Новости   Доски объявлений Бизнес-каталог   Афиша   Развлечения  Туризм    Работа     Право   Знакомства
Home Page - Входная страница портала 'СОЮЗ'
ТВ-программа Гороскопы Форумы Чаты Юмор Игры О Израиле Интересное Любовь и Секс



 Главная
 Правление
 Новости
 История
 Объявления
 Фотоальбом
 
 Статьи и фото
 Интересные люди
 Работа объединения
 Форум
 ЧАТ
 
 Всё о культуре
 Гродненская область
 Могилевская область
 Наши друзья
 Витебская область
 ОТЗЫВЫ О НАШЕМ САЙТЕ (ЖАЛОБНАЯ КНИГА)
 Гомельскя область
 Брестская область
 НОВОСТИ ПОСОЛЬСТВА БЕЛАРУСИ
 Минская область
 Ссылки
 ВСЕ О ЛУКАШЕНКО
 Евреи г. Борисова
 Евреи Пинска



Поиск Любви  
Я   
Ищу  
Возраст -
Где?








МЫ ЯШЧЭ ТУТ! Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Мінск). Спецвыпуск № 5. снежань 2004 г. / кіслеў 5765 г.
“МЫ ЯШЧЭ ТУТ!”
Беларуска-яўрэйскі бюлетэнь (Мінск).
Спецвыпуск № 5. снежань 2004 г. / кіслеў 5765 г.
=============================================================
VIFL AZEJGER IZ ICT? – ЧАС ЧЫТАЦЬ СВАЁ!
==========================================================================================================
У КАНЦЫ КАСТРЫЧНІКА Ў КУРАПАТАХ БЫЎ УСТАНОЎЛЕНЫ ПЕРШЫ Ў БЕЛАРУСІ ПОМНІК ЯЎРЭЯМ АХВЯРАМ СТАЛІНІЗМУ

Памятны знак ад беларускіх габрэяў ахвярам Курапатаў выраблены з каменя ад помніка Сталіна

У Курапатах адбылося ўрачыстае адкрыцьцё памятнага знака ад беларускіх габрэяў ахвярам сталінізму. Мэмарыяльны знак выраблены з каменя, які калісьці быў часткай помніка Сталіну ў Менску.
На мэмарыяльным камяні па-беларуску і на ідыш выбіты надпіс: “Нашым адзінаверцам юдэям, братам па Кнізе, хрысьціянам і мусульманам ахвярам сталінізму ад беларускіх габрэяў”. Як распавёў актывіст грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” Вацлаў Арэшка, ідэя ўсталяваньня памятнага знака ад беларускіх габрэяў узьнікла ўжо даўно: “Перамовы з габрэйскай і татарскай грамадамі вяліся некалькі месяцаў. Пакуль што атрымаўся толькі адзін камень ад беларускіх габрэяў. Татарскі трохі, я думаю, запозьніцца, але спадзяюся, што таксама будзе ўсталяваны. Гэта помнік не рэлігійны, гэта хутчэй знак памяці ад габрэяў Беларусі ўсім тым, хто загінуў у Курапатах”.
Памятны знак усталяваны на курапацкім пагорку мэтрах у дзесяці ад трох вялікіх курапацкіх крыжоў. Гаворыць кінарэжысэр Юры Хашчавацкі: “Я ведаю, што гэты камень з-пад помніка Сталіну. Адмыслова хлопцы дасталі менавіта гэты камень. Цяперашнія дыктатары павінны разумець, што на рэштках тых помнікаў, якія яны ставяць пры жыцьці самім сабе, урэшце будуць напісаныя сьведчаньні іх злачынстваў”.
Спускаемся далей за курапацкі пагорак і падыходзім да адной зь ямін-магілаў. Прадстаўнік міжнароднага гістарычна-асьветніцкага таварыства “Мэмарыял” Ігар Кузьняцоў гаворыць, што гэта месца 30-га раскопу, якое было дасьледавана вайсковай пракуратурай у 1998 годзе: “Тут знаходзяцца парэшткі 74 чалавек, якія былі расстраляныя прыблізна ўвесну ці летам 1940 году. Мойша Крамэр і Мардэхай Шулькес — гэта адзіныя два прозьвішчы людзей, чые парэшткі былі ідэнтыфікаваныя ў 1998 годзе”.
Паводле Ігара Кузьняцова, больш ніводнага прозьвішча расстраляных у Курапатах людзей невядома. Некалькі дзясяткаў чалавек, якія сёньня прыйшлі ў Курапаты, ушанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў хвілінай маўчаньня.
Гаворыць лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка: “Мы ўсе памятаем сваіх, але мы ўсе памятаем усіх, таму што мы – адзін народ. Мы народ гэтай зямлі. Баронячы Курапаты, мы баронім увесь беларускі народ і кожную яго частку”.
Ганна Соусь, Менск
Паводле www.svaboda.org

“Мы яшчэ тут!”: варта дадаць, што тэкст на ідыш з’явіўся праз дапамогу Аляксандра Астравуха, які раіўся з замежнымі знаўцамі мовы. Гэта не проста пераклад з беларускай, а асэнсаванне лёсу беларускіх яўрэяў у XX cт.

НАВІНКІ
* * *
21 кастрычніка суд Маскоўскага раёна г. Мінска адхіліў іск Валера Фралова да газеты “Обозреватель”, што летась абазвала яго – вуснамі Л. Левіна! – “личностным антисемитом”. Абвяржэння ў газеце не з’явіцца, хоць генерал Фралоў, сябар шашыста Гантварга, далёкі ад таго, што яму прыпісаў “Обозреватель”. Выходзіць, што звацца антысемітам у Рэспубліцы Беларусь не ганебна... Нездарма 17 кастрычніка ў Мазыры ізноў абралі дэпутатам С. Касцяна, які “пляваў на еці сінагогі”.
* * *
Якаў Гутман, лідэр Сусветнага згуртавання беларускіх габрэяў мазырскага роду, не спыняе барацьбы з антысемітызмам у Беларусі. Надоечы за акіянам ён сабраў больш як тысячу подпісаў пад чарговай адозвай да кіраўнікоў тамтэйшых яўрэйскіх суполак. Эфект ад звароту, як адзначае сам сп. Гутман, амаль нулявы. Кіраўнікам і так добра.
* * *
Беларускія яўрэі ў Германіі, ЗША, Ізраілі і іншых краінах збіраюць грошы на помнік гераіне антыфашысцкага супраціву Машы Брускінай. 26 кастрычніка пра гэта гаварылася ў Мінску, пад час традыцыйнага мітынгу ля дрожджавага заводу, дзе ў 1941 г. нацысты закатавалі М. Брускіну, Кірылу Труса і Уладзіміра Шчарбацэвіча.
* * *
21 кастрычніка ў мемарыяльным комплексе "Яд ва-Шэм" (Іерусалім) адбылася цырымонія памяці ахвяр Катастрофы на Беларусі. У Зале Памяці быў запалены агонь, ускладзены вянкі, прачытана малітва "ізкор”. Старшыня Аб’яднання выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі Міхаіл Альшанскі расказаў карэспандэнту Агенцтва яўрэйскіх навінаў: "Цырымонія ў "Яд ва-Шэм" – акцыя нашага зямляцтва, якое ад імя 120 тыс. выхадцаў з Беларусі, што жывуць у Ізраілі, увекавечвае памяць 450 тыс. беларускіх яўрэяў, вязняў шматлікіх гета, што сталі ахвярамі нацысцкай палітыкі «канчатковага вырашэння яўрэйскага пытання». У дзейнасці нашага зямляцтва значная ўвага надаецца таму, каб новае пакаленне ведала гісторыю Халакосту, які не паўторыцца, пакуль існуе яўрэйская дзяржава".
Паводле www.aen.ru
* * *
Тое ж Агенцтва паведаміла, што гарадскія ўлады Магілёва пайшлі-такі насустрач іудзейскай абшчыне і згадзіліся вярнуць ёй тое, што засталося ад “халоднай” сінагогі XVII ст. “Разам з будынкам абшчыне будзе перададзена не менш як паўгектара зямлі, што дазволіць не толькі адбудаваць сінагогу, а і стварыць суцэльны комплекс яўрэйскага цэнтра” – радасна паведамляе АЯН.
* * *
Міхась Чарняўскі, спявак і грамадскі дзеяч з г. Столін, з дапамогай сваіх пінскіх сяброў запісаў файны дыск з песнямі на ідыш і іўрыце. Назва сімвалічная: “Дзве дзверцы”. Выканаўца мяркуе неўзабаве выдаць яшчэ адну падборку ідышысцкіх песень.

НЕ СТРАЛЯЙЦЕ Ў ПІЯНІСТАЎ

Музыкант і член Савета Рэспублікі Міхаіл Фінберг граў “першую скрыпку” у перадрэферэндумным канцэрце “За Беларусь”, налева й направа расказваючы, як ён любіць Прэзідэнта. Пазней дагаварыўся: “хто за Беларусь – той за Лукашэнку, хто за Лукашэнку – той за Беларусь”. Формула па сваёй “геніяльнасці” мала чым саступае оруэлаўскай “Чатыры нагі – добра…”. Знакаміты прадпрымальнік, ганаровы грамадзянін Брэсту Міхаіл Іофе падпісаў калектыў-ны зварот да жыхароў вобласці, дзе ізноў-такі раілася галасаваць за “ўсенародна любімага”… Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, а цяпер начальнік рэгіянальнага ўзроўню Сямён Ліўшыц праславіўся ўціскам іншадумства на сваім прадпрыемстве. Канешне, сілком не будзеш любы, але… Каб гэтыя шанаваныя яўрэі хоць 10% сваёй кіпучай энергіі аддавалі на “яўрэйскія справы”, многае ў абшчынах Мінска, Брэста, Асіповічаў ішло б лепей. Праз вякі гучыць заклік Гілеля: “Калі не я за сябе, то хто за мяне? Калі я толькі за сябе, то навошта я?” Як заўжды: каму Гілель аўтарытэт, каму – Лукашэнка.

А МІЖ ТЫМ…

Апошнім часам амаль усе яўрэйскія арганізацыі напаткалі цяжкасці з грашыма. Мінская “Эмуна” слёзна просіць наведнікаў уносіць плату за паслугі, каб “сделать нашу общину более независимой” (і чаму б не сказаць шчыра – “менее зависимой”?). Паабяцаны ў газеце “Авив” за ліпень 2003 г. навуковы зборнік “Евреи Беларуси” ня выйшаў да сёння. Кіраўнікі Іудзейскага рэлігійнага аб’яднання ўжо забыліся на тое, што ў 2006 г. планавалі аднавіць работу Валожынскай ешывы – “не да жыру”. Думалі нават прадаць будынак на Даўмана, 13б і набыць пад сінагогу сціплы домік у Серабранцы. А што – Ўладзімір Арлоў калісь параўнаў гэты мінскі раён з фолкнэраўскай Ёкнапатофай. Жывуць жа тамака пісьменнікі, алканаўты, народныя дэпутаты ў адстаўцы. Сінагогі ў Серабранцы толькі й не хапала... Наша чытачка з Маладэчна дзякуе былому намесніку Ю. Дорна Давіду Абрамаву і наракае, што пасля Давіда сталічныя іудзейскія лідэры не даязджаюць да Маладэчна – відаць, ужо і на білет у электрычку фінансаў бракуе... Рэлігійны цэнтр на Крапоткіна, 22, што належыць мінскай хасідскай абшчыне, будуецца патроху, але ж ён мусіў быць завершаны ў лютым 2004 года... Карацей, пара бы дзеячам беларускага яўрэйства сабрацца разам і правесці “мазгавы штурм” на тэму, як жыць далей. Можа, да землякоў у Ізраілі па дапамогу звярнуцца, як тое даўней рабілася, можа, яшчэ што. Галоўнае – не апускаць рукі і ня дужа спадзявацца на “Джойнт” ды ізраільскі ўрад.

ШТО Ў ЧЫКАГА

Эмігранты так званай “апошняй хвалі”, што прыехалі з Беларусі ў апошнія два дзесяцігоддзі ў Чыкага, утварылі тут добраахвотную грамадскую арганізацыю – беларускае зямляцтва. Стала добрай традыцыяй у тых, хто прыехаў з Беларусі, штогод збірацца на сустрэчы, дзяліцца сваімі ўспамінамі аб нядаўнім жыцці на Радзіме, прыгадваць маладосць…
Чарговая сустрэча адбылася ў гасціннай зале чыкагскага ОРТ-інстытута. Яна была прысвечана 60-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Многія з тых, хто сабраўся тут, прымалі непасрэдны ўдзел у баях.
Адкрываючы ўрачыстасць, прэзідэнт беларускага зямляцтва Асацыяцыі “Землякі” Іосіф Кацман прачытаў свой лірычны верш, у якім ён заклікаў усіх прысутных “адкінуць слова “настальгія” і проста ўспомніць Беларусь”. Затым быў паказаны спецыяльны слайд-фільм з краявідамі гарадоў і вёсак Беларусі, цікавых архітэктурных помнікаў, непаўторных пейзажаў роднай зямлі. Слайды суправаджаліся натхнёнымі радкамі з Янкі Купалы, Якуба Коласа, Міколы Аўрамчыка, Адама Русака, Ніла Гілевіча, Сяргея Панізніка. Вершы гучалі ў выкананні Міры Рапапорт, былой настаўніцы беларускай мовы і літаратуры на Слонімшчыне.
Канцэрт пачаўся выступленнем спевака Марата Віленскага, які выканаў “Маладосць мая, Беларусь” і “Мінскі вальс” кампазітара Міхася Клейнера, які жыве зараз у Чыкага. Танчылі майстры бальнага танцу Алена і Алег Машковічы, свае новыя вершы, прысвечаныя роднай зямлі, прачытала Іда Аўруцкая.
А ў перапынках паміж выступленнямі і нумарамі канцэртнай праграмы танчылі ўсе: і тыя, каму толькі за 50, і тыя, каму ўжо хутка 90. У гэты вечар у залі панавала атмасфера шчырай дружбы, братэрства, зямляцкай салідарнасці, непасрэднасці, шчырасці – усяго, чаго часам не хапае ў штодзённым эмігранцкім жыцці.
Ванкарэм Нікіфаровіч
(паводле бюлетэню “Беларусы ў свеце”, № 9, 2004).

15 лістапада 2004 года вядомаму літаратуразнаўцу Ванкарэму В. Нікіфаровічу споўнілася 70 гадоў. Віншуем!

РЭПЛІКА
І НЯ СОРАМНА?

На думку віцэ-старшыні Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын Я. Басіна, яўрэі – “адзіныя жыхары гэтай краіны, якіх забівалі… толькі за іх нацыянальнасць” (Авив, №100-101). С. Буко, старшыня Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце міністраў, заявіў, што “міжнароднай ізраільскай прэміяй “Праведнік народаў свету” часцей за ўсё ўзнагароджваліся беларусы” (Советская Белоруссия, 23.10.2004). Што супольнага паміж «прафесійным яўрэем» і непрафесійным чыноўнікам? Адно цынічнае жаданне маніпуляваць гістарычнымі фактамі ў сваіх мэтах. Агульнавядома, што, акрамя яўрэяў, нацысты выракалі на поўнае знішчэнне цыганоў, а званне Праведніка ў Беларусі атрымалі крыху больш за 500 чалавек. У Польшчы ж, напрыклад – некалькі тысяч.

ПАЭЗІЯ

Да 100-годдзя выдатнага ідышысцкага паэта Зэліка Аксельрода (30/12/1904 – чэрвень 1941) друкуем верш з яго першай кніжкі “Capl” (Мн., 1922) і пераклад на рускую мову, зроблены пляменніцай паэта, Аленай Аксельрод.

Shtejt a shtot
In lange lajlecher geviklt vajs
Um murmlt blas ir langzam tfile
Fun decher blechene curunene in milch
Mit fasn lajvntne, mit altn shtile –
Ich bin hajnt skulptor fun a perl nacht!
Af kalte tchejlesdike kuflen
Gis ich ojs
Fun farbn hel a gifsn gifsene levone
Un ruik trift der lojter ejl
Fun kejmens cyglne af erd zachter fartracht –
In lange lajlecher geviklt vajs
Shtejt sojdesdik a blase shtot
Un duchnt shtum mit mir af zilberner levone…
* * *
Мой город в длинных белых простынях
Бормочет медленную бледную молитву.
Мерцают жестяные скаты крыш,
Текут, прозрачным молоком облиты.
Сегодня скульптор я жемчужной ночи.
Из гипса хрупкую луну леплю
И погружаю в голубое блюдо.
На землю масляный сочится свет
Из труб кирпичных иль невесть откуда...
И, запеленатый белым-бело,
Задумчиво хранит молчанье город,
Боясь, как я, нарушить тишину.

РОМАН РУБИНЧИК

ЗИМНИЙ СОН*

Дрожат озябшие осины,
Молчат уставшие дубы.
И слезы красные рябины
Хранят предчувствие судьбы.

Спешат рождественские сказки
И недосмотренные сны
Сорвать остуженные маски
В преддверье радостной весны.

Порхнет крыло случайной птицы,
Спугнув величественный сон,
И снег блеснет в твоих ресницах,
И речь несвязна, словно стон.

Не нужно слов. Молчи и слушай,
Как буря стонет и свистит.
Зима стоит на Беларуси,
Мороз над Родиной висит.

* Верш барысаўчаніна друкуецца паводле зборніка “Кадры старого кино” (Мн.: Технопринт, 2004).

============================================================================================================
Адрас для лістоў: Казловай С.В., Беларусь, Мінск, 220082, вул. Матусевіча, 16-65. (Matusevicha, 16/65, Minsk, Belarus, 220082).
Надрукавана 02.12.2004. Тыраж 150 экз. Бясплатна. Адказны за выпуск – У.П.Рубінчык (rubinchyk@lycos.com).
Правы на матэрыялы «Мы яшчэ тут!» захоўваюцца за аўтарамі. Бюлетэнь распаўсюджваецца ў Беларусі, Ізраілі, ЗША, Расіі і іншых краінах. Інтэрнэт-версію бюлетэня шукайце на сайце іерусалімскай філіі Аб’яднання выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі: www.souz.co.il/belzem.
============================================================================================================




Copyright © 2000 Pastech Software ltd Пишите нам: info@souz.co.il