Новости   Доски объявлений Бизнес-каталог   Афиша   Развлечения  Туризм    Работа     Право   Знакомства
Home Page - Входная страница портала 'СОЮЗ'
ТВ-программа Гороскопы Форумы Чаты Юмор Игры О Израиле Интересное Любовь и Секс



 Главная
 Правление
 Новости
 История
 Объявления
 Фотоальбом
 
 Статьи и фото
 Интересные люди
 Работа объединения
 Форум
 ЧАТ
 
 Всё о культуре
 Гродненская область
 Могилевская область
 Наши друзья
 Витебская область
 ОТЗЫВЫ О НАШЕМ САЙТЕ (ЖАЛОБНАЯ КНИГА)
 Гомельскя область
 Брестская область
 НОВОСТИ ПОСОЛЬСТВА БЕЛАРУСИ
 Минская область
 Ссылки
 ВСЕ О ЛУКАШЕНКО
 Евреи г. Борисова
 Евреи Пинска



Поиск Любви  
Я   
Ищу  
Возраст -
Где?








“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!” Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Мінск). Выпуск XXXII, снежань 2007 г. / кіслеў 5767 г.
“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!”
Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Мінск).
Выпуск XXXII, снежань 2007 г. / кіслеў 5767 г.
====================================================
А гутн ун фрэйлэхн Хануке! (5-12 снежня, 2007; 25 кiслева – 3 тэвета 5768 г.)
* * *
ЯШЧЭ РАЗ ПРА ПАЛІТЫКУ І ТАПАНІМІКУ

Як паведамлялася ў мінулым выпуску «Мы яшчэ тут!», у Іерусаліме афіцыйна адкрылася вуліца Брускі-най. На жаль, гэтая светлая падзея не абышлася без палітычных гульняў. На адкрыцці выступіў спецпасланнік А. Лукашэнкі (быццам бы нават яўрэй), расказаў, як нам тут добра жывецца, выказаў спадзяванне, што і ў Мінску будзе вуліца Брускінай. Пажылыя людзі ледзь слёзы не пусцілі. Мо і з’явіцца такая вуліца ў 2008 г., да 65-годдзя ліквідацыі мінскага гета, – толькі ці будзе слушным гэткі палітычна-тапанімічны ход?
Маша Брускіна, 17-гадовая дзяўчына, не паспела здзейсніць гучных подзвігаў: выконвала даручэнні партызанскага атрада, які ўвосень 1941 г. толькі фармаваўся. У свеце пра яе даведаліся пераважна таму, што ўлады БССР (а потым і ўлады Беларусі) не прыслухоўваліся да аргументаў аб тым, што «невядомая» на фота ў Музеі Вялікай айчыннай вайны і на шыльдзе ля дражджавога заводу – гэта Маша. Яе пасмяротная папулярнасць у ЗША і Ізраілі стала рэакцыяй на гэтае ўпартае непрызнанне: «раз вы не хочаце прызнаваць Машу нават як ахвяру, то мы зробім з яе сімвал яўрэйскага гераізму». Такая рэакцыя мела пад сабой пэўны грунт, аднак з гледзішча гістарычнай справядлівасці рашэнне ізраільцян аб перайменаванні вуліцы ў гонар адной Машы небясспрэчнае. Калі Павел І. Якубовіч, карыстаючыся сваімі сувязямі ў адміністрацыі прэзідэнта, «працісне» аналагічнае палітызаванае рашэнне ў Беларусі (у прынцыпе, пытанні тапанімікі належаць да кампетэнцыі гарсавета, але ж вядома, хто ў Мінску валодае рэальнай уладай), то гэта не прывядзе да ладу ў грамадстве. Нам, беларускім яўрэям, у чарговы раз «кінуць костку», за якую прыйдзецца дорага заплаціць…
Падобна, іерусалімская вуліца Банавентуры была пераназваная ў вуліцу Брускінай «насупор» беларускім чыноўнікам. Вось жа, подзвігі і пакуты неяўрэяў Кірылы Труса і Валодзі Шчарбацэвіча, якіх нацысты па-весілі побач з Машай, бадай што не меншыя. Да гонару прэзідэнта Сусветнага згуртавання беларускіх яўрэяў Якава Гутмана, увесну 2005 г. ён з дакументамі ў руках паспрабаваў патлумачыць тое дарадцу іерусалімскага мэра Арону Агасі і дэпутатцы муніцыпалітэта Лідзіі Бялоцкай. Разам з супрацоўнікам мэрыі грамадзянін Беларусі Гутман дабіваўся ўнясення ў парадак дня не аднаго, а трох прозвішчаў, але гарадскія ўлады на той час фактычна ўсё вырашылі. Ды мо яшчэ даспеюць, каб успомніць і Труса, і Шчарбацэвіча?
Заклікаю «яўрэйскіх лідэраў» Беларусі і замежжа не перагінаць палку, надалей не настойваць на ўвекавечанні памяці адной Машы Брускінай. Імкнуцца зараз трэба да зменаў у тэксце мемарыяльнай шыльды на месцы пакарання і да ўключэння поўнай інфармацыі пра мінскіх змагароў 1941 г. у школьныя падручнікі. А калі ўжо гаворка зойдзе пра тапаніміку, то мудрым крокам сталася б перайменаванне вуліцы Кастрычніцкай ці Валадарскага ў вул. Трох Падпольшчыкаў.
Вольф Рубінчык
НАМ ПIШУЦЬ

* * *
Шалом! Крыху ідыш-беларускага фальклору. Сёе-тое памятаю ад бабулі, з беларускага ідыш, але прапушчанае рачэй праз памяць маці (яна на 100% беларуска, але філолаг, прытым «немка», дык добра фіксавала такія моманты. Яна-то ідыш разумее, у адрозненне ад бацькі – а мусіла б быць наадварот):
1. Неяк яўрэйская сямъя варыла клёцкі, а ваду набіралі з калодзежа. Не заўважылі, як жабка ўскочыла, ды так і зварылі. Малое дзіця пытаецца ў маці – што варыш? тая кажа – «клёцкі». – «Мамі, мамі, ў клёцы цвай воцы, а у забкі фір лапкі». Гэта з Каменя (Лепельскі раён), калісь на 90% яўрэйскага мястэчка (рэд. – цікава, што падобную гісторыю запісаў і Рыгор Барадулін, гл. яго зборнік “Здубавецьця”, Мінск, 1996, с. 17).
2. Дзіцячая лічылка (фрагмент), а дакладней, гэта матчына пяшчотнае, да дзіцяці: «Кэцэле, кэцэле (кацяня), а гезунт (здароўе) табе ў пецэле (пячонку)».
3. Прыказка (на нешта нясмачнае, але ўжо чыста на ідыш): «Амайхл ві а мэдл міт а байхл» – «Смачна, як дзяўчына з жыватом (г.зн. цяжарная)». Такі спецыфічны гумар. з той жа «оперы» – «Фэт ві а брэт» (тоўсты як дошка).
Мая бабуля, бацькава маці (Фрума-Роха, пам. у 1989, дачка рэзніка Шая Юдавіча Шэйніна з Бешанковічаў) усё жыццё размаўляла з дзіўным ідыш-беларускім акцэнтам і адпаведнай лексікай. Безліч было некалі такога ідыш-беларускага трасянковага фальклору, амаль усё пайшло з дымам. Што яўрэі, што палякі. Шкада.
…Я займаюся гісторыяй кулінарыі і гастранаміі Беларусі, і мяне цікавіць інфармацыя пра традыцыйную кухню беларуска-літоўскіх яўрэяў. Асабліва тое, што было рэгіянальна-спецыфічным.
Алесь Белы, г. Мінск
---------------------
* * *
Я родился в Паричах, но Бобруйск знаю хорошо. Учился в Бобруйском автотехникуме с 1946 по 1950 гг. До войны этот техникум находился в Минске и считался еврейским, преподавание велось на идише. Ввиду того, что в войну здание было уничтожено, техникум перевели в Бобруйск. Но среди учащихся по-прежнему было немало евреев: в моем выпуске из 141 – человек 50. Некоторые мои товарищи потом успешно работали в автоинспекции... При техникуме был создан хор. Мы выступали в Минске на фестивале в 1948 г., нас слушала Лариса Александровская. Заняли первое место.
В конце 1940-х гг. центр Бобруйска был заселен в основном евреями, вернувшимися из эвакуации, пришедшими из армии и партизанских отрядов. Хватало еще полуразрушенных зданий, таких, как наш техникум по улице Маркса. Днём мы строили классы, машинный двор, мастерские, а вечером учились. Но в целом город был чистый, опрятный. Евреи, жившие в городе, сами восстанавливали свои дома: государство на это средств практически не выделяло.
Как сейчас помню ухоженный центр. Люди гуляли по “Социалке”. Открылся городской сад, там играл духовой оркестр. Начал работать драмтеатр. В город приезжал еврейский театр с постановками “200000” и “Тевье-Молочник” по Шолом-Алейхему (это то, что я видел, а всего было 7 или 8 постановок), в ДК показывал свои “чудеса” Вольф Мессинг. Был еще окраинный район Форштадт, где евреи почти не селились. Вот он действительно был не очень ухожен. И еще: в городе стало грязнее после строительства шинного завода. До 1990 г. я очень часто приезжал в Бобруйск к матери, и теперь иногда посещаю могилы брата и племянника. С уверенностью скажу: 50-60 лет назад было чище…
Михаил Зверев, г. Минск

ЧЫМ НЬЮ-ЁРК АДРОЗЬНІВАЕЦЦА АД БАБРУЙСКУ?
Пасьля сталіцы ў Бабруйску адчуваеш вострае жаданьне нясьпешна шпацыраваць. Гэты дзіўны горад, быццам і пазбаўлены адзінага архітэктурнага ансамблю, утварае цу-доўную мазаіку з будынкаў розных стыляў і часоў. У Бабруйску ёсьць чым пацешыць вока.
Драўляныя дамкі з карункавымі шалёўкамі суседзяць з дыхтоўнымі камяніцамі, не пазбаўленымі фасаднага форсу. Будынак у прускім стылі побач з рамантычнай воданапорнай вежай, у якой разьмясьціўся рэстаран. Чырвоная цэгла былога гатэлю тут гарманічна дапаўняе мадэрновыя вокны суседняга даходнага дому.
Леташнія Дажынкі Бабруйск зусім не сапсавалі. Хутчэй наадварот. Расфарбаваны ў розныя колеры, гэты горад яшчэ больш выявіў сваю разнастайнасьць.
Але раптам сярод мноства архітэктурных дэталяў вока выхапіць адну, вельмі характэрную рысу — шасьціканцовая каменная зорка. Пасьля заўважыш парослы бур’янам мур з вокнамі ўсходняга ўзору. І захочацца пачуць спрадвечную мову Бабруйску – ідыш.
Мы шпацыруем з бабруйскім краязнаўцам, патрыётам свайго гораду Аляксандрам Чугуевым па адной з вуліцаў цэнтру, якой не закранулі Дажынкі. На былой вуліцы Інваліднай засталося ўсё так, як было сто гадоў таму – нават брук.
Аляксандар: “Месцамі тут захаваўся стары брук. Бабруйск — гэта габрэйскае мястэчка. Мне давялося вывучаць матэрыялы ў архіве, справаздачы ўпаўнаважанага ў рэлігійных культах, паваенныя дакумэнты, і там вельмі дакладна ў лічбах паказана, хто, колькі, у якіх адносінах і якія нацыянальнасьці ў Бабруйску жылі.
Уласна кажучы, працэнтаў семдзесят пяць было габрэйскага насельніцтва. А беларусы, яны жылі на хутарах. А цэнтар гораду і будаваўся на грошы габрэяў, і ўзьнік дзякуючы ім”.
Чамусьці старыя, пачарнелыя ад часу, але моцныя дамы стогадовай даўніны выглядаюць нашмат прывабнейшымі за шэрыя катэджы, якія ўжо там-сям зіхцяць мэталадахоўкай.
Аляксандар: “Вось, напрыклад, гэты драўляны дом. Чорны. Я магу даць гарантыю, што ён па вайне захаваўся, як ёсьць. І тут жыла нейкая габрэйская сям’я. І адсюль, з гэтай вуліцы пайшлі заснавальнікі прафсаюзнага руху, і Бунду. Цяпер мы ідзем па вельмі гістарычнай вуліцы”.
Карэспандэнт: “Ад гэтай эпохі што-небудзь засталося?”
Аляксандар: “Цяпер не. Гэта сапраўды была эпоха. Людзі старэйшага веку штораз адзначаюць, што з ад’ездам габрэяў зьнік нейкі калярыт. Зьнікла неперадавальная атмасфэра, якая панавала ў горадзе. Па шасьцідзясятых гадох сюды прыехалі былыя жыхары навакольных вёсак”. (…)
Да гаспадыні аднаго з дамоў я напрасіўся ў госьці. Надзея — пэнсіянэрка. У Бабруйск пераехала на пачатку шасьцідзясятых.
Надзея: “Чым адрозьніваецца Нью-Ёрк ад Бабруйску? У Нью-Ёрку чорныя на ўскраінах, а ў Бабруйску ўсярэдзіне. Гэта такі анэкдот хадзіў”.
Карэспандэнт: “Габрэяў многа было тады?”
Надзея: “Палавіна, напэўна. Гэта ж габрэйскі горад. Яны вельмі хітрыя. Што ў іх на душы, ніхто ня ведае, але зь імі было лёгка. Яны вельмі былі ветлівыя, культурныя. Мы ня чулі, як цяпер ідзеш... Мат на маце. Габрэі — гэта культурная нацыя. А мы халопамі былі, халопамі й засталіся”.
Карэспандэнт: “А ў чым выяўлялася гэтая культура?”
Надзея: “Яны былі ва ўсім культурнейшыя, і ў паводзінах асабліва. Зь імі было вельмі лёгка.
Яны і дапамогуць заўжды. Нашы людзі, як у тым анэкдоце, калі ты з бочкі са смалой вылазіш, цябе заткнуць. Гэта нашы людзі. А яны выцягнуць любога. А калі іх ня стала...”
Калі іх ня стала, горад нібы згубіў свой непаўторны твар. Так лічыць бабруйскі навуковец, этнограф Аляксей Нянадавец.
Спадар Аляксей прыехаў у Бабруйск напачатку васьмідзясятых, калі спрадвечныя гаспадары гораду яшчэ жылі тут. Нянадавец вельмі ўдзячны лёсу, што пасьпеў іх пабачыць і пачуць.
Аляксей: “Зьнік цэлы пласт культуры. Мне было так цікава стаяць збоку ці ззаду й слухаць, як размаўляюць старыя габрэі. Гэта такі калярыт быў. Потым габрэйская архітэктура. Адзін дом не паўтараў другога.
Чырвоная розэнбэргаўская цэгла – які ўваходзіў у сындыкат усясьветных гандляроў. Цяпер адмываюць гэты чырвоны колер, глядзяць, як яна блішчыць. Ведаеце, такое пачуваньне вечнасьці. Настолькі трывала”.
Карэспандэнт: “А што-небудзь перадалося ад іх бабруйчанам? Насельніцтва негабрэйскае пераняло ад іх ці не?”
Аляксей: “Давайце я лепш скажу пра сябе – што я мог пераняць ад габрэяў, зь якімі быў знаёмы. Па-першае, пачуцьцё годнасьці. Па-другое, гэта імкненьне да прафэсіяналізму. І потым пачуцьцё гумару.
Я засьпеў славутага Зяму, які быў сябрам майго цесьця. Побач з базарам быў магазын “Паляўнічы”. Ён там... Гэта быў кладзезь прыказак і прымавак. Там хацеў ці не хацеў, а што-небудзь ды купляў. Там усе клаліся з рогату.
Ён тут жа за прылаўкам выпіваў з пакупніком. Тут жа кажа: “Абмылі? Абмылі. Ну, не купіў. Наступным разам цябе абмыем”. У сэнсе, ногі. Разумееце? Настолькі ў яго гэта было высока пастаўлена.
Я памятаю легендарнага Мадэста, у гатэлі “Бабруйск”, у рэстаране. Ён быў легендарны повар. І калі яны адзін да аднаго набліжаюць твары і пачынаюць крычаць на ўсю вуліцу. І потым адзін на аднаго гавораць: “Чаго ты крычыш?” “Я думаў, што ты ня чуеш”. “Каб ты так еў, як я ня чую”.
Кампазытарка Валянціна Сярых, аўтарка вядомай Данчыкавай песьні “Мы яшчэ сустрэнемся...”, карэнная бабруйчанка. У горад дзяцінства Валянціна прыехала, каб наталіць настальгію па страчаным.
Валянціна: “Пасьляваенны час быў цяжкі, але вельмі вясёлы. І ўспаміны пра яго прыемныя. Была нейкая дэмакратычнасьць, прастата ў адносінах. Хадзілі на госьці, хадзілі на хрэсьбіны, хадзілі на вясельлі. Акрамя таго, што былі габрэйскія звычаі, яны пераклікаліся і зь беларускімі. Напрыклад, стравы. Фаршыраваная рыба. Бацька мой на Бярэзіне лавіў яе. Такім чынам выжывалі ў галодны час пасьля вайны.
І яны краўцы былі. Заўсёды ўсе імкнуліся трапіць пашыць новы касьцюм ці сукенку абавязкова да габрэйскага краўца. Ён лепей гэта зробіць. Жаночыя галаўныя ўборы таксама яны рабілі добра. З футра і са скуры, упрыгожвалі. Думаю, многае ў модзе пяцідзясятых, шасьцідзясятых пайшло з габрэйскага нацыянальнага стылю”.
У Бабруйскім краязнаўчым музэі, зь вельмі багатай і густоўна зробленай экспазыцыяй, (…) няма нават кутка, прысьвечанага бабруйскаму габрэйству.
На маё зьдзіўленьне, супрацоўніца адказала — маўляў, навошта вылучаць адну са шматлікіх нацыянальнасьцяў. Сама супрацоўніца прыехала з Архангельску. У той час, калі “прадстаўнікі адной з нацыянальнасьцяў”, якая будавала, фандавала, напаўняла гэты горад культурай і традыцыямі, ужо пакрысе ад’яжджалі.
Больш за ўсё я баўся, што так і не пачую ў сёньняшнім Бабруйску ідыш. Але ўсё ж на гэтай мове ў Бабруйску яшчэ ёсьць каму гаварыць.
Фаіна Пінхусоўна Айзэнштат, былая валейбалістка і выкладчыца расейскай мовы, сёньня адна з тых нешматлікіх, хто нікуды ня зьехаў. Прыгожая старая з выразным сэміцкім профілем і разумнымі вачыма частуе мяне каваю.
Карэспандэнт: “Ці ёсьць з кім пагаварыць на ідыш сёньня?”
Фаіна: “Я магу з вамі пагаварыць на ідыш. (На ідыш.) Ёсьць пажылыя людзі. Нямнога ўжо, але размаўляюць на ідыш”.
Карэспандэнт: “Што Бабруйск згубіў з масавым ад’ездам?”
Фаіна: “…Няма разынкі ў горадзе. Адзін прыклад, вельмі цікавы. Прадаюць жанчыны яйкі на рынку. Я праходжу міма. Паміж сабой жанчыны размаўляюць. “Няма жыдоў. Няма каму яйкі купляць”.
Карэспандэнт: “Я сёньня зайшоў у краязнаўчы музэй. Я думаў, што знайду там прынамсі...”
Фаіна: “Нічога няма”.
Карэспандэнт: “Бабруйскае габрэйства павінна быць...”
Фаіна: “Павінна. Я вам скажу больш. Калі плянаваўся новы будынак музэю, там плянавалася заля габрэйскай культуры. Але. Але...”
Карэспандэнт: “А чаму?”
Фаіна: “А хто нам кажа, чаму?”
Я папрасіў спадарыню Фаіну ў якасьці сувэніру падарыць мне колькі фразаў на ідыш.
Фаіна, на ідыш: “Добра, што вы да мяне прыйшлі. Я магу вам шмат чаго расказаць. Я помню людзей, якія жылі ў Бабруйску”.
Слухаючы гукі спрадвечнай мовы беларускага мястэчка, я часткова зразумеў, што страціў і Бабруйск, і ўся Беларусь з масавым ад’ездам габрэяў.
Гэта нельга растлумачыць словамі. Гэта тое, што ў крыві. Ва ўменьні трымаць галаву, ва ўменьні слухаць суразмоўцу, ва ўменьні трапным словам зьняць напругу, ва ўменьні пажартаваць зь сябе.
І гэтаму ўменьню, падобна на тое, навучыцца нельга. Прынамсі, пасьля пяцісот сумесна пражытых гадоў яны гэтае ўменьне звозяць назаўжды. Пакідаючы нам дамы й вуліцы. Дарэчы, чыстыя вуліцы...

Зьміцер Бартосік, Менск
(www.svaboda.org, 31.10.2007)

=======================================
ПАМЯЦЬ ЖЫВАЯ / ZIKARON KHAJ/ Lebedik zikorn / ПАМЯТЬ ЖИВАЯ / LIVING MEMORY

У № 31 “МЯТ!” быў надрукаваны матэрыял пра мастака Ц. Я. Кіпніса, але ранні перыяд яго творчасці застаўся “за кадрам”. Артыкул паэта-даследчыка Віктара Жыбуля дадае новыя фарбы ў вобраз чалавека, які сышоў чвэрць стагоддзя таму, але не забыты сябрамі.
ЦФАНІЯ КІПНІС – ДЭ ВЭ БЭКА

Напэўна, многім знаёмы біябібліяграфічны даведнік “Беларускія пісьменнікі”. Грунтоўныя шэсьць тамоў, зьмястоўныя. Толькі часам трапляюцца ў іх забаўныя абдрукоўкі й недакладнасьці. Вось і сярод выданьняў паэта Міколы Хведаровіча пазначана кніга “Ха: Пародыі; Шаржы; Дэ Вэ Бэкі. Мн., 1932 / Пад псеўд. Сабасцьян Старобінскі”. Спачатку я вырашыў, што “Дэ Вэ Бэкі” – гэта таксама нейкі сатырычны жанр. Аднак, адшукаўшы кнігу ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, пераканаўся: кропка з коскаю пасьля слова “Шаржы” – лішнія, а Дэ Вэ Бэка – псэўданім мастака. Празрыстае і паходжаньне гэтага прыдуманага імя: ДВБ – абрэвіятура Дзяржаўнага Выдавецтва Беларусі.
Сама кніга выйшла ў гомельскай друкарні “Палесдрук”. Выдадзена яна на адмысловай паперы жоўтага колеру, альбомнага фармату і прыцягвае ўвагу сваім незвычайным афармленьнем, якое – пры ўсім захаваньні калярыту той эпохі – выглядае даволі сучасна, ў соц-артаўскім духу, нечым нагадваючы малюнкі піцерскіх “Міцькоў”. Было ў творчай манеры мастака штосьці, што адрозьнівала яго ад іншых і выходзіла за межы беларускай мастацкай традыцыі: з дапамогаю, здавалася б, немудрагелістых штрыхоў мастак дасягаў незвычайнай гратэскавасьці, гіпэрбалізаванасьці ў сатырычнай абмалёўцы сваіх сучасьнікаў-літаратараў.
Цікаўнасьць да асобы мастака – яўна прафэсійнага і таленавітага – вы-мусіла мяне зьвярнуцца да Янкі Саламевіча, самага аўтарытэтнага дасьледчыка беларускіх псэўданімаў. «Дэ Вэ Бэка? – перапытаў Іван Уладзімеравіч, – Ведаю. Гэта габрэйскі мастак Цфаня Кіпніс. Пра яго мне ўсё адно не дазволілі б згадаць у першым выданьні “Слоўніка беларускіх псэўданімаў і крыптанімаў», бо Кіпніс зьехаў у Ізраіль, а да гэтага тады ставіліся адмоўна... Мне пра яго распавядалі Броўка, Хведаровіч...”.
У новым выданьні “Слоўніка псэўданімаў” імя Цфаніі-Гедаліі Кіпніса, безумоўна, будзе – балазе, гэты мастак амаль палову жыцьця пражыў на Беларусі. А нарадзіўся ён у 1905 г. на Украіне – у горадзе Валадарск-Валынску, што на Жытоміршчыне. З 1922 па 1927 г. вучыўся ў Кіеўскай мастацкай вучэльні (па іншых зьвестках, у 1928 г. закончыў Кіеўскі мастацкі тэхнікум). Там, ва ўкраінскай сталіцы, пачаў удзельнічаць у выставах. У 1929 г. Ц. Кіпніс пераехаў у Менск, дзе пасябраваў з многімі беларускімі мастакамі й пісьменьнікамі. Асабліва моцнае сяброўства зьвязва-ла яго з мастаком Барысам Малкіным, які датуль таксама навучаўся ў Кіеве. Улюбёным жанрам на той час для Кіпніса сталі сяброўскія шаржы. Акрамя кнігі “Ха”, яны зьмяшчаліся ў газэце “Літаратура і мастацтва”, іншых выданьнях. Мастак спрабаваў сябе і ў графіцы, і ў жывапісе, і ва ўжытковым мастацтве. У 1936 г. ён аздобіў вокладку кнігі “Хлопчык Мотка” Шолам-Алейхема ў беларускім перастварэньні Зьмітрака Бядулі, а таксама паўдзельнічаў у Асеньняй выставе мастакоў, прапанаваўшы гледачам дзьве працы: “Пэйзаж” і “Эскіз”. Цікава, што на той самай выставе экспанаваўся “Бюст мастака Г. Кіпніса”, выкананы Ільлём Эйдэльманам.
З другой паловы 1930-х гг. Цфанія Кіпніс распачаў кар’еру тэатральнага мастака. У 1937 г. ён зрабіў эскізы да спэктакля “Як гартавалася сталь” рэжысэраў Е. Міровіча і Ю. Палічынецкага паводле кнігі Мікалая Астроўскага. Аднак найбольш сталае і плённае супрацоўніцтва ў Ц. Кіпніса было зь Дзяржаўным яўрэйскім драматычным тэатрам БССР, дзе мастак аздобіў каля дзясятка п’ес (напр., “Суламіф” у 1938 г., “Сендэр Бланк” у 1940 г. – рэд.). У гады Другой сусьветнай вайны тэатар эвакуяваўся ў Новасібірск і працягваў там сваю дзейнасьць. А Цфанія Кіпніс пайшоў на фронт. Разам зь сябрам-паэтам Аркадзем Куляшовым яны працавалі ў армейскай газэце “Знамя Советов”. Тут для Кіпніса зьявілася нагода зноў узгадаць пра свой сатырычны талент: ён маляваў карыкатуры на фашыстаў, а Куляшоў часам рабіў да іх вершаваныя подпісы.
Пасьля вайны лёс закінуў Кіпніса ў Хабараўск, а потым у Бірабіджан, дзе мастак супрацоўнічаў зь мясцовымі тэатрамі. Вярнуўшыся на Беларусь, Цфанія Кіпніс нейкі час займаўся кніжнай графікай – аформіў, напрыклад, кнігі “На мяжы магчымага” Вадзіма Ахотнікава (1950) і “Возвращение к жизни” Лазара Кацовіча (1952). Потым працаваў у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек, Бабруйскім беларускім вандроўным калгасна-саўгасным тэатры, Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Янкі Купалы... І ўсё ж мастака мучыла настальгія па зачыненым уладамі ў 1949 г. Яўрэйскім драматычным, і не было ніводнай выставы, дзе Кіпніс не экспанаваў бы эскізаў, зробленых менавіта для гэтага тэатра яшчэ да вайны – быццам хацеў сказаць, нават крыкнуць, што нягледзячы на ўсе забароны, на ўсе хвалі антысэмітызму яўрэйская культура ў савецкай Беларусі ўсё адно жыве.
Акрамя тэатраў і выдавецтваў, Цфанія Кіпніс працаваў у Мастацкім фондзе БССР і пэўны час зьяўляўся нават яго старшынём, а пасьля выхаду на пэнсію – шараговым членам. Пакуль ня быў выключаны за сваё жаданьне выехаць у Ізраіль. Неўзабаве пасьля таго выпадку да яго падыйшоў галоўны мастак фонду Ля-вон Баразна і прызначыў сустрэчу ўвечары на бязьлюдным стадыёне “Дынама”. Там ён сказаў Кіпнісу: “І мне, Беларусу, і табе, Яўрэю, аднолькава няма чаго тут рабіць. Я хачу ў Канаду – там больш беларускага, чым у БССР... Дык вось я й прашу – зрабі мне ласку: як прыедзеш у Ізраіль, дасылай мне запрашэньне! А я церазь Ізраіль у Канаду дабяруся: ёсьць у мяне там нехта. Я табе веру, Кіпніс, ты зробіш гэта” (гл.: “Беларус” [Нью-Ёрк], 1982, лістапад-сьнежань, № 306-307, с. 6). Празь некалькі дзён Баразну забілі невядомыя – проста на вуліцы, нажом у сэрца....
Пра далейшыя прыгоды Цфаніі Кіпніса чытачы “Мы яшчэ тут!” ужо ведаюць: абвінавачаны ў стварэньні антысавецкай сіянісцкай арганізацыі, ён адседзеў паўгода ў камэры-адзіночцы менскага КДБ і быў вызвалены толькі дзякуючы ўмяшальніцтву міжнароднае грамадзкасьці. Пасьля чаго нарэшце выехаў з жонкаю ў Ізраіль, дзе працягваў творчую дзейнасьць. Памёр 26 красавіка 1982 г. Сябрам ён запомніўся як шчодры, абаяльны й поўны энэргіі чалавек, гарачы патрыёт габрэйскага народу. Аднак і беларускі народ павінен быць яму ўдзячны – за аздабленне п’ес Купалы, Міровіча, Вольскага, за арыгінальныя шаржы на вядомых паэтаў.
Віктар ЖЫБУЛЬ
===========
ДАТЫ, ЮБІЛЕІ
120 гадоў таму доктар Заменгоф упершыню ўзяў сабе псеўданім “Эсперанта”, які даў назву міжнароднай мове.
75 гадоў таму на Ўкраіне пачаўся Галадамор – зачапіў і Беларусь, унёс мільёны жыццяў.
70 гадоў споўнілася ГАШу (Грыгорыю Аронавічу Шмуленсону), інжынеру, паэту-парадысту і шахматысту. Праславіўся як складальнік эцюдаў, у пачатку 1990-х пераехаў з Мінска ў Ізраіль. Ці не дзякуючы ягонай творчасці Барыс Гельфанд заняў у чэмпіянаце свету 2007 г. 2-3 месцы?
60 гадоў – вядомаму мінскаму музыканту Льву Маеўскаму, які выконвае і яўрэйскія мелодыі. Наш чытач!
25 гадоў таму Аарон Клуг з Зэльвы, што на Гарадзеншчыне, атрымаў Нобелеўскую прэмію ў галіне хіміі. Праўда, к таму часу славуты біёлаг жыў у Брытаніі.
================================
НОВЫЯ КНIГI

Голденков М. Полёт дубового листа: роман. – Минск: Логвинов, 2007. – 492 с. 1000 экз. Аўтар, названы ў анатацыі “культавым”, цягне чытачоў у свет сексу, музыкі, легенд і маладзёжнага жаргону. Карцінкі з жыцця мінскага “ін’язу” канца 1980-х перамяшаныя з успамінамі выпадкова сустрэтага старога яўрэя пра вайну і гета. Гэты самы персанаж пад піва апавядае студэнтам пра валожынскія карані Керка Дугласа ды Марка Болана, пра забойства ў Мінску Саламона Міхоэлса… Відавочна, аднак, што “яўрэйскія сюжэты” – толькі фон для вясёлага раманіста, і не выпадкова ў тэксце сустракаюцца перлы накшталт “Шлема Перес” і “дядя Беня Гурион из Пинска” (Перэса завуць Шымон, а Давід Грын, aka Бен Гурыён, нарадзіўся ў польскім Плонску). Мас-культура, што паробіш.
Кобец-Філімонава А. Карэльскія Курапаты 1937-1938: расстрэльныя спісы беларусаў і асуджаных у Беларусі. Рэха ГУЛАГа. – Мінск: Кнігазбор, 2007. – 180 с. 200 ас. Надзвычай каштоўнае выданне для ўсіх, хто яшчэ не зразумеў, што было да чаго ў сталінскія часы. У спісах расстраляных нямала яўрэйскіх прозвішчаў. Друкуюцца ў кнізе і ўспаміны яўрэйкі Фрыды Бадат (Ідэльчык) аб жахлівым зняволенні ў Комі АССР. Заслуга аўтаркі – дакладней, аўтаркі-складальніцы – і ў напаміне пра рэпрэсаваную паэтку Лесю Беларуску.
Репрессивная политика советской власти в Беларуси. Вып. 1. Минск, 2007. – 376 с. 200 экз.; Вып. 2. Мн., 2007. – 378 с. 200 экз.; Вып. 3. Мн., 2007. – 374 с. 200 экз. Важкія тамы, укладзеныя І. Кузняцовым і Я. Басіным; кожны выпуск змяшчае прыкладна па 20 матэрыялаў рознага ўзроўню. Ёсць сярод іх дужа цікавыя: даследаванне Ірыны Кашталян “Эканамічная штодзённасць БССР у 1944-1953 гг.”, артыкул Леаніда Смілавіцкага “Сионистский след в Турове”, змест якога шырэйшы за назву і абдымае дзейнасць сіяністаў у БССР 1920-х гг. Падрабязная хроніка палітычнага знішчэння Бунда ў Беларусі прадстаўлена Анатолем Вялікім. Аднак наўрад ці ўпрыгожваюць “зборнікі навуковых работ” перадрукі даўно вядомых тэкстаў (Э. Левін, А. Ліўшыц, Л. Лыч, М. Трэйстэр…), прычым дата і месца першай публікацыі не называюцца. Некаторыя аўтары на момант выхаду зборнікаў не жылі на гэтым свеце (І. Канапацкі, А. Лейзераў, В. Чаркасава), і гэта варта было пазначыць. А вось камланні ўкладальнікаў у духу нябожчыка Ігара Талькова: “Где, в какой стране власть пролила столько крови?! Где, в какой другой стране было заплачено миллионами человеческих жизней за установление нового общественного порядка?!” у навуковым выданні не былі абавязковымі.
Симанович Д. Радость молнии: избр. лирика шестидесятилетия, 1946-2006. Мн.: Медисонт, 2007. – 320 с. 1000 экз. Трохі самарэкламная кніга 75-гадовага лаўрэата Шагалаўскай прэміі: “Я вернул Шагала домой… Да зачтется мне подвиг мой…” Адчуваецца, што многія вершы “патрыярх Давід” пісаў перадусім для таго, каб падбадзёрыць сябе ў цяжкія часы: “И надо жить! И надо любить!” Пасля гэткіх заклікаў пытанняў бадай не застаецца.
Баторын Ф. На вуліцы Максіма Багдановіча: Вершы, паэмы. Мн.: Медысонт, 2007. – 424 с. 100 экз. Як заўжды, актуальныя і філасафічныя творы мінскага ўрача (адзначым паэму пра любоў “Бальніца”). Аўтар эксперыментуе з шматмоўем – сям-там радкі ў беларускамоўных вершах напісаныя на рускай і ідышы. Рэдактар, Леанід Дранько-Майсюк, угледзеў у творчасці Ф. Баторына “жарты ў стылі куртуазна-маньерысцкай літаратуры” і “пафас неабходнай (!) публіцыстыкі”. Нягледзячы на крыўдныя памылкі друку, дыхтоўны зборнік, ад якога спакайней на душы.
Антологiя єврейської поезiї: Укр. переклади з їдишу / Укл. В. Чернiн, В. Богуславська; Нац. ун-т «Києво-Могилянська академiя», Центр дослiджень євр. iсторiї та культури, Iн-т юдаїки. – Київ: Дух i Лiтера, 2007. – 672 с. У анталогіі – пераклады вершаў Л. Найдуса, Ф. Хаймовіча і інш. ураджэнцаў Беларусі.
* * *
Кагадзе ў выдавецтве “Рыфтур” выйшаў альбом “Синагоги”, укладзены філакартыстам Уладзімірам Ліхадзедавым, лаўрэатам афіцыёзнай прэміі “За духоўнае адраджэнне”. Дзякуй яму і выдаўцам за падборку фотаздымкаў ды малюнкаў (у т.л. рэдкіх), ды не пагодзімся з тэзісам, што “сінагогі, якія засталіся, можна пералічыць на пальцах”. Нават нявернутыя іудзеям будынкі (а такіх у Беларусі некалькі дзесяткаў), захоўваюць сваю святасць і статус сінагог.
Даведкі пра “Cинагоги” – праз logo@tio.by.

=====================================================================================
Адрас для лістоў: Рубінчык С.В., Беларусь, Мінск, 220082, вул. Матусевіча, 16-65. (Matusevicha, 16/65, Minsk, Belarus, 220082).
Надрукавана 09.12.2007. Тыраж 170 экз. Бясплатна. Адказны за выпуск – У.П.Рубінчык (rubinczyk@yahoo.com).
Правы на матэрыялы «Мы яшчэ тут!» захоўваюцца за аўтарамі. Бюлетэнь распаўсюджваецца ў Беларусі, Ізраілі, ЗША, Расіі і інш. краінах. Інтэрнэт-версію бюлетэня шукайце на сайце Аб’яднання выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі: www.souz.co.il/belzem. Рубрыка «Наши друзья»
=====================================================================================




Copyright © 2000 Pastech Software ltd Пишите нам: info@souz.co.il