Новости   Доски объявлений Бизнес-каталог   Афиша   Развлечения  Туризм    Работа     Право   Знакомства
Home Page - Входная страница портала 'СОЮЗ'
ТВ-программа Гороскопы Форумы Чаты Юмор Игры О Израиле Интересное Любовь и Секс



 Главная
 Правление
 Новости
 История
 Объявления
 Фотоальбом
 
 Статьи и фото
 Интересные люди
 Работа объединения
 Форум
 ЧАТ
 
 Всё о культуре
 Гродненская область
 Могилевская область
 Наши друзья
 Витебская область
 ОТЗЫВЫ О НАШЕМ САЙТЕ (ЖАЛОБНАЯ КНИГА)
 Гомельскя область
 Брестская область
 НОВОСТИ ПОСОЛЬСТВА БЕЛАРУСИ
 Минская область
 Ссылки
 ВСЕ О ЛУКАШЕНКО
 Евреи г. Борисова
 Евреи Пинска



Поиск Любви  
Я   
Ищу  
Возраст -
Где?








“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!” Спецвыпуск № 9, ліпень 2005 г. / тамуз 5765 г.
“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!”
Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Мінск).
Спецвыпуск № 9, ліпень 2005 г. / тамуз 5765 г.
====================================================
* * *
Не прайшло і двух тыдняў з дня выхаду 8-га нумара “Мы яшчэ тут!”, дзе мы ўзнялі тапанімічныя пытанні, як Мінскі гарсавет аднавіў у сталіцы вуліцу Іерусалімскую. Яна заняла месца вул. Перакопскай, што ішла ўздоўж яўрэйскіх могілак, знесеных у пачатку 1960-х гг. Тамака побач будзе і вуліца Міхаіла Гебелева (раней – Мэблевы завулак). Рашэнні дэпутатаў аб вяртанні Іерусалімскай і ўвекавечванні імя слыннага падпольшчыка з Мінскага гета можна толькі вітаць. Во каб і Яўрэйскую аднавілі…
* * *
28 чэрвеня Мінгарсуд разгледзеў касацыйную скаргу Паўла Севярынца і адхіліў яе. Такім чынам, П. Севярынец, як і М. Статкевіч, асуджаны на 3 гады абмежавання волі (2 з улікам амністыі). Суддзям райсуда і гарсуда мусіла б быць сорамна за гэткі вырак, ды, напэўна, паўтарамільённы заробак дапамагае глушыць сорам у зародкавым стане.

ЮБІЛЕЙ ЛІДЗІІ АРАБЕЙ

Мы не станем называць яе ўзрост – прагныя да ведаў пашукаюць у энцыклапедыі. Проста павіншуем з днём народзінаў (27 чэрвеня) сумленную беларускую пісьменніцу, даследчыцу літаратуры. У яе творчасці прысутнічае і“яўрэйскі акцэнт”. Узяць хаця б шчымлівыя апавяданні “Плач па Радзіме”, “Трэцяя дачка” ці абразкі з новай кнігі “Пошукі ісціны…” Зайт гезунт, Лідзія Львоўна – аф ланге ёр! І многа чытачоў!

БЕЗГАЛОСЫ “ДЫЯЛОГ”

У адным з нядаўніх нумароў газеты “Голас Радзімы” з’явілася вітанне Міхаіла Баня, Часовага паверанага ў справах Беларусі ў Ізраілі. Ён сказаў: «С особенным нетерпением 130 тысяч выходцев из Беларуси, которые живут в Израиле, каждый месяц ждут выпуска русскоязычного приложения “Голасу Радзімы” – “Диалога”, который позволяет им поддерживать непрерывную связь со своей Родиной». Мы задумалі праверыць праўдзівасць слоў дыпламата, запытаўшыся ў былых грамадзян Беларусі: “А вы чакаеце “Дыялогу”?”
Гена Пекер з Брэста, інжынер, кіраўнік іерусалімскага аддзялення Аб’яднання выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі, жыве ў Маале-Адумім:
– У мяне ўвогуле рукі да газет не даходзяць.
Аляксандр Розэнблюм з Барысава, краязнаўца, жыве ў Арыэлі:
– Я не чуў ні пра “Голас”, ні пра “Дыялог”.
Міхаіл Фрыдман з Мінска, пенсіянер (Бат-Ям):
– Нешта чуў пра “Дыялог”, але ніколі не чытаў.
Ілля Рэзнік з Мінска, журналіст, жыве ў Халоне:
– “Дыялог” чытаю. Але яго рэдакцыі, па-мойму, не ўдалося наладзіць сапраўдны дыялог з чытачамі. Аб тым, што адбываецца ў Беларусі, дазнаюся з неза-лежных расійскіх ды ізраільскіх СМІ.
Ніхто з апытаных не прызнаўся, што чакае дадатку да “Голасу Радзімы” з “асаблівым нецярпеннем”. Што б ні казаў экс-кіраўнік гомельскага КДБ, нашы былыя суайчыннікі кантактуюць з Беларуссю збольшага без пасрэдніцтва афіцыёзнага выдання.
Цяпер М. Бань вернуты з Тэль-Авіва ў Мінск, яго месца заняў Ігар Лятун, які раней займаўся эканамічнымі пытаннямі. Хочацца верыць, што прагматычная плынь у беларускай замежнай палітыцы паступова выцісне ідэалагічную траскатню. Іначай да нас з Ізраіля неўзабаве будуць ездзіць толькі амбасадары, іх сямейцы і целаахоўнікі ды абязвежаныя фанаты “Славянскага базару”.
* * *
ДЗЕЦІ СЫЁНУ

Чатыры тыдні і адно пахаваньне

Жывеш сабе на пятым паверсе, ходзіш у школу. Атрымліваеш пасылкі з моднымі шмоткамі ад родзічаў, якія цудам эмігравалі на гістарычную радзіму ў савецкі час, слухаеш песьні на ідыш у бабчыным выкананьні. А пасьля мама голасам, якім чытаюць прысуды, паведамляе: “Хлопча мой, ты – габрэй”. Каб упэўніцца, адкрываеш мамін савецкі пашпарт і глядзіш у пятую графу. Бясспрэчны факт эмоцыяў не выклікае.
Здаецца, усё як заўсёды: тыя ж кубкі, лыжкі etc. Толькі адчуваеш сябе неяк ня так. Нечакана залазіш у размовы знаёмых, каб абараніць “жыдоўскія морды”, цікавішся габрэйскай рэлігіяй, гісторыяй і традыцыямі. Шукаеш Ізраіль на мапе. А пасьля пераходзіш вучыцца ў габрэйскую СШ № 172 г. Менску (відаць, меліся на ўвазе “яўрэйскія класы” у школе № 132 – “МЯТ!”); пачынаеш сьпяваць у габрэйскім хоры; у цябе зьяўляюцца сябры. Яны прыводзяць цябе ў моладзевыя габрэйскія клюбы. Тут і высьвятляецца: самае галоўнае ў пададзеным вышэй сцэнары – канцоўка. Тое, што ты раней ці пазьней адчыняеш дзьверы клюбу. У Берасьці, Магілёве, Віцебску, Гомелі ці іншым беларускім горадзе. За гэтымі дзьвярыма знаходзіцца вялізная закрытая тусоўка са сваімі лідэрамі і лузэрамі, тэмамі для размоваў, праблемамі. Іншым беларусам невядома, чым за гэтымі дзьвярыма займаюцца…

CLUBELITE
Хадзіць у клюб – гэта значыць ад першых дзён рыхтаваць сябе да вяртаньня ў Ізраіль. Для беларускага вуха гучыць крыху дзіўна, але для габрэйскага – цалкам натуральна. Як бы добра дзе ні было, Зямля запаветная ў іх адна – Ізраіль. Таму габрэяў у любой краіне яны называюць “галут” – дыяспара. Але гэта зусім ня значыць, што ўдзельнікі беларускіх габрэйскіх клюбаў на злом галавы імкнуцца зваліць зь Беларусі. “У Ізраілі крута – гэта адназначна. Цябе там чакаюць – гэта, у прынцыпе, таксама праўда. Але кім ТЫ БУДЗЕШ ТАМ – збольшага, гэта ўжо ня толькі твой выбар”. Маюцца на ўвазе пэрспэктывы эмігрантаў з “постсаўку”: першыя пяць год – яўна ня мара маладога і амбітнага габрэя. У адрозьненьне ад Ізраіля тут і зараз можна зарабіць дахалеры і трошкі: і для Сыёну, і для Беларусі. Таму, уключаючы габрэйскі гумар, на пы-таньне пра шторанкавы менскі перагар у грамадзкім транспарце яны адказваюць: “Перагар дае адчуваньне злучанасьці ўсіх грамадзя-наў Беларусі!!!” Габрэйскі клюб – гэта, калі хочаце, другая рэальнасьць. Ты прыходзіш сюды штовечар (выходных звычайна не бывае), сустракаешся са сваімі, тусуешся, размаўляеш і паліш. Нарэшце, удзельнічаеш у праекце, у якім асноўнае – “віртуальнае падарожжа ў Ізраіль”. Ня проста “ці ведае кожны з вас, дзе знаходзіцца Ізраіль?” / “што такое Шабат?” / бла-бла-бла. Прагляд фільмаў, пастаноўка спэк-такляў, абмеркаваньне нейкіх актуальных беларускіх і ізраільскіх праблемаў – і ўсё гэта нестандартна, не па-прапагандысцку, а прыкольна. Галоўнае, каб табе было цікава і ты адчуваў: я – частка Ізраіля. У клюбе можна працаваць. Гэта значыць, весьці праект, групу. На іўрыце вядучы групы – мадрых, а не вядучы – ханіх. Стаць мадрыхам – значыць, праявіць сябе на адборачным сэмінары на лэхет. Лэхет – гэта тры этапы навучальнай праграмы. Тут вучаць працаваць з псыхалёгіяй групы, вучаць бачыць і папярэджваць працэсы, што ў ёй адбываюцца.

СПАЙДЭР-ВУМЭН

Оля Скуловіч зь Віцебску. Калі яна гэта гаворыць беларусам, то ў тых зь іх, хто хоць нешта прасякае ў мастацтве пач. XX ст., адразу загараюцца вочы. Быць габрэйкай з гораду Шагала – гэта “вельмі сымбалічна”. Таму падаецца, што ў яе сумная, але такая добрая ўсьмешка, якую час ад часу асьвятляе тысячагадовая габрэйская мудрасьць. Ну і іншыя падобныя загоны. Хаця чаму загоны?.. Студэнтка ўнівэрсытэту імя Сахарава Вольга Скуловіч ніколі не прагульвае пары, рана прачынаецца і не спазьняецца. Традыцыйная гарбата зь печывам, джынсы, чорная кашуля, наверх белая цішотка і час на гадзіньніку 6:40 – 7:20. “Што апрануць у клюб, я ня думаю, а ва ўнівэр – крыху думаю. Унівэрсытэт – гэта траціна майго жыцьця, усё астатняе – клюб”.
Оля атрымлівае прэзыдэнцкую стыпэндыю і ўзначальвае ўнівэрскі TOP BEST. Для многіх шэрых сярэднячкоў Оліна студэнцкая кар’ера – як чырвоная ануча, але яна на гэты конт ня парыцца. “У прынцыпе, адносіны зь людзьмі ва ўнівэры ці ў іншым месцы складаюцца па прынцыпе “добры чалавек – добрыя, нядобры – дрэнныя”. Але ў кам’юніці габрэі заўсёды будуць стаяць на прыступку вышэй. Таму што адразу зьяўляюцца агульныя кропкі ва ўзаемадачыненьнях, і знайсьці паразуменьне лягчэй”.
Оля ніколі не падтрымлівала і не падтрымлівае ніякія рухі – па розных прычынах. Зараз яна мадрых, у якога за плячыма праекты “Ерусалім” і “Карані”. Кажуць, праекты ў яе атрымліваюцца. Магчыма, з-за яе пазыцыі: “Калі што-небудзь трэба прыдумаць, то я думаю пра гэта ўвесь час і паўсюль… Думаю, пакуль не прыдумаю”.
На новым Ольчыным праекце “Чатыры тыдні і адно пахаваньне” агульнымі намаганьнямі будуць хаваць “загінулыя” праекты. Справа ў тым, што на адкрыцьці клюбаў, у верасьні, мадрыхі прэзэнтуюць праекты на год. Але пасьля месяца-двух большая частка зь іх перастае працаваць. Па розных прычынах. “У мяне быў выдатны праект “Ерусалім”, які мы вялі зь Ленкай Якубовіч аж два гады. Але і ён маральна састарэў, яго давялося ўсыпіць. Хаця ў сэрцах людзей ён застаўся. Так і нарадзілася ідэя “Чатырох тыдняў і аднаго пахаваньня”.
Калі няма клюбу, а такое здараецца рэдка, Оля ўтаропліваецца ў комп ці едзе да мамы ў Віцебск, дзе таксама ёсьць клюб і габрэйскія сябры. Пра ўзаемаадносіны ўнутры тусоўкі яна расказваць ня хоча: “Нічога ня буду казаць, таму што або буду двудушнічаць, або такое лепш не друкаваць”.
Затое пра сам клюб расказвае так: “У натоўпе самотна, а клюб дае мімалётнае адчуваньне таго, што ты не адзін, што ёсьць людзі, здольныя цябе зразумець. Цяпер я ўвогуле гатовая да ўсяго. Сьвет клюбу – гэта такі асаблівы сьвет, Нэвэлэнд, як у Пітэр Пэна. Тут ня трэба станавіцца дарослым, тут я магу быць сабой. Гэта ў іншым сьвеце ёсьць плата за кватэру, разьмеркаваньне на пяць год невядома куды і г.д… І клюб – гэта вялікае павуціньне. Усе настолькі паўпляталі адно аднаго, што заблыталіся і наўрад ці разблытаюцца. Але бяз клюбу я як бяз рук, ног і галавы”.

Таня Якаўлева, Андрэас Копыс

Паводле “Студэнцкай думкі”, № 1 (109) 2005.
“Ale kinder zajnen klug, nor dos rov blajbn zej bam kinderishn sejchl” Зрэшты, лепей тусавацца ў “Гілелі” ці ў асяродку сахнутаўскіх дзівакоў, чым у якім-небудзь бэрэсээме 

КУЛЬТУРНАЯ ХРОНIКА

* * *
Пад Швуэс нарэшце заявіў пра сябе сайт Іудзейскага рэлігійнага аб’яднання www.jewishbelarus.org, абяцаны праз газету “Берега” 6 год таму. На сайце – мапа Беларусі на фоне скруткаў Торы і маса каштоўнай інфармацыі накшталт: “у Беларусі жыве 55 тысяч яўрэяў”. Суправаджаецца ж уся гэтая радасць гукамі мелодыі “Ды ідышэ мамэ”.
$ $ $
8 чэрвеня ў сталіцы Беларусі быў паказаны адзіны спектакль Марка Разоўскага «Поющий Михоэлс». Публіка, як кажуць, не сікала кіпнем.
* * *
16 чэрвеня на В. Харужай, 28 яўрэйская інтэлігенцыя збіралася на чарговае пасяджэнне “Клуба яўрэйскіх музыкантаў”. Народ весялілі Ніна Сцяпанская, Зміцер Сляповіч & Со. Выконваліся яўрэйскія мелодыі з набытку неяўрэйскіх кампазітараў.
* * *
Эмігрант Леанід Зубараў (Leonid Zuborev) падрыхтаваў да друку дзве свае чарговыя кнігі. Адна прысвечана Змітраку Бядулю, другая – беларускім яўрэям. Прэзентацыя намячаецца ў ліпені ў Мінску: сачыце за рэкламай.
* * *
Новыя творы вось-вось выйдуць і ў пісьменніка Міхаіла Садоўскага. У ЗША ён, масквіч з беларускімі каранямі, набыў другое дыханне. У лістападзе 2004 г. выйшла яго кніга ў перакладзе на англійскую: “Stepping into the blue”. Адзін з амерыканскіх універсітэтаў нават уключыў яе ў вучэбную праграму. Мы рады ўдачам нашага замежнага чытача і аўтара (у №1/2003 “Мы яшчэ тут!” было апублікавана апавяданне М. Садоўскага пра паваенны Мінск “Нэма проблэма” і ўрывак з рамана “Под часами”, у №2/2003 – апавяданне “Лазарь”).

П А З I Т Ы В Ы

У Бабруйску, як паведамляе БелаПАН, адкрылася Алея Праведнікаў народаў свету. Уздоўж яе высаджаны 15 дрэваў і ўстаноўлены 15 валуноў з імёнамі жыхароў Бабруйска і вёскі Шчадрын Жлобінскага раёна, якія ў вайну ратавалі яўрэяў. Алея створана на сродкі дабрачыннага фонду з Галандыі і на добраахвотныя ахвяраванні пры падтрымцы Бабруйскай гарадской яўрэйскай суполкі і іудзейскай абшчыны “Ор Аўнер” (Масква).
* * *
Як напісаў нам Алег Канашэвіч з Чэрнеўкі Барысаўскага раёна, з яго ініцыятывы ў вёсцы пачынаецца будаўніцтва помніка ў памяць яўрэяў, што жылі ў Чэрнеўцы да 1941 г. Пачэсная справа, абы ў энтузіястаў хапіла сілаў і сродкаў.
* * *
У вёсцы Лунна Мастоўскага раёна ўлады, здаецца, прыслухаліся да патрабаванняў неабыякавых людзей. «Будзе ўшанавана памяць пра паўтары тысячы вязняў мясцовага гета, якія ў 1942 годзе былі вывезены і знішчаны ў канцлагеры Асвенцім. У цэнтры вёскі пачата добраўпарадкаванне месца пад мемарыяльны знак", – сказала ў інтэрв’ю радыё «Свабода» Валянціна Карповіч, дэпутатка Луннаўскага сельсавету. У школьным музеі Лунны ёсць аддзел, прысвечаны яўрэям.

ЮБІЛЕІ
Сто гадоў – не сто рублёў

У 1905 г. мелі шчасце нарадзіцца такія вядомыя яўрэі, як Ізраіль Плаўнік – брат Самуіла, аўтара «Жыдоў», Віктар Галаўчынер – рэжысер Беларускага дзяржаўнага яўрэйскага тэатра ў 1938-46 гг., Лазар Шапіра – бібліятэкар і ваенны журналіст, Якаў Тайц – дзіцячы пісьменнік. Усіх чацвярых, на жаль, ужо даўно няма на свеце. І. Плаўнік прафесійна рабіў пераклады з ідыш на беларускую, В. Галаўчынер, які змяніў растралянага сталіністамі Майсея Рафальскага, паставіў «Дзвесце тысяч» і «Пігмаліёна», Я. Тайц напісаў цудоўныя ўспаміны пра сваё смаргонскае дзяцінства («Нязгаснае святло») і мноства добрых апавяданняў пра добрых людзей. Падпалкоўнік Шапіра працаваў у франтавых газетах і ў Доме афіцэраў, апяваў гераізм савецкіх лётчыкаў.

* * *
Сто гадоў таму ў Вяліжы нарадзіўся і Юрка Віцьбіч, спрэчная постаць у беларускай гісторыі. Арыгінальны літаратар (назва яго аповесці «Лшоно Габоо Бійрушалаім» пра многае сведчыць), знаўца беларускай этнаграфіі, аматар творчасці Шагала, у 1930-я ледзь не сябар Гірша Рэлеса і Змітрака Бядулі – і аўтар жахліва антысеміцкіх тэкстаў у гады Другой сусветнай вайны. Віцебскі публіцыст Аркадзь Падліпскі не пашкадаваў для выкрывання Віцьбіча 80 старонак (кніжка «Ариец с берегов Двины», 2001), сцвярджаючы, што яго “герой” выдаваў яўрэяў паліцаям у час акупацыі. Хто ведае? Доказаў у Падліпскага бракуе.

ПАЭЗІЯ
Александр Элентух

БЕЗ ТЕБЯ

Посвящено жене Ире

Я бы сердце пронес,
Чтоб остаться с тобой –
Через жгучий мороз,
Сквозь горячий огонь.
Я бы вышел из льда,
Что сковал мою грудь,
Мне бы просто тебя
На мгновенье вернуть.

Без тебя, без тебя,
Как костер без огня,
Как луга без травы,
Как река без воды.
Все, что есть у меня –
Это ты.

Мне бы в небо взлететь
Вместе с стаями птиц,
Чтоб тебя разглядеть
Среди тысячи лиц.
Мне б заметить следы,
Отыскать голос твой,
Мне бы знать, что беды
Не случится с тобой.

Без тебя, без тебя,
Как костер без огня,
Как луга без травы,
Как река без воды.
Все, что есть у меня –
Это ты.
============================================================================================================
Адрас для лістоў: Казловай С.В., Беларусь, Мінск, 220082, вул. Матусевіча, 16-65. (Matusevicha, 16/65, Minsk, Belarus, 220082).
Надрукавана 08.07.2005. Тыраж 150 экз. Бясплатна. Адказны за выпуск – У.П.Рубінчык (rubinchyk@lycos.com).
Правы на матэрыялы «Мы яшчэ тут!» захоўваюцца за аўтарамі. Бюлетэнь распаўсюджваецца ў Беларусі, Ізраілі, ЗША, Расіі і іншых краінах. Інтэрнэт-версію бюлетэня шукайце на сайце Аб’яднання выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі: www.souz.co.il/belzem. Рубрыка «Наши друзья»
=======================================================================================




Copyright © 2000 Pastech Software ltd Пишите нам: info@souz.co.il