Новости   Доски объявлений Бизнес-каталог   Афиша   Развлечения  Туризм    Работа     Право   Знакомства
Home Page - Входная страница портала 'СОЮЗ'
ТВ-программа Гороскопы Форумы Чаты Юмор Игры О Израиле Интересное Любовь и Секс



 Главная
 Правление
 Новости
 История
 Объявления
 Фотоальбом
 
 Статьи и фото
 Интересные люди
 Работа объединения
 Форум
 ЧАТ
 
 Всё о культуре
 Гродненская область
 Могилевская область
 Наши друзья
 Витебская область
 ОТЗЫВЫ О НАШЕМ САЙТЕ (ЖАЛОБНАЯ КНИГА)
 Гомельскя область
 Брестская область
 НОВОСТИ ПОСОЛЬСТВА БЕЛАРУСИ
 Минская область
 Ссылки
 ВСЕ О ЛУКАШЕНКО
 Евреи г. Борисова
 Евреи Пинска



Поиск Любви  
Я   
Ищу  
Возраст -
Где?








“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!” Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Мінск). Выпуск № XIX, ліпень 2006 г. / тамуз 5766 г
“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!”
Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Мінск).
Выпуск № XIX, ліпень 2006 г. / тамуз 5766 г.
====================================================
НАС ВЫВУЧАЮЦЬ. А ВЫНІКІ?
Пачыналася ўсё файна. Яшчэ гадоў 10-12 таму тутэйшыя даследчыкі ахвотна і не без поспеху аналізавалі гіс-тарычны шлях беларускіх яўрэяў. Цяпер яўрэйскія штудыі ў Беларусі, як і многае іншае, гібеюць пад цяжарам (сама)цэнзуры і пільным наглядам выбівальнікаў грантаў. Выявілася, што пэўнай катэгорыі асобаў лягчэй расказаць газетчыкам пра тое, як беларусы заўсёды жылі ў згодзе з яўрэямі, чым зладзіць навуковую канферэнцыю, выдаць зборнік, абвясціць конкурс на лепшую навуковую працу… От і здараецца, што замежнікі лепш ведаюць нюансы беларуска-яўрэйскай гісторыі і сучаснасці, чым жыхары краіны.
Не ўсе замежнікі, вядома. Звярнуўся да нас па кансультацыю піцерскі дзеяч А. Ф., дык яго допіс пра яўрэйскую прэсу Беларусі стракацеў элементарнымі памылкамі. Затое парадаваў Уладзімір Карасік з Іерусалімскага цэнтра яўрэйскай прэсы, – чалавек, які і ёсць, па сутнасці, гэтым цэнтрам. Напісаў аб’ектыўны нарыс на тую ж тэму для «Евреев Евразии», не забыўшыся і пра «Мы яшчэ тут!».
Апошнім часам на ніве адраджэння іудаікі добра шчыруюць французы, а дакладней – францужанкі. Адна з іх, Ліза Вапнэ, у 2003 г. напісала і абараніла ў Парыжы навуковую працу пра калектыўную памяць беларускіх яўрэяў. А нядаўна – у сакавіку 2006 г. – парыжане віталі но-вую доктарку гісторыі, Клер Ле Фоль. Беларусам імя Клер знаёмае па кнізе «Мастацкая школа Віцебска», што выйшла ў 2001 г., а ў 2002 г. прэзентавалася на Шагалаўскіх днях у Віцебску. Цяпер спадарыня Клер стварыла дысертацыю пра тое, як беларускія яўрэі жылі ад часоў падзелу Рэчы Паспалітай да абвяш-чэння БНР. Больш за 500 старонак дробным шрыфтам, плюс карты, табліцы, – вучыцеся, аматары!
Аўтарка абаперлася на шырачэзнае кола крыніц – ад Дубнова і Брафмана да Анішчанкі і Герасімавай. Мы прачыталі, нам спадабалася. «Яўрэйскацэнтрычны» падыход спн. Ле Фоль удала спалучыла з выкарыстаннем найноўшых навуковых метадаў. Яе зацікавіла пытанне, да якога і мы не абыякавыя: як яўрэі бачыліся вачыма беларусаў, у прыватнасці, літаратараў? Прыйшла да слушнай высновы, што бачыліся дваяка: і як узор, і як патэнцыйная небяспека. Прыкладам – вядомы верш Янкі Купалы «Жыды!..»
Спадзяёмся, лефолеўскі дысер неўзабаве будзе выдадзены асобнай кнігай і перакладзены на беларускую/рускую. Да Лізы і Клер падцягнецца Андрэй Шляхтэр, дактарант і шахматыст з Чыкага, які піша пра месца яўрэяў сярод кантрабандыстаў у даваеннай Беларусі… І можна будзе запачаткаваць цэлую кніжную серыю, прысвечаную нашым продкам. Калі-небудзь з яе вырасце доўгачаканая і дужа патрэбная энцыклапедыя «Беларускія яўрэі». Ну не давяраць жа складанне такога тома публіцыстам газеты «Берега», паводле якіх павешаную Машу Брускіну – расстралялі...
* * *
ЦІ БЫЎ ЗМІТРОК БЯДУЛЯ «ІЗАЛЯВАНЫМ ЭНТУЗІЯСТАМ»?
Клер Ле Фоль лічыць, што Бядуля-Плаўнік, яўрэй, які ў пачатку XX ст. супрацоўнічаў з «Нашай Нівай» і іншымі асяродкамі беларускіх нацыяналістаў, бадай нікога не рэпрэзентаваў. Тут яна не самотная: аналагічныя думкі выказваў доктар гісторыі з Мюнхена Мікола Іваноў (гл.: Беларусіка, вып. 4. Мн. Навука і тэхніка, 1995. С. 184).
Аднак маюцца факты, якія супярэчаць рамантычнаму вобразу «змагара-адзіночкі». Перад рэвалюцыяй 1905 г., а асабліва пасля яе, «палітызаваныя» беларускія яўрэі шукалі сабе хаўруснікаў. Частка нашых продкаў – невялікая, але істотная – спрыяла беларускага нацыянальнаму руху, які не зводзіўся да колаў «Нашай Нівы». Красамоўна, што рэдакцыя левай менскай газеты «Северо-Западный край», дзе ўпершыню на белмове з’явіўся верш Купалы «Мужык», размяшчалася ў доме Мельцара і выдавалася ў друкарні Берманта. У тыя часы (як і ў цяперашнія) прытуліць апазіцыйную газету было не абы-якім учынкам.
Што да «Нашай Нівы», яна нейкі час выдавалася ў віленскай друкарні, што належала яўрэйцы Ром. Зрэшты, і пісаў у газету не адзін Бядуля: быў сярод аўтараў «НН» яго зямляк і таварыш Вульф Сосенскі. Ён сябраваў з беларускім сацыялістам Антонам Луцкевічам, склаў зборнік «беларуска-жыдоўскага фальклору».
Знаны сіяніст Зэеў Жабацінскі ў 1900-х гг. усхваляў нацыянальнае самавызначэнне беларусаў, спасылаючыся на артыкул нашаніўца Навіны (Луцкевіча). На Беларусі ў Жабацінскага заўсёды было нямала прыхільнікаў: нездарма ў 1913 г. ён завітваў у Полацк з лекцыяй «Асіміляцыя народнасцей». Так што тэзіс аб «неадбытым спатканні» паміж яўрэйскімі і беларускімі актывістамі ў перыяд да 1918 г. даволі спрэчны.
===========================================================
ХАСЯ ПРУСЬЛІНА (23.1.1901, в. Гарбачова (цяпер Расонскі раён) — 25.11.1972, Менск)

Калі гітлераўская Нямеччына напала на Савецкі Саюз, менскі пэдагог Хася Прусьліна праводзіла мужа ў войска і засталася з двума дзецьмі. Неўзабаве ўсе трое апынуліся ў гета. Маленькага сына фашысты забілі пад час адной з сваіх «акцыяў». Дачку ўдалося запісаць беларускай і адправіць у дзіцячы прытулак.
Хася ўзначаліла ў гета адну з падпольных групаў-«дзесятак», у задачу якой уваходзіла сувязь з астатнім горадам. Атрымаўшы фальшывы пашпарт на імя Пелагеі Фядзюк, яна ўладкавалася прыбіральшчыцай па-за ганебным мурам і здолела зьвязаць нелегальныя габрэйскія групы зь Менскім падпольлем. Аднак далейшае знаходжаньне ў горадзе зрабілася сьмяротна нябясьпечным: на вуліцах зьявіліся сотні нямецкіх ўлётак зь яе фотаздымкам. У партызанскім аддзеле яна адразу трапіла на падазрэньне «асабістам», якія абвясьцілі Прусьліну засланкаю акупантаў. На шчасьце, адзін з байцоў аказаўся яе колішнім студэнтам і выратаваў Хасю ад магчымага расстрэлу.
«Хася Мэндэлеўна, – сказалі ёй па вайне ў адным чыноўніцкім кабінеце. – Чаму б вам не пакінуць сабе падпольнае імя і не зьмяніць нацыянальнасьць?» Хася адказала, што хоча застацца габрэйкай. «Жы-доў-кай», – зласьліва ўдакладніў гаспадар кабінету.
Доўгі час над усімі ўдзельнікамі менскага антыфашыстоўскага супраціву, які не кантраляваўся ўладамі, вісела абвінавачаньне ў здрадніцтве. Падазрэньні здымаліся толькі з закатаваных у гестапа. Падпольны рух у гета ня быў выняткам, хутчэй наадварот, бо ўлады не прызнавалі асобай палітыкі гітлераўцаў у дачыненьні да габрэяў.
З мэтаю рэабілітацыі менскага, у тым ліку і габрэйскага супраціву фашыстам Прусьліна, рызыкуючы страціць працу, рас-пачала чытаньне сваіх неартадаксальных лекцыяў. У 1957-м, не ўважаючы на папярэджаньні «кампэтэнтных органаў», арганізавала кампанію зваротаў да Мікіты Хрушчова, у ЦК КПСС і цэнтральныя выданьні. Былі напісаныя дзясяткі лістоў з сотнямі подпісаў былых падпольшчыкаў. Праз 3 гады намаганьні Прусьлінай далі плён: часопіс «Коммунист» надрукаваў першы артыкул, дзе Менскае падпольле прызнавалася, так бы мовіць, «легітымным». Цяпер пра ягоных герояў напісаны кнігі і зьнятыя фільмы.


Уладзімер Арлоў, Менск
Паводле www.svaboda.org.
===============================================================
У пачатку ліпеня нараджэнцы сінявокай адсвяткавалі 10-цігадовы юбілей адной з найбольш актыўных філіяў Аб’яднання выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі – іерусалімскай. Яна дзейнічае пры Абшчынным доме, што на вул. Яфа, 36, і мае шыкоўны назоў «Белвиер» – «Беларусь в Иерусалиме».
Далучаемся да віншаванняў і ахвяруем беларускаму зямляцтву адмыслова створаную серыю шахматных задач на «шашачнай» дошцы 10X10 (нічога такога, здаецца, ніхто яшчэ не дарыў):
“Б”. Белыя: Крb5, Ca6, Kc6, пп. a5, а7, с9. Чорныя: Крb9, Ла8, Ka9, п. b7.
“З”. Белыя: Крі5, Лі9, Сj6, Kh5, Ki7. Чорныя: Крf7, Лj8, п. h9.
“10”. Белыя: Kph1, Ci1, Kd1, Kg1, пп.: h3, i2. Чорныя: Крd2, Лg3, Kg2, пп. d3, i3.
“Б” злева, “З” справа, “10” унізе – кааператыўныя маты за 2 хады. Паўсюль ход чорных.

Адказы:
«Б»: 1. 1. Tb8 a8+ 2. Kpa10 Kb8X.
«З»: 1. h8 Tg9 2. Ti8 Kf6X.
«10»: 1. Kpe1 Ke3 2. d2 Cg3X.

Тое, што задачы “Б” (беларускае) і “З” (зямляцтва) рашаюцца паасобку, сімвалізуе нярэдкую раз’яднанасць выхадцаў з Беларусі ў Іерусаліме (і ў Ізраілі наагул). Спалучэнне фрагментаў “1” і “0” у адной задачы азначае яднанне землякоў з нагоды свята.
* * *
Артыкул пра юбіляраў – на zbsb.org/bibl/19_6.shtml.
Віншаванні прымаюцца праз www.souz.co.il/belzem.
=======================================================
Па стане на 16 ліпеня будынак шчучынскай сінагогі на рагу вуліц 17 верасня і Камсамольскай быў разбураны больш чым на 50%. Сумна… Але прысуд прафесару Казуліну і вайна ў Ліване яшчэ больш сумныя.
=======================================================

ГУМАР

УЗІ ВАЙЛЬ

Цырымонія зьмены ганаровай варты

Калі нарэшце мне сказалі, што прысьпеў час і мая ганаровая варта ля Сьцяны Плачу скончылася, ды нехта прыйдзе на маё месца, я сьпярша не паверыў. Потым узяў як сувэнір слоік поту, каб не казалі, што я тут мядком ласаваўся.
У прызначаны дзень вылез я са свайго бярлогу ды ўбачыў здаля прадстаўніка ААН, гатовага для цырымоніі зьмены ганаровай варты. Але побач зь ім нікога не было. Я наблізіўся, і што я бачу? Мужык трымае ў руках маленькі акварыюм, а ў ім – залатая рыбка.
– Што гэта? – запытаў я.
Прадстаўнік адказаў:
– Вітаю! Пазнаёмся, твая зьменшчыца – рыбка Сьцяны Плачу.
– Што гэта? – спытаўся я, – што гэта за такое?
– Яе прыслалі табе на зьмену, – прамяніста ўсьміхаючыся, казаў ён. – У яе, канечне, малавата досьведу – яна плавала ў фантане будынка ААН у Нью-Ёрку. Пазнаёмцеся.
Мы з рыбкай паціснулі рукі – наколькі гэта магчыма.
– Паслухайце, – казаў я, – ці не занадта гэта кардынальна – мяняць мядзьведзя на ...?
– Мы ў ААН верым у шматстайнасьць, – адказаў прадстаўнік.
– І дзе яна плаваць будзе, гэтая новая рыбка Сьцяны Плачу?
– У Сьцяне Плачу, – зноўку пасьміхнуўся прадстаўнік ААН сваёй прафэсійнай усьмешкай.
– Вы паглядзіце навокал, – казаў я. – Вы бачыце тут ваду?
Ён паглядзеў навокал.
– Можа, затэлефануем Кофі Анану? – прапанаваў ён.
– Валяйце.
Гэты пайшоў тэлефанаваць Анану, а будучая рыбка Сьцяны Плачу стала мяне клікаць: «Кхе, кхе». Я яе не пачуў, а проста скеміў паводле фантанчыкаў, якія яна выпускала з акварыюма.
– Ну, як яно тут? – спыталася рыбка.
– Суха, – адказаў я.
Яна зморшчыла лоб і мармытнула:
– Г-м, праблематычна...
Я згадзіўся.
– І што, – зноўку пачала дапытвацца яна, – што тут ёсьць паесьці?
– Кашэрны хумус, – кажу, – ну, бывае, арабы яйкамі кідаюцца.
Я проста ўбачыў, як у яе ад хваляваньня павысіўся ціск у плаўніках.
Гэты з ААН вярнуўся і салодка так заяўляе: «Добра. Пагаманіў я з Кофі Ананам. Рыбка застанецца тут на месяцок-другі, і потым, напэўна, перавядзем сюды сурка Елісейскіх палёў. Годзе, даволі ён там пазабаўляўся, весялун».
Але рыбка сказала:
– Ні на месяцок, ні на хранок. І на хвілю тут не застануся.
Сьцяла вусны, пусьціла бурбалкі ды гоп – зьнікла. Пакінула пусты акварыюм.
– Во, халера! – зьдзівіўся тып з ААН. – Я і ня ведаў, што гэта – чароўная залатая рыбка.
Я пачухаў патыліцу.
– Ну, гэтая, – пачаў тлумачыць ааншчык, – з трыма любымі жаданьнямі.
– Мне трэба было загадаць якое жаданьне… – і тут я ледзь не расплакаўся.
Ааншчык крыва зірнуў на мяне:
– Ніякіх жаданьняў для такіх, як ты. Застанесься тут, пакуль мы ня знойдзем табе замену.
Вось так я і застаўся на ганаровай варце ля Муру Лямантаў. Часова. Пакуль мне не знойдуць замену. Ідуць размовы пра цвыркуна Галівуда, ну гэтага, які робіць саўнд ночы ва ўсіх фільмах. Але ў яго такія сувязі ў кінаіндустрыі, што хавайся ў бульбу якія сувязі.
З габрэйскае пераклаў Павал Касьцюкевіч

З чаго сьмяюцца ў Ізраілі


Ізраільскі гумар (маю на ўвазе іўрыцкі) даволі спэцыфічны і не асабліва засяроджаны на габрэйстве. Комікаў больш займае паўсядзённае жыцьцё. Ізраільцяне жартуюць пра грошы, палітыку, сэкс, ТАНАХ. Тут такое пішуць! Калі ў дацкім выданні надрукавалі карыкатуру на прарока Мухамада і ісламісты ледзь не растрыбушылі Данію, то ў Ізраілі толькі пасьміхаліся. Тое, што датчане зрабілі адзін раз, у ізраільскай прэсе робіцца штотыдзень. Чорны гумар пра іслам, карыкатуры на каго хочаце. Той самы Ўзі Вайль піша гісторыю пра шагідку-сьмертніцу, якая трапляе ў рай ды ідзе пагражаць Аллагу, што ўзарве ўвесь рай, бо Аллаг падсунуў ёй недасьведчаных у сэксе хлопчыкаў, і яна не пасьпявае атрымаць насалоды. І такое друкуецца ў папулярнай газэце, і ў Ізраілі ніхто слова ня кажа. Або калі ў Шарона кома пачалася, думаеце, гумарыстычныя перадачы ўзялі тайм-аўт хоць на тыдзень?! Дзе там! Ужо ў наступную пятніцу – жарцікі, сцэнкі з жыцьця Шарона ў коме. Не пашкадавалі небараку! Пра выбары і не кажу. Каму тут толькі кафію Арафата не адзявалі: і Бібі, і Ольмэрту, і Пэрэсу (маўляў, прадаліся яны палестынцам). Толькі Аміру Пэрэцу не адзявалі, бо ён мае сталінскія вусы, і таму яго малявалі падобным да Іосіфа Вісарыёнавіча.

П. Касьцюкевіч, Тэль-Авіў
======
НОВЫЯ КНIГI
* * *
Наш даўні карэспандэнт, знаўца гісторыі г. Барысава Аляксандр Розенблюм (г. Арыэль), выдаў яшчэ адну брашуру. У якасці загалоўка ўжыты перадсмяротны вокліч паэта Ізі Харыка, расстралянага ў 1937 г.: «За што?!». У кнігу ўвайшлі тэксты, збольшага ўжо апублікаваныя на сайце rpp.nm.ru. Даведацца пра набыццё брашуры можна праз е-mail: alros@bezeqint.net. Яна распаўсюджваецца ў Барысаве.
* * *
У 2003 г. у мінскіх кнігарнях з’явілася кантраверсійная кніга Віктара Хурсіка «Кроў і попел Дражна», дзе апавядалася пра вёску на Старадарожчыне. У 1943 г. яе жыхары пацярпелі ад партызанскага атрада імя Кутузава.
Сярод гора-ваякаў, адказных за забойствы мірных жыхароў, аўтар назваў некалькі яўрэйскіх прозвішчаў, што выклікала нервовую рэакцыю газеты «Авив». У траўні 2006 г. В. Хурсік ажыццявіў 2-е выданне свайго опуса. Ён настойвае, што абапіраўся не на «чуткі», а на дакументы і паказанні сведкаў падзей – штурму Дражна.
Вайна прыводзіла да агульнага здзічэння людзей, і яўрэі, насуперак асобным гісторыкам, не маглі быць толькі героямі і/або ахвярамі. Трэба спадзявацца, што перавыданне кнігі В. Хурсіка выкліча канструктыўную дыскусію, а не навешванне ярлыкоў накшталт «подобная “национальная” трактовка по сути продолжает линию нацистской пропаганды…» (Я. Басін, www.charter97.org, 2003 г.).
----------------------------------------------------------------------------------
Izi Charik
* * *
Hajfelach bleter fun bojm cu a bojm
Zifn zich gele af vorclen;
Cint on a majrev a naketn bojm –
A shtiln fargesenem jorcajt…
Fun shtetl cu shtetl, jo gejn un nit gejn
Es vejs nit a chorever elul…
Un shtil bizn ovnt vet kukn avej
Af blejchn, af chorevn elul…


============================================================================================================
Адрас для лістоў: Рубінчык С.В., Беларусь, Мінск, 220082, вул. Матусевіча, 16-65. (Matusevicha, 16/65, Minsk, Belarus, 220082).
Надрукавана 14.06.2006. Тыраж 120 экз. Бясплатна. Адказны за выпуск – У.П.Рубінчык (rubinchyk@lycos.com).
Правы на матэрыялы «Мы яшчэ тут!» захоўваюцца за аўтарамі. Бюлетэнь распаўсюджваецца ў Беларусі, Ізраілі, ЗША, Расіі і іншых краінах. Інтэрнэт-версію бюлетэня шукайце на сайце Аб’яднання выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі: www.souz.co.il/belzem. Рубрыка «Наши друзья»
=======================================================================================




Copyright © 2000 Pastech Software ltd Пишите нам: info@souz.co.il