Новости   Доски объявлений Бизнес-каталог   Афиша   Развлечения  Туризм    Работа     Право   Знакомства
Home Page - Входная страница портала 'СОЮЗ'
ТВ-программа Гороскопы Форумы Чаты Юмор Игры О Израиле Интересное Любовь и Секс



 Главная
 Правление
 Новости
 История
 Объявления
 Фотоальбом
 
 Статьи и фото
 Интересные люди
 Работа объединения
 Форум
 ЧАТ
 
 Всё о культуре
 Гродненская область
 Могилевская область
 Наши друзья
 Витебская область
 ОТЗЫВЫ О НАШЕМ САЙТЕ (ЖАЛОБНАЯ КНИГА)
 Гомельскя область
 Брестская область
 НОВОСТИ ПОСОЛЬСТВА БЕЛАРУСИ
 Минская область
 Ссылки
 ВСЕ О ЛУКАШЕНКО
 Евреи г. Борисова
 Евреи Пинска



Поиск Любви  
Я   
Ищу  
Возраст -
Где?








Яўрэйская прэса ў Рэспубліцы Беларусь
Рубінчык У. П., Мінск.

Яўрэйская прэса ў Рэспубліцы Беларусь

Гаворачы пра прэсу, нельга не сказаць і пра яе чытачоў. Напрыканцы 1980-х гг. у БССР распачынаецца г. зв. «нацыянальна-культурнае адраджэнне» этнічных груп. Паводле перапісу 1989 г. у Беларусі жылі амаль 112000 яўрэяў, у пераважнай большасці – рускамоўных (у 1989 г. рускую мову лічылі роднай каля 90 % апытаных, а ў 1999 г. – амаль 95 %), даволі моцна асіміляваных у савецкія гады. Вось жа, іх яднанне аб’ектыўна мусіла грунтавацца на «настальгічнай» аснове: захаванне рэшткаў «яўрэйскай культуры», знаёмства з гісторыяй, традыцыямі, карацей кажучы, «вяртанне да каранёў». Тыя, хто зазіраў у будучыню, звычайна эмігравалі. Паводле дадзеных перапісу насельніцтва 1999 г., у Беларусі засталося меней за 28000 яўрэяў, да таго ж іх сярэдні ўзрост значна перавышае агульнабеларускі. Гэта важна падкрэсліць для лепшага разумення феномену «беларускай яўрэйскай прэсы».
У 1991 г. была заснавана буйнейшая нерэлігійная яўрэйская суполка. Яе цяперашняя назва – Саюз беларускіх яўрэйскіх грамадскіх арганізацый і абшчын (далей – СБЯГА; нязменны кіраўнік – архітэктар Л. Левін). Яе падтрымкай карыстаюцца гарадскія таварыствы яўрэйскай культуры, саюзы ветэранаў вязняў гета і інш. – некалькі дзясяткаў арганізацый ва ўсіх вобласцях Беларусі . Паралельна з СБЯГА, больш чым у 10 гарадах дзейнічаюць абшчыны артадаксальнага іудаізму, якія з’яўляюцца часткай Iудзейскага рэлігійнага аб’яднання (далей – IРА; кіраўнік – бізнэсоўца Ю. Дорн). СБЯГА і IРА змагаюцца за права прадстаўляць беларускіх яўрэяў перад урадам РБ і замежнымі фундатарамі, балазе бадай што ўсё «яўрэйскае жыццё» ў Беларусі пабудавана на падмурку фінансавай дапамогі апошніх.
Першыя яўрэйскія выданні ў найноўшы час з’явіліся ў канцы 1980-х гг.: выйшлі 4 нумары альманаха «Контакт» (рэдактар – Г. Хайтовіч), малатыражныя часопісы ў Бабруйску і Гомлі. Сапраўдным жа пачаткам яўрэйскай прэсы трэба лічыць выданне першага нумару газеты «Авив» («Вясна» – іўр.) у сакавіку 1992 г. Яна выходзіць дагэтуль і стала папулярнай у яўрэйскіх асяродках – ня толькі ў Беларусі. У 1999 г. у «Авива» з’явіўся «канкурэнт» – газета «Берега». Абедзьве выдаюцца ў Мінску, першая – пад эгідай СБЯГА, другая – коштам IРА. Менавіта гэтыя дзве самыя аўтарытэтныя газеты вызначаюць зараз «твар» яўрэйскай прэсы ў РБ. Далей яны будуць разгледжаны больш пільна. Аднак карысным будзе прыгадаць і іншыя яўрэйскія выданні, што выходзілі ці выходзяць у краіне:
- «Ахдут» («Адзінства» – іўр.) – газета Гомельскага таварыства яўрэйскай культуры (тыраж 3000 асобнікаў у сярэдзіне 1990-х гг.);
- «Мезуза» – газета Мінскай абшчыны прагрэсіўнага іудаізму «Сімха» (тыраж 499-1000 асобнікаў, выдавалася ў 1997-1998 гг.);
- «Алия» («Пад’ём» – іўр.), «орган па рэпатрыяцыі» (для патэнцыйных імігрантаў у Iзраіль; выйшла некалькі нумароў у сярэдзіне 1990-х гг.);
- «Мишпоха» («Сям’я» – ідыш, іўр.) – газета «абшчыннага цэнтру Бабруйска»;
- «Еврейские новости» – газета Саюза яўрэйскай моладзі і студэнтаў, і г. д.
Нягледзячы на гучныя іўрыцкія назвы, усе газеты – рускамоўныя і выглядаюць збольшага сціпла. Яны распаўсюджваліся, галоўным чынам, сярод «інсайдэраў», падаючы мала арыгінальных матэрыялаў. Канешне, іх выданне ня мела камерцыйных мэтаў. Часта яны нават не заўважаюцца ў даведніках
Апрача «Авива», СБЯГА выдае яшчэ салідны часопіс – альманах «Мишпоха» (128-144 с.). Ён выходзіць прыкладна 2 разы на год (з 1995 г. – 8 адзінак) у Віцебску, на рускай мове, коштам Амерыканскай яўрэйскай размеркавальнай арганізацыі «Джойнт» , тыражом 1000-1500 асобнікаў. Часопіс мае перадусім этнаграфічна-генеалагічны кірунак, хоць і заяўлены як «гістарычна-публіцыстычны». Ён культывуе настальгію па «яўрэйскім мястэчку».
Гісторыя газеты «Авив» не была гладкай. У 1992-1994 гг. яна фінансавалася ізраільскай асацыяцыяй «Гешэр Алія» (кіраўнік – былы мінчанін Р. Трэстман) і Яўрэйскім агенцтвам для Iзраіля (Сахнут) , ізраільскім пасольствам. У 1995 г. галоўны рэдактар «Авива», ваенны журналіст М. Нардштэйн, пакінуў сваю пасаду, пратэстуючы супраць умяшальніцтва ізраільскіх структур ва ўнутрырэдакцыйную палітыку. Ён заснаваў «незалежную газету» з падобнай назвай – «Авив хадаш» («Новая вясна» – іўр.), аднак з-за адсутнасці сродкаў выйшлі толькі два нумары. М. Нардштэйн вярнуўся ў «Авив» і працягваў яго рэдагаваць да канца 1999 г. З 2000 г. газета выдаецца пад рэдакцыяй Б. Герстэна, аператара Беларускага тэлебачання і аднаго з віцэ-прэзідэнтаў СБЯГА. Газета была задумана як штомесячнік, але за 9 год (сакавік 1992 г. – сакавік 2001 г.) выйшла толькі 59 нумароў, некаторыя з іх – падвоеныя. Аб’ём яе застаўся нязменным: 16, зрэдчасу – 24 палосы фармату А3. Тырах значна вагаўся: 998 асобнікаў у 1992 г., 1500 у 1993-м, 3000 у 1994-м, 500 у 1996-1997 гг., 1000 у 1998-м. З прыходам новага галоўнага рэдактара тыраж рэзка ўздымаецца: ад 2000 асобнікаў на пачатку 2000 г. да 2500 у маі, 3000 у ліпені, 4000 у кастрычніку. Зараз тыраж знізіўся да 3500 асобнікаў. Відавочна, што ён залежыць не ад чытацкага попыту, а ад фінансавых магчымасцей заснавальніка – СБЯГА, які сам матэрыяльна залежыць ад замежных фундатараў («Джойнта» у першую чаргу).
Змястоўнае напаўненне «Авива» таксама зазнала змены: да 1994 г. даволі часта друкаваліся тэксты палітычнага характару і неяўрэйскіх аўтараў (С. Алексіевіч, В. Тарас, I. Клімашэўская і інш.). У адноўленым «Авиве» 1996-2001 гг. пераважаюць артыкулы гістарычна-краязнаўчага зместу, апісанне дзейнасці тутэйшых яўрэйскіх актывістаў, дыфірамбы «начальнікам» і да т. п. Традыцыйнымі засталіся аповеды пра гераізм яўрэяў у гады Вялікай Айчыннай вайны, пратэсты супраць фактаў антысемітызму, цікавасць да падзеяў у Iзраілі, наяўнасць рэкламных праізраільскіх матэрыялаў.
На жаль, «Авив» ня даў рады сфармаваць сталы аўтарскі калектыў. З 2000 г. заўважаны перадрукі з іншых газет без спасылкі на крыніцы. Між тым, рэдакцыя «Авива» (як і «Берегов») заўважае, што «аўтарскія правы на матэрыялы газеты належаць рэдакцыі».
Першапачаткова газета прадавался праз яўрэйскія суполкі (зрэдчасу – праз «Белсаюздрук») па даволі нізкай цане. З 2000 г. яна проста раздаецца ў суполках. Тое ж тычыць і газеты «Берега».
Першы нумар «Берегов» (чэрвень 1999 г.) адразу ж прыцягнуў увагу чытачоў арыгінальным афармленнем, высокай якасцю літаратурных і гістарычных матэрыялаў. Як правіла, газета выходзіць рэгулярна штомесяц. Да сакавіка 2001 г. з’явіўся ўжо 21 нумар. Тыраж падняўся з 2000 асобнікаў да 4000 ужо ў верасні 1999 г., да 5000 у студзені 2000 г. і зараз складае 6000 асобнікаў. Аб’ём газеты – гэткі ж, як у «Авива». Галоўны рэдактар «Берегов» – тэатральны рэжысёр і «вольны журналіст» Вадзім Целеш. У рэдкалегію ўваходзяць прэзідэнт і галоўны рабін IРА, і ня дзіўна, што шмат месца ў газеце аддаецца рэлігійнай тэматыцы. Тым ня меней, «Берега» цікавыя і нерэлігійнаму чытачу: іх погляд на гісторыю яўрэйскіх абшчын у Беларусі і свеце шырэйшы, чым у «Авива». Акрамя таго, «Берега» публікуюць крытычныя «журналісцкія расследаванні» (чаго няма ў «Авиве»), бясплатныя прыватныя абвесткі, карысныя побытавыя парады. У 2001 г. «Берега» абвесцілі падпіску, з латэрэяй для падпісчыкаў. «Авив» праз пошту не распаўсюджваецца.
Аднак «Авив» и «Берега» маюць і шмат агульнага:
- значная колькасць палос аддаецца адкрытай або прыхаванй рэкламе «Яўрэйскага агенцтва для Iзраіля» (Сахнут);
- мала ўвагі аказваецца ўнутрыбеларускім палітычным і эканамічным падзеям. «Мінуўшчына» пераважае над «будучыняй». Верагодна, гэта якраз і тлумачыцца сацыяльна-дэмаграфічнымі характарыстыкамі яўрэяў Беларусі;
- адносна малое месца (асабліва – у «Авиве») займае «зваротная сувязь»;
- абедзьве газеты – спрэс рускамоўныя (праўда, у «Авиве» пэўны час існаваў куток для традыцыйнай побытавай мовы яўрэяў Беларусі – ідыша);
- абедзьве па-свойму імкнуцца выхаваць у яўрэяў РБ «самасвядомасць», гонар за прыналежнасць да яўрэйскага народа. Ці паспяхова – пытанне, якое патрабуе дадатковага даследавання;
- абодва выданні застаюцца малавядомымі ў неяўрэйскім асяроддзі.
Трэба яшчэ адзначыць, што, нягледзячы на дастаткова вялікі геаграфічны абсяг чытацкай аудыторыі «Авива», «Берегов» і віцебскага часопіса «Мишпоха» (яны паступаюць у Расію, Iзраіль, ЗША), заснавальнікі гэтых выданняў не імкнуцца мадэрнізаваць сувязі з чытачамі і аўтарамі, напрыклад, выйсці ў Iнтэрнет .
Рэзюмуючы, заўважым, што беларуская яўрэйская прэса з’яўляецца люстэркам цяперашняга становішча «абшчыны» яўрэяў Беларусі. Калі ў першай палове 1990-х гг. на старонках газеты «Авив» магчымым было абмеркаванне тэм дэмакратыі і актыўнага ўдзелу яўрэйскай супольнасці ў вырашэнні ўласнага лёсу, цяпер імпэту ў гэтым плане паменела. Абедзьве вядучыя яўрэйскія газеты, у адрозненне, напрыклад, ад газеты Саюза палякаў на Беларусі «Głos znad Niemna», апынуліся практычна дэпалітызаванымі. У дэмакратычным працэсе яны наўрад ці выконваюць функцыю «арганізатараў мас». Аднак нельга адмаўляць, што яўрэйская прэса артыкулюе інтарэсы пэўнай часткі жыхароў Беларусі, робячы ўнёсак у пабудову мультыкультурнага і плюралістычнага беларускага грамадства.

Сродкі масавай інфармацыі Беларусі ў дэмакратычным працэсе. Матэрыялы міжн. навук. канф-цыі, прысвечанай 80-годдзю з дня нараджэння доктара гістарычных навук, прафесара Р.В. Булацкага (3 мая 2001). Адк. рэд. В.П. Вараб’ёў. – Мн.: БДУ, 2001. – С. 72-75.





Copyright © 2000 Pastech Software ltd Пишите нам: info@souz.co.il