Папраўдзе, тое, што Плаўнік-Бядуля шмат пісаў пра яўрэяў, ні для кога не навіна, але сёе-тое перачытаць карысна. Да выхаду кнігі спрычыніўся Саюз беларускіх яўрэйскіх суполак, што зразумела: аўтар даўно стаўся фігурай, якую зручна абсмоктваць для прасоўвання тэзісу аб адвечнай «дружбе народаў».
Ю. М. Пэн. / Сост. В. Кучеренко, И. Холодова. Мн: Беларусь, 2006. 176 с. – 2000 экз. Гэтае выданне стала для нас сапраўднай нечаканкай. Дзесяткі каляровых рэпрадукцый на добрай паперы, біяграфічны нарыс, спіс публікацый, лісты мастака і да мастака – адчуваецца, што складальніцы папрацавалі пільна. Можна спрачацца з аўтаркай прадмовы Аляксандрай Шацкіх, якая ўпарта кліча Пэна «Юрием»: маўляў, усе яго так называлі. Усё ж Юдэль-Іегуда Пэн жыў як яўрэй, маляваў яўрэяў… Калі абстрагавацца ад цаны (амаль 15$), то ў цэлым – цудоўны альбом. Выдадзены ён пры падтрымцы беларускага ўраду, за што ўраду дзякуй.
Kipel V., Kipel Z. Belarusian Publishing in the West. A Bibliography. New York-Warsaw, 2006. Гэты самавіты (больш за 800 старонак) том мае неацэнную каштоўнасць для дас-ледчыкаў беларускай эміграцыі. У пералік беларусаведных публікацый уключаны і кнігі, што маюць простае дачыненне да яўрэяў, напр. Levin, D. The Litvak: A Short History of the Jews in Lithuania. Jerusalem, 2000. 284 p.; Шепетинский, Я. Приговор: Военная одиссея узника гетто, партизана, фронтовика, зека. Тель-Авив, «Кругозор», 2002. 175 с.
Керэт Э. Кіроўца аўтобуса, які хацеў стаць Богам. Мінск: Логвінаў, 2007. – 200 с. 1000 ас. Першая кніга на белмове ў перакладзе з сучаснага іўрыта, ipso facto вартая прачытання. Адно з апавяданняў, пра вожыка, выходзіла ў «МЯТ!». Зборнік прэзентаваўся ў час Дзён яўрэйскай кнігі – у Нацыянальнай бібліятэцы (30 студзеня) і ў Ізраільскім цэнтры (1 лютага) – з удзелам перакладчыка, Паўла Касцюкевіча. Творы лаўрэата дзяржпрэміі «на аматара» – ізраільскі гумар досыць герметычны – але Паўлава прадмова дасціпная. Цешыць, што пасол Ізраіля З. Бен-Ар’е, які летась паабяцаў даць народу кнігу, датрымаў слова. Добры ўрок Я. Басіну і І. Герасімавай.
П О С Т С К Р Ы П Т У М

Беларускія літаратары, што прыйшлі на прэзентацыю кнігі Этгара Керэта 1 лютага, пераназвалі ізраільскі фэйс-кантроль на ўваходзе ў «пэйс-кантроль». Некаторыя з іх, выявілася, трохі «мэдабрым іўрт» – у 1990-х было модна яго вучыць. Таму артыста Аляксандра Памідорава не вельмі напружыла просьба арганізатараў заспяваць на іўрыце штосьці з Арыка Айнштайна… А 9 лютага Павел Касцюкевіч завітаў у БДУ, ашчаслівіў студэнтак філфаку лекцыяй пра яўрэйскія мовы ды ізраільскую літаратуру, прачытаў пару твораў з кніжкі.
І ЯШЧЭ АДНА НОВАЯ КНІГА
Кобец-Філімонава А. Калі ўцякала сонца. Мінск: Кнігазбор, 2006. – 464 с. Рэзкае, калючае «дазнанне», прысвечанае бацьку аўтаркі Рыгору Кобецу – драматургу і кінадзеячу 1920-30-х гг., потым вязню ГУЛАГа. Усебакова паказана, як Кобец пісаў сцэнарый «Шукальнікаў шчасця», шукаў таго Піню, які шукаў золата… Менш вядомы твор Р. К. «Дняпро ў агні» – таксама пра яўрэяў, іх дачыненні з беларусамі 100 год таму. Кніга добра ілюстраваная, багата ў ёй павучальных гісторый, якія маглі б рэзюмавацца класічным: «Не трэба мёду, не трэба джала».
======================
БЕЛАРУСКАЯ ПАЎТАРАЕ ЛЁС ЯЎРЭЙСКАЙ?
Прачытаў інфармацыю ў «Нашай Ніве»:
«Бацька палітвязьня Вячаслаў Дашкевіч паведаміў, што супрацоўнікі калёніі папярэджвалі Зьмітра, каб ён не размаўляў у часе спатканьня па-беларуску. У адваротным выпадку яны пагражалі перапыніць спатканьне» (№ 4, 2007).
Успомнілася апавяданне земляка нашага Якава Тайца, дзе таксама вядзецца пра візіт у турму, праўда, яшчэ царскую. Твор так і называецца: «Спатканне». Цытую:
«Янкеле протянул руку сквозь решетку. Папа тоже хотел продеть руку, но она не проходила между железными прутьями…
– Убрать руки! – закричал стражник… – Ты, мальчик, по-своему не лопочи, здесь не синагога!
Янкеле спрятал руки, а папа сказал:
– Нельзя по-еврейски, Янкеле, говори по-польски!»
Што змянілася за 100 гадоў? Хіба што садзяць за краты цяпер не бацькоў, а дзяцей, і беларуская мова заняла месца ідыш, стаўшыся «знакам бяды». Сумныя паралелі.
Максім Доўгі, г. Шчучын
======================
ВЫЙГРАЕМ… АСІМІЛЮЕМСЯ…
Радыё «Свабода» падвяла вынікі конкурсу «Калядная зорка» (слухачы спявалі калядкі ў эфіры)… У намінацыі «За лепшую арыгінальную КАЛЯДКУ» адзначана сям’я ЛІБЕРМАНАЎ (вылучана намі – «МЯТ!»).
Паводле газеты «Информ-прогулка» (г. Лунінец)
======================================
ВОДГУЛЛЕ «МЫ ЯШЧЭ ТУТ!»
Нам затэлефанаваў «герой» студзеньскага выпуску і загразіў… крымінальным пераследам. Толькі за тое, што, аглядаючы «Мишпоху», мы ўказалі месца папярэдняй публікацыі яго чайнворда – пінскую газету «Карлин» (№№ 13-16). Ён, маўляў, не даваў згоды на тую публікацыю 2003 г. – перадрук з «Бецавты». На заканамернае пытанне «Ну, а мы пры чым?» адказу не паступіла, затое шматкроць чуліся слоўцы «оскорбление» і «поклёп».
Наш суразмоўца надоечы быў «Суддзёй сумлення» ў левінскім Саюзе, што красамоўна сведчыць пра Саюз. Кожны пнецца ў знакамітыя яўрэі па-свойму. Асобныя душой маладыя аўтары бяруць колькасцю, друкуючы cвае «эксклюзівы» у розных СМІ – «Разам», «Вясна», «Сямья»... Нашто ж на люстэрка наракаць, даражэнькі аматар самасуду?
======================================================================================
Адрас для лістоў: Рубінчык С.В., Беларусь, Мінск, 220082, вул. Матусевіча, 16-65. (Matusevicha, 16/65, Minsk, Belarus, 220082).
Надрукавана 02.03.2007. Тыраж 150 экз. Бясплатна. Адказны за выпуск – У.П.Рубінчык (rubinczyk@yahoo.com).
Правы на матэрыялы «Мы яшчэ тут!» захоўваюцца за аўтарамі. Бюлетэнь распаўсюджваецца ў Беларусі, Ізраілі, ЗША, Расіі і іншых краінах. Інтэрнэт-версію бюлетэня шукайце на сайце Аб’яднання выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі: www.souz.co.il/belzem. Рубрыка «Наши друзья»
=======================================================================================

Исполнилось пять лет с начала выхода независимого белорусско-еврейского издания "Мы яшчэ тут!"
30 января 2007 Общество (www.tut.by).

В январе исполнилось пять лет с начала выхода независимого белорусско-еврейского бюллетеня "Мы яшчэ тут!" ("Мы еще здесь!"), который издается белорусским политологом Вольфом Рубинчиком.

В интервью БелаПАН В.Рубинчик сообщил, что в течение 2002 года ежемесячно выходила газета "Анахну кан" ("Мы здесь"), которая обращала внимание читателя на наиболее острые проблемы, волновавшие автора и его соратников.

"Преемником газеты стал бюллетень "Мы яшчэ тут!", который выходит с мая 2003 года. Бюллетень акцентирует внимание на вопросах литературы, а также на хронике еврейской жизни в Беларуси и за ее пределами. Как в газете, так и в бюллетене, принципы остались неизменными. Они - в приоритете белорусского языка, ибо место его недооценено как белорусами, так и евреями", - сказал В.Рубинчик.

Бюллетень, по его словам, является единственным изданием в Беларуси, которое достаточно регулярно печатает материалы на идиш, поднимает болезненные вопросы взаимоотношений евреев с белорусскими властями, а также пытается откликаться на современные тенденции в еврейской литературе.

В.Рубинчик обратил внимание на повышение роли белорусского языка в жизни евреев страны. "Об этом свидетельствует и тот факт, что недавно вышла первая книга известного израильского писателя Этгара Керета в переводе на белорусский язык "Кіроўца аўтобуса, які хацеў стаць богам" ("Водитель автобуса, который хотел стать богом"). Кстати, один из рассказов этой книги был впервые опубликован в бюллетене", - отметил В.Рубинчик.

За пять лет выпушено 36 номеров газеты и бюллетеня общим тиражом 7 тыс. экземпляров, которые распространяются во многих городах Беларуси, Израиля, США, России и Украины.




Copyright © 2000 Pastech Software ltd Пишите нам: info@souz.co.il