Вёска праведнікаў
25 лістапада прадстаўнікі
беларускай і жыдоўскай грамадзкасьці
ўшанавалі памяць жыхароў вёскі Парэчча,
якія выратавалі ад гітлераўскага
генацыду 40 габрэйскіх дзяцей. Гэтая
гісторыя згадваецца ў кнізе Леаніда
Сьмілавіцкага “Катастрофа габрэяў у
Беларусі. 1941—1944”, аднак ізраільскі
гісторык беларускага паходжаньня ня
ведаў усіх яе дэталяў. Ён піша: “40 жыдоў
здолелі дабрацца да атраду імя Кутузава.
Іх прынялі да сябе жыхары вёсак Парэчча і
Сьвятое Рагачоўскага раёну. Мішу Пекара
— Матрона Міхальчык, Сеню Глайхенгаўза
ўзялі Ганна і Міхаіл Хурсы, Сіму
Ставіцкую — Аляксей і Агрыпіна Шашкі”.
Насамрэч вёска Парэчча месьціцца не ў
Рагачоўскім, а ў Пухавіцкім раёне, а
Сьвятое — гэта засьценак з шасьці
хацінаў за тры кілямэтры ад Парэчча.
Згаданыя ж 40 габрэяў былі дзецьмі ад 7 да 15
гадоў.
Гісторыя пачалася з таго, што
парэцкія сяляне выратавалі Фрыду Рэйзман
(Лосік). Улетку 1943 г. Фрыда, васьмігадовая
дзяўчынка, разам з маці чакала сьмерці за
калючым дротам менскага гета. Ейны брат
Лазар Лосік тым часам ваяваў у
партызанскім аддзеле імя Кутузава, які
кватараваў недалёка ад Парэчча. Атрад
гэты першапачаткова быў габрэйскім — яго
заснавалі ў красавіку 1942 г. 13 уцекачоў зь
менскага гета на чале з Ізраілем
Лапідусам. Пазьней ён разросься, да яго
далучыліся беларусы, армяне, цыганы і
нават адзін немец — Вілі Шульц, капітан
вэрмахту. Ён выратаваў зь менскага гета 25
габрэяў, у тым ліку сваю каханую Ільзу
Штайн, і быў у аддзеле адным з найлепшых
падрыўнікоў. Па словах Фрыды Рэйзман,
пасьля вайны ён ажаніўся зь беларускай
дзяўчынай і задамавіўся ў вёсцы Амельна
недалёка ад Парэчча.
Партызан Лазар Лосік таксама
быў падрыўніком і шмат кантактаваў зь
сялянамі. Аднойчы ён пазнаёміўся з
рудавалосым вяскоўцам з Вузьлянаў, які
часта езьдзіў на фурманцы ў Менск. Гэты
дзядзька меў дазвол заяжджаць у гета і
часам вяртаўся дадому зь небясьпечнымі
пасажырамі пад саломай. Вывезеных з гета
ён перапраўляў да партызанаў. Рудавалосы
згадзіўся вывезьці зь Менску Фрыду і
ейную маці, але забраць абедзьвюх адразу
не атрымалася. Дзяўчынка пралезла пад
калючым дротам, а кабета ня здолела. У той
дзень на калёсах збавеньня выехала Фрыда
і хлопчык гадоў чатырнаццаці — Міша
Шнэйдар (цяперака ён жыве ў ЗША). Як толькі
падвода выбралася зь Менску, згадвае
Фрыда, у полі пачалася страляніна. Мужык
схаваў дзяцей у стог, дзе яны праседзелі
да вечара. Потым іх пераправілі ў
Вузьляны, а адтуль празь некалькі дзён —
у Сьвятое. Фрыда знайшла прытулак у
сьціплай кабеты, якую звалі Пелагея Шашок.
Пры канцы кастрычніка 1943 г.
нацысты вырашылі ліквідаваць апошніх
габрэяў Менску. Рудавалосы вясковец
пачаў езьдзіць у Менск амаль кожны дзень.
Нарэшце ён вывез да партызанаў і Фрыдзіну
маці Дору.
А потым у Парэччы зьявілася 40
габрэйскіх дзяцей. Каб пазьбегнуць
зьнішчэньня, яны глыбокай ноччу
прапаўзьлі пад калючым дротам гета і
кінуліся бегчы да чыгуначнай станцыі. Тры
дні хаваліся яны там у каналізацыйных
трубах, пакуль адзін зь іх, Ёсаф Левін (жыве
ў ЗША), не расказаў, што ведае вёску, дзе
дапамагаюць габрэям, і можа правесьці
ўсіх туды. Дзяцей у Парэччы разабралі па
хатах.
Жыхары вёскі гэтак дружна
ратавалі жыдоў, бо гэтаму вельмі спрыяў
парэцкі поп Якуб Слабуха.
Фрыда Рэйзман з захапленьнем
распавядае пра Парэчча: “У вёсцы было
толькі два прозьвішчы — Хурс і Шашок. Усе
гэтыя людзі адрозьніваліся надзвычайнай
дабрынёй. Калі б нехта паведаміў нямецкім
жаўнерам, што жыхары хаваюць габрэйскіх
дзяцей, усіх адразу б забілі — і нас, і
нашых ратаўнікоў. У вёсцы пра нас
клапаціліся, добра кармілі, апраналі,
лячылі. А ў дні аблаваў і праверак хавалі
на навакольных балотах, куды немцы ня
соваліся”.
3 ліпеня 1944 г. у Парэчча
ўступілі савецкія танкі. 5 ліпеня Фрыда з
маці былі ўжо ў Менску: яны сьпяшаліся
адшукаць сьляды Фрыдзінага брата Мішы,
які, відаць, загінуў 29 студзеня 1943 г. у
турме на Валадарцы. Усе, хто трапіў у той
дзень у аблаву, загінулі. Фрыда з маці
задамавіліся ў невялічкай кватэрцы, дзе
неўзабаве знайшлі прытулак многія з тых
дзяцей, што ратаваліся ў Парэччы.
Хлапчукі 13—15 гадоў, якія засталіся без
бацькоў, уладкоўваліся працаваць
малярамі ды электрыкамі. Хто зь іх пайшоў
добрай сьцежкай, хто — благой. Адзін —
Лёнька Лупаты — нават зрабіўся
крымінальным аўтарытэтам ва
Ўладзівастоку.
Фрыда Рэйзман шкадуе пра адно:
“Ніхто з уратаваных ня ведаў прозьвішча
рудавалосага дзядзькі з Вузьлянаў, які
выратаваў дзясяткі людзей, — кажа яна. —
Мы ведаем толькі, што ён трапіў у аблаву і
загінуў у той самы дзень, калі забілі Кубэ,
і што ў яго была дачка Люда — прыкладна
мая равесьніца”.
14 верасьня 2000 г. з ініцыятывы
Фрыды Рэйзман і габрэйскага дабрачыннага
фонду “Хесэд-Рахамім” у вёсцы Парэчча
паўстаў першы і пакуль адзіны ў Эўропе
помнік Праведнікам народаў сьвету. На
гэты момант жывымі застаюцца шэсьць
сьведкаў тых дзён: пяцёра ўратаваных
дзяцей і адна жыхарка вёскі. Усе яны
прысутнічалі на цырымоніі адкрыцьця
помніка. Сама Фрыда Рэйзман цяпер
узначальвае дабрачынную арганізацыю
былых вязьняў гета “Гілф” (“Дапамога”).
Юлія Андрэева
|