Новости   Доски объявлений Бизнес-каталог   Афиша   Развлечения  Туризм    Работа     Право   Знакомства
Home Page - Входная страница портала 'СОЮЗ'
ТВ-программа Гороскопы Форумы Чаты Юмор Игры О Израиле Интересное Любовь и Секс



 Главная
 Правление
 Новости
 История
 Объявления
 Фотоальбом
 
 Статьи и фото
 Интересные люди
 Работа объединения
 Форум
 ЧАТ
 
 Всё о культуре
 Гродненская область
 Могилевская область
 Наши друзья
 Витебская область
 ОТЗЫВЫ О НАШЕМ САЙТЕ (ЖАЛОБНАЯ КНИГА)
 Гомельскя область
 Брестская область
 НОВОСТИ ПОСОЛЬСТВА БЕЛАРУСИ
 Минская область
 Ссылки
 ВСЕ О ЛУКАШЕНКО
 Евреи г. Борисова
 Евреи Пинска



Поиск Любви  
Я   
Ищу  
Возраст -
Где?








“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!” Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Мінск). Заснаваны 05.05.2003. Выпуск № XXI, верасень 200
“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!”
Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Мінск). Заснаваны 05.05.2003.
Выпуск № XXI, верасень 2006 г. / тышрэй 5767 г.
====================================================
Shana tova umetuka
Рэдакцыя :)
віншуе чытачоў і ўвесь свет
з вырастаннем новай Галавы года!
Зычым, каб у 5767 усё было добра, а не наадварот:
Un zajt ale gezunt!
---------------------------------------------------------------------------
БРАВО, ЮРЫЙ!

Юрый Маркавіч Шульман, якому 31 год (нар. у Мінску; эміграваў у 1999 г.), у жніўні 2006 г. выйграў адкрытае першынство ЗША па шахматах, а раней стаў віцэ-чэмпіёнам Штатаў паводле іншай версіі. Гэта ж зусім нядаўна – 10 год таму – мы бліцавалі з ім у Ізраільскім цэнтры на Ўральскай, 3… Адзін з мінскіх калегаў гросмайстра дагэтуль успамінае, як Юрый пазычаў яму паліто ў зімовую сцюжу. І дадамо, што Ю. Шульман ніколі не саромеўся свайго яўрэйства.

НЕСВЯТОЧНАЕ
Аб’яднанне іудзейскіх рэлігійных абшчын (АІРА) паўгода не можа дамагчыся ад беларускай дзяржавы дазволу на прызначэнне галоўнага рабіна. У АІРА падзеі лічаць валакітай і парушэннем правоў, вызначаных Законам “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”.
Як расказаў Агенцтву яўрэйскіх навінаў старшыня Савета АІРА ў Беларусі Ўладзімір Малінкін, згодна са Статутам у рэлігійнага аб’яднання павінен быць галоўны рабін, таму што ў аб’яднанні налічваецца шмат абшчын.
У. Малінкін адзначыў, што, кіруючыся пажаданнямі ўладаў (хтосьці яшчэ верыць, што ў краіне гарантаваная свабода сумлення? – “МЯТ!”), ён выбраў кандыдатуру рабіна Цві Каплана, чалавека, які нарадзіўся і вырас у Беларусі, а потым з’ехаў у Іерусалім і атрымаў там спецыяльную адукацыю. Раў Каплан мае вопыт работы ў Беларусі (1998-1999), пазней працаваў у Кіеве выкладчыкам і арганізатарам ешывы.
Савет АІРА 5 мая 2006 г. звярнуўся ў Камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Саўміне з просьбай узгадніць кандыдатуру Ц. Каплана ў якасці галоўнага рабіна Беларусі і мінскай абшчыны. У той жа дзень А. Лукашэнка падпісаў указ № 289 аб змене структуры беларускага ўраду, якім увёў пасаду Ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей і абвясціў, што “для забеспячэння яго дзейнасці ствараецца апарат на базе Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце міністраў Рэспублікі Беларусь”. Аднак упаўнаважаны пакуль не прызначаны – яго абавязкі выконвае старшыня ліквідаванага Камітэта… Між тым рэарганізацыя органа дзяржаўнага кіравання не прадугледжана Законам у якасці падставы для адмовы ў прызначэнні галоўнага рабіна.
…Кіраўнік АІРА адзначыў, што прыхаджане не разумеюць, чаму ў іх дагэтуль няма рабіна, і збіраюцца звяртацца ў найвышэйшыя інстанцыі (хіба да Ўсявышняга – “МЯТ!”).
Паводле www.aen.ru (12.09.2006)
* * *
7 верасня ў офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі (Мінск) прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная 65-годдзю самаспалення мазыранаў, якія паўтарылі подзвіг абаронцаў Масады. Паводле яе арганізатара, Якава Гутмана, “беларускія ўлады зрабілі ўсё, каб сцерці з памяці подзвіг мазырскіх яўрэяў”. Сапраўды, помніка на месцы падзеяў няма і невядома, калі ён з’явіцца. У пачатку 2006 г. абяцаў дапамагчы прафесар Аляксандр Казулін, але цяпер яму самому патрэбная дапамога.
---------------------------------------------------------
Этгар Керэт

Вожык, які хацеў абрабаваць банк

Перш за ўсё, гэта апавяданьне пра вожыка, які хацеў абрабаваць банк. Вядома, гэта яшчэ апавяданьне пра каханьне, а таксама пра тое, што жыцьцё – лайно, і што няма на сьвеце мары, якая б здолела перамагчы гэтае жыцьцё... Але ж па вялікім рахунку, гэта апавяданьне пра вожыка, які хацеў абрабаваць банк.
Ён хацеў абрабаваць банк не празь нейкія там анархісцкія памкненьні ці сваю неўтаймаваную сквапнасьць, – вожыкі зазвычай вельмі сьціплыя істоты. Дайце ім норку ў зямлі і дыетычнага тварагу, і яны будуць задаволеныя. Той вожык хацеў абрабаваць банк з-за каханьня. Каханьне нашага вожыка было моцна засяроджана на адной прастытутцы, ураджэнцы былога СССР, якую звалі Марына. Марыне было толькі сямнаццаць, але гэта не зашкодзіла ёй назапасіць трохгадовы працоўны стаж побач з пляжам Тэль-Барух, недалёка ад вожыкавай норкі. Марыну кахалі ўсе: іншыя прастытуткі, кліенты, нават паліцыянты, якія забіралі яе ў пастарунак за прастытуцыю пару разоў на тыдзень. Яе кахалі ўсе, але, відаць, вожык кахаў яе крышачку больш за астатніх. І з-за гэтага ён ўвесь час мроіў, як забірае яе з панэлі і пасылае ва ўнівэрсытэт вучыцца на заоляга ці нейкай іншай паважанай прафэсіі. Ягонае каханьне да Марыны было адным з самых чыстых каханьняў, якія нарадзіліся пад гэтым сонцам, бо вожык не жадаў нічога наўзамен. А калі нават і жадаў, то цудоўна разумеў, што ён усяго толькі вожык, і што ў іх усё адно нічога не атрымаецца. Але, нягледзячы на гэта, ён усё роўна кахаў яе.
Вожык плянаваў выкупіць Марыну ў ейнага сутэнэра Ігара, які на той час і так амаль што кінуў займацца звычайнымі прастытуткамі ды перайшоў на фэяў. У той час фэі з былога СССР карысталіся шалёным посьпехам, бо ўсе баяліся падхапіць СНІД, і таму кліенты адкаснуліся ад звычайных прастытутак. За тры жаданьні людзі былі гатовыя заплаціць суму ў сто – сто дваццаць шэкеляў, што больш чым у два разы перавышала прыбытак Ігара ад звычайных прастытутак. Але толькі за права сустрэцца зь Ігарам вожык мусіў пакласьці ніштаватую колькасьць башлей – башлей, якіх у вожыка не было. Вось таму ён хацеў абрабаваць банк.
Аднойчы ў сярэдзіне жніўня вожык сеў у аўтобус і потым з гадзіну кешкаўся ля ўваходу ў філіял банка "Леўмі", чакаючы, пакуль нехта ня зойдзе. Калі гэты нехта зайшоў, вожык праціснуўся у дзьверы разам зь ім і, пакуль людзі ў памяшканьні не пасьпелі нешта сьцяміць, прыпусьціў да стойкі касыра. Калі вожык адолеў палову дыстанцыі, ахоўнік ля дзьвярэй ачомаўся і выхапіў рэвальвэр. Гучным голасам ахоўнік загадаў вожыку спыніцца, але той ужо зьветрыў пах кучы грошай ды зразумеў, што назад дарогі няма і што калі ён сапраўды кахае Марыну, то мусіць пайсьці ва-банк. Ахоўнік спрытна зьняў свой стары рэвальвэр з высьцерагальніка і тры разы націснуў на курок. Двойчы схібіў, але трэцяя куля, бы той іржавы цьвік, прадзіравіла вожыка наскрозь. Потым выклікалі хуткую дапамогу і паліцэйскі вэтэрынар паспрабаваў зрабіць вожыку штучнае дыханьне, але было запозна.
Вожык сканаў, і ўсё, што ад яго засталося, – абрыс, зроблены крэйдай на падлозе банка, абрыс, які кліенты банка абыякава пераступалі, нібыта гэта была гульня ў клясы, а ня помнік закаханаму вожыку.
Такім чынам, сапраўднага экшэну ў нас было ня больш за тры хвіліны, а потым жыцьцё зноў заглыбілася ў заўсёдную беспрасьвеціцу: прастытутка засталася прастытуткай, ахоўніка замест ганаровай граматы пазбавілі ліцэнзіі на заржавелы рэвальвэр, а фэі працягвалі дарыць свае тры жаданьні ў падваротнях, у вэртыкальных позах.
Пераклаў з іўрыта Павал Касьцюкевіч

Этгар Керэт – белы клоўн сусьветнай літаратуры, кумір ізраільскай моладзі. Нарадзіўся ў 1967 г. у г. Рамат-Ган, у сямъі выхадца з Заходняй Беларусі. Пад канец 2006 г. у выдавецтве І. Логвінава (Менск) мае выйсьці кніга Керэта “Кіроўца аўтобуса, які хацеў стаць богам” у перакладзе на беларускую.
Рэпліка

ПЛЫТКІ ФУНДАМЕНТ МАНЫ

У чэрвені 2006 г. пасол Беларусі Ігар Ляшчэня ўручыў даверчыя граматы прэзідэнту Ізраіля Машэ Кацаву – так, іменна таму прэзідэнту, якому захацелася палюбоўніцкай славы Біла Клінтана… Але пра іншае гаворка. Папярэднікі сп. Ляшчэні хлусілі шмат, што не раз адзначалася ў прэсе. У 1998 г. Генадзь Лавіцкі беспадстаўна прыпісваў сабе заслугі ў выратаванні дома Шагалаў у Віцебску, у 2004 г. Міхаіл Бань набаяў, што «В течение многих лет в нашей стране отсутствуют какие-либо конфликты на этнической, расовой, лингвистической и конфессиональной основе».
На жаль, і кадэнцыя новага пасла пачалася з хлусні. Вось што напісала пра сустрэчу Ляшчэні з Кацавам тэль-авіўская газета “Вести” (25.06.2006): «В ходе состоявшейся затем беседы было отмечено, что надежным фундаментом для активизации сотрудничества между двумя странами является 600-летний опыт мирной жизни евреев на территории Белоруссии. На белорусской земле никогда не было еврейских погромов».
З пасламі, паверанымі і сакратарамі пасольства ўсё больш-менш ясна: ім за ману грошы плацяць. Цікавейшая пазіцыя іх суразмоўцаў-ізраільцянаў. Няўжо ў вядучай рускамоўнай газеце «Вести» не знайшлося аўтара, які б аспрэчыў заяву пра «адсутнасць пагромаў» на беларускай зямлі, успомніўшы хоць бы пра Гомель-1903, Оршу-1905? Дзеля гэтага ж не трэба быць доктарам гісторыі. Напрош-ваецца выснова: ізраільскія палітыкі і журналісты самі настолькі загрузлі ў хлусні, што не заўважаюць яе. Ці не жадаюць заўважаць. А потым дзівяцца, чаму Ізраіль паціху-патроху страчвае павагу ў свеце.
------------------------------------
НОВЫЯ КНIГI

Зуборев Л. Змитрок Бядуля – белорусский еврей. Мн: Книгосбор, 2006. 152 с. 300 экз. Прыгожа аформленая кніжка музыкі-літаратара з Нью-Ёрка, прэзентаваная ў мінскім яўрэйскім абшчынным доме 9 жніўня, будзе цікавая тым, хто дагэтуль нічога не ведаў пра Плаўніка-Бядулю-Ясакара. Больш дасведчаныя чытачы заўважаць, што аўтар пе-раказвае вядомыя факты, прыпраўляючы іх сваімі перакладамі. Паэма Бядулі «Жыды» (1915) і верш Купалы з аналагічнай назвай (1919) чамусь падаюцца Л. Зубаравым у цэнзураваных версіях, дарма што ўжо друкаваліся цалкам. Мала расказана пра сям’ю Самуіла; вось жа, яго брат Ізраіль таксама стаў пісьменнікам, дый маці Хана заслугоўвала большай увагі (гл.: Жыбуль В. Брат Бядулі, паслядоўнік Багдановіча // Роднае слова. № 10, 2005. Ён жа. “Княгіня Лэйзароўна – месяц у ваконцы” // Роднае слова. № 4, 2006). Ігнараваны таварыш Бядулі Вульф Сосенскі, які заахвоціў Самуіла пісаць у “Нашу Ніву”, затое сярод “сяброў-беларусаў” названая… Наталля Арсеньева. Зрэшты, многія прэтэнзіі да “літаратуразнаўчага нарыса” здымаюцца таму, што сп. Леанід уклаў у выданне свае грошы (дапамог амерыканскі БІНіМ) і раздаваў яго задарма.
Нордштейн М. Рубиконы. [б.м., б.в.], 2006. 704 с. 200 экз. Экс-рэдактар мінскай газеты “Авив” (1930 г. нар.), які з 2000 г. жыве пераважна ў Нямеччыне, выдаў “кнігу-споведзь”, “кнігу-дакумент”. Успамінае пра сям’ю, ваеннае дзяцінства, не без гумару – пра службу ў войску. Добрая мова. Прачытаць – варта.
Релес Г. Еврейские советские писатели Белоруссии: Воспоминания. Мн: Дмитрий Колас, 2006. 500 экз. Пераклад з ідыш мемуараў старога Гірша (2004), дапоўнены і адцэнзураваны. Прыхільнікам талентаў Рэлеса раім-такі спярша азнаёміцца з арыгіналам.
HIRSH RELES
In shajn fun fares

Ir hot gezen in shajn fun fares
Vi s’shpringt a hoz lengojs dem veg?
Der impet grojs, vi di gefar iz,
Fun licht farblendt un ojfgeregt,

Geshvind er shpringt, vu s’vazjzt der zajl im.
Fun hintn jogt noch dy mashin…
Ejn rege zol er nor farvajln,
Un shojn – s’vert glajch a tel fun im.

S’iz noch a nes far jene bejmer –
Zej hobn im fun blend farhit.
Dy shvere dolie hot nit ejnmol
Mit mir zich ojch azoj geshpilt.
---------------------------------------------------------
Ключ да выяўленчых шахматных задач, прысвечаных 500-годдзю яўрэйскай абшчыны Пінска (“МЯТ!”, № 20):
“П”: 1. Фg8. “Я” (2 рашэнні): 1. Kf8 gf 2. Kpg6 Фf7X i 1. Фg6 g8Ф 2. Фe8 Фh7X. “5”: 1. Kpb6 Kd6 2. Kc6 Kc8X. “0” уверсе: нічыя, бо ход чорных (пат). “0” унізе: 1. f1Л Кg4 2. Kph1 Kph3 3. Лg1 Kf2X. Першыя 2 хады белых і чорных можна пераставіць.
P.S. Дазвол яўрэям будавацца ў Пінску 500 гадоў таму выдаў князь Фёдар Іванавіч Яраславіч.
=======================================================================================
Адрас для лістоў: Рубінчык С.В., Беларусь, Мінск, 220082, вул. Матусевіча, 16-65. (Matusevicha, 16/65, Minsk, Belarus, 220082).
Надрукавана 25.09.2006. Тыраж 120 экз. Бясплатна. Адказны за выпуск – У.П.Рубінчык (rubinczyk@yahoo.com).
Правы на матэрыялы «Мы яшчэ тут!» захоўваюцца за аўтарамі. Бюлетэнь распаўсюджваецца ў Беларусі, Ізраілі, ЗША, Расіі і іншых краінах. Інтэрнэт-версію бюлетэня шукайце на сайце Аб’яднання выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі: www.souz.co.il/belzem. Рубрыка «Наши друзья»
=======================================================================================




Copyright © 2000 Pastech Software ltd Пишите нам: info@souz.co.il