Новости   Доски объявлений Бизнес-каталог   Афиша   Развлечения  Туризм    Работа     Право   Знакомства
Home Page - Входная страница портала 'СОЮЗ'
ТВ-программа Гороскопы Форумы Чаты Юмор Игры О Израиле Интересное Любовь и Секс



 Главная
 Правление
 Новости
 История
 Объявления
 Фотоальбом
 
 Статьи и фото
 Интересные люди
 Работа объединения
 Форум
 ЧАТ
 
 Всё о культуре
 Гродненская область
 Могилевская область
 Наши друзья
 Витебская область
 ОТЗЫВЫ О НАШЕМ САЙТЕ (ЖАЛОБНАЯ КНИГА)
 Гомельскя область
 Брестская область
 НОВОСТИ ПОСОЛЬСТВА БЕЛАРУСИ
 Минская область
 Ссылки
 ВСЕ О ЛУКАШЕНКО
 Евреи г. Борисова
 Евреи Пинска



Поиск Любви  
Я   
Ищу  
Возраст -
Где?








“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!” Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Мінск). Выпуск № XXII, кастрычнік 2006 г. / хешван 5767
“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!” Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Мінск).
Выпуск № XXII, кастрычнік 2006 г. / хешван 5767 г.
====================================================
ПАМЯЦЬ НЕ ПАМІРАЕ

Каля 20 гадоў беларускія егеры даглядаюць памятны знак, устаноўлены побач з месцам расстрэла яўрэяў у бязлюднай мясцовасці. Вось і цяпер ля помніка акуратна скошана трава, ускладзены вянок і кветкі, хаця вакол на шмат кіламетраў няма не толькі населеных пунктаў, а нават дарогі. Дабрацца да знака можна толькі па меліяратыўным і Агінскім каналах, на чаўне. Іменна так сюды трапляюць егеры Ляхавіцкага лясніцтва.
На беразе Агінскага канала ў 1942 г. адбылася жудасная бойка, дзе загінула многа немцаў і партызанаў. Тутсама былі расстраляны і мясцовыя яўрэі.

НОВАЕ КІРАЎНІЦТВА Ў СУПОЛЦЫ МАГІЛЁВА

Яўрэі Магілёва спадзяюцца на актывізацыю работы яўрэйскай суполкі ў сувязі з пераабраннем старшыні суполкі і праўлення. На справаздачна-выбарчы сход прыйшлі больш за 70 чалавек. Новым старшынёй (замест Уладзіміра Шэлектара) стаў кандыдат медыцынскіх навук, галоўны ўрач станцыі пералівання крыві Барыс Гольдэнберг.
1,
ГРАНДЫЁЗНАЕ СВЯТА

Незвычайна завяршылася святкаванне Сукот у яўрэйскай супол-цы Гродна. Яно адбывалася ў гарадзенскай сінагозе. У вялізнай суке (больш за 70 кв. метраў) рабін руху ХАБАД Іцхак Кофман правёў блаславенне і ўсе адпаведныя абрады. Тут прайшла і трапеза.
А на вуліцы тым часам гучаў саксафон, яго суправаджалі клавішныя – гэта музыканты віртуозна выконвалі яўрэйскія мелодыі.
«Мы ўпершыню так маштабна і весела адсвяткавалі Сукот, – расказаў АЯН старшыня іудзейскай рэлігійнай абшчыны Барыс Квяткоўскі. – Сабраліся практычна ўсе яўрэі Гродна. Такой колькасці людзей яшчэ не было ў сінагозе».

Ілля Разумоўскі, Агенцтва яўрэйскіх навінаў (www.aen.ru)

ШАБЛОННАЯ ІМПРЭЗА

22 кастрычніка на «Яме» сотню пажылых людзей віталі нуднікі з пасольства Ізраіля і «Джойнта». А як падышла групка школьнікаў, вядучы закрыў мітынг, хоць дзецям якраз было б карысна даведацца пра гісторыю мінскага гета.

НАВУМ КІСЬЛІК

Калі сям’я Кісьлікаў вярнулася ў 30-я гады з Масквы ў родны Віцебск, Навума аддалі ў беларускую школу. На адным зь першых урокаў малы разрумзаўся, бо анічога не разумеў. Дзякуючы таму выпадку Кісьлік потым усё жыцьцё ня мог спакойна слухаць разважаньні, што беларускай мовы, маўляў, не існуе, а беларусы й расейцы – адзін народ. «Чушь, голубчик!» – чулі ягоныя апанэнты, а потым зазвычай бывалі разьбітыя неабвержнымі аргумэнтамі расейскамоўнага паэта.
Спадар Навум меў амаль сьляпое левае вока – вынік цяжкага раненьня ў Курскай бітве, але ягоны паэтычны зрок быў надзвычай вострым і дакладным. Сябар Кісьліка і аўтар дасьціпных успамінаў пра яго Валянцін Тарас, называючы галоўным матывам творчасьці паэта вайну, дакладней, чалавека на вайне, падкрэсьлівае ягоную вернасьць той самай «акопнай праўдзе», якой быў адданы Васіль Быкаў.

В мать и в душу, в бога и отца! –ускользает доля, что обмылок.
Нету нормы только для свинца:
в лоб – чужого,
своего – в затылок, –

пісаў Кісьлік у вершы пра створаныя на загад Сталіна «заградатрады».
Ён быў ня толькі арыгінальным паэтам, але і таленавітым перакладчыкам на расейскую твораў Янкі Купалы, Рыгора Барадуліна, Уладзімера Караткевіча, які называў Кісьлікава пераўвасабленьне свайго раману «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» «проста бліскучым». (…)
Амаль чвэрць стагодзьдзя ён жыў у Менску на першым паверсе дому № 3 па вуліцы Фрунзэ. У наступным будынку № 5 месьціўся Дом літаратара (цяпер ужо захоплены ўпраўленьнем справамі прэзыдэнта). Ці трэба казаць, што такая «геаграфія» прыводзіла ў гасьцінную кватэру Кісьлікаў квецень нашага прыгожага пісьменства. Калі-небудзь Дом літаратара вернецца законным уладальнікам, а на суседнім доме № 3, ня выключана, зьявяцца мэмарыяльныя шыльды зь імёнамі Навума Кісьліка і знакамітых асобаў, што завітвалі да яго…

Уладзімер Арлоў,
www.svaboda.org (27.09.2006)

Яшчэ пра Н. Кісліка (1925–1998): Тарас Вал. Паэты не паміраюць // “Наша Ніва” (www.nn.by), № 4, 2006.
=============
Узі Вайль

Опэра
1
У опэры людзі пакутуюць, і ў жыцьці людзі пакутуюць. У опэры часта памірае галоўная гераіня – і ў жыцьці дзяўчаты часьцяком сыходзяць з жыцьця. У опэры людзі сьпяваюць – і ў жыцьці людзі сьпяваюць, хаця чамусьці ня так гучна. Выходзіць, што опэра – акурат жыцьцё, але чамусьці гэтыя сволачы бяруць 300 шэкеляў за квіток!!!
* * *
Я ня вельмі каб адрозьніваў трох вялікіх тэнараў. Я нават ня ўпэўнены, што ведаю, чым ёсьць тэнар. Напрыклад, калі я ўбачу тэнара на вуліцы, я ня ўпэўнены, што адрозьню яго ад не-тэнара. Адзінае, што непакоіць мяне: чаму іх толькі тры? Яны што, нейкі выміраючы від?
* * *
Далібог – ніколі ня бачыў, каб вы трое адначасова глядзелі адзін і той жа канал! Што там паказваюць? Лючана Павароці скача зь Вялікага каньёну?

Буржуазія задаволена не да канца

Учора я быў у адным месцы, дзе прадавалі розныя новыя прыбамбасікі, якіх я яшчэ ня ведаў, дык я адразу ж купіў тры: адзін сябе, адзін – каб было, і адзін у кухню.
* * *
Я мару калі-небудзь стаць багатай. Ёсьць людзі, якія сталі настолькі багатымі, што страцілі ўсякую сувязь з чалавецтвам. Вось такой багатай я і хачу быць.
* * *
Я пачаў чытаць кнігу і не атрымаў асалоды. Потым заняўся сэксам і атрымаў асалоду. Раблю выснову, што вінаватая кніга, паколькі я ня маю праблемаў з атрыманьнем асалоды, калі ёсьць магчымасьць.
* * *
Ёсьць від душэўнага спакою, накшталт будыскага. Крыніца яго – у веданьні, што ў цябе ёсьць грошы на рахунку.

ШАБАК

Бозі Цадыкаў: Маё імя Бозі Цадыкаў. Я вынаходнік шкарпэтак.
Кіраўнік ШАБАКа: Вынаходнік шкарпэтак? Які, да халеры, вынаходнік шкарпэтак? Што тут вынаходзіць? Дзьвесьце гадоў нічога не мянялася: кавалак тканіны, які надзяваюць на ногі. Лухта нейкая – праверце яго.
Супрацоўнік ШАБАКа: Камандзір, ужо праверылі.
Кіраўнік ШАБАКа: І?
Супрацоўнік ШАБАКа: Ён сапраўды вынайшаў шкарпэткі.
Кіраўнік ШАБАКа: Як так?
Супрацоўнік ШАБАКа: Самі зірніце.
Кіраўнік ШАБАКа: А-га! Што гэта? Дай-ка на хвілінку адзець... Ваў! Супэр! Фантастыка! Так прыемна... што ажно... ахххх... Давай, давай другую!...
Супрацоўнік ШАБАКа: Мы канфіскавалі толькі адну, камандзір.
Кіраўнік ШАБАКа: Не брашы мне! Давай хутчэй другую!
Супрацоўнік ШАБАКа: Але, камандзір...
Кіраўнік ШАБАКа: Гэта загад!
Супрацоўнік ШАБАКа: Добра... Калі вы... калі ласка, трымайце... Халера, мне было так добра! Камандзір, гэта несправядліва.
Супрацоўнік ШАБАКа (адзін): З таго часу як шэф сьцягнуў шкарпэтку, якую вынайшаў Бозі Цадыкаў, маё жыцьцё як у тумане. Варта ёй толькі дакрануцца да тваёй нагі – і ты адразу разумееш, што ніколі, ніколі ўжо ня здолееш жыць безь яе. Бяз гэтай свабоды. Гэтай разьняволенасьці. Прыемнай утульнасьці. Я лашчу і лашчу сваю левую нагу, дзе была шкарпэтка, і хоць ты што – пустэча… Гэта як схадзіць да прастытуткі пасьля таго, як быў закаханы. Цяпер адно выйсьце – сьмерць, але я з харошай сямі.

З мовы іўрыт пераклаў Павал Касьцюкевіч

Узі Вайль (1964 г. нар.) – ізраільскі сатырык, нарадзіўся і жыве ў Тэль-Авіве. Яго жартоўная казка “Цырымонія змены ганаровай варты” друкавалася ў “МЯТ!” № 19.
=====================
Pinie Plotkin

FARNACHT NEBN TAJCH

Fun dem derfl vos hot iz farhit
Lengojs dem farvoksenem breg
A shtile vajsrusishe lid
Baglejt mich, bagajstert un regt.
Ich ze: dort a licht cindt zich on,
Ruik a shterndl falt
Vu nit geajlt af a klion
Hot zich prituliet a shvalb.
Ergec a cvajg in der hojch
Hot far ir fartik a nest,
Shtil. Af dem tajch, vi a rojch,
Hot zich der nepl gezect.
“Ierushalaimer almanach”, № 24.
=========================================
З БЛАКНОТА ПРАВАКАТАРА

Прыходзіць у хату мілы госць з Амерыкі – “яўрэйскі беларус” з вялікай лысінай. Жартую: “О, Вы – рыхтык Розенбаўм”. Засыкаў: “Розенбаўм? Каторы прадаўся маскалям?” І потым гадзіны з дзве даводзіў, што беларусам патрэбны такія героі, як Віцьбіч і Булак-Балаховіч. Мала што яны цкавалі нашых супляменнікаў: “Час быў такі”. Уладзімір Караткевіч жа яму не даспадобы: “сацыяліст” (прагучала амаль як “бандыт”)…
Па развітанні я прыгадаў развагі дамарослага філосафа Льва Крывіцкага: калі яўрэй робіцца заўзятым нацыяналістам, то, жадаючы быць “большым каталіком, чым Папа”, амаль непазбежна плюе на свае карані. Абы пабразгаць чужою зброяй ды на мітынгу засвяціцца.
* * *
“Роля ў мяне толькі адна: быць самім сабой. Іншых не хачу”, – ганарыста заявіў N., газетчык-яўрэй, у канцы кнігі № 1 сваіх мемуараў. А сам толькі на маёй памяці тройчы дэманстраваў здольнасці да самаадмаўлення… Дый з кнігі вынікае: не меў гэты досыць таленавіты дзядзька ўласнага аблічча, а намагаецца вымаляваць яго постфактум. Усю дарогу жывіўся чужымі ідэйкамі: быў то апантаным камсамольцам-камуністам, то, пасля змены дэкарацый, не менш апантаным антыкамуністам, агітатарам за сіянізм… Каб жа адзін N.: такая ў нас і “пазіцыя”, і “апазіцыя”, бесхрыбетная, не звыклая да самастойных роздумаў над тым, што было, што адбываецца тут і цяпер, што будзе заўтра.
* * *
Вычытаў у камуністычнай газеце “Товарищ”: мастак Алесь Пушкін набраўся розуму. Калісьці марыў пра Беларусь “без жыдоў і камуністаў” (за што і быў асуджаны шчэ пры Саветах), а цяпер кажа, што ў беларускіх бедах вінаваты не жыды і камуністы, а “хутчэй за ўсё, мы самі”.
Пушкіны разумнеюць, толькі мы, беларускія яўрэі, паразумнець ніяк не можам. Сябе не выключаю. Надоечы падышоў шахматыст, знаёмы па юнацкіх турнірах: “Як жа гэта ты, Валодзя, “здаў” часопіс?” Гэта ён пра “Шахматы”, дзе я ў 2003 г. фактычна сузаснавальнікам быў і адкуль мяне скора выкінулі “партнёры”. “Вы ж, яўрэі, павінны быць разумныя”. Што было адказаць? Што наіўна спадзяваўся на чыёсьці сумленне, на тое, што хоць у судзе сікша з лялечным тварыкам перастане хлусіць? Дык пра тое ўсё і ўспамінаць цяжка.
З другога боку, а як жыць, не спадзеючыся? Здаецца, у 1939 г. Зэеў Жабацінскі кінуў маладзейшаму паплечніку, Менахему Бегіну: “Калі не верыш у сумленне свету, ідзі тапіся ў Вісле”. У Варшаве дзела было. Бегін тапіцца не пайшоў.
* * *
Чаму “правакатар”? Маю няпоўных 30 год, а колькі разоў мне ляпілі гэтую мянушку розныя... Сябрук Глеба Паўлоўскага на сваім “аналітычным” сайціку, мастак-урбаніст на сходзе паважанай яўрэйскай суполкі, дахадзяга з “Беларускага гістэрычнага часопісу”. Спачатку крыўдаваў, потым вырашыў: ну і кадук на вас. Першае значэнне французскага provocateur – “той, хто выклікае”, а выклікаць жа можна і змены да лепшага. Кожны жывы чалавек кагосьці правакуе, найменшыя правакатары – там, дзе найбольшая “стабільнасць”, на могілках.

Вольф Р-к
=======================================================================================
Адрас для лістоў: Рубінчык С.В., Беларусь, Мінск, 220082, вул. Матусевіча, 16-65. (Matusevicha, 16/65, Minsk, Belarus, 220082).
Надрукавана 24.10.2006. Тыраж 120 экз. Бясплатна. Адказны за выпуск – У.П.Рубінчык (rubinczyk@yahoo.com).
Правы на матэрыялы «Мы яшчэ тут!» захоўваюцца за аўтарамі. Бюлетэнь распаўсюджваецца ў Беларусі, Ізраілі, ЗША, Расіі і іншых краінах. Інтэрнэт-версію бюлетэня шукайце на сайце Аб’яднання выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі: www.souz.co.il/belzem. Рубрыка «Наши друзья»
=======================================================================================




Copyright © 2000 Pastech Software ltd Пишите нам: info@souz.co.il