Новости   Доски объявлений Бизнес-каталог   Афиша   Развлечения  Туризм    Работа     Право   Знакомства
Home Page - Входная страница портала 'СОЮЗ'
ТВ-программа Гороскопы Форумы Чаты Юмор Игры О Израиле Интересное Любовь и Секс



 Главная
 Правление
 Новости
 История
 Объявления
 Фотоальбом
 
 Статьи и фото
 Интересные люди
 Работа объединения
 Форум
 ЧАТ
 
 Всё о культуре
 Гродненская область
 Могилевская область
 Наши друзья
 Витебская область
 ОТЗЫВЫ О НАШЕМ САЙТЕ (ЖАЛОБНАЯ КНИГА)
 Гомельскя область
 Брестская область
 НОВОСТИ ПОСОЛЬСТВА БЕЛАРУСИ
 Минская область
 Ссылки
 ВСЕ О ЛУКАШЕНКО
 Евреи г. Борисова
 Евреи Пинска



Поиск Любви  
Я   
Ищу  
Возраст -
Где?








“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!” Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Менск). Выпуск XLII, студзень 2009 г. / шват 5769 г
“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!”
Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Менск).
Выпуск XLII, студзень 2009 г. / шват 5769 г.
====================================================
ПРАФЭСАР ХОМСКІ ПРА КАНФЛІКТ У ГАЗЕ
У суботу 27 сьнежня 2008 г. распачалася новая атака ЗША-Ізраілю на бездапаможных палестынцаў, якая плянавалася ў найменшых дэталях. Плянаваньне мела дзьве часткі – ваенную і прапагандную. Яно, вядома, уключала і час нападу: блізу апоўдні, калі дзеці вярталіся са школаў, а на вуліцах густанаселенага гораду Газа хадзілі натоўпы людзей. Забіць больш за 225 чалавек і параніць 700 заняло ўсяго некалькі мінут, што стала “ўдалым” пачаткам масавага забойства цывільных асоб, загнаных у клетку, зь якой не было выйсьця.
Дата ўварваньня была, верагодна, абумоўлена і будучымі ізраільскімі выбарамі [10 лютага 2009 г.] Эгуд Барак, які меў на іх пасрэдныя пэрспэктывы, заваяваў па адным месцы ў парлямэнце за кожных 40 арабаў, забітых у першыя дні “акцыі”, – падлічыў ізраільскі камэнтатар Ран Га-Коэн.
Аднак усё можа зьмяніцца. Паколькі злачынствы набылі такі размах, што вытанчаная ізраільская прапаганда ня здолела іх прыхаваць, нават ізраільскія “ястрабы” занепакоіліся, што разьня “разбурае душу і імідж [Ізраілю]. Разбурае на сусьветных тэлевізійных экранах, у дамах міжнароднай супольнасьці і, што самае важнае, у Амэрыцы Барака Абамы” (Ары Шавіт). Шавіт асабліва тужыў аб тым, што Ізраіль “раструшчыў установу ААН… у той самы дзень, калі генэральны сакратар ААН наведваў Ерусалім”.
Дадамо дэталі: “установа” была кварталам ААН у горадзе Газа, дзе разьмяшчаўся склад агенцыі ААН па дапамозе ахвярам вайны (UNRWA). Бомбамі зьнішчаны “сотні тонаў харчоў і лекаў, якія мусілі быць разьмеркаваныя ў сховішчах, шпіталях і сталовых”, сказаў дырэктар UNRWA Джон Жынг. У той жа час вайскоўцы разбурылі два паверхі шпіталя “Аль-Кудс”, падпаліўшы яго, і другі склад, які належыў палестынскаму таварыству Чырвонага Паўмесяца. Агенцыя “Асашыэйтэд Прэс” адзначыла, што шпіталь у квартале Таль-Гава быў спляжаны ізраільскімі танкамі “пасьля таго як сотні пераляканых жыхароў Газы схаваліся ў ім, шукаючы паратунку ад уваходу ў квартал ізраільскіх наземных сілаў”.
“Яны ўдарылі па будынку шпіталя, ён загарэўся. Мы паспрабавалі эвакуяваць старых, параненых і людзей, якія схаваліся там. Прыбылі пажарнікі і загасілі полымя, але яно ўзьнялося зноў. Яны загасілі яго, але яно вярнулася ў трэці раз”, сказаў парамэдык Ахмад Аль-Газ агенцыі АП. Відаць, агонь быў справакаваны белым фосфарам, як і шмат у якіх іншых месцах пажараў.
…Закід Ізраілю ракетамі мае крымінальны характар, і слушна, што дзяржава мае права абараняць сябе ад злачынстваў. Але гэта ня значыць, што яна заўсёды мае права бараніць сябе сілай …У Ізраілю ёсьць просты спосаб самаабароны: спыніць свае злачынствы на акупаваных тэрыторыях і згадзіцца з умовамі даўняга кансэнсусу ў міжнароднай супольнасьці – кансэнсусу, які існуе больш за 30 год, але ігнаруецца ЗША і Ізраілем. Важна адзначыць, што цяпер адмаўленьне ЗША і Ізраілем пазыцыі міжнароднай супольнасьці нават больш відочнае, чым у мінулым.
Сёньня Ізраіль мог бы мець бясьпеку, нармалізацыю адносінаў – і інтэгравацца ў рэгіён. Але ён яўна аддае перавагу нелегальнай экспансіі, канфлікту, зноў і зноў ужывае насільле. Ізраіль ператвараецца, магчыма, у адну з найбольш ненавісных краінаў сьвету і страчвае давер у насельніцтва Захаду... Дзесяцігоддзі таму я пісаў, што тыя, хто называе сябе “прыхільнікамі Ізраілю”, насамрэч выказваюць прыхільнасьць да яго маральнай дэградацыі і верагоднай канчатковай дэструкцыі. На жаль, гэтая тэза выглядае ўсё больш і больш абгрунтаванай.

З амэрыканскай, паводле ICH. Скарочана.

Даведка “МЯТ!”: Ноам Хомскі – адзін з найбуйнейшых сусьветных лінгвістаў. Нарадзіўся ў Філядэльфіі ў 1928 г., у сям’і выхадца з Расеі. У юнацтве быў сябрам руху “Га-Шамэр га-Цаір”, жыў у кібуцы. Пасьля 1967 г. часта і рэзка выступаў супраць ізраільскай урадавай палітыкі, за што ў пэўных амэрыканскіх колах атрымаў мянушку “яўрэй-антысэміт”. Лічыць сябе сыяністам таго тыпу, які існаваў да 1948 г.: паводле Хомскага, яўрэйскія нацыянальныя інстытуцыі не абавязкова павінны прымаць дзяржаўную форму.

З Ізраілю зьяжджаюць тыя, хто ў 1990-х масава ехаў на Сьвятую Зямлю

Як расказвае Ігар Шнэйдэр, які да нядаўняга часу жыў у Бээр-Шэве, ягонае рашэньне вярнуцца ў Беларусь прадыктаванае якраз бясьпекай сваёй сям’і. Калі летась яшчэ былі нейкія сумневы – ці варта пакідаць наседжанае месца, то пасьля таго як на Бээр-Шэву пачалі падаць палестынскія ракеты “Касам”, пытаньні вырашыліся самі сабой. Мой суразмоўца кажа, што ягоны прыклад пераймаюць і іншыя ізраільскія знаёмыя – ня вераць, што ў агляднай пэрспэктыве ў рэгіёне можа штосьці наладзіцца:
“Калі нават раптам там і будзе калі-небудзь, у агляднай будучыні (у чым я моцна сумняюся) падпісанае нейкае мірнае пагадненьне, то ўсё роўна знойдуцца адзіночкі, нават сярод ізраільскіх арабаў, якія па-ранейшаму будуць ладзіць розныя правакацыі. Я ўвогуле баюся, каб там не дарасло да чагосьці больш сур’ёзнага. Бо навокал яшчэ тыя краіны – адзін Іран чаго варты. Каб зь ядзернай зброяй яшчэ не пачалі спрэчкі вырашаць калі-небудзь. Усё можа здарыцца. Калі на тое пайшло, то самі ізраільцы ня лезуць на ражон, гэта ж арабы вечна першыя пачынаюць са сваімі „Касамамі“. Было перамір’е, але ж самі палестынцы яго і парушылі. Таму наконт хуткага міру ў рэгіёне моцна сумняюся”.
Праўда, Ігар Шнэйдэр зазначае, што двух-трох гадоў жыцьця ў Ізраілі дастаткова, каб прызвычаіцца да небясьпекі. Нават цяпер пры размовах зь сябрамі, якія засталіся ў Ізраілі, пра вайну ўзгадваюць толькі пасьля пытаньняў пра сям’ю ды здароўе:
“Кантактуем па-ранейшаму. Часам сябры тэлефануюць, але мы гэтыя вострыя тэмы намагаемся асабліва не закранаць… там ужо народ да такога экстрыму прызвычаіўся, амаль што ўвагі людзі не зьвяртаюць. Ну, адбываецца дзесьці штосьці, а народ жыве сваім жыцьцём”.

Паводле “Радыё Свабода” (www.svaboda.org, 07.01.2009)
ЧАС ПРАЦУЕ НА “ХАМАС”

Нефармальная дамова паміж Ізраілем і “Хамасам” аб спыненьні агню была заключаная 18 студзеня – праўда, ніхто ня ведае, як яна будзе спаўняцца. Рэйд ізраільцаў у сэктар Газа аказаўся сумніўнай перамогай. Праблема нат ня ў тым, што разбураная толькі частка пляцовак для запуску ракет і тунэляў, празь якія ў Газу дастаўлялася зброя. Праблема ў тым, што кіруючыя колы Ізраілю ў чарговы раз давялі сваю непасьлядоўнасьць (нашто ж у 2005 г. было выводзіць войскі і выкідваць яўрэяў-пасяленцаў з Газы?), непрадбачлівасьць, урэшце, слабасьць…
Калі і трэ было распачынаць маштабную бойку, то не з “Хамасам”, а з краінамі, што яго наўпрост заахвочваюць. Аднак у аднаго Ізраілю на атаку па некалькіх напрамках зараз сілаў ня хопіць – успомнім вайну ў Ліване 2006 г. Рэакцыя ж на абстрэлы з Газы была празьмернай. Можна апраўдвацца, што і сотні мірных жыхароў, загіблых у час канфлікту, былі нашымі “ворагамі”, але гэткая лёгіка вядзе ў пекла. Дый нават калі яе прыняць: забітыя “ворагі” шматкроць памнажаюць лік новых (ужо без двукосьсяў).
Апэрацыя “Літае волава” ў каторы раз пра-дэманстравала, лагодна кажучы, абмежаваную вартасьць ААН на Блізкім Усходзе. Бадай, афіцыйнаму Ізраілю было б лепш выйсьці з гэтай арганізацыі, паколькі ён здаўна не прызнае рэзалюцыяў Рады бясьпекі, і ў далейшым забясьпечваць сваё выжываньне самастойна або ў хаўрусе з ЗША. Мо нават у якасьці 51-га штату…
Мы выступаем за тое, каб наш “зямеля”, ізраільскі прэзыдэнт Шыман Пэрэс публічна прызнаў, што Нобэлеўскую прэмію міру атрымаў у 1994 г. дачасна, і вярнуў усе рэгаліі ў Нобэлеўскі камітэт. Гэткі крок сапраўды мог бы стацца для Ізраілю крокам да міру: народ бы задумаўся, чаму ні “левыя”, ні “правыя”, ні “цэнтрысцкія” урады ў апошнія гады ня ўмелі гарантаваць ягонай бясьпекі, і вылучыў бы са свайго нутра людзей, здольных дамовіцца з суседзямі не на год-два… Пакуль жа час працуе на “Хамас”. І ніякія сходы ў менскім Ізраільскім цэнтры, пагатоў няшчырыя лісты “салідарнасьці” “ад імя яўрэйскай грамады Беларусі”, гэтай тэндэнцыі не пераломяць.

РАЗЬВІТАНЬНЕ
Бюлетэнь «Мы яшчэ тут!» больш-менш рэгулярна выходзіў амаль пяць гадоў, нерэгулярна – шэсьць, а калі ўлічыць, што ён вырас на падмурку газэты «Анахну кан» (2002 г.), то праект існуе цэлых сем рокаў. Многае ў Беларусі зьмянілася; нехта выракся сваіх поглядаў ці зьехаў, не перанесшы подыхаў «сувэрэннага балота», мы ж імкнуліся захоўваць свае прынцыпы. Ці ўдалося – меркаваць ня нам.
Назавём тузін аўтараў, якія найбольш актыўна супрацоўнічалі з «МЯТ!» у 2003-2009 гг.: Міхал Садоўскі (Нью-Джэрзі), Зьміцер Шавялёў (Дзяржынск), Сяргей Носаў, Фэлікс Хаймовіч, Васіль Жуковіч, Віктар Жыбуль, Юры Тэпер (усе – Менск), Павал Касьцюкевіч (Рамат-Ган – Менск), Юрась Гарбінскі (Варшава), Рыў Менскер (Халон), Клер Ле Фоль (Парыж), Уладзімер Ліўшыц (Горкі – Нацэрэт Іліт). Усе гэтыя людзі – прафэсіяналы; нікому зь іх не адмаўляюць у супрацы іншыя СМІ, а яны падтрымалі наш безганарарны праект. Выходзіць, не на пустым месцы ён паўстаў і не ў пустэчу быў скіраваны.
Мы ўплывалі на грамадзкую думку, а яна ўплывала на падзеі. Так, у № 1 «МЯТ!» былі рэзка раскрытыкаваныя прыўладныя юдафобы – Скобелеў, Касьцян, інш. Летась С. і К. страцілі свае пасады; сышлі ў адстаўку і «журналісты» Чайка ды Азаронак. Няма пэўнасьці, што новыя ідэолягі РБ будуць лепшымі (адзін зь іх у 2000 г., як быў асьпірантам, выказваўся за скід атамнай бомбы на Ізраіль…), ды ўсё ж улады ў гэтыя 5 гадоў ня раз крочылі насустрач беларускаму яўрэйству. Прызналі, што Маша Брускіна была гераіняй, і г.д.
Аб чым шкадуем? Аб тым, што не раскапалі да канца справу з падробкай дакумэнтаў «прафэсійнымі яўрэямі» Б-ным і Ш-н, у якой пацярпеў старшыня МОЕКа Вульф Рэзьнікаў. Пасьля таго, як у 2004 г. «сьмецьце» было вынесенае з моекаўскай хаты, Рэзьнікаў памёр, і ўсё падвісла ў паветры, а патрэбных папер на руках у нас не было. Гэта адказ тым, хто закідаў «МЯТ!» залішнюю асьцярожнасьць.
Багата хадзіла чутак пра крыніцы нашага фінансаваньня. Работніцы менскага «Хэсэду», напрыклад, плялі аб «шчодрых амэрыканскіх грантах». Жадаем ім успадчыць ад самотных старых столькі ж кватэр, колькі мы атрымалі грантаў з Амэрык, Эўроп і Азыяў. Насамрэч жа асноўнай крыніцай грошыкаў для «Мы яшчэ тут!» усьцяж заставаўся сямейны бюджэт выдаўца. Велізарнае дзякуй усім, хто нам пісаў, а таксама чытачам, якія заахвочвалі выданьне матэрыяльна, – паштовымі маркамі або тысячамі, наэканомленымі з пэнсіі.
Бюлетэнь зачыняецца, адылі мы плянуем працягваць тое, да чаго ў нас ляжыць душа, – дзейнасьць у інтарэсах беларускіх яўрэяў. Хіба, у іншых формах.

З найлепшымі зычэньнямі, рэдакцыя «Мы яшчэ тут!»

ЛІСТ У РЭДАКЦЫЮ
Лічу ганебнай публікацыю ў «Народнай волі» ухвальнага артыкула пра «таленавітага і мужнага сына Беларусі» М. Шкялёнка – актыўнага памагатага нацыстаў у 1940-х. Заклікаю ўсіх сумленных яўрэяў адмовіцца ад кантактаў з гэтай «дэмакратычнай» газэтай, пакуль яна не раскажа праўду пра Шкялёнка, БЦР і пад.
Максім Гарлівы, г. Шчучын

ДЗЕ?..
Бурбалкі апошніх гадоў
0. “Увекавечаньне памяці С. Міхоэлса” Саўмінам і гарвыканкамам ужо нават згадваць брыдка.
1. Мы шмат пісалі і пра сынагогу на Дзімітрава, 3 у Менску. Яна была зьнесена ўвосень 2001 г. з санкцыі міністэрства культуры на чале з Гулякам (які ў 2007-08 гг. ачоліў аргкамітэт Дзён памяці). Пратэсты юдэйскіх суполак і 75 дэпутатаў парлямэнту нічога не далі, у тым ліку і таму, што Л. Левін зь яго паплечнікамі зьмірыліся з “барбарствам” (“Авив”, № 7, 2001). У час сустрэчаў з удзелам Левіна ў Менгарвыканкаме давалася абяцанка, што дарагое для яўрэяў (і неяўрэяў) месца прынамсі будзе пазначана. На вул. Дзімітрава, 3 пабудаваны шматпавярховы элітны дом. І дзе ж на ім памятная пазнака?
2. Павал Якубовіч у сьнежні 2007 г. пахваліўся “Авиву”, што ўзяў інтэрвію ў прэзыдэнта Пэрэса, якое “ў бліжэйшы час будзе апублікаванае”. Мінуў год з плюсам. Дзе тое інтэрвію? Злыя языкі высоўваюць вэрсію, што яго і не было, а здымак Якубовіча з Пэрэсам, які ў канцы 2007 г. абышоў многія газэты, – фотамантаж. У РБ людзі, расьпешчаныя ўладай, надзіва схільныя да махлярстваў: нездарма ж у 2008 г. сьпявачка Паліна С. (тая, што “За Беларусь!”) сфабрыкавала фота, на якім стаіць побач з Полам Макартні, а “чырвона-зялёных” беларускіх спартоўцаў раз-пораз дыскваліфікуюць за ўжываньне допінгу (Герасіменя, Дзевятоўскі, Карольчык…). Дарэчы, Карольчык была рэклямным тварам “СБ” – газэты, якой кіруе П. І. Якубовіч.
3. Л. Левін, як другая асоба ў аргкамітэце Дзён памяці-2008, адрапартаваў у сьнежні 2008 г.: “Мы выканалі ўсе 27 пунктаў нашага пляну”. Аднак у пляне (гл. “Авив”, № 10-11, 2007) фігуравала мэмарыяльная шыльда на Кальварыйскай, 3а – будынку, дзе знаходзіўся цэнтар падпольнай арганізацыі менскага гета. Дзе шыльда?
4. У 1990-я шмат гаварылася пра неабходнасьць адкрыцьця ў Менску паўнавартаснай яўрэйскай школы, а ня толькі “яўрэйскіх клясаў”. І ў 2004 г. першы сакратар ізраільскай амбасады Рон Шэхтэр разам з “абшчынай” прапаноўваў беларускаму ўраду стварыць такую школу або гімназію... І дзе тая школа – га, “абшчына”? Ці, хаця б, дзе сыстэмнае змаганьне за яе?
5. У 2002 г. у Беларусі быў прыняты закон аб “свабодзе сумленьня”, які шмат у чым супярэчыў міжнародным нормам. “Авив” прысьвяціў выкрываньню гэтага акту цімала артыкулаў. З удзелам уплывовых яўрэяў была створана “грамадзкая ініцыятыва”, якая ладзіла тлумныя сходы і выпускала “Белыя кнігі”. Дзе плён? А лепш так: дзе салідарнасьць тадычасных “крытыкаў” закону зь цяперашнімі яго ахвярамі?
6. У 2001 г. пачалося стварэньне паркінгу на Нямізе, – там, дзе да 1965 г. стаяла Халодная сынагога (“Ды калтэ шул”). Яўрэі прапанавалі аднавіць яе, але галоўны архітэктар Менску “знайшоў кампраміс з абшчынай… паставіць знак і ўвекавечыць памяць пра першую каменную сынагогу ў Менску” (гл. “Авив”, № 1-2, 2002). Паркінг пабудаваны. Дзе памятны знак?

Як лёгка ўсё забываецца асобнымі “праваабаронцамі”. Затое запрашэньне “вядомых яўрэяў” у тэлеперадачу “братьев Пенигиных” (так было на aen.ru; ідзецца, вядома, пра Пінігіных) стаецца падставай, каб разважаць аб “лібералізацыі ў яўрэйскім пытаньні”… Яўрэяў запрашалі на БТ і 5, і 10 год таму, а ў пачатку 1990-х для нашай супольнасьці штотыдзень вылучаўся этэрны час на тэлебачаньні (помнім гутаркі Гірша Рэлеса на ідышы) і радыё… Можна, вядома, “по поучению Совета общины” (так у “Авиве”) дзякаваць А. Лукашэнку за ўдзел у Днях памяці, але ці варта замоўчваць відавочнае і “класьціся пад уладу”? На гэтае пытаньне кожныя два яўрэі маюць, як заўсёды, тры адказы. А лепш бы – адзін. Ну, хай два..
============
Талькаўскія яўрэі: зніклая цывілізацыя?

Чакаюць, прыйдзе светлы год
І голас кожны будзе ўчуты.
Яўрэі – праведны народ,
Абраны Богам
На пакуты.
Рыгор Барадулін

Ужо ссівелі людзі, што не бачылі іх, не чулі іх мовы. Але ж ёсць нешта ў абліччы нашай вёскі, што нагадвае нам: Талька [Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці – “МЯТ!”] – яўрэйскае мястэчка. Мы шукалі яе абрысы, тое, што засталося ад талькаўскай яўрэйскай цывілізацыі. З радасцю і здзіўленнем мы зразумелі, што ў Тальцы яшчэ жывуць людзі, якія помняць яўрэяў, помняць мову ідыш, нават могуць прапяяць на ёй песні, згадваюць пра іх святы, стравы, звычкі, показкі – іх і пра іх.
Мы паспрабавалі сабраць тое, што засталося. Няхай гэта будзе нашым маленькім унёскам у справу ўшанавання гэтага народа.
Спачатку пройдзем па мястэчку. Так сёння называецца частка вёскі Талька, яе цэнтр, дзе раней жылі яўрэі. Вось тут, дзе сёння стаіць магазін спажывецкай кааперацыі, была хата Зубаравых і Левіных, а за імі Цукерманаў. Насупраць – малочная і вяндлярня, каля яе жыў Абрам Рашал. Там, дзе сучасны сельсавет, жылі Розіны, каля іх – Прусы, а за імі Ліўшыцы. Насупраць стаялі хаты Стронгіных і Серманаў, хаты захаваліся да сённяшняга дня.
Насупраць цяперашняй аптэкі стаяла сінагога, а насупраць цяперашняга магазіна-бара "Талька" (тады гэта быў магазін Цывіна, будынак той жа) была ваўначоска, якую трымаў Шніпер.
Рухаемся далей у бок Слабодкі. На правы бок хата на дзве палавіны, тут жылі Пейсаховічы і Гершманы, а за імі Ахейла. Насупраць гэтых хат – Шынгель, Лейба Цывін, Ара Дрэйзін, Тома, а ў самым канцы – кузня. Тут у 30-я гг. працаваў Лёкум Стронгін. У гады нэпа (20-я гг. ХХ ст.) у Тальцы працавала шмат прамысловых прадпрыемстваў: ваўначоска, шапачная майстэрня, пякарня, кузня, млын, грыбаварня, вінны заводзік, вяндлярня, малочная, цырульня. Быў вялікі магазін і некалькі крамак. Усё гэта заснавалі і трымалі сваёй працай руплівыя яўрэі. У 30-я гг., калі нэп быў згорнуты, усе гэтыя прадпрыемствы былі нацыяналізаваны, а іх уладальнікі пазбаўлены выбарчых правоў як "эксплуататарскія элементы". Некаторым "літасцівыя" ўлады дазволілі наняцца працаваць на імі ж створаных прадпрыемствах.
На цэнтральнай вуліцы быў зроблены драўляны тратуар. У цэнтры мястэчка быў рынак. Кожную нядзелю тут яўрэі прадавалі свае вырабы, а сяляне з навакольных вёсак прывозілі сельскагаспадарчыя прадукты: яйкі, ягады, гародніну, гусей, курэй, парасят, мёд. Хаты стаялі ў мястэчку цесна. Напэўна, з-за таго, што зямлі было мала, бо вакол балота, і трэба ўсім умясціцца на гэтай невялікай пясчанай выспачцы. Усе яўрэйскія хаты былі драўляныя, крытыя дошкамі ці гонтай.
У Тальцы ў 1921 г. было ажно 3 школы – руская ў Слабодцы, польская і яўрэйская ў мястэчку. У Талькаўскай яўрэйскай у 3-х класах вучылася 33 чалавекі, а настаўнікам працаваў шкраб (так тады называлі настаўнікаў – школьны работнік) Абрам Кантаровіч, ураджэнец мястэчка Лапічы. Але, відаць, нядоўга гэта школа праіснавала, бо ўжо ў дакументах 1924 г. не згадваюцца ні яўрэйская, ні польская школы. Усе дзеці вучыліся разам ў Слабодска-Талькаўскай школе, а потым яна стала называцца Талькаўскай.

Паводле школьнага краязнаўчага сайту www.talka.info
============
ДАВІД ШУЛЬМАН (г. Эйлат)
ЭПІЗОДЫ
* * *
Я быў яшчэ малады, але ўжо не зусім дурны. Займаў пасаду, меў грошы. Зарабляў і падпрацоўваў у некалькіх месцах. З усёй сумы плаціў падаткі і партыйныя ўзносы.
Я слухаў Юрыя Антонава і Эміля Гараўца. З Антонавым быў шапачна знаёмы ў Маладзечна, дзе вучыўся ў палітэхнікуме. А мой прыяцель і зямляк-барысаўчанін, саксафаніст Толя Карпаў, з ім сябраваў. Тады яны яшчэ былі Юркам і Толікам. Пазней іх музыканцкія дарогі разышліся. Толя стаў… слесарам-сантэхнікам, маім падначаленым і кіраўніком аркестра “Халодныя ногі”, карацей – граў на пахаваннях. Кім стаў Антонаў – вядома. Я люблю яго музыку ад першай песні. І слухаю ўсё жыццё. У кожнай мелодыі я адчуваю Маладзечна і Мінск, дарма што яго песні напісаныя далёка ад родных мясцін. Але ніхто не пераканае мяне ў тым, што гэтая музыка – не з тых настрояў, захапленняў, атачэння, вуліц і завулкаў, дзе былі мы. У шыкоўных мелодыях і аранжыроўках, у голасе я адчуваю ўсё, што было і ёсць са мною. Вельмі асабістыя для мяне яны, яго песні.
Я слухаў Эміля Гараўца. Ён пяяў сваім непаўторным голасам заходнія песні на рускай мове. Гэта былі вельмі меладычныя песні, арыгінальнае выкананне якіх можна было пачуць толькі ў “Мелодыях і рытмах замежнай эстрады” Віктара Татарскага. Паўгадзіны ў выходны дзень.
Некаторыя песні Гараўца называліся амерыканскімі, італьянскімі… Пазней я даведаўся, што многія з іх былі сучаснымі яўрэйскімі песнямі. Пераможца яшчэ таго, саліднага Еўрабачання, ізраільская песня “Алілуйя” была прыпісаная да Амерыкі. З 1991 года я слухаю гэтую песню на яе радзіме.
* * *
Дык вось, быў я малады, а ў сіле быў закон налітай шклянкі і чаргі. Чэргі стаялі за ўсім: маслам і цыбуляй, зубной пастай і мылам… Мыла і пасты набіраў столькі, што памыць можна было салдацкую казарму некалькі разоў, а зубы пачысціць усёй маёй вуліцы. Пральны парашок (дзе набрацца столькі бялізны?) Шкарпэткі (хопіць гадоў на пяць, абы не перастаць хадзіць). Талоны на віно і гарэлку, якія абавязкова атаварваў, хоць гэтыя булькатанкі не надта былі і патрэбныя. Э, не – патрэбныя. Яны ж уваходзілі ў лік традыцыйных запасаў: мука, цукар, гарэлка, соль. І пляшка – самы папулярны спосаб разліку: “Колькі будзе каштаваць прывезці дровы (халадзільнік, шафу, ложак)?” – “Дык за пляшку і прывязу”.
Усё, усё, усё ў дэфіцыце. Выхавацелі дзіцячага садку (не ўсе разам, а па чарзе) бралі некалькіх выхаванцаў і ў Чарговай чарзе хапалі на сябе і “сваіх” трох-чатырох дзетак прадукты і тавары.
Галоўны лозунг – “Ты – мне, я табе”. Увечары – час тэлефоннай шчырасці: хто, дзе і што “дастаў”. На працы – пра тое самае: дзе, што, у каторую гадзіну будуць даваць і колькі браць, калі дадуць.
А вось прывезлі проста на завод (дзякуй роднаму прафкаму) харчовыя наборы: цукар, алей, згушчанае малако, кава… Сёння мая чарга атрымаць. Шчаслівы, цягну пайку дамоў.
Цікавае яно, даставальнае жыццё! Я – квіткі ў тэатр, на канцэрт, у цырк (во быў час: культурны голад!), мне – мандарыны, бананы і яшчэ нейкую экзотыку з далёкіх краін. Аказваецца, і такое трапляе ў краіну. Але – не ў продаж.
Званок мне ў кабінет: “Прывезлі імпартныя кашулі. Трэба, каб ты забраў у бліжэйшы час. Ну, і яшчэ сёе-тое, але пра гэта не па тэлефоне. Бяры грошы”. Пра грошы – ужо залішняе, у гаманцы заўсёды не абы-якая сума.
Якая там праца? Бярэш партфель для камандзіровак, кідаеш у яго першую-лепшую папку і едзеш “дамаўляцца аб абмене ста метраў кабеля”.
Колькі ж радасці, калі ты праз гадзіну-дзве вяртаешся ў кабінет, раскрываеш партфель, дастаеш пакункі і па-сапраўднаму, а не краем вока, іх разглядаеш. Храбусціць упакоўка… і здаецца, што нават у кабінеце больш святла і свята ад тваіх новых рэчаў.
У магазінах – нічога, а ты адчыняеш свой халадзільнік, дзе ёсць усё, што трэба. Ідзеш у спальню да шафы, а там унутры – стосікі запакаваных кашуль, трусоў і маек, пінжакі і нагавіцы. Усё новае, абы паспець знасіць.
Але чамусьці нячаста гэтыя карцінкі ўспамінаюцца тутака. Ляжаць сабе далёка на паліцы памяці. А ўспамінаецца з таго часу тое добрае і цікавае, што, пэўна, і дазволіла застацца тут самім сабою – у такія цяжкія першыя, дый наступныя гады.
* * *
Ён здымаў аднапакаёвую кватэру і любіў разважаць: “Добра, утульна. Руку працягнуў – вось ён, кухонны стол, вось яна, ракавіна. Выцягнуў нагу – ложак і шафа. Зрабіў два крокі – і ў прыбіральні”.
Калі яму далі трохпакаёвую кватэру, ён спярша не мог звыкнуцца з тым, што па кватэры трэба хадзіць. Але потым, згадваючы сваю аднапакаёўку, дзівіўся: “Як гэта можна было так жыць? З жонкай і двума дзецьмі?”
* * *
Расказваў тата. У Бобры адна жанчына ішла тапіць сваю маленькую дачку. Буся, суседка, адабрала ў яе дзяўчынку і выгадавала.
Татаў сябар у 17 гадоў ажаніўся з той дзяўчынкай-прыгажуняй, як толькі ёй споўнілася 16. Жылі шчасліва.
* * *
Начная цішыня спускаецца на Эйлат з гор. Але яна і не спрабуе дапаўзці да набярэжнай, да залітых бесклапотным святлом гатэляў, дзе не спыняецца рух ліфтоў, круцяцца дзверцы і мальцы са службы бяспекі падазрона цікуюць за табою.
У спальных раёнах горада, што разбудаваліся пераважна ля гор, цішыня вісіць. Часам яе прарэзваюць таксоўкі і іншыя аўтамабілі. Раз на гадзіну праязджае службовы аўтобус. Ён прывозіць ці забірае гасцінічную чэлядзь.
* * *
Без беларускай мовы цяжка. Няма нiкога, з кiм бы, як кажуць, усцешыў душу.
Хлопец-беларус з Гомлi. Працуе побач. Я з iм – па-беларуску, ён мне – на суржыку з трох моў: беларускай, рускай i iўрыта. Найбольш удала ў яго выходзіць на iўрыце.
Задаю некалькi пытанняў: «Ведаеш, што значаць словы «гаўбец», «фатэль»? Маўчыць. Ну, сам сабе думаю, хлопец яшчэ малады, пад сорак, спытаюся пра «маладзейшае»: «станiк», «майткi», «смактун» – i хуценька дабаўляю: «ад кашлю». Каб не падумаў пра мяне дрэнна. Цяпер жа некаторым простым словам надаюць шматсэнсоўе.
Пра смактун ён ведаў, ды яшчэ пра патэльню. I пра цяпельца.
І што добра: два разы на дзень у сталоўцы, ранiцой i ў абед, ужо зычым адно аднаму (двое былых расейцаў, выхадзец з Ташкента, я ды таварыш з Гомлi): «Прыемнага апетыту!».
За суседнiм столiкам кажуць: «Там ядуць беларусы».
* * *
Адзiн пенсiянер пад 80, яўрэй-беларус з прозвiшчам Салавей, набыў маю беларускую кнiжку. Праз тыдзень пачаў называць мяне Змiтраком Бядуляй. Не ведаю: цi то ганарыцца, цi то абурацца?
* * *
На iдышы размаўляю амаль штодзённа, але няшмат. З мацi. Галоўнай нашай мовай застаецца руская. Калi-нiкалi ўкруцім у размову беларускiя словы, потым з паразуменнем глядзiм адзiн на аднаго.
Яшчэ ўжываем ідыш з сястрой – калi трэба, каб муж яе не здагадаўся, пра што гаворка. Ен з сям’i бальшавiкоў, мацi нават была сакратаром райкама, таму гадавала яго нянька. А ў маёй сям’i бальшавiком быў толькi я.
Маладзёны, на жаль, i ў Iзраiлi не ведаюць гэтую матчыну мову. Калi не лiчыць вернiкаў з Хабаду ды з iншых іудзейскіх суполак.
Але тыя ж маладзёны, слухаючы сучасныя дыскi з запісамі на iдыш, трошкі мяняюцца ў твары. Пэўна, нешта ўнутры пачынае валтузiцца. «Аб чым пяюць?» – пытаюцца. Лепшага пытання ў гэты час для мяне не iснуе.
* * *
У першыя месяцы жыцця ў Iзраiлi, калi мы здымалi кватэру, толькі iдыш быў мовай, якой мы размаўлялi з нашымi суседзямi – «румынамi, унгорцамi, французамi». Гэта быў стары двор, у якiм яны жылi ўжо гадоў па трыццаць.
З тых суседзяў няма ўжо амаль нiкога…
Лістапад-снежань 2008 г.
==========================
Эля Каган, сын Шолама, нарадзіўся ў Менску 10 лютага 1909 г. Вучыўся ў хэдэры, потым у прафтэхшколе абутнікоў. Пэўны час належаў да моладзевай сыянісцкай суполкі. Першае апавяданьне апублікаваў у 1926 г. У канцы 1920-х гг. вырашыў цалкам прысьвяціць сябе літаратурнай творчасьці. Выдаў некалькі зборнікаў прозы на ідышы для дарослых і дзяцей, у 1932 г. напісаў п’есу “Роднае поле”. Працаваў у рэдакцыі часопісу “Штэрн”. У 1941 г. быў арыштаваны; цудам ацалеў у час расстрэлу “палітычных”, выдаўшы сябе за крымінальніка. Патрапіў у Магілёў, потым – у Мардовію, Омск. Быў прызваны ў войска ў студзені 1942 г. На фронце служыў у артылерыйскай гукавой выведцы, быў карэспандэнтам газэты “Красный артиллерист”. У баі паміж Мазыром і Калінкавічамі атрымаў рану. Загінуў 22 ліпеня 1944 г. пры вызваленьні Зэльвы на Гарадзеншчыне. Пахаваны на вайсковых могілках.
Творы Э. Кагана ня раз перакладаліся на беларускую мову. Гумарэска, якую прапануем, друкавалася ў зборніках “Маем зялёным” (Менск, 1979) і “Скрыжалі памяці” (Менск, 2005).

ЛОКШЫНКА Ў БАРАДЗЕ

Сам я гэтай гісторыі не памятаю, бо была яна сто гадоў таму назад, а можа, і раней. Расказала мне яе прабабка, калі ёй было сто пяць гадоў. І, мабыць, усё гэта праўда. Не магу ўявіць, каб старая бабка перад смерцю пачала нешта выдумляць.
Прычынілася гэтая гісторыя ў мястэчку Бонды, дзе мая прабабка жыла. Тых, хто жыў у Бондах, лічылі дурнямі, бо мястэчка стаіць на гары, а калодзеж выкапалі пад гарою, і жыхары мястэчка хадзілі з пустымі вёдрамі ўніз, а з поўнымі ўгору.
Аднак жа прабабка мая была разумніца. Бо каб пражыць сто пяць гадоў, трэба ў галаве нешта мець.
А ў тым, што ўсе астатнія жыхары Бондаў былі дурнямі, вы пераканаецеся, калі я вам раскажу гэту гісторыю.
У Бондах жыў адзін чалавек, якога звалі Екл-разумнік, бо ён лёгка мог парахаваць, колькі стане, калі памножыць тры ў чатыры. Таму ён хадзіў па вёсках і гандляваў іголкамі, хусткамі, лыжкамі і іншымі ходкімі рэчамі.
Аднаго разу ён пайшоў у вялікі го рад па тавар.
– У мяне ёсць, як дзеля вас, такі таварац, што пальчыкі абліжаце, – сказаў Еклу крамнік у вялікім горадзе. – Зірніце.
Екл узяў у рукі нешта шкляное, гладкае, роўнае, блішчастае, зірнуў на яго і з жахам схапіўся за галаву.
– Божачка! Гэта ж мой бацька, – крыкнуў Екл.
Ён папраўдзе ўбачыў на шкле чалавека з доўгаю барадою, вельмі падобнага да яго бацькі. Екл зроду не меў і не бачыў люстэрка, як яно выглядае, не ведаў, але добра памятаў бацькава аблічча.
– Ой, я вельмі прашу, – сказаў ён крамніку, – напрамілы бог прадайце мне абраз майго таткі. Дзе вы яго ўзялі?
– Гм, – хітра ўсміхнуўся крамнік, памятаючы, што мае інтэрас з бондаўцам. – Ваш татка часта прыязджаў сюды, а ў нас жыў дасціпны хлопец Шмелька, дык ён і намаляваў вашага татку.
– Я даю вам рубля! – крыкнуў расчулена Екл.
– Што мне ваш рубель, Шмелька патраціў на маляванне больш за год часу.
– Даю два!
– Хіба гэта цана?
– Маеце чатыры рублі, хай вам Бог дасць здароўя!
Крамнік строга наказаў, каб Екл не даваў глядзець на абраз нікому другому, дый сам не надта часта пазіраў на яго, бо абраз можа сцерціся. Што люстэрка каштуе тры капейкі, ён, ведама, сказаць не збіраўся.
Дома Екл схаваў шкелка на самым дне шуфляды стала, прыкрыўшы яго чым толькі мог. Калі нікога не было, ён асцярожна вымаў, глядзеў і дзівіўся на такую здатнасць нейкага Шмелькі; намаляваў нават локшынку ў барадзе. Ён памятаў, што бацька вельмі любіў локшыну, і кожны раз пасля яды ў барадзе яго аставалася локшынка.
Жонка Еклава пачала заўважаць, што муж яе часта нешта хавае ў шуфлядзе, нешта разглядае, тоячыся ад яе. Ведама, яна падцікавала хвіліну, калі ён добра заснуў, улезла ў шуфляду і разгадала ўсю таямніцу. Яна прыкіпела да шкельца.
– Што ты там разглядаеш? – папытаўся, прачнуўшыся, Екл.
– Нішто сабе муж у мяне! – залямантавала жонка. – Прыцягнуў з горада чужую жанчыну і з ранку да вечара глядзіць на яе. Дзеці мае! – усхліпнула яна. – Вы асталіся сіротамі, у вас няма больш бацькі. Глядзіце, якую паскудзіну ён прыцягнуў у дом!
– Што за паскудзіна, што за хвароба? – раскрычаўся Екл. – На шкельцы намаляваны мой бацька!
– Вось гэта твой бацька? – жонка ткнула ў твар яму шкельца і схапіла за валасы. – Без барады, без вусоў, з завушніцамі і ў хустцы на галаве? Здорава ён выглядае, твой бацька. Я гэтага не перажыву!
– Што ты там блюзніш! – схапіў Екл люстэрка. – Вочы ў мяне павылазілі, ці што? Вось жа, глядзі! Нават яго локшынка ў барадзе!
– Локшынка! Цыбуліна! Скавародка! – абурылася жонка і выхапіла ў яго люстэрка. – Што я, здурнела? Зараз жа людзям пакажу, няхай яны скажуць.
Жонка пазвала суседку Злату.
– Няма ў мяне больш мужа, паглядзіце, дарагая Злата, хто тут нарысаваны. Нейкая паршывая жанчына, мой муж знайшоў яе сабе ў горадзе!
Злата зірнула ў люстэрка і расплакалася, бо пазнала сябе. Ва ўсім мястэчку ні ў кога не было такога гуза на галаве, як у яе.
– Я зусім не ведаю, чаго вы ад мяне хочаце, – праз слёзы сказала Злата. – Я ніколі ні ў горадзе, ні дома з вашым мужам не вадзіла ніякіх заляцанак. Гэта здзекі!
– Ах, вось як! Сама сябе пазнала, ні-дзе не дзенешся! Я табе пакажу, як адбіваць мужыкоў у сумленных жанчын!
Пачалася калатнеча. Жанкі лупілі адна адну, кусаліся, ірвалі адна ў адной валасы, клялі адна адну самымі брыдкімі словамі. Пасля бойкі ў Еклавай жонкі асталіся два гузы на лобе, у Екла абадраны нос.
Люстэрка ўпала, разбілася. І калі Еклава жонка падняла кусочак люстэрка, яна адразу пазнала ў ім сябе, бо ў мястэчку цяпер нікога больш не было з двума гузамі на лобе. Екл падняў кусочак люстэрка і таксама пазнаў сябе, бо ў мястэчку нікога цяпер не было з гэтакім абадраным носам.
І тады Екл з жонкаю ўсё зразумелі, парашылі, што ўсё гэта было насланнё, якое не павінна ў іх жыцці паўтарыцца, і жылі шчасліва і мірна.
Праўда, як і ўсе ў мястэчку ў Бондах, яны не паразумнелі. Гэта толькі мая прабабка была разумніца і дажыла да ста пяці гадоў.
Пераклаў з ідыша Я. Скрыган

15 ліпеня 2009 г. – сто гадоў з дня народзінаў Моты Дзегцяра (1909-1939)
У пачатку 1930-х, у перыяд “прызыву ўдарнікаў у літаратуру”, на старонках газеты “Акцябэр” і часопісу “Штэрн” пачалі зьяўляцца апавяданьні Моты Дзегцяра, які працаваў муляром на вялікіх будоўлях першай пяцігодкі. Яго апавяданьні вылучаліся сярод іншых тым, што ў іх ня толькі адлюстроўваўся агульны энтузіязм будаўнікоў, але шматстайна паказваліся жывыя вобразы. А як па-майстэрску, паэтычна ў яго празаічных творах малявалася прырода!
Мота скончыў рабфак. Адныя раілі яму надалей працаваць на будоўлі, іншыя – працягваць навучанне. Больш за ўсіх на апошнім настойваў Ізі Харык. І Дзягцяр паступіў на літфакультэт Менскага педагагічнага інстытуту. У яго выйшлі кнігі: "Брыдэр” (“Браты”), “Трае вехтэр” (“Верныя ахоўнікі”), “Унзэр эрд” (“Наша зямля”).
У 1939 г. Мота пайшоў служыць у Чырвоную Армію. Удзельнічаў у “вызваленчым маршы” на Заходнюю Беларусь. Потым разам са сваім палком быў перакінуты на фінскую мяжу. 9 лістапада 1939 г. яго жыцьцё трагічна абарвалася. У вачах тых, хто яго ведаў, М. Дзягцяр назаўжды застаўся маладым, прыгожым, энэргічным, вынаходлівым і вясёлым.
Гірш Рэлес (зь ідышу)

Паводле кнігі Г. Рэлеса “Dy idish-sovetish shrajber fun Vajsrusland”, 2004 У гэтай жа кнізе, якая выйшла ў Менску, ахвотныя знойдуць і матэрыял пра цёзку Дзегцяра паэта Груб’яна, які таксама нарадзіўся ў 1909 г. (12 красавіка паводле новага стылю) і доўга жыў у Беларусі. Яго лёс склаўся больш шчасна – паэт рызыкаваў жыцьцём на фронце, але перажыў Другую сусьветную вайну і памёр у 1972 г. у Маскве. Некалькі радкоў Моты Груб’яна ў перакладзе зь ідышу А. Жаўрука:

Дагарае за лесам
Нябёс палымнеючых рыска.
Ноч ідзе над зямлёй –
на гаі, на лагі, на яры,
Поўны месяц плыве,
Над садкамі так нізка, так блізка,
Хоць вазьмі, чалавек,
Ды цыгарку сваю прыкуры.

ГАЗЕТА “ЛІМ” 70 ГОД ТАМУ

СЛАЎНЫ ЮБІЛЯР

31 сакавіка совецкая грамадскасць адзначала XX-годдзе існавання Маскоўскага Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра.
На святкаванне юбілея тэатра ў Маскву выехала дэлегацыя работнікаў мастацтваў і пісьменнікаў БССР у складзе тт. Аксельрода, Э. Кагана, В. Вольскага, заслужанай артысткі рэспублікі Арончык, артысткі Дрэйзінай і мастака Кіпніс[а].
(“ЛіМ”, 03.04.1939)
***
Ва ўсіх бібліятэках адзначаецца велізарны попыт на творы Шолам-Алэйхема. Кніжныя кіёскі на шолам-алэйхемаўскіх вечарах прадаюць звычайна на сотні рублёў літаратуры аб Шолам-Алэйхему.
(“ЛіМ”, 11.04.1939)
* * *
Яўрэйскі драмкалектыў фабрыкі імя Кагановіча (Менск) выехаў учора ў м. Плешчаніцы, дзе пакажа працоўным спектакль “Менахем-Мэндл” па Шолам-Алэйхему.
(“ЛіМ”, 23.05.1939)

ИЗ ОШЕРА ШВАРЦМАНА

Ошэр Шварцман (1889-1919) – буйнейшы яўрэйскі поэт, родапачынальнік яўрэйскай совецкай паэзіі. Жыццё Шварцмана было кароткім. Пасля яго засталася невялікая кніга лірычных вершаў. Ошэр Шварцман загінуў у росквіце сваіх творчых сіл у радах Чырвонай Арміі ад польскай кулі.

* * *
Луч солнца морскую волну целовал,
Пригнувшись к ней нежно и смело.
Метнулась волна, как неистовый вал,
И дольше дышать не хотела.

НЕ ОЛЕНЬ…

Не олень в испуге тихом
Тонко уши навострив,
Уловил далекий шорох
И отпрянул, уловив, –

Это девушка дрожала:
Не могла понять она,
Что такое к ней приходит,
Грудь теснит, лишает сна.

Перевел А. Купершток
(“ЛіМ”, 23.07.1939)

* * *
Прызнаём недарэчную катэгарычнасьць у № 27 “МЯТ!” (май 2007) у дачыненьні да М. Нардштэйна: як сьведчыць “ЛіМ” за 1939 г., адным з імёнаў мастака яўрэйскага тэатру Кіпніса сапраўды было “Гедалія” (хаця пасьля вайны яго часьцей звалі “Цфаня”, “Цфанія”). Аднак іншыя заўвагі пра “ляпы” ў “Мишпохе”, № 6, 1999 слушныя; больш за тое, у сваёй новай кнізе (гл. ніжэй) аўтар ізноў “вызначыўся”, і ставіцца да яго опусаў мы мусім крытычна.

ЯЎРЭЙСКАЯ ЛІТАРАТУРА Ў БЕЛАРУСІ
Яўрэйская пасьлярэволюцыйная літаратура ў межах цяперашняй Беларусі нарадзілася і разьвівалася ў спэцыфічных умовах, зусім не падобных на тыя, у якіх расла і разгарнулася яўрэйская літаратура ў іншых краінах Саюзу.
На Беларусі не было традыцый яўрэйскай літаратурна-творчай працы. Асяродкамі яўрэйскай літаратуры заўсёды былі Вільна, Варшава, пазьней Кіеў. У Менску ня было амаль і яўрэйскага друку…
Яўрэйскай рабочай клясе прышлося пасьля рэволюцыі і ў галіне літаратуры пачынаць працу з самага пачатку. Яўрэйская літаратура на Беларусі – гэта сапраўднае дзіцё Кастрычніка… Не здарма, якраз на Беларусі была з’організавана самая першая група пролетарскіх пісьменьнікаў ва ўсім Саюзе.
Разгортваньне яўрэйскай поэзіі і літаратуры на Беларусі трэба падзяліць на два пэрыяды. Першым пэрыядам трэба лічыць пачатак рэволюцыі да замацаваньня НЭП’у (1922 г.). Другім пэрыядам – ад 1922 году і далей.
Першы пэрыяд быў, так сказаць, пэрыядам “хаосу”… Вечныя бойкі, вечныя эвакуацыі не давалі ніякай магчымасьці весьці хоць якую-небудзь організаваную творчую працу… Калі вы прагледзіце яўрэйскі комуністычны друк таго часу, дык вы будзеце надзвычайна зьдзіўлены вялізнай колькасьцю новых поэтаў, якіх ніколі ня чулі… Масы пачалі сьпяваць. Вельмі цікава адзначыць яшчэ адзін факт. Амаль усе поэты (іх было дзесяткамі), якія пісалі ў першым пэрыядзе, пазьней некуды зьніклі. Проста 90 проц. з іх вы ня стрэнеце ў пазьнейшым пэрыядзе.
1924-26 гады – гэта гады росквіту… У гэты час вырастаюць і стала афармляюцца буйнейшыя поэты Беларусі Харык і Аксэльрод, выходзіць збор вершаў (яшчэ ў 1923 г.) Элі Савікоўскага. Група “Юнгер Арбэтэр”, якая зьяўляецца цяпер сэкцыяй АПП’а, расквітае і разрастаецца. Яна пачынае выступаць адкрыта, як організованая сіла. На яе ўплываюць формальна новая яўрэйская паэзія Масквы і Украіны, а таксама і новая расійская паэзія… Але гэтыя ўплывы выяўляюцца выключна ў формальным баку творчасьці. На шчасьце, яны ўсяго духу “напрамку” Кіеўскага эстэтызму не перанялі. Яўрэйская поэзія на Беларусі цалкам узятая (за выключэньнем некаторых поэтаў), захавала свой рэволюцыйна-пролетарскі характар.
Цяпер можна з упэўненасьцю гаварыць аб Менскім асяродку ў яўрэйскай поэзіі, і гэты будзе напэўна рэволюцыйным і пролетарскім. Калі на Украіне ў той час зьявіўся толькі адзін Фэфэр, дык Менск ужо меў цэлую групу і ў гэтую ўваходзілі амаль усе поэты і пісьменьнікі, якія былі на Беларусі.
Апрача Харыка, Аксэльрода і Элі Савікоўскага зьявіліся і занялі месца, на кароткі ці доўгі час, большае ці меншае: Іосіф Рабін, М. Тэйф, Яша Гольдман, Ш. Гэльмонд, Мэндэль Ліфшыц, А. Сярэбраны, Хаім Левін (быў па-за пролетарскай групы), пазьней прыбывае яшчэ група: З. Вітэнзон, Г. Камянецкі, Б. Аліеўскі.
У прозе выступаюць Н. Гордон, Г. Майзэль. Пачынаюць зноў сваю літаратурную дзейнасьць Ц. Доўгапольскі і Даніэль Маршак (апошні быў па-за групаю)…
Яшу Гольдману вельмі цяжка даецца форма. Праходзяць гады, пакуль ён аўладаў і перамог форму. Пераглядзеце яго першыя вершы, якія друкаваліся яшчэ ў 24-м годзе ў “Вэкеры”, вы адчуеце, як “маладзенькі” Гольдман імкнецца як-небудзь выказаць свае думкі ў больш-менш гладкай форме. Як сапраўдны рэволюцыянэр, ён разумеў, што новаму зьместу абавязкова павінна адпавядаць новая форма. І ён выпрацаваў сваю форму. Але ў яго гэта не залежыць толькі ад формы. У яго цяжкасьць вынікае з яго глыбіні, з яго вельмі сур’ёзнага падыходу да поэзіі. Ён прасякнуты праблемамі рэволюцыі, ён вынашвае іх у сабе, у сваёй поэтычнай псыхолёгіі, яны робяцця яго смуткам, яго радасьцю.
Толькі тады ён прыходзіць з песьняй.
Рост Гольдмана адбываўся ціхім, але пэўным тэмпам і калі-б не няшчасны выпадак яго трагічнай сьмерці, Гольдман, бязумоўна, стаў-бы адным з мацнейшых поэтаў маладой беларускай групы.
Вітэнзон пакуль што напісаў яшчэ вельмі мала. Ён пачаў з вершаў. Але мне здаецца, што гэта ўсё-ж такі не яго прызначэньне. Яго першае апавяданьне “У трыкутніку” паказвае, што яго шляхам напэўна будзе проза. Ён прабуе да нашай сучаснай тэматыкі дапасаваць імпрэсыянізм. Гэта спроба рызыкоўная, але цікавая.
Мэндэль Ліфшыц і Б. Аліеўскі далі пакуль што першыя спробы. Спробы бясспрэчна цікавыя, асабліва ў Аліеўскага. Ш. Гэльмонд выпадкова ўвайшоў у беларускую групу. Ён, паводле свайго стылю, украінец. Ён належыць да “аксамітнага” напрамку ва украінскай поэзіі, да поэзіі “сініх начэй”.
Хаім Левін мільгануў у яўрэйскай поэзіі Беларусі, як мэтэор, загарэўся халодным сьвятлом і зьнік. Апошнія гады яго ня відаць у поэзіі.

Барыс (Бэр) Аршанскі

Гэта толькі ўрыўкі зь вялікага досьледу, падрыхтаванага кіраўніком яўрэйскага аддзелу Інстытуту Беларускае культуры (гл. часопісь “Маладняк”, № 10, 1929). Нас зацікавілі найперш тыя месцы, дзе гаворыцца пра зусім забытых літаратараў 1920-х гг. У артыкуле Б. Аршанскага падаюцца і вытрымкі зь вершаў – у вольных перакладах малодшага брата Зьмітрака Бядулі Ізраіля Плаўніка, пра якога так хораша апавёў Віктар Жыбуль у “Родным слове” , № 10, 2005.
================
Пра Л. Найдуса мы давалі заметку ў № 40 “МЯТ!”. А сяньня – яго верш (надрукаваны паводле збору твораў 1972 г., выдадзенага ў Аргентыне)

Lejb Najdus (1890-1918)

Tsum glik

Ikh tu zikh on in betler-klejder,
Ikh nem a dembnshtok in hant,
Un kh’gib in harts baj zikh a nejder
Tsu gejn un gejn durkh shtot un land.

Tsu gejn un gejn durkh berg un toln,
Biz ikh vel kumen tsu dajn tyr,
Un s’vet der Bore rajkh batsoln
Far majne vander-lajdn mir.

Kh’vel gejn un gejn… Kh’vel vegn zukhn
Durkh trukn zamd, durkh fajkhtn torf;
Ikh vel a shtetl vu bazukhn
Un vel farblondzhen in a dorf.

Men vet mir gebn a nedove,
Dokh kejner vet nie zen in mir
Majn grojse, zunike makhshove,
Majn heln kholem vegn dyr…

Un kejner, kejner vet nit visn,
Az kh’hob a tsil, vuhin tsu gejn,
Az ergets-vu vet mikh bagrisn
Getraj un hel dos glik alejn…

Лейба Найдус (1890-1918)

ДА ШЧАСЬЦЯ

Я апранаю лахманы,
Бяру ў руку дубовы посах –
Каб перасекчы паплавы,
Каб мой зарок застаўся моцны.

Зарок – ісьці, бяжаць, паўзьці,
Пакуль дзьвярэй тваіх ня ўбачу:
Бадай за церні ўсе ў канцы
Аддзячыць Госпад мне удачай.

Я адшукаю ценькі шлях
Зь пяском сухім і тлустым торфам,
Уб’юся ў хмарачосны гмах,
Па вёсках паблукаю горда.

Мне вынясуць ламаны грош,
Але ніколі не прыкмецяць
Ў душы маёй каханьня дождж
І летуценьняў сьветлы вецер.

Ніхто ня зьведае ані
Кірунку сонечнага шляху,
Ды шчасьця вечнага агні
Вядуць мяне да твайго даху.

Пераклаў зь ідышу В. Р.
=============
Творчасьць Народная (з расейскае)
НА ЯЎРЭЙСКІМ ВЯСЕЛЬЛІ

Трэба, бадай, патлумачыць шаноўнай публіцы, чаму што заўгодна – у тым ліку ўікэнд у прытулку для састарэлых марсыянскіх амфібіяў – я ўважаю за лепшае баўленьне часу, чым традыцыйнае яўрэйска-ізраільскае вясельле сярэдняй клясы.
У Ізраілі належыць клікаць на вясельле ўсіх, з кім ты знаёмы, але ня менш за 300 чалавек, таму запрашэньні практычна раздаюць на вуліцы, як рэклямкі хімчыстак і прасталытак. Трыста чалавек патрэбныя для таго, каб іх падарункі, у сэнсе шэкелі ў капэрціках, акупілі арэнду залі і іншыя выдаткі. Але гэтакага шчасьця амаль ніколі не выпадае: 200 з 300 ня дужа разумеюць, навошта яны марнуюць вольны вечар на людзей, якіх ня ведаюць, і ежу, якой можна шпакляваць сьцены, таму, натуральна, даюць мала грошай. І дзякуй ім, калі яны пакладуць грошы, а ня фотку ўласнай маршчыністай дупы з подпісам: “запомніце мяне такім”. Астатнія сто – гэта сваякі і сябры, то бок блізкія людзі. Ну, адносна блізкія, калі лічыць блізкім стрыечнага дзеда былога каханка зводнай сястры жаніха, але хоць грошай даюць – акуратна падпісваючы капэрту і кожную купюру, каб маладыя даведаліся, хто іхні дабрадзей.
У працэсе падрыхтоўкі да вясельля жаніх і нявеста сівеюць ад нэрваў і трацяць усе наяўныя грошы на аднаразовае адзеньне па цане шматразовага самалёта. Тым часам іхнія бацькі прадаюць кватэру, каб аплаціць залю і музыку. Усе лаюцца столькі разоў, што ніхто ўжо ня хоча жаніцца, але госьці запрошаны і за адмену арэнды залі давялося б плаціць няўстойку. Таму ўсе задавальняюцца тым, што нявеста грызе жаніха, а ён дзеля помсты бавіць даволі брыдкую ноч з крывазубай стрыптызэркай. Бацькі шлюбоўнікаў не размаўляюць міжсобку цягам усяго мядовага месяца і аднаўляюць зносіны, толькі каб пагаўкацца на тэму “з вашага боку былі адныя скнары”. Бяз гэтага фінальнага акорду ніводнае вясельле – не вясельле.
Сукенка. Вясельную сукенку можна купіць або ўзяць напракат, прычым у абодвух выпадках вы заплаціце столькі, што за гэтыя грошы ў Кітаі набылі б невялікую фабрыку па вытворчасьці вясельных сукенак. Апрача таго, Сукенка (за такія грошы – зь вялікай літары) чамусьці абавязкова павінна быць белага або якога-небудзь няўцямна-сьветлага колеру. Таму што белы – колер нявіннасьці, і зусім неістотна, што сваю нявіннасьць нявеста ў першы і апошні раз адчула 15 гадоў таму, і ад таго моманту нямала карысталася тым месцам, дзе нявіннасьць некалі была. Яшчэ нявіннасьць бывае жаўтаватая, нябёсна-блакітная і пяшчотна-ружовая, калі хто хварэў. На гэтым тле незразумела, чаму мая нявіннасьць не магла б быць памаранчавай ці зялёнай – урэшце рэшт, калі б яна трывала там, дзе яе больш няма, то ўжо абавязкова пазелянела б ад цьвілі.
Але сукенка – гэта яшчэ ня ўсё. Нельга вам выйсьці замуж у тым выглядзе, у якім вас ведаюць і любяць ужо шмат гадоў – не, трэба канечне зьмяніць выгляд з дапамогаю макіяжу і цырульніка: раптам прыйдзецца хавацца ад правасудзьдзя! Таму вам абавязкова нафарбуюць твар такой колькасьцю розных фарбаў, што пад іх цяжарам вашая фізыя ўпадзе на грудзі, калі ў вас яны ёсьць. Калі з грудзямі ня склалася, то лепш прывяжыце галаву да сьпіны, а то шыя расьцягнецца. Але галоўнае – гэта не глядзець на сябе ў люстэрка, бо, паводле вясельных стылістаў, прыгожа нафарбаваная жанчына – гэта нешта сярэдняе паміж японскай гейшай і расейскай шлюхай. Дадамо прычоску з залітымі супэрклеем калечкамі і засунутымі ў іх кветкамі, пэрлінкамі і часам фруктамі, добра калі бяз трупікаў інсэктаў і дробных грызуноў – і атрымаем першае месца на конкурсе прыгажосьці племені мумба-юмба.
Ну вось, вы ўсталі на досьвітку і прыехалі ў вясельны салён, дзе хеўра адмыслова натрэніраваных садыстак, даруйце, стылістак, закула вас у 18 нягнуткіх спадніц вагою ў “Тытанік”, у якіх папісаць можна толькі праз шлянг і пэрыскоп (просьба не задаваць пытаньняў па тэхніцы выкананьня). Вам расфарбавалі твар і наляпілі кучаравінак на вашую стрыжку вожыкам. Вы ўзьлезлі на туфлі з кайданамі, даруйце, з абцасамі. Вы ўжо нават сфоткаліся на фоне захаду сонца над морам, як усе іншыя шлюбоўнікі народу Ізраілю за апошнія 60 гадоў. Вы думалі, цяпер вас адпусьцяць дадому, дахаты? А скульля! Кашмар толькі пачынаецца. Вы запомніце гэты дзень на ўсё астатняе жыцьцё, як вам і абяцалі. Позна ноччу – пасьля таго, як вы ўвесь вечар цешылі госьцікаў бадзёрымі скокамі і вясёлымі грымасамі, сьцершы ногі ў кроў і з анямелымі ад нацягнутых усьмешак шчакамі – вы будзеце пералічваць прынесеныя гасьцямі грошы, і, ясная рэч, высьвятліце, што іх не хапае. Таму ў ваш рамантычны мядовы месяц у Парыжы (тры ночы ў пансыёне зь відам на арабскі квартал) сьнедаць вы будзеце ў Макдональдсе пры сьвятле прынесеных з сабою сьвечак, пакінутых з Ханукі. От тады, жуючы сьмярдзючую катлету, Вы зразумееце, што замест усяго гэтага трэ было ехаць зь сяброўкай у Турцыю, але будзе ўжо позна.

НОВЫЯ КНIГI

Нордштейн М. Рубиконы [т. 2]: очерки одной жизни. И не только. Москва: Арт-менеджер, 2008. – 696 с. – 200 экз. «Споведзь» былога супрацоўніка газэт «Во славу родины», «Знамя юности», «Авив», «Авив хадаш», падпалкоўніка, эмігранта… Аўтар так доўга рабіў у мэдыйнай сфэры, што прэзэнтуе яе як першасную рэчаіснасьць, і тут ён не адзінокі – гл. хаця б «Media sapiens» C. Мінаева. Фальшам патыхае ад расказаў М. С. Нардштэйна пра 1990-я–2000-я гг.: спробы ўзяць рэванш за свае жыцьцёвыя паразы, выдаваньне чорнага за белае і наадварот… Ухваляецца бессаромнае «працісканьне» праектаў яўрэйскім «грамадзкім» дзеячам Л., спробы ж іншага дзеяча Г. паставіць іх пад кантроль кляймуюцца «вспышкопускательством». Устаноўка тым самым Г. помніка ў Мазыры на месцы, дзе загінуў яго дзед, зьневажаецца як «самодеятельность», а Міколу Ільючыка з Багданаўкі, які гэтак сама паставіў помнік ахвярам генацыду бяз простай санкцыі ўладаў, Нардштэйн «пасьлядоўна» запісвае ў героі. Сумны фаліянт – першы, пра СССР у росквіце, быў значна цікавейшым.
Berinski Lev. 23 Präludien und Fugen Beethovens am Meer. Das erste Präludium in mehr als 70 Variationen. Wiesenbronn: Selbstverlag, 2009. Рэалізацыя грандыёзнай задумы Мэліты Дэпнэр – вясковай немкі, якая вывучыла ідыш ды вырашыла перакласьці творы свайго настаўніка Льва Бярынскага (якому сёлета спаўняецца 70 гадоў), і ня толькі на нямецкую... У выніку – больш за 80 вэрсіяў, сабраных пад адной вокладкай. Іх рыхтавалі людзі з усяго сьвету. На беларускую мадэрнісцкі верш Л. Бярынскага «Стэрэаэфэкт мячэці Джума-Джамі ў порце Еўпаторыі» пераклаў мянчук Аляксандар Астравух.
Savikovski Elie. Likhtikajt. Minsk: Shakh-plus, 2008.«Даволі самвыдатаўскі» зборнік ідыскіх вершаў паэта, кампазытара і драматурга Элі Савікоўскага (1893-1959), які ўжо атрымаў пэўны розгалас у Беларусі і за мяжой. Дзьве асноўныя часткі – вершы для дзяцей і для дарослых. У 1920-х паэту закідалі імажынізм і «бесталкоўны, местачковы футурызм» (Б. Аршанскі), але цяпер яго творы якраз і цікавыя праз тое, што аўтар «сыпаў сьветавымі фразамі», гаварыў на «космотычнай» (касьмічнай?) мове і рэдка сплачваў даніну сацрэалізму. Па-беларуску зборнік называецца «Зіхаценьне», уключае ўспамін Гірша Рэлеса пра старэйшага таварыша – плюс пераклад зь ідышу на беларускую. Афармленьне ўзялі на сябе Алена Сарока (ілюстрацыі), Арцём Лява (дызайн вокладкі), Аляксандар Астравух (мастацкі рэдактар). Гэтую кніжку можна замовіць, выслаўшы на адрас «МЯТ!» паштовых марак на 4500 бел. рублёў – да 01.06.09.
Анемпадыстаў М. Народны альбом: п’еса. Мінск: Медисонт, 2008. – 91 с. – 1000 ас. Гіт канца 1990-х у Беларусі. У п’есе дзейнічаюць і яўрэі, а м’юзікл з удзелам Л. Вольскага і А. Памідорава (які засьпяваў на ідышы “Ломір зіх ібэрбэтн”) з посьпехам ставіцца дагэтуль. Выданьне каштуе каля 6000 бел. рублёў.
Смиловицкий Л. Л. Евреи в Турове. Иерусалим, 2008. – 846 с. Погляд з Ізраілю на жыцьцё Палесься. Кніга ёсьцека ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

ЖАРТ
Прэзыдэнт ЗША правёў інаўгурацыю за 100 зь лішнім мільёнаў даляраў. У адказ бедны ізраільскі інтэлектуал Ігар Губэрман пераназваў сваю кніжку «Прагулкі Вакол Барака» у «Мы зь ім не сядзелі».

ЮБIЛЕI
У сакавіку 2009 г. споўніцца 150 гадоў з народзінаў Шолам-Алэйхэма – клясыка ідыскай літаратуры, чые творы часта перакладаліся на рускую і беларускую, уваходзілі ў школьныя праграмы. Ня раз ён выступаў у беларускіх гарадах: Баранавічы, напрыклад, наведаў у 1908 г. У 1939 г. тамака нават зьявілася мемарыяльная дошка ў яго гонар. У Менск клясык завітаў у 1914 г. Цяпер Купалаўскі тэатар час ад часу ставіць “Памінальную малітву” Горына – вольны пераказ шолам-алэйхэмаўскага “Тэўе-малочніка”.
Аналягічны юбілей сёлета і ў менш вядомага літаратара, таксама, аднак, вартага згадкі – Мардэхая Цьві Мане (1859-1886). Ён нарадзіўся і памёр у Радашкавічах. Вучыўся ў хедэры, у менскіх ешывах, у віленскай мастацкай школе, у Пецярбурскай акадэміі мастацтваў. Пісаў вершы на старажытнагабрэйскай: збор твораў у двух тамах выйшаў у Варшаве ў 1897 г. Ягоны верш “Мой ідэал” стаў сваеасаблівым гімнам раньніх палестынафілаў у Расеі (“Хавэвэй Цыён”).
У красавіку 2009 г. – 100-гадовы юбілей Лазара Рана (1909-1989), мастака, які належыць і яўрэйскай, і беларускай культуры, дарма што нарадзіўся ў Даўгаўпілсе. Гадаванец віцебскага мастацкага тэхнікуму, па вайне ён жыў у Менску і стварыў сэрыі работ, прысьвечаныя вялікім яўрэям і беларусам, асабліва ж праславіўся афортамі “Менскае гета”. Некаторыя зь іх экспанаваліся летась у сталічнай бібліятэцы імя Пушкіна і ўвайшлі ў альбом (40 с.), падрыхтаваны з помаччу тутэйшага музэю яўрэйскае гісторыі.
У студзені 2009 г. – 100 гадоў з народзінаў Яфіма Фаміна, яўрэя з Колышак Лёзненскага раёну, героя Берасьцейскай крэпасьці ў 1941 г. Гітлераўцы расстралялі яго ля Холмскай брамы. У фартэцыі адкрылася вялікая юбілейная выстава “Камісар Цытадэлі”.
У сакавіку 2009 г. – 60 год, як выйшла пастанова беларускага ўраду аб закрыцьці яўрэйскага тэатру ў Менску. “Аднавіць нельга забыць” – коску ўстаўце самі. 120 гадоў таму нарадзіўся Міхал Рафальскі (1889-1937), першы рэжысэр тэатру, забіты сталінцамі.
Сто год таму, у 1909 г., у Вільні прайшоў устаноўчы сход арганізацыі артадаксальных яўрэяў “Кнэсэт Ісраэль” – на ініцыятыву нараджэнца Іўя, славутага віленскага рабіна Хаіма-Ойзэра Градзенскага (1863-1940), зацятага крытыка сыянізму і сыяністаў. Ён жа быў адным з заснавальнікаў “Агудат-Ісраэль” у 1912 г.
--------------------------------------------------------
Яшчэ ў папяровай вэрсіі № 42 “МЫ ЯШЧЭ ТУТ!”: вершы Элі Савікоўскага “Да зорак” і “Дрэўца” на іўрыце, малюнкі Алены Сарокі (Ахрамовіч), крыжаванка і стужкаванка ад Паўловіча, сынагогі Беларусі вачыма Сяргея Верамейчыка (заканчэньне). Дзякуй усім, хто цягам некалькіх гадоў чытаў нас у Інтэрнэце. Да пабачэньня.
=====================================================================================
Адрэса для лістоў: Рубінчык С.В., Беларусь, Менск, 220082, вул. Матусевіча, 16-65. (Matusevicha, 16/65, Minsk, Belarus, 220082).
Надрукавана 29.01.2009. Наклад 202 паас. Бясплатна. Адказны за выпуск – У.П.Рубінчык (rubinczyk@yahoo.com).
Правы на матэрыялы «Мы яшчэ тут!» захоўваюцца за аўтарамі. Бюлетэнь распаўсюджваецца ў Беларусі, Ізраілі, ЗША, Расіі і інш. краінах. Інтэрнэт-вэрсію бюлетэня шукайце на сайце Аб’яднаньня выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі: www.souz.co.il/belzem. Рубрыка «Наши друзья».
=====================================================================================




Copyright © 2000 Pastech Software ltd Пишите нам: info@souz.co.il