Новости   Доски объявлений Бизнес-каталог   Афиша   Развлечения  Туризм    Работа     Право   Знакомства
Home Page - Входная страница портала 'СОЮЗ'
ТВ-программа Гороскопы Форумы Чаты Юмор Игры О Израиле Интересное Любовь и Секс



 Главная
 Правление
 Новости
 История
 Объявления
 Фотоальбом
 
 Статьи и фото
 Интересные люди
 Работа объединения
 Форум
 ЧАТ
 
 Всё о культуре
 Гродненская область
 Могилевская область
 Наши друзья
 Витебская область
 ОТЗЫВЫ О НАШЕМ САЙТЕ (ЖАЛОБНАЯ КНИГА)
 Гомельскя область
 Брестская область
 НОВОСТИ ПОСОЛЬСТВА БЕЛАРУСИ
 Минская область
 Ссылки
 ВСЕ О ЛУКАШЕНКО
 Евреи г. Борисова
 Евреи Пинска



Поиск Любви  
Я   
Ищу  
Возраст -
Где?








“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!” Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Мінск). Выпуск XXXVIII, верасень 2008 г. / элул 5768 г.
“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!”
Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Мінск).
Выпуск XXXVIII, верасень 2008 г. / элул 5768 г.
====================================================
З ВОСЕНЬСКIМI СВЯТАМI, ЧЫТАЧЫ I ЧЫТАЧКI!
САЛОДКАГА ГОДА I ДОБРАГА ЗАПIСУ!

КОРАТКА
* * *
Навукова-метадычны савет пры міністэрстве культуры РБ прызнаў гісторыка-культурнай каштоўнасцю «мазырскую Масаду» – месца самаспалення яўрэяў у 1941 г. Мы пісалі пра нежаданне ўлад увекавечваць памяць ахвяр; справа зрушылася з мёртвай кропкі дзякуючы намаганням Якава Гутмана, грамадскага дзеяча з ЗША.
* * *
Другога верасня ў клубе «Культура ідыша» (Петах-Тыква, Ізраіль) адбылася прэзентацыя кнігі Ізі Харыка «Туга па чалавеку» (Мінск, 2008). Выступілі прэзідэнтка клуба Эстэр Яхніна, паэт і перакладчык Мендл Рашкаван, ідышыст Шауль Соркін. Вечар прайшоў па-сяброўску.
* * *
Ізраільская міністарка замежных спраў Цыпора (Цыпі) Ліўні выйграла ў мужчын спаборніцтва за пасаду старшыні партыі «Кадыма» і будзе прэм’ер-міністаркай – такога трыумфу «слабага полу» у Ізраілі не было з часоў Голды Меір. Між іншым, і ў Цыпі журналісты адкапалі «беларускія», а дакладней, гарадзенскія карані.
------------
ЦІ ЛУКАШЭНКУ ХОПІЦЬ ГУМАНІЗМУ?

«В соответствии с установленным порядком для рассмотрения ходатайства о помиловании требуется личное заявление осужденного…» (В. П. Самусев, заведующий отделом по вопросам гражданства и помилования Администрации президента РБ, 31.03.2005).
«Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь … выдаў Указ ад 3 снежня 1994 г. № 250, якім зацвердзіў Палажэнне аб парадку ажыццяўлення ў Рэспубліцы Беларусь памілавання асуджаных. Згодна з Указам памілаванне асуджаных, якія адбываюць пакаранне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, ажыццяўляецца па іх асабістых хадайніцтвах… Звяртаем Вашу ўвагу на тое, што акрамя хадайніцтваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь разглядае: матэрыялы ў адносінах да асоб, асуджаных да смяротнай кары, якія не хадайнічаюць аб памілаванні; прадстаўленні Вярхоўнага суда або Генеральнага пракурора аб прымяненні памілавання да асоб, асуджаных да смяротнай кары» (А. А. Дударэнка, першы намеснік Начальніка Сакратарыята Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, 14.04.2005).
«…желаю вам крепости духа и не изматывайте себя голодовками, не помогайте недругам себя уничтожить» (З пісьма былога савецкага палітвязня Якава Сусленскага (Ізраіль) Аляксандру Казуліну, асуджанаму да 5,5 гадоў зняволення з надуманых прычын).
…У жніўні 2008 г. А. Казулін выйшаў на волю паводле ўказу аб памілаванні. Памілаваныя былі таксама Сяргей Парсюкевіч і Андрэй Кім, у пачатку 2008 г. прыгавораныя не да смяротнай кары. Ніхто з іх не прасіў в.а. прэзідэнта РБ аб літасці, ды гэтага і не патрабавалася. Як у гульню ўступілі вялікія грошы й палітыка, то беларускія ўлады адразу ўспомнілі, што, згодна з Канстытуцыяй, прэзідэнт «ажыццяўляе памілаванне асуджаных» без усялякіх дадатковых умоў (пра хадайніцтвы ў Канстытуцыі, што мае большую юрыдычную сілу, чым указ, нічога не сказана). У 2005 г. высокапастаўленыя чыноўнікі Самусеў і Дударэнка гэтага нібыта не ведалі. Зараз мы спадзяёмся, што Аляксандр Лукашэнка выпусціць Эмануіла Зельцэра (асуджаны ў жніўні 2008 г. на 3 гады) і Ўладлену Функ-Брускову (1 год), нават калі тыя не папросяць. Паводле адваката, Э. Зельцэр цяжка хворы і тры гады для яго – тое самае, што смяротная кара. Калі Зельцэр і Функ, за якіх не раз заступаўся ўрад ЗША, у чымсьці і былі вінаватыя, то паўгода ў беларускай турме – больш чым дастатковы тэрмін для ўсведамлення сваіх памылак. На днях у Амерыцы памерла 92-гадовая маці Э. Зельцэра.
-----------------------------------
У ЛЕСЕ, ЗОЛАТАМ КРАНУТЫМ…

ГІРШ РЭЛЕС

У ЛЕСЕ, ЗОЛАТАМ КРАНУТЫМ

Вось тут, у лесе, золатам кранутым,
Салодкі сум асенні ахіне.
Цяжкія думы, даўнія пакуты
Адступяцца нарэшце ад мяне.
Іду я, поўны чыстых летуценняў,
Пад ногі мякка сцелецца трава.
Ні новы штрых, ні новае адценне
Не здолеюць паглыбіць хараства.
Калі б адчуў і зразумеў калісьці
Я гэту цішу, гэты дзіўны пах,
Адсюль мяне б не звёў за свет кудысьці
Мой пакручасты паэтычны шлях.
Праз колькі гурбаў, ямін і каменняў
Прайшоў я… А навошта? – Бог ты мой! –
Калі у гэтым харастве асеннім
Я мог знайсці і радасць, і спакой.


Пераклад з ідыша Ф. Баторына

ІЗІ ХАРЫК

ВОСЕНЬ

Заўсёды так: сустрэнем восень –
Адчуем лета мілы час,
І доўга, доўга ў сэрцы носім
Салодкі смутак кожны раз.

Лятучых ніцей павуцінне
Залоціць сонца цьмяны бляск,
І спіць у цьмянай далячыні
Уціхамірана зямля.

Я не сумую, не журуся
Па першым халаджавым дню:
Люблю я восень Беларусі,
Празрысты дзень і цішыню…

Пераклад з ідыша А. Звонака

РАХИЛЬ БАУМВОЛЬ

* * *
Когда у природы кончается лето,
И небо мрачнеет, и дерево вянет,
Мы думаем: лето другое настанет,
Лишь этой надеждою сердце согрето.

Когда после дня опускается вечер
И сумрак свинцовый на землю ложится,
Мы знаем, что день должен вновь появиться,
А то бы сегодня дышать было нечем.

Но лето теперь не приходит как прежде,
И быстро проносится дней вереница.
Когда мы стареем, мы смотрим в надежде
На наших детей. Всё для них повторится.

МАРК ШАГАЛ

ЛЕСВІЦА ЯКАВА

Я ў свеце, быццам у лесе, блукаю.
Хаджу на нагах і руках.
З дрэў злятае лістота цяжкая –
будзіць мяне і мой страх.
Я малюю мой свет, як сон саснёны:
і калі лес замятаецца снегам зім,
выглядае, як з таго свету,
мой свет утрапёны,
толькі я адзін стаю на сваім.
Я стаю і чакаю, каб ты мяне ахапіла,
каб страх прагнала і сэрца сагрэла,
я чакаю з усіх бакоў цябе, Сіла.
Болей стаяць не буду, але ўзлячу смела,
мне з табой падымацца неабыякава
па лесвіцы Якава.

Пераклад з ідыша Р. Барадуліна

АЛЕКСАНДР ГОРОДНИЦКИЙ

В ПОИСКАХ ИДИША
(Отрывок из поэмы)

Мелькали мимо перелески грустные.
Был вечер темен, и закат лилов.
Я ехал по дорогам Белоруссии,
Из Минска направляясь в Могилев.
Меня везя к утраченному племени,
Водитель мой крутил усердно руль.
Стал на неделю мне машиной времени
Видавший виды старенький «жигуль».
В сомнениях – в пути не ошибусь ли я,
В раздумиях о собственной судьбе,
Я ехал по дорогам Белоруссии,
Где идиш был недавно на гербе.
Вернуть стараясь времена дошкольные,
Ища следы давно забытых слов,
Я двигался дорогою окольною,
Из Минска пробираясь в Могилев.
Названия припоминал изустно я, –
Бобруйск, Воложин, Рыжковичи, Шклов.
Я ехал по дорогам Белоруссии,
Из Минска направляясь в Могилев.
Мне девы улыбались светло-русые.
Шумела у обочины вода.
Я ехал по осенней Белоруссии
Дорогою из Минска в никуда.

«МЯТ!»: у выніку паездкі «у нікуды» быў зняты цэлы фільм – чытайце пра яго ніжэй.
=============
РАЗВАГІ АБ СТАНЕ ІУДАІКІ НА БЕЛАРУСІ

Выдавец «МЯТ!» папрасіў мяне выказацца адносна закранутай д-рам К. Лё Фоль тэмы (гл. «МЯТ», № 37, ліпень 2008). Канчаткова з пэўнымі думкамі я вызначыўся толькі пасля ўдзелу ў Чарнавіцкай канферэнцыі 2008 г., што была прысвечана сотым угодкам славутай канферэнцыі, скліканай у тым самым горадзе. Тая канферэнцыя ўрачыста абвясціла мову ідыш адной з нацыянальных моў яўрэйскага народу.
Іудаіка – гэта сукупнасць навуковых дысцыплін, якія вывучаюць яўрэйства. Падрабязна спыняцца на гэтым не мае сэнсу. Аднак трэба вылучыць два моманты: іудаіка як галіна даследавання і іудаіка як навучальная дысцыпліна.
У 1920-х – 1930-х гг. пры Інбелкульце ды Беларускай Акадэміі навук існаваў яўрэйскі сектар, а потым і інстытут, у працы якога былі зацікаўлены і дзяржава (каб пацвердзіць перамогу ленінскай нацыянальнай палітыкі), і абшчына – прыкладна 8,2% насельніцтва БССР паводле перапісу 1926 г. Яўрэі ў большасці размаўлялі на ідышы, а навукоўцы выдавалі у 1926-1931 гг. адмысловы часопіс «Цайтшрыфт». Да таго ж матэрыялы, якія апрацоўваліся яўрэйскім аддзелам Беларускай Акадэміі навук ды даследчыкамі, што выкладалі на яўрэйскім аддзяленні педфака БДУ, друкаваліся ў часопісе «Працы БДУ», які некаторы час выдаваўся на ідышы.
Цяпер даследчыцкага цэнтра, які б займаўся толькі яўрэйскай гісторыяй і культурай, на Беларусі не існуе. Такія структуры ёсць у нашых суседзяў: на Украіне – дзяржаўны інстытут пры Нацыянальнай акадэміі навук і недзяржаўны Кіеўскі Інстытут іудаікі, у Малдове – адмысловы аддзел у Акадэміі навук. У Беларусі колькі гадоў таму спрабавалі стварыць грамадскую структуру цэнтр імя Шымона Дубнова – але яна выявілася мёртванароджанай. Сур’ёзна успрымаць мінскія Клуб аматараў яўрэйскай гісторыі ды «Акадэмію яўрэйскай культуры і мастацтва» не варта. Кожны павінен займацца сваёй прафесійнай справай: гісторык – гісторыяй, лекар – медыцынай...
Каб стварыць штосьці сур’ёзнае накшталт малдаўскага ці ўкраінскіх цэнтраў, патрабуецца ўзаемная зацікаўленасць дзяржавы і абшчыны. А зацікаўленасці няма. Аб дзяржаўнай падтрымцы вывучэння яўрэяў казаць не выпадае, на сёння гэта беларускай дзяржаве не патрэбна. Перш за ўсё таму, што гэта не запатрабавана самой абшчынай (0,3% насельніцтва). На Беларусі зараз адзінкі даследчыкаў, і ўсе жывуць у розных кутках краіны – колькі чалавек у Мінску, некалькі ў Гродна ды Віцебску, некалькі ў Брэсце.
Яшчэ адна праблема: любому навукоўцу, што паважае сябе і сваю працу, патрэбна, каб яго работы чыталі. А гэта значыць, што работы павінны дайсці да як мага большай колькасці чытачоў. Адсюль вынікае, што даследчык мусіць пісаць на тых мовах, на якіх зараз існуе і ствараецца іудаіка як навука: на англійскай, рускай, польскай, альбо іўрыце. Сур’ёзныя даследчыкі друкуюцца за мяжой – у Беларусі практычна няма дзе.
Што тычыцца іудаікі як навучальнай дысцыпліны, то справа выглядае яшчэ горш. Лічыцца, што навучальнай установай, якая рыхтуе спецыялістаў у галіне іудаікі, з’яўляецца кафедра культуралогіі факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага універсітэта (былы Міжнародны гуманітарны інстытут, зачынены ў 2004 г.). Кафедра рыхтуе спецыялістаў па спецыяльнасці «Культуролаг. Выкладчык культуралагічных дысцыплін». Навучальных гадзін іўрыта да нядаўняга часу на тым аддзяленні было ўсяго 4 на тыдзень. Яшчэ выкладаецца шмат гадзін ТаНаХа. А з астатнімі дысцыплінамі ўзнікаюць праблемы. Адзін прыклад. У вясеннім сяместры 2007/2008 па ўсім універсітэце быў праведзены кантрольны зрэз ведаў. Зрэз па іудаіцы праводзіўся па трох дысцыплінах – англійская мова, ТаНаХ і культуралогія. Іншых дысцыплін быццам і няма. А як жа гісторыя яўрэяў на ўсім працягу – сярэднія вякі, новы час, навейшы час? Гісторыя сіянізму? Уводзіны ў Талмуд, яўрэйскае права?
Студэнты нярэдка займаюцца ў аўдыторыях, у якіх можна сядзець – без жартаў – хіба што па два чалавекі на крэсле. А набор на спецыялізацыю тым часам не памяншаўся. Да таго ж, па водгуках былых дый цяперашніх студэнтаў, узровень выкладання на аддзяленні пакідае жадаць лепшага. Тая самая кафедра, акрамя «гебраістыкі», рыхтуе спецыялістаў яшчэ па дзвюх дысцыплінах – «германістыка» і «амерыканістыка». На маю думку, гэткае спалучэнне вядзе да распылення сіл і зніжае эфектыўнасць навучання.
Чаму ж яўрэйская абшчына ва Украіне (0,25% насельніцтва) дасягае большых поспехаў у навуковым плане: на добрым узроўні ладзіць міжнародныя навуковыя канферэнцыі, прысвечаныя гісторыі і культуры яўрэяў, падтрымлівае існаванне недзяржаўнай даследчыцкай структуры і г.д.? Адважуся выказаць думку, што ўсё гэта адбываецца не столькі дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, колькі дзякуючы кантактам, кемлівасці і дасведчанасці кіраўніцтва навуковымі праектамі ў абшчыне. У Беларусі, унутры яўрэйскай абшчыны, наладзіць справы падобным чынам пакуль не атрымліваецца.
Што тычыць Чарнавіцкай канферэнцыі 2008 г., то гэта была канферэнцыя адмыслоўцаў, што займаюцца ідышам; закраналіся таксама пытанні, што адносяцца да даследаванняў мовы іўрыт ды архіўных калекцый. Арганізатары і ўдзельнікі канферэнцыі разглядалі сабе ў якасці пераемнікаў ідышыстаў 1908 г. Аўтару гэтых радкоў выпаў гонар удзельнічаць у гэтым мерапрыемстве – на жаль, з Беларусі я быў адзін. Між іншага, калегі з многіх краін свету – з ЗША, Ізраіля, Польшчы, Германіі – зацікаўлены ў кантактах з беларускімі даследчыкамі. Пакуль яшчэ зацікаўлены...
Зміцер Шавялёў

Рэд. Пяць гадоў таму кандыдат гістарычных навук, супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Зм. Шавялёў выказваўся пра беларускую іудаіку больш аптымістычна (гл.: «МЯТ!», № 2, 2003). Яго пазіцыя і нават тэрміналогія, напэўна, выклічуць спрэчкі – ці слушна называць цяперашніх беларускіх яўрэяў «абшчынай»? Аднак мы радыя, што дыскусія аб стане і перспектывах «яўрэйскіх штудый» у РБ, да якой заклікалі не раз, нарэшце пачалася. Гэты артыкул з крытыкай на адрас кафедры культуралогіі БДУ дашлем адказным асобам – паглядзім, як яны адрэагуюць. Зрэшты, гатовыя даць слова ўсім, каму ёсць што сказаць.

БЫЎ І ТАКІ ЎНІВЕРСІТЭТ

Хтосьці, прачытаўшы папярэдні матэрыял, зацікавіцца: з чаго ўсё пачыналася? За ўсё не мы не ў адказе, але выкладанне іудаікі ў сучасным БДУ пачалося з высілкаў Галіны Сінілы. У сярэдзіне 1990-х яе спецкурсы чыталіся і ў рамках «народнага», ці «вячэрняга» універсітэта, які размяшчаўся на базе былой Вышэйшай партыйнай школы па вул. К. Маркса ў Мінску (аб чым з замілаваннем паведамлялася ў справаздачах замежным фундатарам). Лекцыі наведвалі ўсе ахвотныя мінчукі, часам і «залатога» веку, а плаціў педагогам «Джойнт» – тады яго прадстаўнікі яшчэ не скардзіліся, што ў іх «усё забралі». Апрача «Паэтыцы ТаНаХа» выкладаліся іўрыт, англійская мова, псіхалогія, гісторыя яўрэяў Беларусі, сярэднявечная і сучасная яўрэйская літаратура, яўрэйскае мастацтва і архітэктура. Шмат гаварылася аб тым, што «трэба вучыць ідыш», аднак далей за размовы справа не пайшла. Кіраваў установай Зэлік Пінхасік, а дапамагалі яму І. Духан, Э. Іофе, Л. Пергаменшчык, Г. Сініла, Л. ФІнкельштэйн ды каардынатар С. Шарамецьеў. Праводзіў заняткі і мэтр беларускай псіхолагіі Я. Каламінскі.
Студэнтам курсы падабаліся ўжо таму, што «пасля многіх гадоў хлусні і недагаворанасцей разумныя і тактоўныя выкладчыкі распавядалі нам пра ўнёсак яўрэйскага народу ў культуру ўсяго чалавецтва». Мелі курсы і своеасаблівы тэрапеўтычны эфект: «для яўрэяў гэта быў спосаб выйсці са стану нейкай забітасці, пазбавіцца комплексу віны, навязанага СМІ камуністычнага і прасавецкага ладу». Не абышлося і без канфлікту. Выпускнікі 1997 г. два гады не маглі атрымаць пасведчанняў і вымушаны былі напісаць у «Джойнт»: «Нам папросту далі зразумець, што ўсё, што рабілася – рабілася несур’ёзна, а мы – пешкі… У справу ўкладзены грошы падаткаплатнікаў іншых краін. Пачынаць новую справу з падману нельга. Нашае патрабаванне законнае і мы маем права звярнуцца ў органы ўлады, аж да суда». Прадстаўнік «Джойнта» Якаў Файтэльсон прыняў саламонава рашэнне: заяўнікам адмовіў (маўляў, «Джойнт» не выдае ніякіх сертыфікатаў), але з кіраўніком «Яўрэйскай адукацыйнай праграмы» Пінхасікам меў цёплую гутарку. У 2000 г. студэнтам, нарэшце, былі ўручаныя доўгачаканыя паперкі. Ды асадак застаўся…
У 1999 г. «вячэрні» універсітэт быў фактычна ператвораны ў Міжнародны гуманітарны інстытут, якому планавалася надаць імя М. Шагала. Аднак нашчадкі мастака гэтага не зразумелі – «яўрэйскі» інстытут пры БДУ застаўся безназоўным аж да закрыцця ў 2004 г. Сёе-тое ў ім захавалася ад «рамантычных» 1990-х, ды ў цэлым МГІ БДУ выглядаў ужо інструментам для выпампоўвання грошай. А цяпер і асобнага інстытута няма. Маем жа, як заўжды – рыхтык тое, чаго заслугоўваем.

МЕРКАВАННЕ МІХАІЛА КРУЦІКАВА

Яўрэйская адукацыя – найбольш паспяховы аспект адбудовы яўрэйскага жыцця на постсавецкай прасторы. Калі б не існавала вялікай колькасці квітнеючых яўрэйскіх школ і праграм вышэйшай адукацыі, не было б сэнсу ўвогуле сур’ёзна абмяркоўваць будучыню постсавецкага яўрэйства. Яўрэйская адукацыя становіцца неабходнай не толькі як інвестыцыя ў будучыню, але і як непасрэдны фактар будаўніцтва абшчыны.
…Яўрэйская адукацыя ў СНД будзе яшчэ доўга абапірацца на фінансавую і метадалагічную падтрымку з-за мяжы… Але ў рэшце рэшт характар яўрэйскага жыцця вызначаць самі мясцовыя яўрэі. Магутныя замежныя інстытуцыі павінны дапамагаць, а не дыктаваць сваю волю. Асабліва ў тым, што тычыцца «навуцы аб Халакосце», дзе амерыканскія ці ізраільскія метады могуць аказацца неадэкватнымі і псіхалагічна шкоднымі.
(паводле “East European Jewish Affairs”, № 32 (1), 2002)
========================================
ПРЫ ЧЫМ ТУТ ФРАНЦУЗСКІЯ КАМУНАРЫ?

Да маіх знаёмых пенсіянераў прыехаў з Парыжа ў госці сын. Ён там жыве з сям’ёй гадоў дзесяць. Адукаваны, інтэлігентны мужчына сярэдніх гадоў. Неяк пры сустрэчы спытаў у яго, ці ёсць у тым горадзе вуліца Парыжскай камуны. Ён адказаў, што існуе толькі сцяна ў памяць апошніх камунараў 1870 года, расстраляных на тым месцы, а вуліцы ці плошчы з такой назвай няма.
А ў Слуцку вуліца Парыжскай камуны ў цэнтры горада ёсць. З’явілася яна пасля вайны на месцы, якое некалькі стагоддзяў было заселена пераважна яўрэямі і назву мела «Школішча». Жылі яны ў драўляных дамках, іх там налічвалася не меней чатырох соцень. У 1942 годзе немцы стварылі тут гета, у якім за калючым дротам утрымлівалася звыш 3 тысяч чалавек, пераважна старых, жанчын, дзяцей, каля 8 тысяч яўрэяў былі расстраляны за горадам, ва ўрочышчы «Гараваха», у кастрычніку 1941 года. Тых, хто застаўся на «Школішчы», фашысты расстралялі і спалілі з агнямётаў у лютым 1943 года. Вось на тым папялішчы, густа «напоеным» чалавечай крывёй, і праклалі пасля вайны вуліцу ў памяць… аб французскіх камунарах. Забудавалі дамамі-«хрушчоўкамі», узвялі макаронную фабрыку, рэстаран.
Можа, варта было б у памяць аб ахвярах Халакосту, што загінулі тут у страшных пакутах, вярнуць гэтаму месцу былую назву – Школішча? Аб ёй мала хто з жыхароў шасці пяціпавярховых «хрушчовак» сёння ведае – выраслі ў большасці на «камуне».
Міхась Тычына, г. Слуцк.
«Народная Воля» (Мінск), 08.08.08.

ЁН УСЁ ПАМЯТАЕ
У чарговы раз наведаў Беларусь Іцхак (Міхаіл) Южук. Ён – з невялікай колькасці людзей, што ўратаваліся з Пагост-Загародскага гета. Пачынаючы з 1990 года намаганнямі Южука былі ўсталяваны помнікі на месцах расстрэлаў у гады Вялікай Айчыннай вайны мірных жыхароў нашага краю. Пры непасрэдным удзеле спадара Южука з’явіліся помнікі ў Малой даліне (урочышча паміж Багданаўкай і вёскай Камень Пінскага раёна), на ўсходнім ускрайку вёскі Вяз, у Воўчым лесе (паміж Багданаўкай і вёскай Боркі Пінскага раёна) і ў мястэчку Пагост-Загародскі – на магіле расстраляных фашыстамі яўрэйскіх дзяцей.
Іцхак Южук мае непасрэднае дачыненне да партызанскага руху на Палессі. З ягонай партызанскай маладосці захаваліся ў памяці назвы вёсак і ўрочышчаў, дзе даводзілася бываць: Багданаўка, Плотніца, Канатоп, Гурбішча, Малькавічы, Дуга…
Памятае ветэран імёны і прозвішчы шматлікіх родзічаў, што жылі ў Бакінічах, Багданаўцы, Камені, Пагосце… Для кнігі «Памяць» Пінскага раёна ён перадаў імёны больш за 600 ахвяраў гета. Сам з’яўляецца аўтарам [разам з братам Рувэнам; кніжка выйшла ў 2002 г. у Пінску на рускай мове – «МЯТ!»] аўтабіяграфічнай кнігі «Даравана выжыць. Гады і лёсы». Для памяці няма перашкод, яна жыве праз часы і адлегласці. Як кажа спадар Южук: «Тры з паловай гадзіны авіяпералёту паміж Ізраілем і Беларуссю – гэта не перашкода для сустрэчы з землякамі і маладосцю».
Мікола Ільючык, в. Багданаўка
«Информ-прогулка» (Лунінец), 07.08.08.

Між іншым, «Народная воля» напісала аб магчымым скарачэнні авіярэйсаў «Тэль-Авіў–Мінск» кампаніі «Эль-Аль» – яны, быццам, «нерэнтабельныя».
=============
НОВЫЯ КНIГI, ЧАСОПIСЫ…

Мельницкий В. Кто мы на этой земле? Минск: ОДО «Парус», 2006. – 72 с. 500 экз. Інфа пра І. Кабзона, М. Олбрайт, І. Рабіна, Б. Стрэйзанд. Што ў іх супольнага? Не толькі віртуальная «пятая графа», але і тое, што ў 2007 г. яны, на думку аўтара, адзначалі ці маглі б адзначыць свае юбілеі.
Трестман Г. Голем, или Проклятие Фауста. Москва: «Сканрус», 2007. – 174 с. 2000 экз. Экс-мінчук, ізраільцянін, якога ўважаюць за паэта і палітолага, малюе карціну сярэднявечнай Прагі з выкарыстаннем «зніжанай» лексікі. Ідэя за гэтым простая: пара яўрэйчыкам выйсці з гета і вывесці гета з сябе. Чытво не для слабых на нервы.
Шульман Д. В теплом городе Эйлате. Иерусалим: «Лира», 2008. – 360 с. 300 экз. Кароткія апавяданні іншага выхадца з Беларусі – свайго кшталту працяг зборнiка «Дзе ўзяць крыху шчасця» (2005). Дыхтоўна выдадзеная кніга, у цвёрдым пераплёце. Каштуе, праўда, нятанна: каля 20$.
«ARCHE-Пачатак» № 11, 2007. – 480 с. 500 ас. Цікавы і спрэчны артыкул амерыканскай даследчыцы Э. Бемпарад пра развой ідышскіх уcтаноў у Менску 1920-30-х гг. – «эксперымент» над людзьмі.
«ARCHE-Пачатак» № 5, 2008. – 512 с. 300 ас. «Ваенны» нумар, прысвечаны пераважна падзеям на тэрыторыі Беларусі. Шмат гаворыцца пра яўрэяў: У. Гартэншлегер піша пра жыццё ў акупаваным Мінску, В. Мозель – пра дэпартацыю нямецкіх яўрэяў у Мінск і лёс вязняў гета, Л. Смілавіцкі (па-трашчанкоўску тэндэнцыйна) – пра стаўленне партызан да «яўрэйскага пытання», Л. Рэйн – пра ўдзел калабарантаў у вынішчэнні беларускага яўрэйства.
«ARCHE-Пачатак» № 6, 2008. – 240 с. 200 ас. Рэцэнзія нашай аўтаркі К. Ле Фоль на вядомую кнігу А. Зельцэра аб яўрэях Віцебшчыны.
Чытаць часопіc, які мае ўжо 10-гадовую гісторыю, можна і ў Інтэрнэце: arche.org.by.
«Дзеяслоў» № 1 (32), 2008. – 332 с. 1000 ас. Навела У. Вайля ў перакладзе з іўрыта, урыўкі з рукапісу «Недагаворанае» гродзенскага дацэнта Б. Клейна, які сябраваў з А. Карпюком ды В. Быкавым ды ў пачатку 1970-х пацярпеў за тое, што не выступіў супраць сіянізму (публікацыя С. Шапрана).
«Мишпоха» № 22, 2008. – 168 с. 290 ас. На фоне названых часопісаў віцебскае выданне выглядае даволі ўбога. Усё ж сярод безлічы патэнтаваных «нуднікаў» не згубіліся пісьменнікі Рыгор Кановіч, Міхаіл Садоўскі, былая зэчка Мая Драбінская.

…I НОВАЕ КIНО

17 верасня г.г. у мінскім яўрэйскім абшчынным доме адбыўся прэм’ерны паказ фільма «В поисках идиша», знятага летась у Беларусі (пра здымкі крыху пісалася ў “МЯТ!” № 28). Аўтары – Аляксандр Гарадніцкі, Наталля Каспяровіч, Сямён Фрыдлянд, Юрый Хашчавацкі. Добра, што ў іх хапіла глуздоў змяніць назву – рабочая была, нагадаем, «Поминальная по идишу». Што ж нам паказалі за 1,5 гадзіны?
Віды Магілёва, Смілавічаў, Бабруйска, Валожына, Вішнева, Мінска, Тэль-Авіва. Паўсюль А. Гарадніцкі шукае «мамэ-лошн»: знаходзіць адно аскабалкі ранейшага багацця, затое адчувае сябе напоўніцу яўрэем і піша новыя песні (на рускай). Старыя расказваюць здымачнай групе гісторыі, спяваюць… Беларускія мастакі-рэстаўратары гатуюць «фіш-бульбе» ды распавядаюць, як вывучалі ідыш па кнізе Л. I. Брэжнева. У фільме занятыя і нашчадкі барда, у т.л. унучка Рахіль са знакамітай песні.
Фільм разлічаны перадусім на замежнікаў і, паводле Ю. Хашчавацкага, практычна перакладзены на англійскую. Па БТ ж яго «не пакажуць».

МУЗЫКА, ВЕРШ…

У Расіі ёсць дужа пацешны гурт – клезмер-бэнд «Наехавічы». У чэрвені 2008 г. ён наехаў на Мінск, даўшы канцэрт у клубе «Гудвін». Паўгорада было заклеена афішамі з шасцікутнай зоркай і фізіяноміямі музыкантаў. Хлопцы выконваюць чужыя песні на ідышы (зрэшты, і на рускай), пішуць свае. З адной «трасянкавай» руска-яўрэйска-амерыканскай песенькай Івана Жука і Алега Драбінскага мы знаёмім чытачоў. Тэкст узяты з сайта nayekhovichi.ru.

TAGANROG
fun zeyer frier morgn
mir forn, forn, forn a gantser tog
oy, tsum azovske more
keyn shtetl taganrog
mir forn zeyer gikh
mit skoda, skoda, skoda mit felitsiye
un plutsling stopet undz
voronezhska militsiye
"vu zaynen di kosyakes?
farvos, farvos, farvos di lange hor?" –
azoyner bespontover
mentover razgovor
"zey zukhn di kosyakes?
ot iz, ot iz, ot iz nisht zeyer klug!
ver firt zhe di kosyakes
fun sever afn yug?"
mir zaynen (ots-tots-tots) di nayekhovichi!
mir shpiln far a yid un far a goy
un az mir hobn geshpilt in baranovichi
sam lukashenko hot geshrign: "ot azoy!"
mir shpiln in kabakes
un in di shuln glaykh
oy, tsolt undz yidn geltelekh
mir veln kumen oykh tsu aykh
mir zaynen (ots-tots-tots) di nayekhovichi!
mir shpiln far a straight un far a gay
un az mir hobn geshpilt in baranovichi
sam lukashenko hot geshrign: "ot azey!"

* * *

Мінскі прыяцель «Наехавічаў» Зміцер Сляповіч даў развітальны канцэрт («Жыдовішча-3») у кавярні «Стары Менск». Яго група «Мінскер капелье» запісала новы альбомчык «Тутэйшыя» («Dy ortyke») з «ідыш рэпам» і прочымі дзівосамі. Афіцыйна альбом яшчэ не выйшаў, але пабачыць вокладку і паслухаць некаторыя кампазіцыі можна, завітаўшы на http://community.livejournal.com/by_jewmusic.

Ізраільцяне зарулілі
на «Славянскі(м) базар(ы)». Сёлета дзеці з вакальна-харэаграфічнага ансамбля «Кветкі Ашдода» пад кіраўніцтвам педагога Яўгеніі Шор і харэографа Аляксандры Чартковай выконвалі песні і на іўрыце, і на ідышы, і на беларускай. У віцебскім музеі Шагала яны выступілі разам з ансамблем «Фантазія» з Беэр-Шэвы. Атрымалі ганаровую грамату…
====================================
IN MEMORIAM

ТЫ ТУТ І МЫ ЦЯБЕ ПОМНІМ


Мы – гэта сябры і вучні Ільі Сямёнавіча Цырліна, майстра спорту СССР па шашках (1951-1991), віцэ-чэмпіёна СССР па перапісцы, які жыў у Гомелі.
У шашкі Ілья Сямёнавіч прыйшоў з гандболу, дзе стаяў на варотах і быў кандыдатам у майстры, у 19 гадоў. Узрост для шашак сталы, але кемлівасць, развага і хуткая рэакцыя (напэўна, набытая ў гандболе), далі плён. Ён гуляў у той час, калі не было шашачных камп’ютарных праграм і патрабавалася самастойна дайсці да вышынь. Цяжка было змагацца з гульцамі Масквы, Ленінграда і Харкава, там жылі моцныя дарадцы. У Гомелі падобнай школы шашыстаў не было. Люсік (так звалі яго сябры) усё вытрымаў і перамагаў.
З цягам часу нам усё больш не хапае Люсіка – няма ў каго даведацца пра шашачныя навіны, абмеркаваць партыю ці ідэю. У 2004 г. мы вырашылі арганізаваць спаборніцтва ў яго памяць. У аргкамітэт увайшлі старшыня абласной федэрацыі шашак Людміла Толчыкава, паважаны ў Гомелі прадпрымальнік Фелікс Пшул, дырэктар цырка Якаў Лабовіч, дачка і зяць Цырліна ды інш. Меркавалася, што мы зладзім турнір майстроў і кандыдатаў ды турнір для пачаткоўцаў. На жаль, не ўсё атрымалася. Каб турнір меў высокі рэйтынг, трэба, каб удзельнічалі майстры з іншых мясцін, а на гэта не хапіла сродкаў. Усё ж правялі два Мемарыялы Цырліна – у снежні 2004 г. (20 удзельнікаў; 1. Фейгін. 2. Вінакураў. 3. Ком) і ў маі 2006 г. (30 удзельнікаў; 1. Фейгін. 2. Канарскі. 3. Далгаполаў). На снежань 2008 г. плануем чарговы турнір – мы помнім цябе, Люсік!
Павел Каролік, г. Гомель.
=====================================================================================
Адрас для лістоў: Рубінчык С.В., Беларусь, Мінск, 220082, вул. Матусевіча, 16-65. (Matusevicha, 16/65, Minsk, Belarus, 220082).
Надрукавана 24.09.2008. Тыраж 160 экз. Бясплатна. Адказны за выпуск – У.П.Рубінчык (rubinczyk@yahoo.com).
Правы на матэрыялы «Мы яшчэ тут!» захоўваюцца за аўтарамі. Бюлетэнь распаўсюджваецца ў Беларусі, Ізраілі, ЗША, Расіі і інш. краінах. Інтэрнэт-версію бюлетэня шукайце на сайце Аб’яднання выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі: www.souz.co.il/belzem. Рубрыка «Наши друзья».
=====================================================================================




Copyright © 2000 Pastech Software ltd Пишите нам: info@souz.co.il