Новости   Доски объявлений Бизнес-каталог   Афиша   Развлечения  Туризм    Работа     Право   Знакомства
Home Page - Входная страница портала 'СОЮЗ'
ТВ-программа Гороскопы Форумы Чаты Юмор Игры О Израиле Интересное Любовь и Секс



 Главная
 Правление
 Новости
 История
 Объявления
 Фотоальбом
 
 Статьи и фото
 Интересные люди
 Работа объединения
 Форум
 ЧАТ
 
 Всё о культуре
 Гродненская область
 Могилевская область
 Наши друзья
 Витебская область
 ОТЗЫВЫ О НАШЕМ САЙТЕ (ЖАЛОБНАЯ КНИГА)
 Гомельскя область
 Брестская область
 НОВОСТИ ПОСОЛЬСТВА БЕЛАРУСИ
 Минская область
 Ссылки
 ВСЕ О ЛУКАШЕНКО
 Евреи г. Борисова
 Евреи Пинска



Поиск Любви  
Я   
Ищу  
Возраст -
Где?








“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!” Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Мінск). Выпуск XXXVI, чэрвень 2008 г. / сіван 5768 г.
“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!”
Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Мінск).
Выпуск XXXVI, чэрвень 2008 г. / сіван 5768 г.
====================================================
ПА МІНСКУ ГУЛЯЕ ІДЫШ-БЕЛАРУСКІ СЛОЎНІК!
Слоўнік, пра неабходнасць якога тут так доўга казалі («Анахну кан», № 9, 11, 2002; «МЯТ!», № 25, 30, 2007, etc.), нарэшце выйшаў друкам. 928 старонак, каля 50000 слоў. Важыць багата аформлены том 2 кілаграмы, а асноўным спонсарам выдання выступіў Андрэй Гарбенка (СПб). Праца прысвечана памяці Соф’і Рохкінд, Гірша Рэлеса і Дзіны Харык. Варта, аднак, разглядаць кнігу не як магільную пліту для ідыша, а як цагліну ў падмурак «новага жыцця».
Перш чым аддаць рукапіс у «Медысонт», Аляксандр М. Астравух працаваў над сваім дзецішчам каля дзесяці год.

УРЫЎКІ З ПАЭМЫ ВІКТАРА КАЗЛОЎСКАГА «РАХІЛЬ» (1930)

…Здаецца зноў
Маўкліваю такою
Стаіць Рахіль
Ля схіляных сяней.
Цьвітуць вачэй
Чароўныя куколі
Пад чорнымі
Завеямі брывей.

Здаецца зноў
Увечары на ганку
Я чую твой
Надломаны напеў.
І погляд твой –
Пужлівае дзікаркі –
Здаваўся мне
Ад сонечных ляпей.

Бывала йшоў
Я ўвечары з пакосу,
Яна стаяла
Моўчкі ля вакна.
Прад ёй айцец –
Абрам сівавалосы
Сваю старую
Голаву схінаў.

Абрам стаяў
Стамлёны непакоем.
Туліў тугу
Адцьвіўшага жыцьця.
І толькі дум
Закілзаныя коні
Ірваліся нястрымана ў прасьцяг.

– «А што-ж калі
Рахіль мяне пакіне?
Дык хто-ж маю
Прыхіліць галаву?..
У даль пайду
З бярозавым я кіем
Раскідаць дзён
Пажоўклую траву».

І моўчкі я
З-за чорнай ваканіцы
Яе усьмешкі
Палкія скрадаў,
Хацелася
Яе красою ўпіцца
І ўсё жыцьцё
За морак воч аддаць.

Ня журавоў
Трывожных вераніцы
Ляцелі з дальніх
Змучаных зямель
Сьпіваць ваду
Халодную ў крыніцах,
Сьпіваць спакою
Вольнага струмень.
То поглядаў
Яе вясёлых стаі
Садзіліся на ружах
Воч маіх.
Зачараваным
Прад вакном
Стаяў я,
Паўстаньне мар
Зьняволеных таіў.

Падходзіла,
Мне рукі падавала
І крала сэрца
Юнае ў палон.
І песьні мне
Па-свойму расьпявала.
Я захапляўся
Музыкаю слоў.

«А лібэ гэйптцэх он
фун ашмэйхалэ.
Фун ашмэйхалэ біз акуш
А лібэ нэмт оп
ба дэр шэнстэр дэм сэйхалэ.
Дэр шэнстэр мэйдэлэ
мах дос цум нішт…»

Друкуецца паводле: Казлоўскі В. Рахіль. Ліро-поэма. Менск, 1932. У кніжцы даецца і пераклад песенькі з ідыша, але цяпер, як з’явіўся слоўнік Астравуха, чытачам будзе лягчэй самім здагадацца, пра што спявала Рахіль.

ДЗЕНЬ НАРОДЗІНАЎ ДЗЯРЖАВЫ ІЗРАІЛЬ
Як ён адзначаўся ў РБ
Акрамя вечарын (напрыклад, у яўрэйскім абшчынным доме) ды прочых кніжных выстаў, у гонар 60-гадовага юбілею ДІ былі задуманы і менш ардынарныя падзеі. Так, 17 мая прайшоў канцэрт у доме культуры Барысава, куды Ізмаіл Капланаў прывёз новы дыск «Живи и пой, еврей». 18 мая пасольства Ізраіля падтрымала рок-канцэрт у клубе «Бронкс» з удзелам гуртоў «Palladium» «J:Mopc», «Беz Билета», «Настроение», спявачкі Шуры Голікавай. Некаторыя, праўда, кажуць, што канцэрт нагадваў гламурную тусоўку. У сталічным кінатэатры «Перамога» прайшоў фэсцік «Новае кіно Ізраіля» (20-22 мая). Тэлеканал АНТ паказаў саладжавую стужку Тэнгіза Думбадзэ, дзе пра Ізраіль і ізраільцян беларускім гледачам распавядалі Ігар Ляшчэня, Міхаіл Альшанскі і інш. Аркадзь Крумер выказаў захапленне «высокім мастацтвам» «Славянскага базару», а віцэ-мэр Ашдода Гершан Фельдман – Аляксандрам Лукашэнкам: маўляў, каб А. Л. быў прэзідэнтам у пачатку 90-х, многія яўрэі не з’ехалі б з Беларусі.
Трэба аддаць належнае: сёлета А. Лукашэнка ветліва павіншаваў Шымана Перэса з гадавінай утварэння дзяржавы (дарэчы, Перэс не толькі выконвае ролю прэзідэнта, а і вершы піша). Прэтэнзіі да ўраду Ізраіля, што быццам бы падкормлівае беларускую апазіцыю, гэтым разам засталіся «за кадрам». Цікава, што па словах пасла ДІ у Беларусі, беларускі экспарт у Ізраіль амаль у восем разоў перавышае ізраільскі экспарт у Беларусь. Відаць, на 1 апельсін «Яфа», прададзены на Камароўцы, прыпадае 8 беларускіх памаранцаў, прададзеных на рынку «Маханэй Іегуда» (і хто там баяў, што яны ў нас не растуць?)
Пад шум юбілею старшыня Нацбанка РБ даў інтэрв’ю каналу RTVI, у якім падзівіўся, што ў Беларусі не прадстаўлены ніводзін ізраільскі банк, і запрасіў багаценькіх бурацін да хутчэйшага інвеставання грошыкаў у эканоміку Беларусі. «Умовы для гэтага ўжо створаны, практычна ўся тэрыторыя краіны стала свабоднай эканамічнай зонай», – сказаў Пётр Пракаповіч. Наконт «зоны» мы не сумняваліся; наколькі яна «свабодная» і «эканамічная», хай мяркуюць чытачы.
------------------------------------------
ЗВАРОТНАЯ СУВЯЗЬ

* * *
Дзякуй за публікацыю пра І. Бельскага («МЯТ!», № 35), вельмі спадабалася. Я даведаўся нямала цікавых дэталяў з яго біяграфіі, хоць знаёмы з Ісакам Самойлавічам са сваіх студэнцкіх гадоў. Раней мы сустракаліся часта, цяпер – радзей, але зносіны з ім для мяне заўсёды свята. Добразычлівы чалавек, якому я па-добраму зайздрошчу – так ён умее бескарысліва дзяліцца з іншымі тым, што мае… Яшчэ ў 60-я гады пра яго хадзілі легенды. Чалавек з вялікай літары, як раней казалі.
Напярэдадні 85-годдзя Майстра – а дзень народзінаў у яго 10 чэрвеня – зычу яму добрага здароўя, настрою, каб і надалей радаваў усіх, хто вакол яго.
Георгій Пятровіч,
гросмайстар, экс-чэмпіён СССР па завочных шашках.

* * *
85 гадоў споўнілася Міхаілу Ліпавічу Мінковічу – выдатнаму фатографу, ветэрану вайны (браў удзел у вызваленні Венгрыі, Румыніі, Чэхаславакіі), які шматгадовай працай у газеце «Вечерний Минск» заслужыў прызнанне калег. Супрацоўнічаў ён і з ТАСС, і з яўрэйскімі СМІ. Далучаем найлепшыя зычэнні да шматлікіх віншаванняў, якія сп. Міхаіл атрымаў надоечы. Юбілейныя матэрыялы чытайце на meod.by.

Амэрыканцы
аднаўляюць габрэйскія могілкі ў Рубяжэвічах

Амэрыканскія студэнты з францысканскага «SIENA COLLEGE» са штату Нью-Йорк тры дні жылі і працавалі ў вёсцы Рубяжэвічы на Стаўбцоўшчыне. Там яны аднаўлялі могілкі габрэяў, расстраляных у часе другой сусьветнай вайны.
Мінулай нядзеляй на адноўленых могілках сабралася, бадай, усё дарослае насельніцтва Рубяжэвічаў. І, канешне, яны – 15 студэнтаў і 4 выкладчыкаў «SIENA COLLEGE». Тры дазволеных паводле заканадаўства дні амэрыканцы не гасьцявалі – працавалі на месцы жахлівай трагедыі. Тут ляжаць парэшткі да чатырох соцень тутэйшых габрэяў. Я знайшоў сьведак – блізьнят, сястру ды брата, 77-гадовых Яніну й Мар’яна Рамэйкаў.
«Бедных выгналі з гета, – распавя-даюць старыя. – Жанчына Файба трымала дзіця. Яе застрэлілі, яна ўпала. Дзіця вылазіць з-пад яе. Я кажу – страляйце ў мяне... (плача) Карціна была жахлівая. Два дні варушылася тая яміна...»
Дзесяцігодзьдзі могілкі знаходзіліся бяз нагляду – не было сродкаў дый імпэту ў мясцовых. Аж пакуль настаўніца Рамуальда Сабалеўская не зрабіла супольны дабрачынны праект з прэзыдэнтам міжнароднай арганізацыі «VOLUNTAS» Франклінам Шварцам. Спонсары рэстаўрацыйнай працы былі з амэрыканскага боку. Валанцёры ж вандроўку ў Беларусь аплацілі самі. Спадар Шварц падкрэсьліў: гэта ня самыя багатыя студэнты, і сярод іх няма габрэяў. А што ўдалося зрабіць?
«Могілкі знаходзяцца ў заняпадзе настолькі, што іх ня бачна. У такім стане – да 120 камянёў. Мы іх знайшлі і паставілі вэртыкальна. Як і тыя, што ляжалі на баку. Ачышчаныя былі ад непатрэбных расьлін, зарасьнікаў вакол. Дзе не было агароджы – яе ўсталявалі. Уваход жа пабудавалі за тры дні мясцовыя жыхары. Працы шмат і, канешне, у адзін прыезд не зрабіць – будзе працягвацца...»
Жылі амэрыканскія студэнты ў беларускіх сем’ях. У хаце 44-гадовай прадавачкі Тэрэсы Рыдлінскай – двое хлапцоў. «Хлопцы вельмі культурныя, добрыя, заўсёды з усьмешкай», – кажа яна.
«Мяне ўразіла тое, што людзі прыляцелі з-за акіяна, каб дапамагчы нам, – кажа ўдзельнік цырымоніі спадар Мікалай Сыракваш. – Сорамна! Можа, мы апамятаемся. Нам вельмі патрэбны такія прыклады. Усе ў жыцьці мы людзі аднолькавыя…»
У Рубяжэвічы прыехаў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джанатан Мур: «Я хачу сказаць дзякуй беларусам за тое, што яны адчынілі свае дзьверы, а амэрыканцам за тое, што яны зрабілі...»
Пасьля таго, як была прачытаная памінальная малітва «кадыш», а таксама, паводле габрэйскага звычаю, пакладзеныя каменьчыкі на адноўленыя могілкі, спадар Мур сказаў у інтэрвію «Свабодзе» па-беларуску:
«Вельмі добры прыклад! Прыклад супрацоўніцтва паміж РБ ды ЗША. Важны ўзор прыватнага супрацоўніцтва…»

Віталь Сямашка, «Радыё Свабода»
(www.svaboda.org. 03.06.2008)

ГАВОРАЦЬ СВЕДКІ ЗНІШЧЭННЯ ГЕТА

19 сакавіка 2008 г. – 65 гадоў, як у мястэчку Краснае фашысты знішчылі каля чатырох тысяч яўрэяў. Няшмат засталося відавочцаў тых жудасных падзей. Сустрэчу з такімі людзьмі для карэспандэнта «РГ» наладзіў краязнаўца Аляксандр Харытон.
З Аляксандрам Харытонам мы завіталі да Міхаіла Корсака. Вясной 1943 года яму было 14 гадоў.
– Іх называлі жыдамі, і яны на гэта не крыўдзіліся, – успамінае Міхаіл Сцяпанавіч. – Спытаеш у таго яўрэя: як цябе зваць? А ён адказвае: як будзеш называць «жыд», дык буду доўга жыць, а назавеш «яўрэй», дык здохну скарэй. Ад іх можна было павучыцца жыць. Такія былі багатыя і разумныя. У Красным трымалі 32 магазіны. Гандлявалі жыды сем’ямі, і кожная сям’я – сваім таварам. Адзін яўрэй казаў: дзень гандлюю, ноч грошы лічу. І навошта мне столькі багацця? Трох рукавоў я ж не нашу. (…)
Калі прыйшлі немцы, спачатку яўрэяў не чапалі. Потым іх хаты і баракі, у якія зганялі людзей з іншых населеных пунктаў, абгарадзілі дротам, стварылі гета. На работу калонамі вадзілі ў ваенны гарадок. У кожнага яўрэя на вопратцы на плячах і грудзях былі прышытыя жоўтыя зоркі. (…)
Яўрэі спадзяваліся, што атрымаецца адкупіцца ад немцаў, – кажа Міхаіл Корсак. – Нават самі казалі, што ў іх ёсць знаёмыя сярод акупантаў, маўляў, пазнаёміліся з вялікім начальнікам, які абяцаў не чапаць іх. І сапраўды, доўгі час яўрэяў фашысты не чапалі, цягнулі з іх золата. Сярод немцаў былі такія, хто за золата мог нават вінтоўку прадаць. Але пасля раптам таго вялікага начальніка памянялі на іншага. І высветлілася, што надзея выжыць была дарэмная…
Жыхару Краснага Віктару Шарамету хутка споўніцца 80. Ён успамінае, як 19 сакавіка 1943 г. пайшоў да сястры. Сёння сам здзіўляецца, навошта было так рызыкаваць, калі навокал свісталі кулі. Назад сястра не пусціла.
– Сяджу ля акна, гляджу: бяжыць маладзенькі яўрэйчык, за ім – два немцы, – расказвае Віктар Іванавіч. – Страляюць па хлопцу з вінтовак, але міма. Раптам уцякач паваліўся. Думаю: усё, забілі. Дык не! Падхапіўся і зноў пабег. Не ведаю, уцёк ці не.
Пра гэта ведае Міхаіл Корсак. Людзі яму расказвалі, што фашыстам удалося параніць хлопца. Пасля яны падбеглі да яго, выстралілі ва ўпор кожны па два разы. Потым пастаялі каля цела, пакурылі, выстралілі яшчэ па разу ды й пайшлі. (…)
Успамінае Віктар Іванавіч таксама выпадак, як маладзенькую жыдовачку выратаваў паліцай Косця Арловіч. Яна ўцякала ад двух немцаў і забегла да яго ў дом. Косця паспеў схаваць дзяўчыну пад печ, сам апрануў пінжак паліцыянта і выйшаў з хаты насустрач немцам. Тыя ўбачылі: перад імі паліцай і палічылі, што ў хаце ўцякачку не мае сэнсу.
Завіталі мы з Аляксандрам Харытонам таксама да Вольгі Ганіч. Вясной 1943 г. ёй было 20 гадоў.
– Я памятаю ўсё, – кажа Вольга Аляксандраўна. – Мы насілі ў малачарню для немцаў малако. Гутарка пра тое, што будуць знішчаць жыдоў, па вёсцы хадзіла. Было шмат паліцыянтаў, якія так ці інакш пра гэта гаварылі. У той дзень я выйшла з хаты з малаком. Мяне сустрэў паліцыянт Янэк Крот. Спытаўся, куды іду, і параіў нікуды не хадзіць. Але я пайшла. Праходжу па плошчы, бачу шмат крытых машын. З адной чую крыкі: «Вольга! Вольга!». Гэта былі крыкі маёй знаёмай яўрэйкі Пэсі, якая некалі частавала мяне цукеркамі, мы былі амаль сяброўкамі. Але што я магла для яе зрабіць?
Паводле «Рэгіянальнай газеты» (г. Маладзечна), № 11, 14.03.2008. Скарочана.

«МЯТ!»: у апошні час матэрыялы з гісторыі беларускіх яўрэяў друкаваліся яшчэ ў «Краязнаўчай газеце» (№ 19, май 2008; пра Шклоў), у газеце «ЛіМ» (№ 23, 06.06.2008; пра Дунілавічы).

НОВАЯ ДЗВЮХМОЎНАЯ КНІГА – ЗБОРНІК ВЕРШАЎ ХАРЫКА
Нагадаем, што першая кніга, дзе ідыш і беларуская ўтварылі сугучча й сімбіёз, паказалася ў Мінску ў лютым г.г. Яна атрымала розгалас (БелАПАН, «Информ-прогулка», «Наша слова», «Рэгіянальная газета» і інш.), наклад амаль увесь разышоўся. Што падштурхнула выдаўца да новай задумкі.
У зборніку Ізі Харыка «Туга па чалавеку» (Мінск, 2008. – 84 с., 120 ас.) – тры тузіны вершаў 1920-х гадоў, нарыс «Лейзер Шэйнман, бадхен з Зембіна» (1926). Усе творы падаюцца і на ідышы, і ў перакладах на беларускую мову. Балазе Харыка перакладалі даволі шмат, у т.л. такія мэтры, як Пятрусь Глебка, Кастусь Кірэенка, Аркадзь Куляшоў. Кніга ілюстраваная рысункамі Лазара Лісіцкага, фотаздымкамі. Ёсць і біяграфія паэта.
Думаецца, кніжка з’явілася ў добры час – у «юбілейны» год і адначасна з выхадам ідыш-беларускага слоўніка (гл. вышэй). Аматары паэзіі ў Беларусі маюць шанс атрымаць зборнік Харыка па пошце, калі дашлюць маркі на 4600 рублёў на адрас: Рубінчык С. В., вул. Матусевіча, 16-65, 220082, Мінск.

ЗАПIСЫ ЯКАВА СУСЛЕНСКАГА

Я. Сусленскі – асоба вядомая і ў Ізраілі, і далёка за яго межамі. Нарадзіўся на Ўкраіне, па вайне жыў у Малдове, працаваў педагогам. У 1970 г. быў асуджаны за “палітычныя злачынствы” на 7 гадоў зняволення, у 1977 г. з’ехаў у Ізраіль, дзе, па ўласным прызнанні, застаўся дысідэнтам. Піша ў рускамоўныя выданні, арганізуе розныя мерапрыемствы дзеля пашырэння яўрэйска-украінскіх сувязей. Ніжэй – некаторыя яго “падсавецка-антысавецкія” думкі ў перакладзе з рускай, з кнігі “Перо мое – враг мой” (Іерусалім, 1999).

***
Я меў неасцярожнасць нарадзіцца яўрэем. Але ў 1929 годзе такое легкадумства было ў модзе.
***
У нас танныя тыя прадукты, якія распальваюць апетыт, а не спаталяюць яго.
***
Калі б я быў таленавіты, як Чэхаў, я б напісаў “Палату № 66” на матэрыяле нашай палітычнай рэчаіснасці.
***
Цяжка ўстанавіць граніцы паміж воляй і турмой у нашым грамадстве.
***
У нізах атмасфера чысцейшая, чым у “вярхах”: смурод уздымаецца ўгору.
***
Добра, што няма чым дыхаць – можна не прасіць дазволу дыхаць.
***
Падмяняць шуміхай недасканаласць быцця – такі наш стыль жыцця.
***
У нас свабода слова, але і свабода затыкаць рот – самая магутная з свабод.
***
Тое права голаса, якое мне патрэбнае, у мяне адабралі, а тое, што мне даюць, мне не трэба.
***
Ператварыць увесь народ у малчаліных! Трэба ж здолець! Ды што там у малчаліных – у задалізафілаў.
***
Хіба мы галасуем? Мы нямуем.
***
Мы атрымліваем па працы, але праца наша ацэньваецца мізэрна.
***
У нас 10 давераных яўрэяў – вось усё, што засталося ад даверу цэлай нацыі.

КАЗАЧКI
Прысвячаюцца Алесю і Русі

Чаму беларусы называюць цара звяроў “леў”
Аднойчы пахаджане – ну тыя самыя, з прыпавесці Васіля Ўладзіміравіча Быкава – забрылі ў вялізную трубу, што выявілася ўсеізраільскім вадаводам, і выйшлі да Мёртвага мора. А насустрач – старажытныя іудзеі з калматым зверам, застрэленым з “Узі” і негуманна дабітым дадаткамі да газеты “Новости на деле”. Галоўны іудзей урачыста нёс на срэбраным блюдзе акрываўленае сэрца драпежніка.
– Ма зэ? – спыталіся пахаджане на чыстым крывіцкім дыялекце. – І цо шчэ такэ?
– Зэ леў! – адказаў ім ізраільцянін Самсон і корпусам пацясніў замежную дэлегацыю назад да трубы, каб, барані Тэтраграматон, не пасмела прэтэндаваць на здабычу.
Ці доўга, ці хутка, стомленыя, але нездаволеныя (бо галодныя) пахаджане выйшлі ў раён Прыпяцкіх балот. З таго часу беларусы, калі ім здараецца ўбачыць калматага звера з кістачкай на хвасце, мянуюць яго “леў”. Носьбіты ж іўрыта карыстаюцца гэтым словам, каб перакласці назоў шамякінскага рамана "Сэрца на далоні” – “Га-леў аль га-хаф”.

Адкуль пайшоў беларуска-польскі танец “амбэрак”
Аднойчы ў краіне здарыўся неўраджай ідэалагічных аддзелаў, і пахаджане ў пошуках гуманітарнай дапамогі завялі сябе ў Польшчу. Падвучыліся па праграме К. Аліноўскага, пайгралі ў бутэлечку ля помніка Бухал-Бухаловічу. Раптам бачаць – на дварэ восень. Выбары на носе.
– Тут за офісам “Белсферату” няголеныя чалавечкі з пэйсамі скачуць дзіўны танец з нейкім дзіўным папірусам, – кажа самы кур’ёзны пахаджанін. – Мо завярбуем іх у нежалезныя назіральнікі?
Пайшлі вербаваць. Але яўрэі, што святкавалі Сімхас-Тойрэ (а гэта былі яны), толькі хісталі бародамі і паказвалі на скрутак Торы, не кажучы ні слова.
– І што Вы да іх чапляецеся, гэта ж “ам Бэрэк”! – адкаментаваў польскі інцелягент, які знік гэтак жа раптоўна, як з’явіўся. Паколькі пахаджане спяшалі на выбары караля крэолаў, то так і не дазналіся, што азначалі гэтыя словы. Мабілізаваўшы розум, прыйшлі да высновы, што бачылі рэдкі і важны для абарыгенаў танец “амбэрак”. Так і тлумачылі стрэчным палякам і беларусам, а дзяўчаты-пахаджанкі дэманстравалі асобныя па і каленкі. Цяпер “амбэрак” многа хто танчыць у нашых Палясцінах.
Каментарый польскага інцелягента, які з’явіўся гэтак жа раптоўна, як і знік: “Ваабшчэ-та “ам Бэрэк” у перакладзе з жыдоўскае знача “народ Бэрака”. А Бэрак Ёсілевіч ета быў такі герой Рэчы Паспалітай Польскай, хоць і жыд, але наш чалавек і палкоўнік, ён Прагу бараніў ад маскалёў. Таму мы жыдоў, праўда, очань любім, от хоць у Едвабне спытайцеся”.
Рауль Бен-Шэкель
============================
Dy ershte lider fun Izi Kharik

I.Z. Zembin

Zej un mir…

Zej zajnen dy letste
Fun tsvejflen un trakhtn
Zej zajnen dy letste
Fun tunkle farnakhtn,
Zej kenen zikh zelbst nor
In trojer farakhtn…
Zej zajnen dy letste.

Zej zajnen dy letste
Fargangene trojmen,
Zej zukhn a tikun
In rozeve rojmen;
Zej zajnen dy letste
Farlorene zojmen…
Zej zajnen dy letste.

Mir zajnen dy ershte,
Dy ershte, vos gejen
Bagejsterte, shtoltse
In ajzerne rejen
Tsum zun, tsu dem ojfgang
On shrekn, on vejen.
Mir zajnen dy ershte.

Mir zajnen dy ershte,
Dy zunike shtraln,
Vos kemfn un shtrajtn,
Vos zign un faln
Un vejsn: es vet shojn
Der glik nit farfaln,
Mir zajnen dy ershte!

In shturem

Flam un rojkh, rojkh un flam,
Gantse jamen fajer.
Huk un hak! Nokh a klap!
Shmid zikh, lebn najer!..
Funk un flam, fajer-flam,
Veltn gantse krakhn.
Ver iz shtolts – huk, mit undz,
Shmejst tsurik dem shvakhn.

Serp un hamer! Vert nit mid
Lejtern dem furem!
Lebn zol der fajer-flam,
Lebn zol der shturem!

Zhurnal “Komunistishe velt”, № 14-15, Moskve, 1920.

Такія вось першыя вершы Ізі Харыка пад псеўданімам «І. З. Зембін» з часопіса «Камуністычны свет» (Масква)… Наогул, процістаўленне «іх» і «нас» займае ў яго творчасці важнае месца («Старая ў палярыне», «Катрынка»). Быў бы Харык цяпер – знайшоў бы водгулле верша «Яны і мы» у песні Віктара Цоя: «Мы идем / Мы сильны и бодры…» Злая іронія бачыцца ў другім вершы, дзе паэт заклікае: «Хай жыве вогненнае полымя, хай жыве ўраган!» Па некаторых згадках, Харык згарэў у турэмнай качагарцы (у 1937 г.).

ЮБIЛЕI

220 гадоў як нарадзіўся Грыгорый (Гірш) Перэтц (1788–1855), не абы-які чалавек у стане дзекабрыстаў. На яго прапанову паролем Паўночнага таварыства стала іўрыцкае слова «херут» («свабода»). Выхоўваўся ж будучы свабодалюб у Магілёўскай губерні.
200 гадоў назад на беларуска-літвінскіх землях назіраўся ўсплёск яўрэйскага кнігадрукавання. У 1807 г. была заснаваныя друкарні ў Копысі і Заслаўі, у 1808 г. – у Менску. Менавіта 200 год таму адкрыў у Горадні друкарню і Зымель Нахімовіч – выбітны выдавец і гісэр (майстар па адліўцы шрыфтоў).
120 гадоў таму ў Крычаве нарадзіўся Іцхак Айзік Красільшчыкаў, аўтарытэтны рабін, даследчык спадчыны Майманіда. Яшчэ ў бытнасць ешыботнікам (у Міры) ён выявіў незвычайныя здольнасці да навукі. Памёр у Маскве ў 1965 г.
80 гадоў таму іншы гадаванец Мірскай ешывы рабін Шлома Йосеф Зэвін (адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў руху ХаБаД) дабіўся ад савецкіх улад дазволу на выпуск у Беларусі штомесячніка «Ягдыл Тора» (у 1928 г.!) Тадысама ў Слуцку і Бабруйску выйшлі два нумары часопіса. Але неўзабаве актывізаваліся ганенні на «рэтраградаў», Зэвін пакінуў БССР і жыў у Іерусаліме аж да 1978 г.
70 гадоў таму ў БССР былі зачынены яўрэйскія (ідышскія) школы, іх перавялі на рускую ці беларускую мову навучання, што паскорыла асіміляцыю яўрэяў. Пратэставалі нямногія, сярод іх – паэты Зэлік Аксельрод, Рахіль Баумволь.

* * *
Дзякуй А. Л-й з Маладзечна, Сафіі С. з Мінска, Клер Л. Ф. з Парыжа за істотную падтрымку.
* * *
Памёр беларускі літаратар, які пісаў пераважна па-руску, яўрэй Міхаіл (Майсей) Герчык (07.06.1932–03.06.2008). Якраз у пачатку чэрвеня выйшаў яго апошні раман «Пагоня за міражом». Сумна і балюча, калі ад нас сыходзяць такія людзі…
=====================================================================================
Адрас для лістоў: Рубінчык С.В., Беларусь, Мінск, 220082, вул. Матусевіча, 16-65. (Matusevicha, 16/65, Minsk, Belarus, 220082).
Надрукавана 16.06.2008. Тыраж 160 экз. Бясплатна. Адказны за выпуск – У.П.Рубінчык (rubinczyk@yahoo.com).
Правы на матэрыялы «Мы яшчэ тут!» захоўваюцца за аўтарамі. Бюлетэнь распаўсюджваецца ў Беларусі, Ізраілі, ЗША, Расіі і інш. краінах. Інтэрнэт-версію бюлетэня шукайце на сайце Аб’яднання выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі: www.souz.co.il/belzem. Рубрыка «Наши друзья».
=====================================================================================




Copyright © 2000 Pastech Software ltd Пишите нам: info@souz.co.il