Новости   Доски объявлений Бизнес-каталог   Афиша   Развлечения  Туризм    Работа     Право   Знакомства
Home Page - Входная страница портала 'СОЮЗ'
ТВ-программа Гороскопы Форумы Чаты Юмор Игры О Израиле Интересное Любовь и Секс



 Главная
 Правление
 Новости
 История
 Объявления
 Фотоальбом
 
 Статьи и фото
 Интересные люди
 Работа объединения
 Форум
 ЧАТ
 
 Всё о культуре
 Гродненская область
 Могилевская область
 Наши друзья
 Витебская область
 ОТЗЫВЫ О НАШЕМ САЙТЕ (ЖАЛОБНАЯ КНИГА)
 Гомельскя область
 Брестская область
 НОВОСТИ ПОСОЛЬСТВА БЕЛАРУСИ
 Минская область
 Ссылки
 ВСЕ О ЛУКАШЕНКО
 Евреи г. Борисова
 Евреи Пинска



Поиск Любви  
Я   
Ищу  
Возраст -
Где?








“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!” Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Мінск). Выпуск XXIII, лістапад 2006 г. / кіслеў 5767 г.
“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!”
Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Мінск).
Выпуск XXIII, лістапад 2006 г. / кіслеў 5767 г.
====================================================
Вы яшчэ тут, і гэта суцяшае.
Ул. Арлоў, г. Менск.
* * *
Цудоўная крыжаванка [у № 22] і, вядома, Узі Вайль (асабліва фінал “Шабаку”)
П. Севярынец, в. Малое Сітна.
* * *
Так, мы яшчэ тут. Хоць адзін журфакаўскі дзядзька (рабіў у газетцы «7 дней») некалі павучаў слухачоў Рэспубліканскага інстытуту вышэйшай школы: «Без грошай ніводнае выданне існаваць не можа. Вось і гэтае – пасля дзесятага выпуску заглухне».
Ганарымся, што сёлета падчас вобыску ў маладафронтаўцаў КДБ канфіскаваў і «Мы яшчэ тут!». Амаль так, як ганарыліся аўтары кніг, спаленых на загад дыпламаваных малпаў у 1930-х гг. Выказваем словы падтрымкі ўсім, каму было асабліва цяжка ў гэтую восень: польскай дзяячцы Анжаліцы Борыс, лідэру «Маладога фронту» Змітру Дашкевічу, палітыку Аляксандру Казуліну, дысідэнтцы Кацярыне Садоўскай, многім іншым.
Застаецца пашкадаваць, што на кастрычніцкі зварот інтэлігенцыі – заклік да салідарнасці з пратэстантамі, у якіх улады намагаліся адабраць храм – нашы яўрэйскія бонзы не далі ўцямнага адказу. Зрэшты, час усё расставіць на свае месцы.
Будзьце з намі, дасылайце водгукі, перадавайце бюлетэнь сябрам і знаёмым. У гэтым нумары мы пачынаем друкаваць смяхотны «Ізраільскі дзённік» нашаніўскай зоркі, маладога ізраільска-беларускага літаратара і перакладчыка Паўла Касцюкевіча. Зорка абяцае хуткі працяг…

КАПЛАН, ЗЯМЛЯК ВЫЛІВАХІ

14 лістапада адбылося адкрыцьцё выставы твораў Анатоля (Танхума) Каплана, аднаго з найлепшых графікаў XX ст. (1902-1980). Мастака не абдзялялі ні прыжыцьцёвай, ні пасьмяротнай славай, кнігі і выставы зрабілі ягонае імя шырака вядомым.
Беларусь жа на доўгі час заставалася недатычнай да сусьветнага трыюмфу Каплана. Між тым менавіта да беларускай зямлі заўсёды быў зьвернуты ўдзячны і мудры погляд мастака. Маленства і юнацтва Каплана прайшлі на «мяжы аселасьці», у Рагачове. Сюды ён вяртаўся неаднакроць, зьехаўшы з роднага гораду ў Петраград, каб вучыцца ў Акадэміі мастацтва.
«Візытоўкай» мастака сталі літаграфіі паводле твораў габрэйскіх пісьменьнікаў Шолам-Алэйхема і Мендэле Мойхер-Сфойрыма. Сьвет гэтых піьменьнікаў быў знаёмы нараджэнцу Рагачова ня з чутак. Тэма «малой радзімы» знайшла ўвасабленьне ў сэрыі афортаў «Успаміны аб Рагачове». Рагачоўскі побыт з экзотыкай мясцовых густаў ператвораны ў працах Каплана лірычнымі перажываньнямі, запраўлены народным гумарам.
Гэтая выстава незвычайная. Гэта – падарунак сяброў Анатоля Каплана з Дрэздэну, Рудольфа Маера і Анналізы Маер-Мэйнчэль. На працягу многіх год яна арганізоўвалі выставы мастака ў Нямеччыне, а цяпер значную частку свайго збору (399 графічных аркушаў, больш як 20 кніг і каталёгаў) вырашылі падарыць малой радзіме мастака – Беларусі.


(Паводле «Нашай Нівы», № 42, 17 лістапада 2006 г.)

P.S. Пабачыць творы Каплана можна ў Нацыянальным мастацкім музеі (Мінск, вул. Леніна, 20) да 30 лістапада. Тэл. для даведак: 227-71-63.
================================
У МЕНСКУ АДБЫЛАСЯ АКЦЫЯ ПАМЯЦІ АХВЯРАЎ ФАШЫЗМУ І АНТЫСЕМЫТЫЗМУ

У ноч на 10 лістапада 1938 г. па ўсёй Нямеччыне прайшлі габрэйскія пагромы, якія атрымалі назву «крыштальная ноч» – аскепкамі шкла былі ўсеяныя вуліцы гарадоў. У тую ноч загінула мноства габрэяў, былі падпаленыя сынагогі, разбураныя й разрабаваныя крамы. Каля 30 тысяч габрэяў арыштавалі й выслалі ў канцлягеры. Пасьля «крыштальнай ночы» большасьць габрэйскіх арганізацыяў Нямеччыны зачынілі, а назіраньне за габрэямі перадалі гестапа. Гэтак пачаўся Халакост.
Дзявятага лістапада 2006 г. прадстаўнікі розных моладзевых арганізацый, у тым ліку і актывісты «Маладога фронту», прыйшлі а 19-й гадзіне да помніку на «Яме» ў Менску. Вакол назіралася вельмі шмат супрацоўнікаў міліцыі, але моладзь яны не чапалі. Моладзь запаліла сьвечкі і ўшанавала хвілінай маўчаньня ахвяраў фашызму.
Паводле www.mfront.net

Гэта было 9 лістапада. А ўжо праз пару дзён…

Невядомыя апаганілі мэмарыял
«Яма» і Ізраільскі цэнтар

Будынак дому культуры па вуліцы Ўральскай, дзе месьціцца Ізраільскі культурна-інфармацыйны цэнтар, размаляваны нацысцкай свастыкай і антысэміцкімі лёзунгамі. Фігуры помніка ахвяраў менскага гета ў мэмарыяле «Яма» залітыя фарбай. Побач была антысэміцкая ўлётка.
Паводле «Радыё Свабода», www.svaboda.org.
===========================================
ШТО ВУЛЬФ СОСЕНСКІ ПІСАЎ АНТОНУ ЛУЦКЕВІЧУ Ў 1935 г.

“Шаноўны дзядзька Антоні! Як ваша здароўя, як пажываеце? Ці багата ваша праца, і як працуецца? ці добра, ці карысна вам йдзе праца? Як гадуюцца вашыя дзеткі? Гдзе прыбываеце, ці вясола, ці лагодна, ведаеце, дзядзька, некалі меў я вам шмат чаго казаць і многа чым дзяліцца, але судзьба гэтага не хацела. Пагэтаму нехай досыць будзе, што ёсьць... а ёсьцека досыць: адзін з маіх сыноў хворы на эпілепсію, беднота на вушы, наастатку мне яшчэ і горшая бяда спадкала, 1/ІІІ г.г. мне жонка памерла, і пакінула мне шасьцёра малых дзяцей, дзяцей як боб дробных, як мак, і жыві на сьвеце, рабі што хочаш! Вы мне прабачыце і выбачайце, не прышоў я к вам маім гэтым пісьмом, каб вам усю маю бяду выліваць, каб маю гору вам расказаць, печалі і бяды. Думаю, цяперака усім досыць хапаець. Хочу во што: 1) я маю цікавы зборнік бел.-жыд. фольклору (пэўна за адзін дзень яго не назьбіраў). Ён састаўляець цэнны, багаты навучны, гістарычна-этнографічны матэрыял, каторага я меў на ўвазе – гэдок як я некалісь рабіў – падарыць яго беларускаму музею ў Вільні!”.
===
шабэс – не бэн ёхід, пайдзе адзін, прыйдзе другі! [benjoxed адзінак, бянёха]
калі бацька добры, дай бацьку кібэд, калі бацька дурань, дай бацьку кіем [kibed пачастунак]
із хоцьбы гут, із хоцьбы ніт шлэхт [šlext блага]
я з табою адрабэ вэйадрабэ, а ты мне хайдарэеш! (я з табою як найлепей, а ты мне цягніш у балоту) [adrabe-veadrabe у найлепшых адносінах]
многа тілім начытаўся, пакуль ад грэхаў абчышчаўся [tilim псалтыр]
я тілім чытаць не хачу, благую жонкі браць ня буду
шішім рыбкес, плотка ў ахвотка, шчупак не дурак, еж, калі наведзеш, акунь не піскун, лін не блін, толька вока кінь, а келбіс глота, бо не жыве ў балота, малец, не сунь палец, бо укусіць! рыбу жывую ня сушуць? [šišim riboj 600 000, колькасьць габрэяў, якія выйшлі з Эгіпту]
надан і іеруша з чортам у хаўрусы [nadn пасаг, jeruše спадчына]
каму цымус не смакуе, таму кугель не дадуць, а хто сэйфэр пацалуе, таму леўёсан дадуць [sejfer рэлігійная кніга, levjosn левіяфан]
німа тэй мамкі, каб не мела б на бэйс-гакворэс ямкі [bejs-hakvores могілкі]
ну, што значэ хосід? хосід значэ: хоць бы сядзеў дома, альбо: хоць сябруйся з другімі, а то кажуць: хорт, сабака, дурак.
кібуд значэ: кейах, ботэ, дай, альбо: кіем бацьку добра біць [kibed пачастунак, kojex моц]
пахэд што значэ? поўна хата дурняў [paxed страх, боязь]
посьле хупы цалуй у дупы [xupe шлюб]
багроб тваю маць, з бацькам разам [bagrobn пахаваць]
куш ін тохэс не баліць, можна напапалам падзяліць [kuš in toxes пацалуй у сраку]
хохам, хохам, каб сраў гарохам [xoxem мудрэц]
іх вэл дір цу райбн аф ячнэ-мэкэнэ! [ix vel dir cu rajbn af jačne-mekene! я цябе сатру ў парахню! (на мякіну)]
а ворт із а воробей, хап эм! [vort слова]
пасып соль на хвост, кэнст зайн а ров ін Сшкоўка [kenst zajn a rov in... можаш стаць рабінам у...]
– а ці-бу-ла ў кіно? – рэдька хаджу [цыбуля і рэдзька]
“МЯТ!”: Дзякуй Аляксандру Астравуху, які расшукаў ліст і сшытак, унёс тлумачэнні (у квадратных дужках).
============================
Павал Касьцюкевіч

Ізраільскі дзёньнік

Хто сказаў, што ЭсЭсЭсЭру няма, што яго развалілі? Ведаеце, гэта ўсё міт. Прыяжджайце да нас у Ізраіль. Савецкі Саюз тут памылі, пачысьцілі, зацыравалі дзюркі і вось сустракайце – велічны і магутны, толькі ў мініятуры. Эмігранты, прадстаўнікі пятнаццаці рэспублік, жывуць тут дружна і кампактна, як на выкананьні гімна па беларускім тэлебачаньні.
Заходжу сабе кілбаскі на дзесяць шэкеляў купіць. Усё наша, савецкае: касыркі, грузчыкі, лаянка.
– Прабачце, – пытаецца ў мяне прадавачка ў мясным аддзеле. – Сама дзесяць год у Ізраілі, усіх адрозьніваю: украінцаў, узбэкаў. А вось ваш акцэнт нешта ня чула. Адкуль вы?
– Беларусы мы.
– Бач ты! А ну-ка, паДЗенькайце! Вы ж там усе ДЗенькаеце.
– Дзень-дзень!
– А цяпер паЦЭкайце.
– Цэ-цэ!
– Дзякуй, вялікі дзякуй вам. Зараз я магу адрозьніваць і беларусаў.
– Вельмі рады за вас. Мне, калі ласка, вунь таго зэльцу. А салямі ў вас сьвежае?
Дзяржаўная мова ў Ізраілі – украінская. Тут столькі выхадцаў з Украіны, ажно часам здаецца, што ў Кіеве засталося толькі два чалавекі: Юшчанка і ўвішны карэспандэнт тэлеканалу «Россия». Таму кожны, хто прыяжджае ў наш міні-Саюз, празь месяц пачынае ШОкаць і Гэкаць на ўкраінскі манер. Усе без выключэньняў. Нават грузіны свае ўлюбёныя слоўцы вымаўляюць наступным чынам: «ДараГой!» Або такі варыянт: «Шо, генацвале?». І таму шмат хто з жыхароў нашага новага Саюзу пачынае нэрвавацца, калі пераходзіш на іўрыт.
Сядаю ў аўтобус. Пытаюся на чысьцюткай габрэйскай:
– Ці ідзе гэты аўтобус да вакзалу?
У адказ чую характэрны ўкраінскі пранонс: «Цю, ты ж мне па-людзку кажы, а не на нейкай дзіўнай мове».
У экстранным парадку пераходжу на суржык.
– Ніякая яна ня дзіўная, – спрабую абараніць мову нацыянальнай меншыні, – гэта іўрыт. Тут Ізраіль.
– А, ну канечне, – паблажліва ўсьміхаецца тутэйшая, – мы ж дзікія людзі, з тайГі. Куды ўжо нам!
Ведаю я, дзе гэта іхная тайГа: яна паміж Харкавам і Данецкам. Уголас, вядома, не кажу. Суржыкамоўных тут – бальшыня, яшчэ падбухтораць кіроўцу аўтобуса (іхні таксама, па вачах бачу), завязуць у Юдэйскую пустэльню і кі-нуць там паміраць ад смагі сярод яшчарак пад бязьлітасным ізраільскім сонцам.

Глядзім футбол «Беларусь-Ізраіль». Раптам дзядзька, вялікі заўзятар, ужо на трэцяй хвіліне першага тайму націскае кнопку на пульце, каб пераскочыць на іншы канал.
Мы пытаемся, што яму завіравала.
– Проста я тут усё асэнсаваў і ўцяміў, – кажа ён, – што гэты матч пазбаўлены для мяне ўсякага сэнсу: нашыя гуляюць супраць нашых. Абсурд. Гэта ўсё адно, што самому сабе пазычаць пад працэнт грошы і думаць пры гэтым: «Які ж я файны бізнэсовец!»

У Ізраілі пяць месяцаў лета, астатнія сем – топка цягніка, які зьдзяйсьняе рэйс па маршруце «Пекла – Паверхня Сонца». Хочаце параду? Калі будзеце шукаць кватэру на здым у Тэль-Авіве ці Рамат-Гане, заходзьце паглядзець яе надвячоркам, калі кватэра як сьлед нагрэлася, каб вы здолелі ацаніць, на-колькі ў ёй сьпёчна. Барані Божа, памыліцеся. Упхнуць вам кватэру-прылазьнік – будзеце жыць у ёй жыцьцём кракадзіла: дзень навылёт хавацца ад сьпёкі ў ваньне, чаргуючы гэта з бліскавічнымі марш-кідкамі да лядоўні і назад.

У Ізраілі ўсе ходзяць са зброяй: вымагае напружанае становішча. Ходзяць рэлігійныя людзі і сьвецкія, жанчыны, мужчыны, жаўнеры, нежаўнеры, дарослыя і ня вельмі. Зброі так шмат, што на ўсіх не хапае кабураў. Таму тут часта носяць пісталеты ў торбах або пад пахой.
– Дзядзя спадар, у вас пісталет з штаноў у лужыну ўпаў, – працягваючы мой важкі «Парабэлюм» як трэба, ручкай наперад, пішчыць малая дзяўчынка. – Толькі больш не мачыце яго. Гэта вугорская мадэль, ненадзейная, заржавее баёк – пачне захрасаць затвор, тады пішы прапала.
Падчас апошняй інтыфады ў небе над Бэйт-Лэхэмам часта ўспыхвалі агеньчыкі. Яны гарэлі сіня-жоўтым ўтульным сьвятлом. Не раўнуючы як у калядцы: «Над Бэтлеемам зорка ясная зазьзяла». Але тое былі ня зоркі, а сігнальныя ракеты і зьвеставалі яны не нараджэньне Хрыста, а начны патруль ізраільскага войска па палестынскіх тэрыторыях.

Цэнтар Ерусаліму. У забароненым для паркоўкі месцы, стаянка на якім пагражае вялікім штрафам, стаіць машына. На пярэдняй шыбе – цыдулка: «Кіроўца гэтай машыны пайшоў пакакаць». Побач хадою драпежніка крадзецца муніцыпальны кантралёр з кніжкай штрафных квітанцыяў, чытае надпіс – і... праходзіць міма.
А што ж вы думалі, габрэй габрэю ня дасьць спакойна справіць пільніцу?!
Субота – нацыянальная трагедыя, якая паўтараецца кожны тыдзень нанава. «Добрай вам суботы!» – пачынаюць казаць ужо зь серады. З чацьвярга на пятніцу ўсе супэрмаркеты працуюць усю ноч, каб усе пасьпелі ўсё купіць. У пятніцу раніцою ўсе лятуць як коні ў мыле па тое, што не пасьпелі купіць уначы. Купляюць цэнтнерамі, гатуюць тоннамі. Быццам бы з заўтрашняга дня будзе абвешчанае саракагадовае бадзяньне па пустэльні. У Ізраілі паесьці дасхочу ў суботу – гэта сьвятое. Увечары ў пятніцу на тэль-авіўскім чыгуначным вакзале кабета зь вялікімі торбамі прадуктаў прапіхваецца праз даўжэзную чаргу па білеты, паказваючы заручальны пярсьцёнак. Мужчыны і непабраныя шлюбам маладыя дзеўкі спагадліва прапускаюць замужніцу ўперад. Усе разумеюць без словаў: хутка субота – кабеце трэба пасьпець прыгатаваць што купіла да наступленьня сьвятога дня. Калі не пасьпее, дык жанчыну зьядуць бяз солі саму: той жа ж муж, а дзеткі дапамогуць.
Пасьля пачатку суботы на дарогах сям-там застаюцца пакінутыя машыны. Рэлігійныя габрэі, якім запаведзь забара-няе кіраваць у шабат, перад пачаткам суботы часьцяком захрасаюць у аўтамабільных заторах. А тут гэты сьвяты дзень. Прыйшлося на суткі пакідаць машыну пасярод шашы ды ісьці да дому пешкі.
Што да ізраільскага мэнталітэту. Скажам, вы прадаяце марозіва розных гатункаў: трускавічнае, ванільнае, шакаляднае – карацей, усякае. Пасьля цэлага працоўнага дня ў вас застаўся толькі адзін гатунак – ванільны. Да вас падыходзіць пакупнік і замаўляе якраз яго.
Што скажа ў такім выпадку прадавец-беларус?
«Вой, як вы ўгадалі?! Такое супадзеньне! Якраз адно ванільнае і засталося!»
Што скажа прадавец-ізраілец?
«Ванільнае? Ды прасьцей прастога. Для вас усё, што заўгодна!»
У Ізраілі любяць адпачываць. Гішпанская пасьляабедзенная сыеста, агульнаіталійскі сэзон адпачынкаў Ферагоста – усё гэта адпачывае ў параўнаньні зь ізраільскім пажыцьцёвым расслабонам. Тут толькі і робяць, што адпачываюць. Таму Пэсах сьвяткуюць сем дзён, Хануку – дзевяць. І ўсё законна – не прыкляпацца – так указаў Усявышні.
Таму на цэнтральным аўтавакзале ў Тэль-Авіве ўжо колькі год не зьнімаюць плякат: "З новым годам!" Бо заўсёды на носе нейкі Новы год – або паводле юдэйскага календару, або паводле хрысьціянскага, або яшчэ паводле якога.
Таму дзетак нараджаюць у трыццаць тры – трыццаць пяць. Сара, няма часу – адпачываць трэба!
Таму прыблізны плян жыцьця маладога ізраільца пасьля службы ў войску выглядае так:
Працяглы адпачынак ад войска за мяжой – працяглы адпачынак ад паездкі за мяжу – працяглы адпачынак ад адпачынку ад паездкі за мяжу – працяглая паездка за мяжу з мэтаю адпачыць як мага працяглей. І гэтак далей і гэтак далей да самага заслужанага адпачынку ў старасьці.
У Ізраілі ўсе бягуць, усе лятуць. Навошта бягуць, навошта лятуць? Каб, прадэманстраваўшы ўвечары супружніцы або якому сябру змакрэлую кашулю, сказаць: «Я так стаміўся, так стаміўся, цэлы дзень лётаў, завіхаўся. Мне проста неабходны адпачынак».
Апошні сказ кажацца па складах, зь інтанацыяй прафэсійнага гіпнатызэра.
Уся краіна на вушах: сьнег у Ерусаліме. Такое ў субтропіках здараецца нячаста. Па тэлебачаньні – сьнег, сьнег, сьнег. Сьмерць Ясэра Арафата, тэракт у Бээр-Шэве – усё забытае дзеля бялюткага відовішча.
Сьнег на пальмах, сьнег на выхад-цах з Этыёпіі, якія выйшлі на вуліцы і ашаломлена назіраюць, як зь нябёсаў на іх валіцца невядомая субстанцыя.
Сьнег на сынагогах, мячэтах, касьцёлах. Сьнег на рудой барадзе майго суседа Пеці, які апошнія дзесяць год бачыў яго толькі ў маразільні.
Мы трыюмфуем: штохвіліны атрымліваю тэлефанаваньні ад знаёмых, выхадцаў з былога СССР, тон урачысты. «Віншую цябе са сьнегам!». На дварэ люты, але адчуваньне Новага году.
– Вось, бачыш і прырода за нас. Хутка тут паўстане татальная тайГа, – палка кажуць знаёмыя. Ні ў кога няма сумневаў, што наша ўлада прыйшла.
– Дачакаліся, Пашуня! – крычыць праз вакно сваёй кватэры Пеця. – Неўзабаве тут усё будзе па-нашаму. Ля Муру Плачу пабудуюць Красную Плошчу. Ажывім пустэльню, асушым Ярдан. Яшчэ трошкі і наш, як ты кажаш, міні-Саюз, зусім сапраўдным Савецкім Саюзам будзе. Сьнег, гарэлка, Пугачова.
Але праз два дні градусьнік паказвае +20. Сьнег імкліва зьнікае. Этыёпы ачомаліся ад шоку. Пеця і я сядзім кожны ля свайго вакна і мэлянхалічна назіраем, як Савецкі Саюз развальваецца на нашых вачах ужо другі раз.
* * *
КУР’ЁЗ – УСУР’ЁЗ!

Пакуль у Беларусі разьменьваюцца на драбязу і перамяноўваюць вуліцы і праспэкты, у Ізраілі зьбіраюцца перайначыць назву... месяца габрэйскага календара.
Чальцы габрэйскай моладзевай арганізацыі «Коль Дор» («Голас пакаленьня», Нью-Ёрк) вынесьлі на абмеркаваньне ізраільскіх заканадаўцаў прапанову перайначыць месяц Хэшван у «Хэшван бліжняга свайго як сябе самога» («Хэшван лерэаха камоха»), і абавязаць пісаць гэтую, скажам так, нестандартную, назву ва ўсіх афіцыйных календарах.
Паводле аднаго зь лідэраў «Коль Дора» Моці Крыстэля, яго арганізацыя хоча абвесьціць Хэшван месяцам чыннай дзейнасьці на карысьць грамады ды ўвекавечыць гэта ў яго назьве. Крыстэль лічыць, што, убачыўшы такую назву-заклік у календары, кожны габрэй на плянэце здолее прасякнуцца салідарнасьцю са сваім народам і яго каштоўнасьцямі.
У Кнэсэце прапанову маладых амэрыканцаў сустрэлі з імпэтам і нават зладзілі пасяджэньне з удзелам камісіяў па адукацыі і рэпатрыяцыі. Шмат хто з дэпутатаў мае намеры надаць прапанове прававую моц.
Павал Касьцюкевіч (Тэль-Авіў)
=================================
Eljiahu Zlotnik

LAJBLECHE SHVESTER

Vajsrusishe velder, ch’vel kejnmol fargesn,
Ir zajt ba mit tif in zikorn
Ch’gedenk vegn ajch gance teg un mes-lesn,
Dermo dy fargangene jorn…
Dy sosnes dy shlanke mit krojnen gedichte,
Ven s’hojbt on der vint zej cu vign,
Zej vejsn farborgene sojdes, azojne geshichtes,
Ven trujerik vert zejer nign…
In teg in dy shverste, in cajtn dy bejze –
Majn folk cvishn umkum un lebn –
Ir hot zajne zin un dy techter dy drejste
A shuc un a retung gegebn…
Un ict zajt ir vajt fun dan, alte, farlozene nestn,
Iber mir – bloje himlen, arum naje, vareme hejmen.
Dy prestike palmes un sosnes, vi lajbleche shvester,
In harcn in majnem zej vaksn in frajndshaft inejnem.
===============================================
Гирш Релес

КЛОУН

Сутулясь, бредет по местечку
Клоун, любимый всеми.
Встречают его улыбки
Прохожих – «Привет, старик!»

Да, клоун уже немолод,
Трудно ему на манеже.
Тоска по родному краю
Вернула его сюда –

Где под огромным камнем
Спят все друзья и предки…
И только старушка-мама
Еле жива до сих пор.

Бледные щеки, носище –
как слива, и шарф, словно тряпка.
Клоун идет, качаясь,
А дети бегут за ним.

Когда он «под мухой» приходит
Вечером к танцплощадке –
То нету нужды брать билеты
Бесплатный в местечке цирк.

Вот он поет, фальшивя,
Красавице дарит гвоздичку,
Зевакам поклон отпускает –
Смех раздается в толпе.

Лежит на траве его шапка
Наружу – подкладкой, некто
Бросает в нее купюры
И скоро уходит прочь.

Когда же заполнена шапка,
Клоун кураж теряет –
Уже не поет и не пляшет,
На публику не хохмит.

Хватает деньги, в аптеку
Бежит с дорогим рецептом.
Крепко надеется клоун
Матери жизнь продлить.

Толпа же – семечки лущит,
Друг друга толкают люди:
«Старик-то опять в запое,
Когда его черти возьмут?»

Перевод с идиш
=================================
І НЯМА ЯМУ СПАКОЮ…

У газеце «ЛіМ» і ў іншым перыёдыку мінскі літаратар Уладзімір Мехаў расхваліў пасмяротнае вы-данне мемуараў Рыгора Рэлеса на рускай мове (2006), указаўшы на дробныя памылкі «Грышачкі». Не буду шмат казаць пра тое, наколькі гэта этычна, ТАК звяртацца да нябожчыка (на 15 год старэйшага). Важна іншае: ці адпавядае пераклад з ідыш арыгіналу 2004 г., а выданне ў цэлым – волі аўтара?
Па-першае, наўрад ці слушна было выдаваць кнігу накладам 500 асобнікаў без згоды нашчадкаў Рэлеса (а яны ёсць, жывуць у Ізраілі). Па-другое, у любым выпадку рэдактарам не варта было выкідваць цэлыя абзацы з аўтарскага тэкста – цікава, што іменна тыя, дзе Рэлес распавядаў пра ўціск з боку КДБ. Па-трэцяе, рэдактарскі рэфрэн над фотаздымкамі: «Еврейские адреса Белоруссии: всё в прошлом…» – абсалютна блюзнерскі. Мемуарыст часам тужыў па мінуўшчыне, аднак быў вялікім аптымістам і верыў у будучыню беларускіх яўрэяў, у чым я пера-канаўся за 10 гадоў знаёмства з ім. У 2001 г. сп. Рэлес, у адрозненне ад прафесійных клікуш і плакальшчыкаў, спрабаваў абараніць МАЯК ад высялення з Інтэрнацыянальнай, бараніў сінагогу на Дзімітрава… Не ўхваліў бы ён думкі, што «усё ў мінулым».
Шкада, што сп. Мехаў прынізіў мудрага старога, паблажліва кінуўшы: «в том, что не имело непосредственного касательства к еврейской литературной жизни, докой он не был». Гірш Рэлес быў, як мінімум, добрым педагогам; нават калі ў грамадскіх адносінах ён ішоў на кампрамісы, то бачыў «клейне менчалах» наскрозь і нярэдка даваў ім трапныя ацэнкі. Праз тое, відаць, і церпіць пасля смерці.

Вольф Рубінчык

ГІТ-ПАРАД ГЛУПСТВАЎ

Аналагічны спіс друкаваўся ў першым выпуску «Мы яшчэ тут!» 3,5 гады таму. Камусьці ўрок пайшоў на карысць, а сёй-той палічыў публікацыю здзекам. Мы не здзекуемся. Мы марым, каб тыя, хто піша/гаворыць пра беларускіх яўрэяў – ці ад імя беларускіх яўрэяў – адказвалі за свае словы.

1. «…проект Минской «Ямы». Работу над ним мы с Юрием Градовым, соавтором по Хатыни, в свое время начинали еще в институте «Минскпроект». Наш замысел одобрил П. М. Машеров (…) Нас тогда поддержали члены религиозной общины Шая Горелик и Леонид Зуборев, которых тронул сам факт разработки этой темы…» (Л. Левін, «Авив», № 7, 2006)
Л. Зубараў (грамадскі дзеяч, ЗША): «Говорит ли Левин правду в упомянутой Вами статье? Нет, это неправда. Но я посоветовался в августе 2006 с друзьями в Минске (это как раз было во время войны с Хезболлой) и мы пришли к выводу – не давать повода нашим врагам говорить, что вот евреи меж собой опять грызутся...».
Вайна скончылася, а лухце няма канца і краю…
2. «Мы считаем, что сегодня отрицать существование элементов фашизма в Беларуси уже невозможно… Скинхеды, анархисты, РНЕ, «Славянский союз» – кто только не отметился на улицах наших городов» (Л. Левін, «Авив», № 8-9, 2006).
Анархісты ў Беларусі здаўна з’яўляюцца ці не самымі паслядоўнымі змагарамі з «элементамі фашызму».
3. «Сейчас даже в Лунинце нет евреев» (www.aen.ru, 03.10.2006; «Берега», № 10, 2006).
В. Жылко (гісторык, Лунінец): «У нас жыве некалькі яўрэяў, нехта нават вярнуўся з Ізраіля».
4. «Для наших гостей из Атланты было приятным сюрпризом узнать, что до войны в Минске жил миллион евреев» (І. Шэйфер, афіцыйны прадстаўнік “Джойнта” ў РБ, мітынг на «Яме» 22.10.2006).
Перад вайной у Менску не было і 200000 жыхароў…
5. «…“Яма”, где в 1943 году были расстреляны и погребены заживо тысячи евреев» (Ю. Якушава, «Авив», № 8-9, 2006).
Забойствы на “Яме” здзяйсняліся ў сакавіку 1942 г.

Вядомы і невядомы Адам М-скі (Зося Манькоўская)

У беларускім літаратуразнаўстве ўжо не аднойчы закраналася праблема вывучэньня гэбрайскай тэматыкі ў беларускай літаратуры. Ці ня першым у XX ст. зьвярнуўся да яе Антон Луцкевіч у вядомым артыкуле «Жыдоўскае пытаньне ў нашым пісьменстве». І ў гэтым няма нічога дзіўнага. Лёс беларускіх гэбраяў, іх гісторыя і культура арганічна ўплеценыя ў нацыянальную гісторыю і культуру беларусаў.
Сёньня новую старонку ў вывучэньні гэбрайскай тэматыкі ў беларускім мастацкім слове адкрывае творчасьць Зосі Манькоўскай – сваеасаблівага феномену ў гісторыі польскай і беларускай літаратур канца ХІХ – пачатку ХХ стагодзьдзяў.
У літаратурным жыцьці яна хавалася за мужчынскім псэўданімам Адам М-скі (Adam M-ski), што было скарочаным варыянтам імя і прозьвішча яе бацькі – Адама Манькоўскага. Як арыгінальны творца паэтка належала да пакаленьня пазітывістаў, а як перакладчык – да мадэрністаў.
Нарадзілася Зося Манькоўская 26 ліс-тапада 1847 г. у Дарагавіцы на Случчыне. Вучылася ў Вільні ў прыватным пансыёне Францішкі Клячкоўскай, пасьля выйшла замуж за Вацлава Тшашчкоўскага, афіцэра расейскай арміі. Удзельнічала ў расейска-турэцкай вайне 1877–1878 гг., нейкі час жыла ў Ноўгарадзе, куды быў пераведзены яе муж. Там у жніўні 1881 г. у асяродзьдзі палітычных ссыльных пазнаёмілася з Фэліксам Зянковічам. Ён і натхніў яе на літаратурную творчасьць. Як прызнавалася паэтка, Зянковіч «дадаў сьмеласьці». Бадай кожны год адведвала родную Дарагавіцу. На пачатку ХХ ст. Зося настала вярнулася ў Беларусь. У апошнія гады жыцьця яна цяжка хварэла. Адыйшла ў вечнасьць 24 верасня 1911 г. у Дарагавіцы, пахаваная на могілках у Бабоўні, што па дарозе на Капыль.
У гісторыі польскай літаратуры найбольш высока былі ацэненыя польскія пераклады Адама М-скага з творчай спадчыны А. дэ Ламарціна, Л. дэ Камоэнса, Ш.Бадлера, Дж.Байрана і інш. Аднак яго арыгінальная паэтычная творчасьць не атрымала належнай увагі.
Беларускія дасьледчыкі ўпершыню загаварылі пра Адама М-скага ў 70-я гады ХХ ст., калі літаратуразнаўца У. Казьбярук выявіў беларускамоўны верш «Божа, наш Бацька...» («Беларуская малітва») Зосі Манькоўскай, а ў хуткім часе – і яе пераклады на беларускую мову твораў Марыі Канапніцкай, Тэафіля Ленартовіча, Яна Чачота. Потым былі публікацыі біяграфічнага характару, якія ўвялі паэтку ў кантэкст гісторыі беларускай літаратуры канца ХІХ ст. Новае адкрыцьцё Адама М-скага як адметнай паэтычнай зьявы польска-беларускага літаратурнага і культурнага сумежжа адбылося з выданьнем збору выбраных твораў і перакладаў паэта «Адам М-скі: Цяпер і назаўсёды» (Варшава-Мінск, 2004).
Аднак і польскія, і беларускія дасьледнікі творчай спадчыны Адама М-скага да нядаўняга часу ў сваёй большасьці (за выключэньнем Юльяна Тувіма) абыходзілі маўчаньнем гэбрайскую тэматыку ў мастацкай і эпісталярнай спадчыне паэта. Між тым вывучэньне гэтага важнага аспэкту істотна дапаможа разуменьню мастацкіх пошукаў і грамадзкіх ідэалаў літаратара.
У жніўні 1887 г., у адным зь лістоў да польскага паэта Мірыяма (Зянона Пшасмыцкага) Адам М-скі напіша:
«Шмат тут у нас такіх праблемаў, якія заслугоўваюць на асаблівую ўвагу. А нашыя гэбраі? Кажуць пра іх, што гэта – “ашуканцы”, “прайдзісьветы”, “п’яўкі” (...) Але хто ім калі-небудзь руку братнюю падаў? Далі б мне хоць пару гадоў незалежнасьці, а я сто сэрцаў гэбрайскіх змог бы павесьці за сабой у агонь. Але ці ёсць у нас незалежныя людзі, якія дзейнічаць маглі б? Калі я быў малым дзіцём, адзін з разумных у нас людзей, які потым сваю галаву ў змаганьні злажыў, заклікаў: “Наблізьцеся да папоў, пабратайцеся зь імі”. Не зразумелі гэтага закліку, і хто палічыць наступствы? Сёньня замала ўвагі надаем гэбраям».
Праблему пераадоленьня негатыўных стэрэатыпаў у дачыненьні да гэбраяў паэт закранаў і ў сваёй мастацкай творчасьці. Так, у вершы «Зь нівы» («Z łanu») поруч з вобразам селяніна-беларуса ён малюе вобраз старога гэбрая Нухіма і ўпершыню ў беларускай літаратуры ставіць пытаньне ўзаемаразуменьня і павагі ў адносінах паміж гэбраямі і беларусамі:

З сагнутымі пад цяжарам гадоў плячыма
Здарожаны і стомлены сваёй адвечнай вандроўкай
Ідзе па дарозе жыцьця стары Нухім
Ідзе ўжо не адзін дзясятак гадоў.

Дождж, ці град, ці завіруха
Але ён у дарозе – гэты стары чалавек.
А мне хтосьці шэпча да вуха:
Гэта ж мой брат!

Кажуць, што ён хітры, шкодны
Да ліхвярства хват.
А ён бедны ды галодны
Гэта ты – мой брат!

Кажуць: «род чужы і племя»,
Але ж празь вякі-стагодзьдзі
Гэты народ клаў свае косці ў нашай зямлі
Для мяне ён – брат.

Хачу да яго шчыра рукі працягнуць,
Рады зь ім разам крочыць
Да лепшых сонечных дзён будучыні
Як сябра, як брат.

(падрадковы пераклад – Ю.Г.; па-беларуску друкуецца ўпершыню).

Гэта пазьней, у канцы 1910-х гг., славуты Янка Купала напіша вядомыя радкі:

Жыды! «Хрыстапрадаўцы і прыблуды»!
О, слава вам, ўсебеларускія жыды!...

Але тады, у другой палове ХІХ стагодзьдзя, менавіта Адам М-скі ці ня першы зь пісьменьнікаў Літвы-Беларусі напісаў з павагай і спагадай пра беларускіх гэбраяў, паклікаўшы разам ісьці па лепшую будучыню для абодвух народаў.

Д-р Юрась Гарбінскі,
г. Варшава, Польшча
==================
Г У М А Р
Спусціўся Машыях на Зямлю. Вырашыў паглядзець, ці гатовыя яўрэі яго сустрэць. Завітаў у артадаксальную сінагогу. Яму паказалі вучоныя кнігі, пахваліліся знаўцамі Торы, Талмуду… Пайшоў да хасідаў. Яны пацешылі яго спевамі, скокамі, а пад канец налілі паўшклянкі гарэлкі.
– І гэта ўсё? – запытаўся здзіўлены Машыях.
– Ну, каб ты прыйшоў трохі раней, налілі б больш!

Расказаў Юрый Тэпер,
г. Мінск.
================
З БЛАКНОТА ПРАВАКАТАРА (2)
* * *
Старэчае бурчанне ў «Авиве»: на Брыля ўлада забылася, на Барадуліна забылася, а як Быкава хавалі, афіцыйныя асобы «нават не з’явіліся» (няпраўда, дарэчы). Увесь крытычны запал сыходзіць на падказкі безаблічным «уладам», які рытуал трэ’ было выканаць у той ці іншай сітуацыі, найчасцей – ужо пасля смерці культурнага героя. Заступіцца за жывых, тых жа маладафронтаўцаў асуджаных ці палякаў зацкаваных, у нашых «яўрэйскіх дзеячаў» духу не стае. І ўсім добра – «дружба народаў» навідавоку...
* * *
А што канкрэтна яны мусілі рабіць? Як зачыняліся беларускія газеты, знайсці б іх аўтарам прытулак у «яўрэйскіх» выданнях… Калі высялялі Саюз беларускіх пісьменнікаў з Дома літаратара, прапанавалі б шэфы Мінскага яўрэйскага абшчыннага дома пісьменнікам часовую страху на Харужай, 28, балазе СБП некалі ўлучаў і секцыю ідышыстаў… Што й казаць, чыстая фантастыка. Паслам на «дурных чыноўнікаў» і БТ паскардзіцца – яно неяк лягчэй.
* * *
Яўрэйская бяда нават не ў тым, што нас тузаюць, а ў тым, што цераз нас проста пераступаюць. Або – адмахваюцца, як ад мурашак. «Вы там сабе ліце слёзы, абы ў “палітыку” не лезлі». А «лідэры» і рады: замест рэальных грамадзянскіх правоў дасталі сабе «манаполію» на памяць пра гісторыю яўрэяў. Дакладней, права на маніпуляванне тэй памяццю… Колькі зваротаў накрэмзалі – умалялі адкрыць музей Халакосту то на Юбілейнай плошчы, то недзе яшчэ, павесіць мемарыяльную дошку на Рускім тэатры… Дзеля гэткай самай шыльды 5 гадоў таму дазволілі плюнуць сабе ў твар – знесці сінагогу на Дзімітрава-тры. І што? Новы дом збудаваны, дошкі няма. Зноў добра ўсім… Акрамя правакатараў, ясная рэч.
Вольф Р-к

=======================================================================================
Адрас для лістоў: Рубінчык С.В., Беларусь, Мінск, 220082, вул. Матусевіча, 16-65. (Matusevicha, 16/65, Minsk, Belarus, 220082).
Надрукавана 23.11.2006. Тыраж 150 экз. Бясплатна. Адказны за выпуск – У.П.Рубінчык (rubinczyk@yahoo.com).
Правы на матэрыялы «Мы яшчэ тут!» захоўваюцца за аўтарамі. Бюлетэнь распаўсюджваецца ў Беларусі, Ізраілі, ЗША, Расіі і іншых краінах. Інтэрнэт-версію бюлетэня шукайце на сайце Аб’яднання выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі: www.souz.co.il/belzem. Рубрыка «Наши друзья»
=======================================================================================




Copyright © 2000 Pastech Software ltd Пишите нам: info@souz.co.il